Паняцце тэрміна, яго асаблівасці і адрозненне ад агульнаўжывальных слоў. Спосабы ўтварэння тэрмінаў

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 24 Апреля 2013 в 22:12, реферат

Описание работы

Тэрміны (лац. terminus – мяжа) – словы або словазлучэнні, якія абазначаюць пэўнае паняцце ў галіне навукі, тэхнікі, культуры (інтэграл, сінус – у матэматыцы, марфема, прыслоўе – у мовазнаўстве і г.д.).
Сукупнасць тэрмінаў пэўнай навукі або прафесіі называецца тэрміналогіяй, або тэрмінасістэмай. Кожная галіна навукі, тэхнікі, культуры мае сваю тэрмінасістэму. Напрыклад, існуе тэрміналогія лінгвістычная, эканамічная, медыка-біялагічная, прамыслова-гандлёвая, фізіка-матэматычная і інш. Такім чынам, для кожнай навукі існуе менавіта свой штучна створаны набор лексічных адзінак, выкарыстанне якога абмежавана той ці іншай галіной.

Файлы: 1 файл

Установа адукацыі.docx

— 27.83 Кб (Скачать файл)

Установа адукацыі

«Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна»

 

 

 

Рэферат на тэму «Паняцце тэрміна, яго асаблівасці і адрозненне ад агульнаўжывальных слоў. Спосабы ўтварэння тэрмінаў»

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Падрыхтваў: Арэхва Андрэй Васільевіч,

студэнт 1 курса матэматычнага  факультэта

 аддзялення «Прыкладная матэматыка»

 

 

Брэст 2012

Тэрміны (лац. terminus – мяжа) – словы або словазлучэнні, якія абазначаюць пэўнае паняцце ў галіне навукі, тэхнікі, культуры (інтэграл, сінус – у матэматыцы, марфема, прыслоўе – у мовазнаўстве і г.д.).

Сукупнасць тэрмінаў пэўнай навукі або прафесіі называецца тэрміналогіяй, або тэрмінасістэмай. Кожная галіна навукі, тэхнікі, культуры мае сваю тэрмінасістэму. Напрыклад, існуе тэрміналогія лінгвістычная, эканамічная, медыка-біялагічная, прамыслова-гандлёвая, фізіка-матэматычная і інш. Такім чынам, для кожнай навукі існуе менавіта свой штучна створаны набор лексічных адзінак, выкарыстанне якога абмежавана той ці іншай галіной.

Спецыфічныя рысы тэрмінаў

  1. Наяўнасць дэфініцыі (азначэння), г. зн., што сутнасць тэрміна павінна быць вызначана, а не растлумачана, як значэнне звычайнага слова.
  2. Стылістычная нейтральнасць.
  3. Адсутнасць экспрэсіі. Нават тэрміны, якія ўзнікаюць на аснове вобразнага пераасэнсавання паняцця, губляюць экспрэсіўна-эмацыянальную афарбоўку: рукаў (ракі), падол (гары), нос (мыс) і пад.
  4. Адназначнасць, г. зн. кожны тэрмін павінен абазначаць толькі адно паняцце. Аднак гэта патрабаванне да тэрмінаў не заўсёды вытрымліваецца, і мнагазначнасць знаходзіць пашырэнне ў тэрміналогіі (напрыклад, словаўтварэнне – ‘працэс утварэння новых слоў’ і ‘раздзел мовазнаўства, які вывучае спосабы ўтварэння слоў’).
  5. Сістэмнасць, г. зн., што кожны тэрмін з’яўляецца адзінкай пэўнай тэрміналагічнай сістэмы. Па-за межамі тэрміналагічнай сістэмы адбываецца дэтэрміналагізацыя тэрміна – страта тэрмінам спецыяльнага значэння: рэакцыя як хімічны тэрмін і дзеянне, амплітуда, раман і пад.

 

У межах пэўнай тэрмінасістэмы тэрміны могуць уступаць у сінанімічныя адносіны, а таксама мець лексічныя  дублеты або варыянты. Узнікненне тэрмінаў-варыянтаў і тэрмінаў-сінонімаў у беларускай мове тлумачыцца нераспрацаванасцю многіх тэрмінасістэм, абмежаванасцю ўжыванння беларускамоўных тэрмінаў і стыхійнасцю моўных кантактаў. Напрыклад: гавань – порт, імпульс – колькасць рух, заработная плата – зарплата. У тэрміналагічных сістэмах тэрміны могуць абазначаць супрацьлеглыя паняцці, што дазваляе вылучыць тэрміны-антонімы. Сустракаюцца тэрміны-антонімы практычна ў кожнай галіне навуковай дзейнасці (актыў – пасіў,  бедная руда – багатая руда, увод – вывад). Тэрміны-амонімы часцей за ўсё адносяцца да розных тэрміналагічных сістэм (іх называюць міжнавуковымі амонімамі). Так, слова марфалогія вядома некалькім тэрміналагічным сістэмам. Напрыклад, у мовазнаўстве – гэта ‘раздзел граматыкі, які вывучае формы слова’, у анатоміі – ‘навука аб форме і будове чалавека і жывёл’, у батаніцы – ‘навука, якая вывучае будову і формаўтварэнне раслін і пад.’.

Паводле ўжывання тэрміналагічная  лексіка падзяляецца на агульнаўжывальную, якая ўваходзіць у лексіку агульналітаратурнай мовы, і вузкаспецыяльную, вядомую толькі спецыялістам пэўнай галіны ведаў. Агульназразумелыя, шырокаўжывальныя тэрміны дамінуюць у мове спецыялістаў “шырокага профілю”, занятых у сферы спорту, музыкі, выяўленчага мастацтва і пад., таму сэнс іх вядомы і неспецыялісту: электрон,  атам, кісларод, жанр, арыя, аэробіка. У асяроддзі т. зв. спецыялістаў “вузкага профілю” (дакладныя навукі, асобныя галіны мовазнаўства, эканоміка, права і інш.) пераважаюць вузкаспецыяльныя тэрміны (элятыў, семіётыка, інтэрфейс, інварыянт, субморф, валіза і інш.).

Распаўсюджванне навуковых  і тэхнічных ведаў сярод людзей вядзе да таго, што некаторыя вузкаспецыяльныя тэрміны паступова становяцца агульназразумелымі і пераходзяць у агульнаўжывальную  лексіку.

 Узаемадзеянне тэрмінаў  і агульнаўжывальнай лексікі  адбываецца ў выглядзе двух  працэсаў: тэрміналагізацыі (напрыклад, жытнёвае поле – магнітнае поле, ільняны пояс – экватарыяльны пояс) і дэтэрміналагізацыі, калі тэрмін пачынае ўжывацца па-за межамі вузкай спецыяльнасці і набывае агульналітаратурны статус. Напрыклад, слова рэйтынг спачатку ўжывалася як спартыўны тэрмін, зараз шырока выкарыстоўваецца  ў агульнанароднай мове.

Ад агульнаўжывальных  тэрмінаў трэба адрозніваць словы агульнанавуковага выкарыстання з адцягненым, абстрактным значэннем, напрыклад, назоўнікі тыпу аперацыя, гіпотэза, мадэль, дослед, праграма, функцыя і інш., а таксама дзеясловы тыпу існаваць, характарызаваць, прадугледжваць, функцыянаваць і інш., якія выкарыстоўваюцца для азначэння паняццяў, сцвярджэння думкі, актывізацыі мыслення, пабуджэння да дзеяння і шырока распаўсюджаны ў розных галінах навукі, тэхнікі і культуры.

Значны пласт тэрміналагічнай  лексікі складаюць тэрміны-інтэрнацыяналізмы – словы або спалучэнні слоў, пашыраныя ў многіх няроднасных мовах і агульнапрынятыя ў міжнароднай тэрміналогіі, якія супадаюць па сваёй знешняй форме і лексічным значэнні (Internet (Інтэрнэт), Word, ноўтбук, паскаль, камп’ютэр, ват і інш.).

Тэрміналагічная лексіка  неаднародная паводле паходжання. У  яе склад уваходзяць уласнабеларускія і запазычаныя з іншых моў словы.  Сярод запазычанняў – лексемы лацінскай (актава, арксінус, дэпазіт), грэчаскай (гіпатэнуза, апафема, стыль, аналогія), англійскай (медыкамент, вестэрн, мюзікл, дылер, блок), нямецкай (біржа, андэзіт, вінт), французскай (бюджэт, мадэрнізм, каларыт), італьянскай (адажыо, валюта, банк) і іншых моў.

Паводле будовы тэрміны могуць быць аднаслоўныя (джоўль, прамая, прынтэр) і шматслоўныя, тэрміны-словазлучэнні (дысперсія хвалі, інфрачырвонае выпраменьванне, апрацоўка ў акісляльным асяроддзі). Адметнасцю сучаснай тэрміналогіі з’яўляюцца трох- і большкампанентныя тэрміны, якія абазначаюць цэласнае паняцце.

Усе тэрміны паводле свайго ўтварэння падзяляюцца на некалькі груп у залежнасці ад спосабаў утварэння, да якіх адносяць лексіка-семантычны, сінтаксічны, суфіксальны, прэфіксальны, прэфіксальна-суфіксальны, аснова- і  словаскладанне, складанасуфіксальны  і абрэвіятурны.

 

Спосабы ўтварэння  тэрмінаў

1. Лексіка-семантычны спосаб звязаны з т. зв. тэрміналагізацыяй агульналітаратурных слоў, якія шляхам пераасэнсавання набываюць новае тэрміналагічнае значэнне. Гэты спосаб даволі прадуктыўны пры станаўленні беларускай тэрміналагічнай лексікі: ячмень (бат.) і ячмень (медыц.), калена (с.-г.) і калена (металург.) , барабан, валік, вочка (металург).

2. Сінтаксічны спосаб – спосаб утварэння тэрмінаў шляхам рознага тыпу спалучэнняў – самы прадуктыўны амаль ва ўсіх галінах навукі і тэхнікі. Найбольшая колькасць тэрмінаў утворана па мадэлях: прыметнік+назоўнік, назоўнік+назоўнік і назоўнік+прыметнік+назоўнік, хоць у беларускай мове пашыраны і большкампанентныя словазлучэнні: патэнцыяльная энергія, дысперсія хвалі, генератар пераменнага току, накапляльнік паласы на выхадзе з агрэгата і пад.

3. Суфіксальны (у тым ліку нульсуфіксальны) з’яўляецца вельмі пашыраным спосабам утварэння тэрмінаў:

- ад уласных імёнаў  і назваў з дапамогай суфіксаў    -ізм-(-ызм-), -эізм-, -янств-(-іянств-), -ій (-ый), -іт-, -еўск- (-ск-), -ўств-, -ав-(Гандзі  – гандзізм, Канфуцый – канфуцыянства,  Хрыстос – хрысціянства);

- пры дапамозе суфіксаў  –нн, -енн-, -энн-, -онн-  для абазначэння працэсаў (даследаванне, акругленне, вылічэнне і інш.), суфікса -к- для абазначэння прадметнасці (насадка, наметка,), суфікса     -нік- (апыляльнік, карыстальнік);

- пры дапамозе нулявога  суфікса для ўтварэння аддзеяслоўных  назоўнікаў (накіп, абмер, зрэз, напуск);

- пры дапамозе інтэрнацыянальных  суфіксаў -ізм-, -ізафікацы-(я),

-фікацы-(я), -іст-, -аж-, -ацы-(я) і інш. (гістарызм, праграміст,  мантаж).

4.    Прэфіксальны спосаб (прыставачны спосаб):

- пры дапамозе інтэрнацыянальных  прэфіксаў: ультра-, экстра-, супер-,   інтэр-, анты- і інш. (ультрагук, экстраардынарны,  інтэрпаляцыя, суперфасфат);

-  пры дапамозе ўласнабеларускіх  прэфіксаў без-, проці-, звыш-, не-, у-, ва-, за-, ад-, якія часта служаць  і для ўтварэння тэрмінаў-антонімаў  (звышпрыбытак, процідзеянне, уваходны  бок – выходны бок).

5.   Прэфіксальна-суфіксальны спосаб характэрны адначасовым далучэннем да асновы прыстаўкі і суфікса (міжрэчча, зазямленне, накаленнік).

6. Аснова і словаскладанне – таксама пашыраны спосаб папаўнення тэрміналагічнай лексікі:   

- пры дапамозе грэка-лацінскіх  і інтэрнацыянальных элементаў: -граф,    -графія, -лог, -логія,  макра-, мікра-, -фон, бія-, аэра-, астра-, -мер, -трон, аўта-, -фон, -стат, электра-, авія-, метр-, відэа- і інш. (хранометр, гекельфон, авіялайнер, аўтограф, відэазапіс);

- пры дапамозе ўласнабеларускіх  асноў (землеўтваральнік,кормаздабыча).

7. Складанасуфіксальны – асноваскладанне з адначасовым далучэннем суфіксаў: шматразовы, аднатыпны, вадакачка, фарбацёрка і інш.

8. Абрэвіятурны спосаб – утварэнне складанаскарочаных слоў шляхам складання назваў першых літар або гукаў некалькіх слоў, цэлага слова і назваў першых літар або гукаў некалькіх слоў, спалучэннем частак слоў або цэлага слова і часткі, цэлага слова і назваў першых літар астатніх слоў, а таксама некаторых іншых спалучэнняў: ТЭІ (тэхніка-эканамічная інфармацыя, бэр – біялагічны эквівалент рэнтгена, перфакарты, персанальная ЭВМ і інш.

 

 

 

 

Спіс выкарыстанай літаратуры:

 

  1. Беларуская мова: спецыяльная лексіка: Вучэбна-метадычны дапаможнік для студэнтаў усіх форм навучання ўсіх спецыяльнасцей БДУІР / Л.А. Бондар, Н.Г. Вайніла, М.А. Галянок і інш.; Пад рэд. Ю.А. Сцепанчука. – Мн.: БДУІР, 2006. – 69 с.
  2. Беларуская мова: спецыяльная лексіка/ Л. А. Антанюк, Б. А. Плотнікаў.– Мінск, 2004
  3. Беларуская мова. Прафесійная лексіка : дапам. / А.М. Асіпчук, В.В. Маршэўская, А.С. Садоўская. – Гродна : ГрДУ,. 2009. – 271 с
  4. 19. Ляшчынская В.А. Студэнту аб мове: прафесійная лексіка: Вучэб. дапам. для студэнтаў ВНУ. – Мн.: УП “ІВЦ Мінфіна”, 2003. – 243 с.

Информация о работе Паняцце тэрміна, яго асаблівасці і адрозненне ад агульнаўжывальных слоў. Спосабы ўтварэння тэрмінаў