Кастусь Каліноўскі

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 17 Января 2012 в 15:50, реферат

Описание работы

Кастусь Каліноўскі, поўнае імя Вінцэнт–Канстанцін Каліноўскі, нарадзіўся 2 лютага (21 студзеня) 1838 у вёсцы Мастаўляны Гарадзенскага павету (зараз у Беластоцкім ваяводстве Польшчы) у сям'і беззямельнага шляхціца.

Файлы: 1 файл

КІРАЎНІК ПАЎСТАНЦАЎ БЕЛАРУСІ І ЛІТВЫ.docx

— 35.49 Кб (Скачать файл)

ГОМЕЛЬСКАЯ  IРЫНIНСКАЯ ГIМНАЗIЯ 
 
 
 

РЭФЕРАТ

НА  ТЭМУ: 
 

КАСТУСЬ КАЛІНОЎСКІ

           “КІРАЎНІК ПАЎСТАНЦАЎ БЕЛАРУСІ І ЛІТВЫ” 
 
 
 
 
 

ВЫКАНАУ:

  ВУЧАНЬ 9 «Б» КЛАСА

КАВАЛЬЧУК АРЦЁМ 
 
 

КІРАЎНІК  ПАЎСТАНЦАЎ БЕЛАРУСІ І ЛІТВЫ 

      Кастусь Каліноўскі, поўнае імя Вінцэнт–Канстанцін Каліноўскі, нарадзіўся 2 лютага (21 студзеня) 1838 у вёсцы Мастаўляны Гарадзенскага павету (зараз у Беластоцкім ваяводстве Польшчы) у сям'і беззямельнага шляхціца.

     У 1847–52 гг. вучыўся ў Свіслацкам павятовам вучылішчы, пасля заканчэння якога некалькі год пражыў у бацькавым фальварку Якушоўка, дапамагаючы ў гаспадарчых клопатах і, відавочна, займаючыся самаадукацыяй. Гады навучання Каліноўскага супадалі з “Вясной народаў” – дэмакратычнымі рэвалюцыямі 1848 года, якія ўскалыхнулі і прывялі ў рух увесь Еўрапейскі кантынент. Звонкім рэхам адгукнуліся яны і ў Беларусі. І яны ў вялікай меры фарміравалі светапогляды юнага Кастуся.

     Вялікі  ўплыў на Кастуся Каліноўскага меў  старэйшы брат Віктар Каліноўскі, які вучыўся ў Маскоўскім універсітэце і даследваў па даручэнню Віленскай археалягічнай камісіі старадаўнія беларускія рукапісы. Адораны ад прыроды выключным працалюбствам, жывым розумам, ен ведаў некалькі моў, любіў літаратуру, ахвотна вывучаў гісторыю. Ен добра арыентаваўся ў падзеях, што адбываліся ў свеце, ахвотна расказваў брату і іншым вучням пра яркія падзеі вызваленчай барацьбы.

     У 1856 годзе паступіў на юрыдычны факультэт  Пецярбургскага універсітэта па разрадзе камеральных навук. На працягу навучання ва універсітэце Каліноўскі прымаў удзел у дзейнасці нелегальных студэнцкіх гурткоў, разам з братам быў сябрам таемнай вайскова-рэвалюцыйнай арганізацыі афіцэраў Генштаба, якую ўзначальвалі Зыгмунт Серакоўскі і Яраслаў Дамброўскі. Падчас свайго навучання Кастусь Каліноўскі пазнаеміўся з перыедыкай, якая вельмі паўплывала на яго далейшыя светапогляды, у прыватнасці з матэрыяламі часопіса “Современник” і газеты “Колокол”, вялікае месца ў якіх займалі артыкулы, прысвечаныя праблемам сялянства.

     Неўзабаве пасля атрымання універсітэцкага  дыплому са ступенню кандыдата права, на пачатку вясны 1861 года Каліноўскі вярнуўся на Радзіму і распачаў стварэнне на Гародзеншчыне рэвалюцыйнай арганізацыі. Кастусь ездзіў па навакольных вёсках і мястэчках, дзе вёў прапаганду сярод сялян і агітаваў іх да паўстання.

     Паводле сваіх ідэйных перакананняў, Каліноўскі быў рэвалюцыйным дэмакратам, выступаў за звяржэнне самадзяржаўя, скасаванне абшарніцкага землеўладання. Ён лічыў, што толькі шырокі ўдзел у будучым паўстанні сялянства можа забяспечыць перамогу. У гэтым рэчышчы і вялася Каліноўскім агітацыйная праца.

     Улетку 1862 года Каліноўскі разам з паплечнікамі з Гарадзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі Феліксам Ражанскім, Станіславам Сангінам і Валерам Урублеўскім распачаў выпуск «Мужыцкай праўды» — першай у гісторыі газеты на беларускай мове. Усяго выйшла 7 нумароў гэтай газеты. Яна крытыкавала палітыку імперскіх уладаў, тлумачыла сітуацыю ў краіне, крытыкавала царскі маніфест аб скасаванні прыгону, заклікала сялян да змагання. Кожны нумар «Мужыцкай праўды» быў нязменна падпісаны псеўданімам Каліноўскага "Яська-гаспадар з-пад Вільні". Газета ўяўляла сабою друкаваныя лацінкаю лісткі. Яны мелі невялікі памер, іх можна было разгладзіць на калене ў хвіліны адпачынку проста на полі, а прачытаўшы – лёгка схаваць.

     «Дзецюкі! – пісаў Яська-гаспадар у першым нумары. – Мінула ўжо тое, калі здавалася ўсім, што мужыцкая рука здасца толькі да сахі, - цяпер настаў такі час, што мы самі можам пісаці... такую праўду справядліву, як Бог на небе. О, загрыміць наша праўда і, як маланка, пераляціць па свеце! Няхай пазнаюць, што мы можам не толькі карміць сваім хлебам, но яшчэ і вучыць сваёй мужыцкай праўды... Ад маскаля і паноў няма чаго спадзявацца, бо яны не вольнасці, а глуму і здзерства нашага хочуць. Но не доўга яны нас будуць абдзіраці, бо мы пазналі, дзе сіла і праўда, і будзем ведаць, як рабіць трэба, каб дастаць зямлю і свабоду. Вазьмемся, дзецюкі, за рукі і дзяржымася разам! А калі паны схочуць трымацца з намі, так няхай жа робяць па святой справядлівасці, бо калі іначай – так чорт іх пабяры! Мужык, пакуль здужае трымаці касу і сякеру, бараніць свайго патрапіць і ў нікога ласкі прасіць не будзе».

     Апошні, сёмы нумар «Мужыцкае праўды»  пабачыў свет ужо ў часе нацыянальна-вызваленчага паўстання. Тут гучыць адкрыты заклік да змагання з расійскімі каланізатарамі: «Падумайце добра да, памаліўшыся Богу, станьма дружна разам за нашу вольнасць! Нас цар ніц не падмане – не падвядуць маскалі: няма для іх у нашых сёлах ні вады, ні хлеба, для іх мы глухія і нямыя – нічога не бачылі і не чулі. А пакуль яшчэ пара, трэба нашым хлопцам спяшаць з віламі ды з косамі там, гдзе дабіваюцца волі да праўды, а мы, іх бацькі да жонкі нашы, сцерагчы будзем да ўведамляць, адкуль на іх сягне нячыстая маскоўская сіла, да ад душы памагаць усялякімі спосабамі дзецюкам нашым, што за нас пойдуць біцца. А будзе ў нас вольнасць, якой не было нашым дзядам ды бацькам».

     За  кароткі час газета ў поўным сэнсе  слова абляцела ўсе губерніі і  ўезды Беларусі, частку Літвы і Латвіі. Мабыць, менавіта таму Герцэн і пісаў, што нумары “Мужыцкай праўды” ператвараюцца у “лятучыя лісткі”.

     Асабліва  актыўную дзейнасць развярнулі распаўсюджвальнікі газеты на тэрыторыі Беларусі. А распаўсюджваннем нумароў выдання займаліся члены рэвалюцыйнай арганізацыі, а таксама патрыятычна настроеная моладзь, сяляне і нават самівыдаўцы – Ражанскі,Урублеўскі і Каліноўскі.

     У 1862 годзе Каліноўскі ўжо ўваходзіў у склад Літоўскага правінцыйнага камітэту (ЛПК) – цэнтральнага органа падрыхтоўкі паўстання на тэрыторыі Паўночна-Заходняга краю (зараз – тэрыторыя паўночнай Літвы і Заходняй Беларусі). А ўвосень таго ж году стаў яго старшынёй. Кастусь стаяў на чале часткі рэвалюцыянераў, якіх адрозна ад лібералаў ("белых") звалі "чырвонымі". Гэты напрамак вызваленчага руху прадугледжваў дэмакратычную рэспубліку, перадачу зямлі сялянам, самавызначэнне народаў былой Рэчы Паспалітай.

     Аднак старшынстваваў Каліноўскі ў віленскім паўстанцкім камітэце нядоўга. Неўзабаве пасле выбуху паўстання, варшаўскі цэнтр і мясцовыя абшарнікі дамагліся роспуску ЛПК. Каліноўскага накіравалі на родную Гродзеншчыну на пасаду паўстанцкага камісара ваяводства. Актыўная праца Каліноўскага ва ўмовах паўстання на пасадзе ваяводскага камісара паспрыяла таму, што менавіта на Гродзеншчыне інсургенты мелі найбольш баяздольную, магутную арганізацыю, прыцягнулі да барацьбы шмат сялянаў. Іншыя гісторыкі лічаць, што прычынай гэтага была найбольш высокая доля ў гэтым рэгіёне польскага насельніцтсва. На ўсходзе сялянства ў асноўным не падтрымала паўстанне і нават былі створаны сялянскія атрады для барацьбы з паўстанцамі.

     З мэтай аператыўнага кіравання К. Каліноўскі падзяліў Гродзенскую губернію на тры часткі, назначыў туды кіраўнікамі Э. Заблоцкага, А. Гафмейстэра і У. Урублеўскага. Кожнаму з іх быў дадзены загад “кіраваць незалежна [ад Вільна], злучацца толькі з камісарам [Каліноўскім] і ад яго толькі атрымліваць загады”.

     У чэрвені 1863 году з-за поспехаў царскіх войскаў  і масавых арыштаў паўстанцаў Каліноўскі вымушаны вярнуцца у Вільню, дзе дзейнічае пад канспірацыйнымі прозвішчамі Макарэвіч, Чарнецкі, Хамовіч, Хамуціус. Там ён зноў бярэ цэнтральнае кіраванне ў свае рукі. Спрабуючы рэанімаваць паўстанне, Кастусь выдаў «Прыказ да народу зямлі літоўскай і беларускай». Аднак было позна. Паўстанне на тэрыторыі Паўночна-Заходняга краю ўжо было ў асноўным падаўлена. Асноўныя сілы паўстанцаў былі разбітыя царскімі атрадамі пры дапамозе беларускіх сялян.

     Паліцыя безперапынна шукала Кастуся Каліноўскага. Аднак пошукі не прыносілі жаданых вынікаў. Да гэтага часу ўсе бліжэйшыя яго паплечнікі былі арыштаваны, ці эмігравалі. Каліноўскі застаўся адзін. Ен сам пісаў і рассылаў інструкцыі, загады, клапаціўся пра забеспячэнне паўстанцкіх атрадаў зброяй, вопраткай і харчаваннем. Але ўладам стала вядомае сапраўднае прозвішча кіраўніка паўстання. У іх рукі трапіў фотаздымак , які быў выстаўлены на ўсіх віленскіх вуліцах. За галаву Каліноўскага Мураўеў абяцаў значную ўзнагароду.

     З восені 1863 году К. Каліноўскі сканцэнтраваў намаганні на назапашванні сіл для новага выступлення ўвесну. Але, выдадзены камісарам Магілёўскай губэрні Вітаўтам Парфяновічам, ён быў у ноч на 29 студзеня 1864 году арыштаваны ў Святаянскіх мурах (побач з саборам Святога Яна), дзе хаваўся пад імем Ігната Вітажэнца. Святаянскія муры – вялікі квартал. Тут, у будынках, што раней належылі універсітэту, мясцілася гімназія, музей старажытнасцяў, цэнтральны архіў, абсерваторыя, а таксама кватэры для служачых. У адной з іх другі месяц здымаў пакой Каліноўскі. А непадалек – праз вуліцу – знаходзіўся генерал-губернатарскі палац. Так, па волі выпадку, у апошнія дні паўстання рэвалюцыйны камісар і яго кат жылі побач. Паколькі дакладны адрас Каліноўскага быў невядомы, спатрэбілася дзве роты салдат, каб акружыць квартал і пачаць вобыск. Калі пастукалі ў кватэру рэвалюцыянера, дзверы адчыніў малады чалавек і спакойна назваў свае імя і прозвішча “Ігнат Вітажэнец”. У той жа момант ен быў арыштаваны.

     Пад час следства і суду Кастусь Каліноўскі цверда стаяў на сваёй пазіцыі і адмаўляўся супрацоўнічаць са следствам. Даўшы паказанні па сваёй уласнай дзейнасці, ён адмовіўся даваць інфармацыю па іншых асобах, якія цікавілі следчую камісію, матывуючы гэта так: "...грамадская адкрытасць з'яўляецца станоўчай рысай асобы, але шпіёнства апаганьвае чалавека...мае паказанні па [іншых] асобах... не могуць спрыяць замірэнню краю...усведамленне гонару, уласнай годнасці і таго становішча, якое я займаў у грамадстве, не дазваляюць мне ісці па іншым шляху."

     З турмы Каліноўскі перадаў на волю «Лісты з-пад шыбеніцы»: «...Браты мае, мужыкі родныя. З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіць мне да вас пісаці, і, можа, раз астатні. Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца,- но не жаль згінуць за тваю праўду... Няма ш, браткі, большага шчасця на гэтым свеце, як калі чалавек у галаве мае розум і науку... . Но як дзень з ноччу не ходзіць разам, так не ідзе разам наука праўдзіва з няволяй маскоўскай. Дапокуль яна ў нас будзе, у нас нічога не будзе, не будзе праўды, багацтва і ніякай наукі,- адно намі, як скацінай, варочаць будуць не для дабра, но на пагібель нашу... Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасліва, калі над табою Маскаля ўжэ не будзе. Твой слуга Яська – гаспадар з-пад Вільні»

     Царскі  ваенна-палявы суд вынес пастанову: пакараць Каліноўскага смерцю на шыбеніцы. Кастусь Каліноўскі быў публічна павешаны на гандлёвым пляцы Лукішкі ў Вільні. Са словаў вачадкікаў Каліноўскі ішоў на пакаранне смела. Калі яму чыталі канфірмацыю, ен стаў рабіць заўвагі; так, напрыклад, калі назвалі яго імя: дваранін Вікенцій Каліноўскі, ен ўсклікнуў: “У нас няма дваран, усе роўныя”.

     У момант катавання Кастусю Каліноўскаму толькі споўнілася 26 гадоў. Ен пайшоў з жыцця ў самым яго росквіце, поўны планаў і ідэй. Такім ен і застаўся назаўседы ў памяці народа – маладым, мужным і прыгожым.

     Сярод самых цікавых светапоглядаў  вядомага беларускага рэвалюцыянера можна вылучыць думкі аб стварэнні сялянскага абшчыннага сацыялізму, інакш кажучы першыя калектывістскія захады; ліквідацыю ўсіх класавых, нацыянальных і рэлігійных прывелей і абмежаванняў, з мэтай зрабіць галоўнай каштоўнасцю чалавечай асобыпрацу, ацэньваць чалавека за справы. Вялікую ролю як у працэсе пераўтварэння старога грамадства, так будаўніцтва новага жыцця К. Каліноўскі адводзіў жанчыне. Ен добра бачыў прыгнечанае становішча беларускай сялянкі, жыцце якой было яшчэ больш цяжкім, чым у мужчыны. Каліноўскі бачыў не толькі горкі лёс жанчыны-працаўніцы, але і жанчыны-маці. Рэвалюцыянер быў за сацыяльнае вызваленне працоўнай жанчыны і дасягненне яе фактычнай роўнасці з мужчынамі. А найлепшай формай дзяржаўнага ладу Каліноўскі лічыў дэмакратычную рэспубліку.

     Кастусь Каліноўскі – магчыма самая значная фігура ў беларускай гісторыі. І не толькі таму, што ён узначаліў паўстанне 1863-64 гг. на Беларусі; не толькі таму, што прыняў пакутніцкую смерць за Бацькаўшчыну. Самае галоўнае у ягонай постаці – ён стаў гістарычным мастом паміж старажытнай ідэяй дзяржаўнасці Вялікага Княства Літоўскага і ідэямі беларускага нацыяналізму 20-га стагоддзя, якія увасобіліся ў стварэньні БНР у 1918 г., а іх лягічным завяршэньнем стала стварэнне незалежнай беларускай дзяржавы ў 1991 г.

Информация о работе Кастусь Каліноўскі