Автор работы: Пользователь скрыл имя, 16 Апреля 2013 в 14:59, реферат
Ефрасіння Полацкая (Еўфрасіння Полацкая, свецкае імя Прадслава), полацкая князёўна, беларуская святая. Ефрасіння Полацкая нарадзілася ў Полацку каля 1101 года (не пазней 1104 года). Паходзіла з роду полацкіх князёў з дынастыі Рурыкавічаў па мужчынскай лініі і з дынастыі Рагвалода па жаночай лініі: была нашчадкам вялікага князя кіеўскага Уладзіміра Святаславіча, хрысціцеля Русі, і полацкай князёўны Рагнеды ад іх старэйшага сына Ізяслава, якому прыходзілася прапраўнучкай. Дзедам Прадславы быў славуты полацкі (а некалі і кіеўскі) князь Усяслаў Чарадзей, а бацькам — яго малодшы сын Святаслаў (хрысціянскае імя Георгій). Маці, Сафія, была дачкой кіеўскага князя Уладзіміра Манамаха.
Царкоўнае шанаванне Ефрасінні Полацкай пачалося яшчэ, верагодна, у канцы XII ст., пры епіскапе Дыянісіі. На Маскоўскай Русі Ефрасіння Полацкая стала шырока вядомая ў XVI ст., калі мітрапаліт маскоўскі Макарый уключыў яе "Жыціе" ў "Мінеі-чэцці". Ефрасіння Полацкая стала першай жанчынай, кананізаванай Рускай праваслаўнай царквой (1547 год). Ужо да таго часу быў шырока вядомы ў царкоўных колах гэты гістарычны помнік канца XII ст. У спісах XVII—XVIII стст. захаваліся царкоўныя спевы пра Ефрасінню Полацкую. У 1984 г. Ефрасіння Полацкая была прылічана да Сабора Беларускіх Святых. Яна прызнана святой апякункай Беларусі. Імя Ефрасінні Полацкай носяць цэрквы ў гарадах: Саўт-Рывер: (штат Нью-Джэрсі (ЗША) і Таронта (Канада). Беларускі праваслаўны прыход святой Ефрасінні Полацкай ёсць і ў Лондане. Ефрасіння Полацкая прызнана святой і каталіцкай царквой.
Жыхары Полацка хадайнічалі аб пераносе мошчаў нябеснай заступніцы Беларусі ў Полацк у пачатку панавання Аляксандра II. У 1864 г. пра гэта хадайнічаў і віленскі генерал-губернатар М.М.Мураўёў. Пасля трэцяга хадайніцтва полацкага епіскапа Савы ў 1871 г. з дазволу Свяцейшага Сінода на дзець памяці святой Ефрасінні Полацкай, 23 мая (старога стылю), у Спаскі манастыр была перанесена невялікая частка мошчаў — сярэдні палец правай рукі.
Просьбы аб пераносе мошчаў Ефрасінні Полацкай у яе родны горад паўтараліся і ў наступныя гады. Урэшце пасля рэвалюцыі 1905—1907 гадоў, калі ў Расійскай імперыі былі знятыя абмежаванні ў рэлігійным пытанні і калі ўлады ўжо не баяліся ўзрастання рэлігійнага "сепаратызму", Свяцейшы Сінод і імператар Мікалай II далі дазвол на перанос мошчаў найпадобнейшай Ефрасінні Полацкай у Полацк. На працягу красавіка—мая 1910 года рака з мошчамі Ефрасінні Полацкай была перавезена ў суправаджэнні флатыліі рачных судоў па Дняпры з Кіева да Оршы з прыпынкамі ў гарадах на шляху і з урачыстымі малебнамі. 23 мая 1910 г., у дзень яе памяці, мошчы святой Ефрасінні Полацкай былі перавезены ў Спаскі манастыр. У 1922 г. дамавіна з мошчамі святой Ефрасінні была ўскрытая, а мошчы былі адпраўленыя ў Маскву на атэістычную выставу, адтуль у Віцебск — у краязнаўчы музей для экспазіцыі. 23 кастрычніка 1943 г. мошчы Ефрасінні Полацкай былі ўрачыста перавезены ў Полацк, у храм Святога Спаса, дзе з таго часу і зберагаецца святыня.
У Беларусі з 1993 г. існуе Усебеларускі жаночы фонд святой Ефрасінні Полацкай. Фонд святой Ефрасінні Полацкай з’яўляецца міжнароднай недзяржаўнай жаночай арганізацыяй, дзейнасць якой скіраваная на развіццё нацыянальнай культуры, навукі і асветы, умацаванне хрысціянскіх традыцый, а таксама на абарону правоў жанчын, асабліва творчых прафесій.
У беларускай савецкай гістарычнай навуцы да другой паловы 80-х гадоў імя Ефрасінні Полацкай альбо зусім не згадвалася (гл. Гісторыю Беларускай ССР, том 1, 1972), альбо да яе гісторыкі ставіліся адмоўна як прадстаўніцы княжацкай дынастыі, ігуменні ды яшчэ і святой. Асаблівай крытыцы падвяргалі партыйныя кіраўнікі і прапагандысты ў пачатку 30-х гадоў тых беларускіх гісторыкаў, хто згадваў Ефрасінню Полацкую, таксама як і Францішка Скарыну, якога чамусьці называлі "каталіцкім манахам". Толькі ў Беларускай Савецкай Энцыклапедыі (том 4, 1971) з’явіўся невялікі артыкул Ул.Калесніка пра асветніцу перыяду Кіеўскай Русі ды былі выдадзены матэрыялы ў хрэстаматыі па старажытнай беларускай дакастрычніцкай літаратуры (том 1, Мінск, 1968).
Літаратура:
Кніга жыцій і хаджэнняў. С. 43-44.
Жыватворны сімвал Бацькаўшчыны. Мн., 1998. С. 205-232.
Арлоў У.А. Еўфрасіння Полацкая. Мн., 1992. С. 39.
Гаранін. Еўфрасіння Полацкая і епіскап Ілля…
Паводле: Мельнікаў, С.32.
С.42—48. Мельнікаў, С.42—48.
Мельнікаў, С.54,55.
Каментар Л. В. Л С.76.
Мельнікаў, С.70—72.