Асаблівасці афіцыйна-справавога стылю

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 24 Октября 2015 в 10:43, реферат

Описание работы

Афіцыйна-справавы стыль вылучыўся раней за іншыя стылі дзякуючы таму, што абслугоўваў важнейшыя сферы дзяржаўнага жыцця: знешнія адносіны, замацаванне прыватнай уласнасці і гандаль. Неабходнасць пісьмовага замацавання дагавароў, законаў, афармлення спадчыны пачала фарміраваць асобую «мову», якая, зведаўшы мноства змен, захоўвае свае асноўныя адметныя рысы.
Беларуская мова была дзяржаўнай у Вялікім княстве Літоўскім на працягу некалькіх стагоддзяў. На ёй створана багатая літаратура розных стыляў і жанраў.

Файлы: 1 файл

АФІЦЫЙНА.docx

— 32.26 Кб (Скачать файл)

                                   Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання 
                                                         Рэспублікі Беларусь 
                                                           Установа Адукацыі 
                               “ Віцебская ордэна “Знак пашаны” дзяржаўная 
                                           Акадэмія ветэрынарнай медыцыны”

 

 

 

                                Рэферат 
   Тэма: Асаблівасці афіцыйна-справавога                     

                                                                         стылю

 

 

 

 

 

                                                  

  

 

                                                                           Падрыхтавала студэнтка 1 курса 3 групы ВсіЭ 
                                                                                    Белахвосцік Надзея Аляксандрауна

 

 

 

 

Віцебск 2014

З гісторыі фарміравання афіцыйна-справавога стылю

     Афіцыйна-справавы стыль  вылучыўся раней за іншыя стылі  дзякуючы таму, што абслугоўваў  важнейшыя сферы дзяржаўнага  жыцця: знешнія адносіны, замацаванне  прыватнай уласнасці і гандаль. Неабходнасць пісьмовага замацавання дагавароў, законаў, афармлення спадчыны пачала фарміраваць асобую «мову», якая, зведаўшы мноства змен, захоўвае свае асноўныя адметныя рысы. 
     Беларуская мова была дзяржаўнай у Вялікім княстве Літоўскім на працягу некалькіх стагоддзяў. На ёй створана багатая літаратура розных стыляў і жанраў. Сапраўднага росту дасягнула таксама беларускае справаводства і заканадаўства. Выдатнае месца сярод прававых актаў займае Літоўскі Статут (рэдакцыі 1529, 1566, 1588 гг.). Напэўна, усё гэта меў на ўвазе Я.Купала, калі пісаў, што даўней беларуская мова «свае правы чужым дыктавала». 
     У афіцыйных дакументах Вялікага княства Літоўскага замацавалася тэрміналогія, устойлівыя юрыдычныя формулы, характэрныя для справавой мовы ўсходнеславянскага перыяду (грамота, миръ, правда, посолъ, договоръ чинити, а се я, а при том были сведци). Узніклі і новыя моўна-стылёвыя сродкі, галоўным чынам на аснове жывой гаворкі народа: доводъ, забойца, держава, врядникъ, пригонъ, пригонные люди, властностъ, громада, податокъ, звычай, позывный листъ, помста, позыченье і інш. Беларуская мова папаўнялася тэрмінамі з польскай, лацінскай і іншых моў: рада, скарга, дэкрэт, канстытуцыя, мандат, апеляцыя, аркуш, акт, рахунак і інш. 
     Канец ХVІІ–ХІХ стст. былі неспрыяльныя для беларускай мовы наогул і справаводства ў прыватнасці: яно было выцеснена спярша польскім, потым – рускім. Таму калі на пачатку ХХ ст. паўстала задача адраджэння беларускай мовы, то асноўная апора была на жывую гаворку народа і на ўзнаўленне занядбаных літаратурна-пісьмовых традыцый. Значны ўклад у развіццё грамадска-палітычнай і афіцыйна-справавой лексікі зрабілі ўдзельнікі палітычных рухаў, культурна-асветніцкіх, дабрачынных і іншых аб’яднанняў і суполак. Пра гэта сведчыць, напрыклад, «Пратакол з’езду беларускіх нацыянальных арганізацый у Мінску 25–27 сакавіка 1917 г.»), у якім ужываюцца словы і звароты: арганізацыйная камісія, Беларускі камітэт помачы ахвярам вайны, грамадзянін, дэлегат, даклад, па дакладзе прыняць рэзалюцыі, пастанавілі стварыць камісію, сакратар, склікаць з’езд і інш. 
     У 20-ыя гады разгарнулася інтэнсіўная распрацоўка і ўпарадкаванне беларускай нацыянальнай тэрміналогіі. Тэрміналагічная камісія Інстытута беларускае культуры падрыхтавала і выдала 24 галіновыя выпускі. Тэрміналогія права падаецца ў Х выпуску, грамадазнаўства – у ХІ. Наколькі грунтоўна рыхтаваліся тэрміны, паказвае невялічкая даведка-прадмова, змешчаная ў зборніку «Беларуская навуковая тэрміналогія. Выпуск 10». (Мн., 1926): «Апрацаванне тэрміналогіі права навукова-тэрміналагічная камісія даручыла ў верасні 1921 года члену камісіі Міколу Гуткоўскаму; апрацаваны ім праект тэрміналогіі быў першы раз разгледжаны і прыняты ў Тэрміналагічнай камісіі гуманітарнае секцыі Інстытута беларускае культуры ў ліпені 1924 года ў складзе Якуба Коласа, Янкі Купалы, Язэпа Лёсіка, Сцяпана Некрашэвіча. Уладзіслава Чаржынскага і Міколы Гуткоўскага». 
     Пасля рэарганізацыі Інстытута беларускае культуры тэрміналогія права была другі раз перагледжана ў камісіі. У час перагляду былі зроблены некаторыя папраўкі. Разам з тым камісія імкнулася, каб тэрміналогія адпавядала жывой мове народа і была зразумелая па ўсёй Беларусі. 
     Пасля рэдакцыйнага перагляду тэрміналогіі ў правапісна-тэрміналагічнай камісіі Інстытута беларускае культуры тэрміналогія яшчэ раз была перагледжана асобнай секцыяй, дапоўнена новымі тэрмінамі, і гэтыя дапаўненні, а таксама спрэчныя пытанні былі канчаткова ўзгоднены з правапісна-тэрміналагічнай камісіяй. 
     Пераважная большасць тэрмінаў права і грамадазнаўства замацавалася ў моўнай практыцы. У прыватнасці, вытрымалі выпрабаванне часам словы, звароты, ужытыя ў назвах дзяржаўных устаноў, органаў улады. Напрыклад: выканаўчы камітэт, дзяржаўнае выдавецтва, замежныя справы, сацыяльнае выхаванне і інш. 
     У 20-ыя гады выйшлі з друку кнігі, спецыяльна прысвечаныя справаводству. «Падручнік справаводства сельскіх і местачковых саветаў. Выпуск першы» (Мн., 1926), складзены на аснове падручніка справаводства, «шырока ўжыванага ў РСФСР». Аналагічна рыхтаваўся «Падручнік справаводства раённых выканаўчых камітэтаў. Выпуск першы». У гэтыя кнігі ўвайшлі агульнае справаводства, адміністрацыйнае, паштовае справаводства, узоры трафарэтаў, штампаў і інш., паказаны парадак вядзення агульнага справаводства па адзінай сістэме, парадак «выдання дазваленняў, пасведчанняў і справак». 
     Такім чынам, узоры папер, дакументаў, распрацаваныя ў рускім справаводстве, пераносіліся на беларускую глебу. Нацыянальная спецыфіка канцылярскіх папер выяўлялася галоўным чынам у іх лексічным напаўненні, у марфалогіі і сінтаксісе афіцыйных запісаў, тэкстаў. Апрача агульных тэрмінаў справаводства, справавод ужываюцца шматлікія больш прыватныя словы і выразы: уступныя і выходныя паперы, адрасаваць на ўстанову або на службовую асобу па яе пасадзе, мы, ніжэйпадпісаныя, давераная асоба, хадайніцтва, выдаткі, абвестка, загад і інш. 
     Замацоўвалася беларуская тэрміналогія і ў кнізе Сяргея Серады «Дзелавод. Узоры афіцыяльных папер, слоўнік тэхнічна-кацылярскіх выразаў і іншыя патрэбныя ў дзелаводстве веды» (Мн., 1926). Вось некалькі прыкладаў: даручэнне на атрыманне грошай, пасведчанне асабовае, заява, запіс аб нараджэнні і інш. 
     Такім чынам, афіцыйна-справавы стыль – адзін са стыляў, які пачаў развівацца яшчэ ў перыяд ВКЛ, а асновы сучаснай справаводчай тэрміналогіі пачалі вызначацца ў 20-ыя гады ХХ ст.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

             

          

             Афіцыйна-справавы стыль і яго функцыянальна-камунікатыўныя    
                                                           характарыстыкi                      

     Мова дзяржаўных актаў, пастаноў, законаў, статутаў, міжнародных пагадненняў, дакументацыя ўстаноў, арганізацый, а таксама асабістых заяў, дакладных, даверанасцей і г.д. мае агульныя рысы, якія абумоўлены функцыянаваннем у адміністрацыйна-прававой дзейнасці. Тэксты, рэалізаваныя ў сферы гэтай камунікатыўнай дзейнасці, адносяцца да афіцыйна-справавога стылю [7]. Моўныя асаблівасці гэтага стылю знаходзяцца ў прамой залежнасці ад жанру і зместу дзелавога дакумента, абумоўлены яго задачамі і патрабаваннямі – выразіць волю заканадаўца, прадпісаць паводзіны, давесці што-небудзь да ведама каго-небудзь. 
     У складзе афіцыйна-справавога стылю даследчыкі выдзяляюць наступныя падстылі: 1) уласна заканадаўчы (закон, указ, грамадзянскія і крымінальныя акты, статуты); 2) дыпламатычны (нота, мемарандум, камюніке, пагадненне, канвенцыя); 3) адміністрацыйна-канцылярскі ( загад, дзелавыя паперы, заява, характарыстыка, аўтабіяграфія, даверанасць, распіска). 
     У навуковай літаратуры прынята падраздзяляць жанры дзелавой мовы на вусныя і пісьмовыя.     Афіцыйна-справавы стыль рэалізуецца пераважна ў пісьмовай форме. Гэта віды дакументацыі, не арыентаваныя на вусную форму выкладу, напрыклад, указ, загад, пастанова, інтрукцыя, справавыя пісьмы, кодэксы і г.д. Для вуснага формы справавых зносін характэрны такія жанры справавой мовы, як дзелавая размова: кадравая, праблемная, арганізацыйная, творчая, прыём наведвальнікаў і іншыя яе разнавіднасці (перагаворы, прэзентацыі, справавая тэлефонная размова і г.д.). Спецыфічным жанрам вусных справавых зносін можна лічыць справавую спрэчку, дыскусію, палеміку, дэбаты, інструктаж, выступленне на судовым працэсе і г.д. Некаторыя з іх хоць і абапіраюцца на раней падрыхтаваны (часткова ці поўнасцю) пісьмовы тэкст, аднак маюць прыкметныя адрозненні: аўтары імкнуцца пазбягаць спецыфічных кніжных зваротаў афіцыйна-справавога стылю і выкарыстоўваюць элементы жывога размоўнага стылю, таму што сухая канцылярская мова цяжкая для вуснага ўспрыняцця. 
     Для афіцыйна-справавога стылю характэрны дзве функцыі: інфармацыйная (паведамленне) і пабуджальная (уздзеянне). Так, даведка заключае ў сабе інфармацыю, загад – наказ (што трэба зрабіць), а пратакол – адначасова і інфармацыю (Слухалі...) і загад (Пастанавілі). Паспяховасць выканання гэтых функцый залежыць ад наступных якасцей: 
   доказнасць праяўляецца перш за ўсё ў наяўнасці дакладных, бясспрэчных фактаў, лічбавых паказчыкаў, у выкарыстанні стандартных фармулёвак, пазбаўленых двухсэнсоўнасці, паралельных сінтаксічных канструкцый, якія аблягчаюць успрыняцце тэксту; 
   аб’ектыўнасць і нейтральнасць выкладу фактаў (паколькі звязаны з прававымі нормамі жыцця грамадства); 
   інфармацыйнасць і ў той жа час кароткасць, якія падмацоўваюцца наяўнасцю дадатковых неабходных звестак, што ідуць, напрыклад, як дадатак да афіцыйнага пісьма; 
   лагічнасць, яснасць, адсутнасць двухсэнсоўнасці, пераканаўчасць, эканомія моўных сродкаў; 
   адсутнасць эмоцый, наяўнасць своеасаблівага этыкету, які мае надзвычай важнае значэнне для афіцыйнай карэспандэнцыі, якая з’яўляецца асноўным сродкам сувязі прадпрыемства, установы і г.д. з навакольным светам. У адпаведнасці з этыкетам замест займенніка я выкарыстоўваюцца пасіўныя канструкцыі.Адметнай рысай стылю з'яўляецца высокая ступень стандартызацыі, якая закранае як форму дакумента, так і моўныя сродкіТакім чынам, захаванне пералічаных якасцей – адзін з важнейшых элементаў правільнага стварэння афіцыйнага дакумента.

                                     Паняцце дакумента. Групы дакументаў

     Афіцыйна-справавы стыль рэалізуецца ў розных дакументах. Дакументамі (ад лац. documentum – доказ, сведчанне) называюцца адпаведным чынам складзеныя, падпісаныя і засведчаныя справавыя паперы (лісты), якімі афармляюцца розныя гаспадарчыя аперацыі, прававыя адносіны і дзеянні юрыдычных асоб і грамадзян. Дакумент складаецца па пэўнай стандартнай форме. Існаванне адпаведных формаў для разнастайных дакументаў – істотны фактар эфектыўнасці справаводства. 
     Па ступені рэгламентаванасці (падпарадкаванасць дакладна ўстаноўленым правілам, абмежаванням) дакументы падзяляюцца на тры групы: 
     1.Дакументы, якія павінны дакладна адпавядаць прынятаму стандарту, бо ў іншым выпадку яны на будуць мець юрыдычнай сілы (пашпарт, дыплом, пасведчанне і інш.). Гэтыя дакументы рыхтуюцца друкаваным спосабам, а той, хто піша, павінен толькі ўнесці ў іх патрэбную інфармацыю. 
     2.Дакументы, якія не маюць такой строгай абавязковасці (даведка, заява, дагавор, даверанасць, квітанцыя і інш.). 
     3.Дакументы, якія маюць грамадска замацаваны агульны прынцып укладання, а моўныя сродкі і форма выкладу ў пэўнай ступені адвольныя (характарыстыка, рэкамендацыя, справавыя лісты партнёраў у вытворчасці і інш.). 
     Па сваім прызначэнні ўсе дакументы можна аб’яднаць у наступныя чатыры групы: асабістыя, распарадчыя, адміністрацыйна-арганізацыйныя, інфармацыйна-даведачныя. 
     1. Асабістыя дакументы. 
     Да асабістых дакументаў адносяцца заява, аўтабіяграфія, даручэнне, распіска і інш. Дакументы менавіта гэтай групы часцей за ўсё сустракаюцца ў нашым жыцці. 
     Так, заяву пішуць, калі афіцыйна звяртаюцца да службовай асобы, ва ўстанову, грамадскую арганізацыю і інш. У гэтым дакуменце звычайна просяць прыняць на вучобу, на працу (перавесці, звольніць і пад.), просяць вырашыць якое-небудзь патанне і г. д. Пісаць трэба, як і ва ўсіх паперах, дакладна і проста. Калі да заявы прыкладаюцца дакументы (даведкі, пасведчанні, рэкамендацыі, акты і інш.), іх пералічваюць у канцы асноўнага тэксту. На заяве ўнізе павінны быць дата (злева) і асабісты подпіс (справа).. 
     У аўтабіяграфіі коратка расказваюць пра свой жыццёвы шлях, таму гэта папера пішацца ад першай асобы. Тут падаюцца афіцыйныя звесткі: год і месца нараджэння; заняткі бацькоў; гады вучобы (службы ў арміі); асноўнае з працоўнай і грамадскай дзейнасці; кароткія звесткі пра сваё сямейнае становішча. У канцы тэксту ставяць дату і подпіс. 
     2. Распарадчыя дакументы. 
     Да распарадчых адносяцца такія дакументы, як загад, распараджэнне, пастанова, указ, дэкрэт. Усе яны носяць заканадаўчы характар і дзейнічаюць як на мясцовым узроўні (горад, прадпрыемства ці арганізацыя, факультэт і інш.), так і на ўзроўні ўсёй краіны. Дарэчы, у ТСБМ першае значэнне слова «закон» наступнае: абавязковае для ўсіх правіла, устаноўленае вышэйшым органам дзяржаўнай улады, якое мае найвышэйшую сілу. 
     3. Адміністрацыйна-арганізацыйныя дакументы. 
     У дадзеную групу дакументаў уваходзяць план, кантракт, дагавор, справаздача і некаторыя іншыя. Так, у справаздачы расказваюць, што і як выканана за адпаведны тэрмін. Гэты дакумент не мае строгай формы. 
     Кожны, хто піша справаздачу, павінен паказаць, як выконвалася заданне, якія цяжкасці давялося пераадолець і што дала праца. У канцы справаздачы пажадана зрабіць выснову і даць свае прапановы. Як і кожная афіцыйная папера, справаздача павінна мець подпіс і дату.  
     4. Інфармацыйна-даведачныя дакументы. 
     Аб’ява, даведка, тлумачальная і службовая запіскі, дакладная і пад. афіцыйныя паперыз’яўляюцца прыкладамі тых дакументаў, якія служаць для перадачы інфармацыі пэўнага зместу. 
     Так, амаль штодзённа нам сустракаюцца аб’явы (як афіцыйнага, так і прыватнага характару). Аб’ява – паведамленне, якое даводзіцца да ўсеагульнага ведама (ТСБМ).Калі неабходна абвясціць, што адбудзецца нейкае мерапрыемства (сход, канферэнцыя, спаборніцтвы і пад.), вывешваюць аб’яву, у якой дакладна называецца дата, час, месца правядзення таго ці іншага мерапрыемства. Унізе, з правага боку, звычайна ўказваецца, хто робіць аб’яву. 
     Акрамя вышэйназваных груп афіцыйна-справавых папер, вылучаюцца розныя віды юрыдычных дакументаў. Усе яны маюць свой адметны набор рэквізітаў, які абумоўлены іх прызначэннем. Існуе вялікая колькасць дакументаў, звязаных з грамадзянскімі і крымінальнымі судовымі справамі. Да працэсуальных дакументаў адносяцца рознага кшталту заявы, скаргі, хадайніцтвы, вызначэнні, пратаколы, пярэчанні супраць іску і інш.  
     Адным з самых пашыраных працэсуальных дакументаў з’яўляецца іскавая заява аб узбуджэнні справы. Яе змест павінен адпавядаць агульным патрабаванням, якія прад’яўляюцца да працэсуальных дакументаў. Акрамя гэтага, у ёй павінны быць указаны дакладнае абазначэнне патрабаванняў істца, факты, якімі ісцец абгрунтоўвае сваё патрабаванне, доказы, якія пацвярджаюць кожны з названых фактаў і г. д. Да іскавых належаць заявы аб прызнанні грамадзяніна прапалым без вестак, аб прымусовым лячэнні, аб аднаўленні правоў па дакументах на прад’яўніка, аб прызнанні рухомай рэчы безгаспадарнай, аб прызнанні грамадзяніна абмежавана дзеяздольным або недзеяздольным, аб ліквідацыі перашкод у ажыццяўленні права ўласнасці і інш.  
     3. Моўныя асаблівасці афіцыйна-справавога стылю 
     Для напісання дакументаў, заканадаўчых актаў выкарыстоўваецца адна з разнавіднасцей літаратурнай мовы – афіцыйна-справавы стыль. Выдзяляюцца два тыпы нормаў, якія дзейнічаюць у сферы пісьмовай дзелавой мовы: 1) тэкставыя нормы, якія рэгламентуюць пабудову тэксту дакумента, г.зн. семантычную і фармальную арганізацыю ўсяго тэксту і яго частак; 2) моўныя нормы, якія рэгламентуюць магчымасць ужывання моўных адзінак. Тэкставыя і моўныя нормы замацаваны ў ДАСТах, што забяспечвае уніфікацыю і стандартызацыю службовых дакументаў. Адзначым некаторыя з іх. 
     Лексічны ўзровень: 
    1) Словы ўжываюцца толькі ў прамым значэнні. 
    2) Шырока выкарыстоўваюцца тэматычна абумоўленыя спецыяльныя словы і тэрміны (юрыдычныя, дыпламатычныя, ваенныя, бухгалтарскія, спартыўныя і г.д.). У прыватнасці, юрыдычная тэрміналогія служыць для перадачы прававых катэгорый і паняццяў (права, дыскрэдытацыя, апеляцыя, юрысдыкцыя, правапарушэнне, затрыманне, цялесныя пашкоджанні). У грамадска-палітычную і іншыя навуковыя тэрміналогіі ўваходзіць лексіка, звязаная з вытворчай дзейнасцю прадпрыемстваў, арганізацый, асобных работнікаў (прадукцыйнасць, нарматыў, тарыф, сабекошт, прыбытак, дакументацыя, штаты). Асобна можна вылучыць назвы працэсаў, якія патрабуюць дакументальнага афармлення (выкананне, кіраванне, браніраванне, звальненне, фінансаванне, падпарадкаванне). Сустракаюцца спецыфічна бухгалтарскія тэрміны: каштарыс, рахунак. Увогуле тэрміналагізаванасць – адна з вызначальных рыс афіцыйна-справавой мовы. Тэрміны, не маючы эмацыянальнасці і вобразнасці, абстрагаваныя ад адзінкавага і выпадковага, тут маюць канструктыўнае значэнне, з’яўляюцца неабходнымі лексічнымі сродкамі. 
    3) Дапускаецца выкарыстанне абрэвіятур, складанаскарочаных найменняў дзяржаўных устаноў, арганізацый, таварыстваў, партый, абумоўленае імкненнем да сцісласці: Мінфін, Мінюст, АТН, АДСС (адзіная дзяржаўная сістэма справаводства). У пісьмовай форме выкарыстоўваюцца шматлікія графічныя скарачэнні: нам. (намеснік), др. арк. (друкаваны аркуш), ф-ка (фабрыка). Некалькі слоў пра іх. Пранікненне скарачэнняў у дзелавую дакументацыю тлумачыцца трыма прычынамі: імкненнем да эканоміі месца, высокай частотнасцю асобных слоў і словазлучэнняў і жаданнем пазбегнуць паўтарэнняў доўгіх назваў. Апрача таго, неабходна помніць, што дзелавыя пісьмы не павінны быць большымі за дзве-тры старонкі машынапіснага тэксту. 
     Графічныя скарачэнні бываюць агульнапрынятыя, якія не патрабуюць тлумачэння, і ўмоўныя, што сустракаюцца ў спецыяльнай літаратуры, напрыклад, у слоўніках, і становяцца зразумелымі толькі пры наяўнасці спіса скарочаных напісанняў. Да агульнапрынятых адносяцца скарачэнні, якія ўжываюцца на пісьме: а) пры абазначэнні лічбамі гадоў і стагоддзяў: г., гг., ст.; б) пасля пералічэння: і г.д., і інш., і пад., г.зн.; в) пры спасылках: гл., напр.; г) іншыя скарачэнні: акад., б. – былы, зб. – зборнік, р-н, вобл. 
     Ёсць пэўныя патрабаванні пры графічным скарачэнні: 
     1) Пры скарочаным напісанні ставіцца кропка і захоўваюцца знакі і пачатковыя літары, уласцівыя поўнаму напісанню: В. – Д.к. – Волга-Данскі канал;       
     2)Стандартныя скарочаныя абазначэнні метрычных мер пішуцца без кропак: га – гектар, см – сантыметр, кг – кілаграм;  
     3) Пры спалучэнні дзвюх аднолькавых зычных скарачэнне робіцца пасля першай зычнай. А пры збегу дзвюх або некалькіх зычных – пасля апошняй зычнай: камен. вугаль – каменны вугаль, бухг. – бухгалтэрыя;      4) Нельга скарачаць на галосную літару і на й, ў, ь; 
     5) Скарочаныя літарныя абазначэнні складаных прыметнікаў пішуцца праз злучок: с. – г. – сельскагаспадарчы. Праз злучок пішуцца і графічныя скарачэнні назоўнікаў, калі бярэцца першая і апошняя ці дзве апошнія літары: з-д – завод, в-аў – востраў. 
       4) Адсутнічаюць экспрэсіўныя моўныя сродкі (назоўнікі з памяншальна-ласкальнымі суфіксамі – крынічанька, мовачка і інш.), жаргонныя і дыялектныя словы. 
        5) Прысутнічаюць функцыянальна абумоўленыя лексічныя паўторы, якія дапамагаюць пазбегнуць няправільных тлумачэнняў (Устанаўленне, замена і перагляд нормаў працы ажыццяўляецца наймальнікам з удзелам прафсаюзаў. Аб устанаўленні, замене і пераглядзе нормаў працы работнікі павінны быць азнаёмлены не пазней за адзін месяц).  
6) Ужыванне слоў, не прынятых у іншых стылях: вышэйпамянёны, вышэйадзначаны, паскаральнасць, неліквіднасць і г.д. Да іх належаць таксама ўстойлівыя словазлучэнні: касацыйная скарга, акт непадпарадкавання, падпіска аб нявыездзе, мець значэнне, займаць пасаду і інш. 
     7) Выкарыстоўваюцца назвы асоб па іх функцыі ў афіцыйна-справавых адносінах: арандатар, кватэранаймальнік, ісцец, сведка, падрадчык, усынавіцель, спажывец і інш. 
     8) Назвы дакументаў: загад, паведамленне, пратакол, інструкцыя, службовае пісьмо, даведка. 
     9) Абазначэнні частак дакумента (парадак дня, дадатак), разнастайных дзеянняў асоб (прысутнічалі, слухалі), службовых працэдур па ўзгадненні і зацвярджэнні: (загадваю, не пярэчу). 
    10) Актыўна выкарыстоўваюцца аддзеяслоўныя назоўнікі, якія надаюць выказванню стрымана-строгую, «халодную» танальнасць: уніфікацыя, утрыманне, узгадненне, захоўванне, устанаўленне, зацвярджэнне, размеркаванне. 
    11) Устойлівыя словазлучэнні ў афіцыйным стылі пазбаўлены вобразнасці, эмацыянальнасці; тут адлюстроўваецца імкненне да стандартызацыі маўлення. Словазлучэнні часта выкарыстоўваюцца ў назвах дакументаў (пасведчанне аб нараджэнні, атэстат аб сярэдняй адукацыі, пасведчанне аб заключэнні шлюбу), у якасці стандартных канструкцый (у мэтах забеспячэння, на аснове вышэйпададзенага, адзначаны наступныя недахопы, заслухаўшы і абмеркаваўшы). 
    12) Лексічную аснову афіцыйна-справавой мовы, як і іншых стыляў, складаюць нейтральныя агульнаўжывальныя лексічныя сродкі. 
     Марфалагічны ўзровень: 
      1)  Шырокае ўжыванне інфінітываў (упаўнаважыць, забяспечыць, зацвердзіць, прыняць). Даволі часта пры інфінітывах ужываюцца словы неабходна, абавязаны, мае права і пад. Фінансаванне названага мерапрыемства неабходна здзейсніць за кошт сродкаў... 
     2)  Насычанасць сказаў аддзеяслоўнымі назоўнікамі на –нне-, –ццё, з прэфіксам –не-, –ня-: выкананне, павелічэнне, развіццё, недагляд, нявыплата, недапрацоўка і інш. 
     3) Частае выкарыстанне дзеясловаў цяперашняга часу ў значэнні сталага дзеяння, якое неабходна выконваць (Суб’екты прадпрымальніцкай дзейнасці, якія ўчынілі эканамічныя правапарушэнні, нясуць (=павінны несці) адказнасць на падставе актаў заканадаўства). 
     4) Шырокае ўжыванне назоўнікаў са зборным значэннем: дырэкцыя, адміністрацыя, кіраўніцтва, калегія, вучоны савет, камісія і пад. 
     5)  Пашыранае функцыянаванне колькасна-іменных спалучэнняў: шэсць супрацоўнікаў, 10 кліентаў. 
     6) Замест дзеясловаў ужыванне сінанімічных спалучэнняў назоўніка з дзеясловам: дапамагчы – аказаць дапамогу, праверыць – правесці праверку, адрамантаваць – выканаць рамонт. 
     7) Напісанне колькасных лічэбнікаў арабскімі лічбамі: Было забракавана 25 машын; парадкавыя лічэбнікі даюцца з абавязковым склонавым канчаткам: выраб 3-га гатунку. 
     8) Рэдка ў афіцыйным стылі ўжываюцца выклічнікі, а таксама займеннікі 1-й і 2-й асобы і адпаведныя асабовыя формы дзеяслова. 
     Сінтаксічны ўзровень: 
     1) Галоўным прынцыпам канструявання сказаў з’яўляецца прамы парадак слоў, г.зн. дзейнік знаходзіцца перад выказнікам, дапасаванае азначэнне – перад азначаемым словам, акалічнасць спосабу дзеяння – перад дзеясловам-выказнікам, прамое дапаўненне – пасля слова, да якога яно адносіцца. 
     2) Сінтаксіс характарызуецца падкрэсленай кніжнасцю, «халоднасцю». Сказы поўныя, апавядальныя, як правіла, двухсастаўныя. 
     3) Ужыванне пасіўных канструкцый: аплата працы ажыццяўляецца на аснове пагадзінных або месячных тарыфных ставак. 
     4) Наяўнасць канструкцый са складанымі злучнікамі і адыменнымі прыназоўнікамі: у выніку таго што, дзякуючы таму што, нягледзячы на тое што, разам з тым, з мэтай, пры дапамозе, згодна з, у святле і інш. 
     5) Характэрна ўжыванне стандартных складаных сінтаксічных канструкцый, клішэ. Пры неабходнасці выкарыстоўваюцца надрукаваныя бланкі і пэўныя формы, якія даюцца ў спецыяльных даведніках. 
     6)  Звычайна ў дакументах выкарыстоўваюцца безасабовыя і інфінітыўныя канструкцыі са значэннем імператыўнасці, неабходнасці (даручыць старасце групы, неабходна павысіць, дазволіць студэнтам), а таксама залежныя звароты тыпу: кандыдатам у дэпутаты вылучаны; даклад быў выслуханы. 
      7) Асабовыя канструкцыі ўжываюцца толькі ў пэўных сітуацыях. Напрыклад, у даручэнні, распісцы пасля займенніка «я» неабходна назваць прозвішча, імя і імя па бацьку, месца пражывання. Пасля замены ў дзелавых тэкстах аднаго наймення прадмета або асобы другім на гэта спецыяльна ўказваецца: Кавалёў Мікалай Іванавіч, які ў далейшым называецца субпадрадчык...  
     8) Сказы характарызуюцца наяўнасцю аднародных членаў, адасобленых груп, пабочных і ўстаўных канструкцый: Грамадскія арганізацы, працоўныя калектывы і сходы ваеннаслужачых па воінскіх часцях могуць выступаць у падтрымку кандыдатур, вылучаных іншымі грамадскімі арганізацыямі, працоўнымі калектывамі або сходамі ваеннаслужачых па воінскіх часцях, а тасама выбіраць давераных асоб кандыдатаў у народныя суддзі. 
     Веданне адзначаных моўных асаблівасцей афіцыйна-справавога стылю, безумоўна, будзе садзейнічаць правільнаму афармленню дакументаў рознага тыпу. 
     Такім чынам, афіцыйна-справавы стыль сучаснай беларускай літаратурнай мовы характарызуецца высокай ступенню развітасці, унармаванасцю моўных сродкаў, распрацаванасцю жанраў. Неабходнасць навучання моўным нормам справавых зносін абумоўлена тым, што справавыя зносіны пранікаюць ва ўсе сферы жыцця. Уменне паспяхова весці перагаворы, працаваць з дакументамі – важнейшы элемент культуры сучаснага адукаванага чалавека, які імкнецца дасягнуць поспехаў у жыцці.


Информация о работе Асаблівасці афіцыйна-справавога стылю