Подпольная боротьба

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 30 Ноября 2011 в 19:11, реферат

Описание работы

Адначасова з узброенай партызанскай барацьбой разгортвалася падпольная антыфашысцкая дзейнасць у гарадах і іншых населеных пунктах. Партыйна-савецкія ўлады напярэдадні акупацыі Беларусі паклапаціліся аб тым, каб пакінуць заканспіраваныя групы, арганізаваць яўкі, распрацаваць розныя віды сувязі. На гэта арыентавала дырэктыва ЦК КП(б)Б ад

Файлы: 1 файл

Подпольная боротьба.docx

— 21.87 Кб (Скачать файл)

Падпольная  барацьба

Адначасова з  узброенай партызанскай барацьбой  разгортвалася падпольная антыфашысцкая  дзейнасць у гарадах і іншых  населеных пунктах. Партыйна-савецкія ўлады напярэдадні акупацыі Беларусі паклапаціліся аб тым, каб пакінуць заканспіраваныя групы, арганізаваць яўкі, распрацаваць розныя віды сувязі. На гэта арыентавала дырэктыва ЦК КП(б)Б ад  
30 чэрвеня 1941 г. аб пераходзе на падпольную работу партарганізацый раёнаў, занятых ворагам. Звярталася ўвага на тое, што партызанская барацьба павінна знаходзіцца ў полі зроку і весціся пад непасрэдным кіраўніцтвам заканспіраваных падпольных партыйных структур. Мясцовыя парторганы ў сціслыя тэрміны правялі работу па ўтварэнню на тэрыторыі Беларусі партыйна-камсамольскага падполля. Да поўнай акупацыі рэспублікі ў 89 раёнах Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай, Палескай і Пінскай абласцей былі арганізацыйна аформлены раённыя падпольныя парторганы (райкомы, тройкі) на чале з сакратарамі або членамі былых парторганаў.

У чатырох абласцях – Гомельскай, Магілёўскай, Мінскай  і Пінскай – заставаліся абласныя парторганы. Для арганізацыйна-кіруючай дзейнасці ў тыле ворага былі пакінуты звыш 1200 камуністаў, у тым ліку 8 сакратароў абкомаў і 120 сакратароў гаркомаў і райкомаў партыі. Усяго ж для нелегальнай работы ў Беларусі заставалася звыш 8500 камуністаў. Кіраўніцтва камсамола рэспублікі на акупаванай тэрыторыі пакінула  
73 кіруючых работнікаў, больш за 1400 ячэек, у якіх у агульнай колькасці налічвалася звыш 5 тыс. чалавек. Па меркаванню партыйнага і камсамольскага кіраўніцтва, пакінутыя ў тыле ворага камуністы і камсамольцы павінны былі з’явіцца тым ядром, вакол якога згуртуюцца ўсе свядомыя і патрыятычныя сілы. Трэба зазначыць, што з пастаўленай мэтай пакінутыя партыйныя і камсамольскія работнікі, радавыя камуністы і камсамольцы справіліся паспяхова, аб чым сведчаць размах, глыбіня і агульныя вынікі супраціўлення захопнікам.

Як і партызанскія фарміраванні, папярэдне створанае і самастойна ўзнікшае падполле адразу ж прыступіла да дыверсійна-баявой і палітычнай дзейнасці. У Мінску ўжо ў другой палове 1941 г. падпольшчыкі ўзрывалі склады са зброяй і ваеннай маёмасцю, цэхі і майстэрні па рамонту баявой тэхнікі, вырабу харчавання, знішчалі варожых чыноўнікаў, салдат і афіцэраў. У снежні 1941 г., у час напружаных баёў пад Масквой, яны ажыццявілі паспяховую дыверсію на чыгуначным вузле: вынікам яе з’явілася тое, што ў суткі адсюль на фронт адпраўлялася толькі 5–6.

Акупацыйная адміністрацыя  ў Мінску атрымлівала звесткі  аб актыўнай дыверсійна-баявой дзейнасці  падпольшчыкаў Брэста, Гродна, Мазыра, Віцебска, іншых гарадоў Беларусі. За верасень-кастрычнік у Беластоку  было спалена тры вайсковыя склады, у Брэсце – адзін харчовы, у Вілейцы – склад са зброяй і боепрыпасамі. У пачатку лістапада гомельскія падпольшчыкі на чале з Ц.С.Барадзіным, Р.I.Цімафеенка і I.Б.Шылавым схавалі ў рэстаране скрынку з узрыўчаткай і мінай з часавай наводкай. Калі там сабраліся нямецкія афіцэры, каб ушанаваць поспехі войск вермахта пад Масквой, грымнуў магутны выбух, які знішчыў дзесяткі афіцэраў і аднаго генерала.

На Аршанскім  чыгуначным вузле эфектыўна дзейнічала група К.С.Заслонава. У снежні 1941 г. брыкета-вугальнымі мінамі яна вывела са строю некалькі дзесяткаў паравозаў: частка з іх была ўзарвана і замарожана на станцыі, іншыя ўзарваліся на шляху да фронту. Скардзячыся з гэтага выпадку, аршанская група бяспекі і СД паведамляла свайму кіраўніцтву: «Дыверсіі на чыгуначнай лініі Мінск-Орша сталі такімі частымі, што кожную з іх паасобку не апішаш. Не праходзіць ніводнага дня, каб не было здзейснена адной альбо некалькіх дыверсій».

Небяспечную для  свайго жыцця дзейнасць у акупаваным Магілёве праводзіла група медыкаў-падпольшчыкаў. У яе склад уваходзілі ўрачы У.П.Кузняцоў, А.I.Паршын, Ф.I.Пашанін, якія ўсе загінулі, сярэдні і малодшы медперсанал. Знішчыўшы сапраўдныя медыцынскія карткі і сфабрыкаваўшы новыя, яны здолелі адправіць за горад сотні байцоў і камандзіраў Чырвонай Арміі.

Пасля перамогі ў Маскоўскай бітве падпольная барацьба ў гарадах і населеных пунктах Беларусі шырылася і паглыблялася. Відавочную ролю ў гэтым адыграў той фактар, што была праведзена работа па ўстанаўленню сувязі кіраўніцтва падполля з Вялікай зямлёй, адкуль праз аэрадромы партызанскіх фарміраванняў падпольшчыкам паступалі не толькі неабходныя звесткі, але і значная дапамога зброяй, мінна-ўзрыўной тэхнікай, медыкаментамі. Умацавалася сувязь падполля з насельніцтвам, партызанскімі атрадамі і групамі. Усё гэта разам самым станоўчым чынам адбілася на дзейнасці падполля.

Мінскія падпольшчыкі ў 1942 г. сваю ўвагу засяродзілі на масава-агітацыйнай рабоце сярод  жыхароў горада, сістэматычных дыверсіях  на розных аб’ектах, зборы для партызан разведвальных звестак, вызваленні ваеннапалонных і патаемнай адпраўцы іх у лес да партызан. Не абышлося і без цяжкіх страт. У сакавіку-красавіку 1942 г. за турэмныя краты трапіла больш за 400 чалавек, у тым ліку члены падпольнага ГК КП(б)Б С.I.Заяц (Зайцаў), I.П.Казінец, Г.М.Сямёнаў. 7 мая яны былі павешаны, а яшчэ 251 чалавек былі расстраляныя. Мінскае падполле знайшло ў сябе сілы зноў узняцца на барацьбу. На нарадзе ў маі 1942 г. былі прааналізаваны прычыны правалу, і былі створаны аддзелы: разведкі, агітацыі і прапаганды, ваенны, арганізацыі дыверсій, сфарміраваны пяць падпольных райкомаў партыі, шэраг падпольных партыйных і камсамольскіх арганізацый на прадпрыемствах і ва ўстановах. Падпольшчыкі выпускалі газету «Звязда», лістоўкі, мелі сувязь з падполлем Асіповічаў, Оршы, Бабруйска, Дзяржынска, Узды, Калодзішчаў, Смалявічаў, іншых гарадоў і населеных месцаў Беларусі.

У ноч на 26 верасня 1942 г. зноў пачаліся арышты ўдзельнікаў  падполля. Сярод іх – сакратар падпольнага гаркома I.К.Кавалёў, члены камітэта Дз.А.Караткевіч, В.К.Нікіфараў, К.I.Хмялеўскі, сакратары райкомаў Н.Я.Герасіменка (з сям’ёй), М.К.Каржанеўскі, I.I.Матусевіч, М.А.Шугаеў, кіраўнікі падпольных арганізацый і груп, актыўныя падпольшчыкі Л.Я.Адзінцоў, М.А.Багданаў, Е.М.Баранаў і іншыя.

Удар, нанесены акупантамі мінскаму падполлю восенню 1942 г., быў вельмі цяжкім, але і ён не прымусіў патрыётаў скарыцца. Сведчаннем таму былі расклееныя 21 кастрычніка 1942 г. больш чым у 300 месцах горада лістоўкі з заклікам яшчэ мацней біць акупантаў.

З мэтай дыскрэдытаваць падполле была распрацавана версія аб здрадзе кіраўніцтвам ГК КП(б)Б, у першую чаргу яго сакратаром I.К.Кавалёвым. На жаль, гэтай фальшыўцы гітлераўскіх спецслужб паверылі ў ЦК КП(б)Б, і на доўгія гады над мінскім падполлем навісла хмара недаверу. Мінскае падполле і пасля другога правалу працягвала сваю дзейнасць. Цесную сувязь з ім мелі шэраг партызанскіх брыгад. У горадзе практычна не было ніводнага прадпрыемства ці ўстановы, дзе б ні дзейнічалі патрыёты. Дзесяткі дыверсійных груп былі створаны на Мінскім чыгуначным вузле. У другой палове 1943 г. тут было праведзена больш за 50 дыверсій. Па ўдакладненных данных, у складзе мінскага падполля самааддана змагалася звыш 9 тыс. чалавек, больш тысячы камуністаў і звыш 2 тысяч камсамольцаў, антыфашысты замежных краін. За час акупацыі ў Мінску было праведзена звыш 1500 дыверсій. Тут нашлі сваю пагібель многія высокапастаўленыя асобы, у тым ліку генеральны камісар Беларусі В.Кубэ.

У Віцебску ў 1941-1942 гг. дзейнічала 56 падпольных груп. Адной  з іх з кастрычніка 1942 г. кіравала В.З.Харужая, якая была накіравана сюды ад БШПР. 13 лістапада 1942 г. фашысты схапілі і пасля доўгіх допытаў закатавалі яе, а таксама С.С.Панкову, Е.С.Суранаву, К.Д.Балдачову, сям’ю Вераб’ёвых. Пасмяротна В.З.Харужай прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Шырокі размах набыў падпольны рух у Асіповічах, Барысаве, Бабруйску, Оршы, Жлобіне, Петрыкаве, Полацку, Брагіне, Добрушы, Калінкавічах, Мазыры, іншых населеных пунктах. Асабліва актыўна дзейнічалі падпольшчыкі на чыгуначным транспарце. На тэрыторыі Беларусі фактычна не было ніводнай колькі-небудзь значнай станцыі, дзе б ні змагаліся патрыёты. Шырокую вядомасць набылі баявыя подзвігі маладых обальскіх падпольшчыкаў. Падпольная камсамольская арганізацыя «Юныя мсціўцы» на чыгуначнай станцыі Обаль Віцебскай вобласці была створана вясной 1942 г. Узначальвала гэту арганізацыю камсамолка Ефрасіння Зянькова. У склад яе ўваходзіла каля 40 чалавек. Усяго маладыя падпольшчыкі зрабілі 21 дыверсію: спалілі льнозавод, пілараму, электрастанцыю, некалькі мастоў, здабывалі і перадавалі партызанам зброю, медыкаменты, карысныя разведдадзеныя, распаўсюджвалі лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро і інш. Амаль усе падпольшчыкі былі арыштаваныя і пакараныя смерцю, у тым ліку Н.А.Азоліна, М.П.Аляксеева, Н.М.Давыдава, З.М. артнова, Ф.Ф.Слышанкова і іншыя. Пасля вайны Ефрасінні Зяньковай і Зінаідзе Партновай прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

У заходніх абласцях Беларусі таксама дзейнічалі антыфашысцкія  арганізацыі, што ствараліся па ініцыятыве камуністаў, былых актывістаў КПЗБ, камсамольцаў, іншых патрыётаў. У  маі 1942 г. на базе антыфашысцкіх груп Васілішкаўскага, Шчучынскага, Радунскага, Скідальскага раёнаў быў створаны «Акруговы  беларускі антыфашысцкі камітэт  Баранавіцкай вобласці». Арганізатарам камітэта з’яўляліся Г.М.Картухін, А.I.Іваноў, А.Ф.Манковіч і Б.I.Гардзейчык. Камітэт правёў значную работу па стварэнню новых і актывізацыі дзейнасці існуючых груп і арганізацый. Восенню 1942 г. пад кіраўніцтвам гэтага камітэта барацьбу з акупантамі вялі больш за 260 падпольшчыкаў.

Важная роля ў разгортванні антыфашысцкага руху ў Брэсцкай вобласці належала створанаму ў маі 1942 г. па ініцыятыве былых членаў КПЗБ I.П.Урбановіча, М.Е.Крыштафовіча, I.I.Жыжкі «Камітэту барацьбы з  нямецкімі акупантамі». Камітэт  не абмяжоўваў сваю дзейнасць толькі раёнамі Брэсцкай вобласці, а распаўсюджваў  уплыў на шэраг раёнаў Баранавіцкай і Беластоцкай абласцей.

У Гомелі актыўную барацьбу з ворагам вялі падпольныя групы на чыгуначным вузле, паравоза-вагонарамонтным  заводзе, лесакамбінаце, гарадской  электрастанцыі, іншых прадпрыемствах горада – усяго больш за 400 чалавек. Іх дзейнасцю кіраваў аператыўны цэнтр у складзе Ц.С.Барадзіна, I.Б.Шылава, Р.I.Цімафеенкі. 8 мая 1942 г. у час падрыхтоўкі падрыву гарадской электрастанцыі гэтыя асобы і дзесяткі іншых актыўных падпольшчыкаў былі схоплены разведвальна-карнай службай ворага.

Вясною 1942 г. каля 40 груп Магілёва (больш за 400 чалавек) аб’ядналіся ў падпольную арганізацыю  «Камітэт садзейнічання Чырвонай Арміі», якую ўзначальваў мясцовы настаўнік К.Ю.Мэтэ. Камітэт каардынаваў дзейнасць групы чыгуначнікаў, настаўнікаў, рабочых хлебазавода, аўтарамонтнага завода, фабрыкі штучнага шоўку, работнікаў абласной бальніцы, былых ваеннаслужбоўцаў і іншых. Дзякуючы пільнасці, надзейнай канспірацыі і ўдалай структуры арганізацыі магілёўскаму падполлю доўгі час удавалася пазбягаць масавых правалаў і арыштаў.

У Асіповічах у  ноч на 30 ліпеня 1943 г. была здзейснена адна з самых буйных дыверсій другой сусветнай вайны. Адзін з кіраўнікоў падполля камсамолец Фёдар Крыловіч, падлажыў дзве магнітныя міны пад эшалон з гаручым, які павінен быў адысці ў бок Гомеля. Але партызаны пашкодзілі чыгунку, і эшалон быў пераведзены ў парк, дзе ў гэты час знаходзілася яшчэ тры эшалоны з вогненебяспечнымі грузамі. Праз некаторы час раздаліся выбухі. Пажар перакінуўся на іншыя эшалоны, нагружаныя ваеннай тэхнікай, боепрыпасамі і авіябомбамі. Амаль 10 гадзін немцы не маглі ліквідаваць пажар, які суправаджаўся выбухамі авіябомб, снарадаў і мін. У выніку аперацыі былі поўнасцю знішчаны 4 эшалоны, у тым ліку адзін з танкамі «тыгр», 31 цыстэрна з гаручым, 63 вагоны са снарадамі, авіябомбамі, мінамі.

Аналіз такой  гістарычнай з’явы перыяду Вялікай  Айчыннай вайны, як дзейнасць антыфашысцкага падполля на часова акупаванай немцамі  тэрыторыі Беларусі, сведчыць, што  падполле з пачатку і да канца  свайго існавання (а праз яго за гады вайны прайшло звыш 70 тыс. чалавек) было цесна звязана з народнымі  масамі, абапіралася на іх пастаянную падтрымку і канкрэтную дапамогу. У яго ўзнікненні і дзейнасці вялікую ролю адыгралі камуністы, што знаходзіліся ў варожым тыле і карысталіся даверам мясцовага насельніцтва. Сведчаннем гэтага з’яўляецца і той факт, што за тры гады варожай акупацыі ў партыю непасрэдна на акупаванай тэрыторыі Беларусі ўступіла звыш  
12,5 тыс. патрыётаў.

Вынікі: Такім  чынам, партызанская барацьба і падпольнае супраціўленне на Беларусі носіць усенародны характар, і няхай былі свае рэгіянальныя адрозненні і ўсенародны характар савецкай партызанкі не адразу ўзнік на ўсёй тэрыторыі Беларусі – тым не менш, гэта з’яўляецца вельмі важным паказчыкам – наш народ не прыняў «новы  парадак», які сілай насаджаўся захопнікамі.

Информация о работе Подпольная боротьба