Культура Беларусі ў канцы XVIII - сярэдзіне XIX ст

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 06 Мая 2015 в 12:53, реферат

Описание работы

У канцы XVIII - першай палове XIX ст. ў культурным жыці Беларусі вызначылася шмат новых з'яў і працэсаў. Змены, якія адбываліся ў рознах галінах культуры ў гэты перыяд, былі абумоўлены як логікай самога гісторыка-культурнага працэса, так і новымі з'явамі ў эканоміцы, палітычным і сацыяльным жыцці грамадства. Фактарамі, якія ў гэты час аказвалі найістотнейшы ўплыў на фарміраванне новых культурных працэсаў, былі эканамічнае развіццё Беларусі, складванне буржуазных адносін у нетрах феадальнага ладу, утварэнне беларускай нацыі, каланіяльная палітыка расійскага самаўладдзя, актыўны нацыянальна-вызваленчы рух, інтэнсіўнае ўзаемадзеянне з культурамі іншых народаў.

Файлы: 1 файл

Культура Беларусі ў канцы XVIII.docx

— 36.05 Кб (Скачать файл)

Сярод літаратурнай спадчыны першай паловы XIX ст. асобнае месца займае ўзор рамантычнай прозы "Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях" Яна Баршчэўскага, дзе выкарыстаны беларускія казкі і паданні. Тагачасныя крытыкі называлі гэты твор беларускім цыклам "1000 і адной ночы". Значны ўкладу развіццё беларускай літаратуры ўнеслі таксама Ян Чачот, аўтар фальклорных зборнікаў і вершаў.на беларускай і Польскай мовах, сябра Міцкевіча, адзін са стваральнікаў таварыства філаматаў; В.Каратынскі, польска-беларускі паэт і пісьменнік. Яркай зоркай на небасхіле прыгожага пісьменства 40 - 50-х гг. заблішчэў талент Уладзіслава Сыракомлі (Людвіка Кандратовіча). Яго паэмы, вершы, драматургічныя творы адкрылі новую старонку ў беларускай і польскай літаратуры. У 20-я гг. развіваецца талент беларускага сялянскага паэта Паўлюка Багрыма, якога літаратураз-наўцы называюць "беларускім Бёрнсам". Але ва ўмовах царскага прыгонніцтва талент сялянскага хлопца не мог праявіцца ў поўнай сіле. За перапісванне забароненых літаратурных твораў, перш за ўсё паэмы Я.Баршчэўскага "Рабункі мужыкоў", а таксама за ўдзел у сялянскім выступленні сын вясковага рамесніка быў здадзены ў салдаты. Адбыўшы рэкрутчыну, ён вярнуўся на радзіму і працаваў кавалём. 3 некалькіх сшыткаў вершаў маладога паэта, канфіскаваных паліцыяй, да нас дайшоў толькі адзін верш, згаданы ў працы аднаго з сучаснікаў Багрыма.

У 40-я гг. да беларускага прыгожага пісьменства звяртаецца выдатны пісьменнік, драматург, грамадскі дзеяч Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Першымі вядомымі нам творамі пісьменніка сталі п'есы "Рэкруцкі яўрэйскі набор", "Спаборніцтва музыкантаў", "Чарадзейная вада". Гэтыя п'есы былі напісаны на польскай мове і ў 40-я гг. пастаўлены на мінскай сцэне. У 1846 г. убачыла свет выдатная музычная п'еса В.Дуніна-Марцінкевіча "Сялянка" ("Ідылія"), дзе ўпершыню загучала жывая беларуская гаворка. Прозвішча аднаго з найбольш каларытных герояў п'есы - Навума Прыгаворкі - ў далейшым ён выкарыс- таў як літаратурны псеўданім. У 50-я гг. Дунін-Марцінкевіч стварае вершаваныя апавяданні "Вечарніцы", "Гапон", "Халімон на каранацыі" і інш. У гэты час ён пераклаў на беларускую мову паэму А.Міцкевіча "Пан Тадэвуш". Аднак царская цэнзура забараніла выданне гэтага перакладу.

Творчасць Дуніна-Марцінкевіча завяршала рамантычна-этнаграфічны перыяд у развіцці беларускай літаратуры. Заслугамі пісьменніка з'яўляюцца распрацоўка беларускай літаратурнай мовы, сілабічнага вершаскладання, новых жанравых формаў. Класікай беларускай літаратуры стаў яго фарс-вадэвіль "Пінская шляхта", які быў напісаны напачатку 60-х гг. Творчасць Дуніна-Марцінкевіча аказвала значны ўплыў на фарміраванне беларускай нацыянальнай літаратуры і ў пазнейшыя часы.

Літаратурнае жыццё Беларусі не вычэрпвалася толькі згаданымі імёнамі. На літаратурнай ніве працавалі многія дзесяткі таленавітых пісьменнікаў, драматургаў, паэтаў. На Беларусі былі добра вядомы творы сусветнай літаратуры. У кнігарнях, якія асабліва актыўна пачынаюць працаваць у гарадах з 30-х гг., можна было набыць кнігі на польскай, французскай, нямецкай, яўрэйскай і рускай мовах, творы Крашэўскага, Дзюма, Вальтэра, Пушкіна, Жорж Санд, Бальзака, Купера і іншых аўтараў. У гэты час значна ўзрастае колькасць друкарняў, як дзяржаўных, так і прыватных.

У 50-я гг. пачынаецца шырокае распаўсюджванне літаграфій, якія дазвалялі выдаваць ілюстраваныя выданні. Значную ролю ў культурным жыцці ў гэты перыяд адыгрываюць перыядычныя выданні, якія адрозніваліся разнастайнасцю кірункаў. Найбольш папулярнымі былі навукова-літаратурныя часопісы. У Вільні выдаваліся "Кур'ер літоўскі", "Дзённік Віленскі", на Беларусі чыталі выданні А.Кіркора, перш за ўсё альманах "Тэка Віленьска", Ю.Крашэўскага "Атэнэум", гродзенскі альманах "Андына", выданні Р.Падбярэзскага. Дзеячы беларускага адраджэння рабілі спробы выдання часопіса на беларускай мове, але ва ўмовах жорсткай цэнзуры гэта было немагчыма.

У 30-я гг. на Беларусі пачалося выданне губернскіх газет на рускай мове. Спачатку гэта былі толькі афіцыйныя выданні, дзе друкаваліся царскія і сенацкія ўказы і іншыя распараджэнні ўлад. У 40-я гг. да афіцыйных выданняў далучыліся і неафіцыйныя, навукова-літаратурныя і рэкламныя.

У другой трэці XIX ст. на Беларусі пачынаюць стварацца першыя публічныя бібліятэкі. Але да сярэдзіны стагоддзя іх дзейнасць абмяжоўвалася амаль выключна збіраннем кніжнага фонду. Адметнай рысай перыяду было існаванне буйных прыватных кнігазбораў і калекцый. У канцы XVIII - пачатку XIX ст. быў пакладзены пачатак аднаму з найлепшых кнігазбораў Беларусі і Польшчы - бібліятэцы Храптовічаў, якая размясцілася ў Шчорсах. Буйныя калекцыі і кнігазборы былі ў Дзярэчыне ў Сапегаў, у Т.Нарбута ў Шаўрах, у Кіркора ў Вільні, у Я.Тышкевіча ў Лагойску і ў іншых.

У канцы XVIII - першай палове XIX ст. масавымі відамі мастацтва становяцца тэатр і музыка. Асноўнай формай тэатральнага мастацтва ў гэты час з'яўляўся тэатр прыватнай антрэпрызы, які ўвасабляў новы, камерцыйны падыход да арганізацыі тэатральнай справы. Па форме дзейнасці тэатры былі "аб'язнымі". Такі тэатр меў сталую базу ў губернскім ці буйным павятовым горадзе і час ад часу рабіў турнэ па навакольных мястэчках і гарадах, маёнтках і кірмашах. У XIX ст. сталыя тэатральныя калектывы дзейнічалі ў Вільні (трупа Мараўскага), Гродне (трупа С.Дзешнер), Мінску (трупа Кажынскага). У 30-я гг. тэатральныя відовішчы адбываюцца ўжо бесперапынна ва ўсіх губернскіх і многіх павятовых гарадах.

Ажыўленне тэатральнага жыцця ў гарадах Беларусі не магло не прыцягнуць да сябе ўвагу царскіх улад. Тэатр на той час быў найбольш дэмакратычным відам мастацтва, а дзякуючы пераходу на камерцыйныя рэйкі меў пэўную фінансавую незалежнасць ад дзяржавы. Улады бачылі ў тэатры, як і ў літаратуры, трыбуну для антыўрадавых і антыпрыгонніцкіх выступленняў. У сувязі з гэтым для палягчэння нагляду за тэатральным мастацтвам Беларусі ўрад у 1845 - 1847 гг. праводзіць тэатральную рэформу. Усе вандроўныя трупы забараняліся, у губернскіх гарадах ствараліся пастаянныя руска-польскія тэатры і тэатральныя дырэкцыі. Гэтыя тэатры атрымалі манаполію на паказы ў губерні. Адной з галоўных мэт тэатральнай рэформы была паступовая русіфікацыя тэатральнага мастацтва. Аднак рэформа не была даведзена да канца. Ужо ў сярэдзіне 50-х гг. на Беларусі зноў актыўна дзейнічалі "аб'язныя" трупы, хаця тэатральныя дырэкцыі і працягвалі сваю работу.

Тэатральнае мастацтва таго часу пазначана многімі імёнамі знакамітых акцёраў, спевакоў, энергічных антрэпрэнёраў. У гісторыю сусветнага тэатральнага мастацтва ўвайшлі выдатны спявак і акцёр В.Шмідкоф, акцёры К.Скібінскі, С.Дзешнер, З.Анчыц. У канцы XVIII ст. Беларусь была месцам частых гастроляў "бацькі польскага тэатра" В.Багуслаўскага. Зручнае геаграфічнае становішча і ўдзячная публіка рабілі Беларусь пажаданым месцам для гастроляў. Тут гасцявалі тэатры не толькі з Расіі, Украіны і Польшчы, але і з Германіі, Аўстрыі, Італіі і Францыі акцёры і спевакі.

Рэпертуар тэатральных калектываў быў даволі шырокім. Некаторыя трупы ставілі больш за 200 розных п'ес, у тым ліку оперы, вадэвілі, драмы і трагедыі. Папулярнасцю карысталіся творы Шэкспіра, Шылера, Мальера, Багуслаўскага, Фрэдры, Каржанеўскага, пасля тэатральнай рэформы ў рэпертуар рускамоўных труп сталі ўключацца п'есы Гогаля, Пушкіна, Астроўскага.

Значная падзея тэатральнага жыцця Беларусі - стварэнне першай беларускай трупы В.Дуніна-Марцінкевіча. Аматарскае мастацтва наогул было вельмі распаўсюджана сярод беларускіх тэатралаў, а гэтая трупа была спецыяльна створана для пастаноўкі п'есы Дуніна-Марцінкевіча "Сялянка" у 1852 г. У яе ўваходзіла больш за 20 чалавек. Нягледзячы на тое, што мінскія ўлады забаранілі публічны паказ п'есы, яна ўсё ж была пастаўлена на прыватнай сцэне ў купца Саламона. Затым гэтую п'есу неаднаразова ставілі на кватэрах не толькі ў Мінску, але і ў Бабруйску, Слуцку, Глуску і іншых мясцінах, куды рабіла вандроўку трупа Марцінкевіча.

Апрача прафесійнага і аматарскага тэатраў на Беларусі ў гэты час існаваў і народны тэатр, вытокі якога ішлі яшчэ з часоў Рэнесанса, - батлейка, тэатр народнай драмы, тэатралізаваныя сялянскія святы і інш.

Як і тэатральнае мастацтва, музыка ў гэты час даволі выразна падзяляецца на прафесійную, якую культывавалі ў мастацкіх салонах і на канцэртах (распаўсюджвалася з дапамогай друкаваных нот, тэатральных відовішчаў і г.д.), а таксама музыку народную, якая зберагалася і ўзбагачалася народнымі музыкантамі.

На Беларусі музыка была адной з найважнейшых і найбольш распаўсюджаных галін мастацтва. Асновамі музычнай культуры тут валодаў амаль кожны адукаваны чалавек, напрыклад для жанчын-шляхцянак уменне іграць на музычным інструменце і спяваць лічылася амаль абавязковым. Музыка гучала ў салонах мясцовай шляхты, выкладалася ў навучальных установах, даволі часта адбываліся сольныя канцэрты прафесійных музыкантаў і аматараў. Губернскія гарады, як правіла, мелі свае аматарскія ці прафесійныя аркестры. У маёнтках буйных магнатаў існавалі прыгонныя аркестры і капэлы - традыцыя, якая захавалася яшчэ з XVIII ст.

Добра ведалі на Беларусі творы заходнееўрапейскіх кампазітараў, папулярнасцю карысталіся таксама кампазіцыі мясцовых аўтараў. Сусветную славу маюць творы нашага земляка выдатнага кампазітара, палітычнага дзеяча, мемуарыста Міхала Клеафаса Агінскага. Мінчанін Станіслаў Манюшка ўвайшоў у гісторыю музыкі як стваральнік некалькіх выдатных опер, аўтар шматлікіх інструментальных твораў. У XIX ст. заслужана карысталіся папулярнасцю творы Ф.Міладоўскага, А.Абрамовіча, Д.Стафановіча.

У першай палове XIX ст. назіраецца значны рост будаўнічай дзейнасці, ідзе рэгулярная забудова гарадоў, узнікаюць новыя тыпы грамадзянскіх будынкаў, упершыню шырока выкарыстоўваюцца тыпавыя праекты. Асноўным архітэктурным стылем у гэты час становіцца класіцызм. Значную ролю ў фарміраванні архітэктурнага выгляду беларускіх гарадоў і мястэчак адыграла Віленская архітэктурная школа, аснову якой склалі навучэнцы Віленскага універсітэта М.Шульц, Л.Стуока-Гуцявічус, К.Падчашынскі. Да буйнешых помнікаў гэтага часу адносяцца Петрапаўлаўскі сабор у Гомелі, Праабражэнская царква ў Чачэрску, Жыліцкі палац, Пакроўская царква ў Стрэшыне і інш. У 30 - 40-я гг. амаль цалкам быў перабудаваны Брэст, Бабруйск, дзе былі ўзведзены крэпасці.

У гісторыі выяўленчага мастацтва Беларусі першая палова XIX ст. займае асобнае месца - гэты час значных якасных і колькасных зрухаў у развіцці ўсіх яго жанраў і формаў. Важнейшую ролю ў гэтым працэсе адыграла Віленская школа жывапісу - аддзяленне прыгожых мастацтваў факультэта літаратуры і мастацтва Віленскага універсітэта. Яна была заснавана ў канцы XVIII ст. першым прафесарам жывапісу Беларусі і Літвы Ф.Смуглевічам і яго вучнямі. Тут выкладалі Я.Рустэм, выдатны мастак, педагог; былы каралеўскі скульптар А.Ле Брун (Лебрэн), яго вучань - ураджэнец Гарадзеншчыны К.Ельскі, выдатны графік і мастацтвазнавец англічанін Дж. Саўндэрс. За 35 гадоў сваёй работы школа падрыхтавала больш за 250 мастакоў, гравёраў, скульптараў. Выхаванцамі аддзялення прыгожых мастацтваў былі выдатны партрэтыст, майстар гістарьічных кампазіцый Я.Дамель, мастак-партрэтыст еўрапейскага ўзроўню В.Ваньковіч, графік і мастак В.Дмахоўскі і інш. Галерэю вобразаў беларускіх помнікаў гісторыі і архітэктуры, краявідаў пакінулі вучні Я.Рустэма - выдатныя мастакі М.Кулеша і Напалеон Орда. Майстар батальнага жанру Я.Сухадольскі пакінуў серыю работ, прысвечаных вайне 1812 г., паўстанням. Пачынальнікам беларускага мастацтва нацюрморта быў выдатны мастак, выхаванец Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў І.Хруцкі. Закрыццё Віленскага універсітэта значна збядніла мастацкае жыццё рэгіёну. Пачынаецца адток таленавітых мастакоў у Пецярбургскую Акадэмію мастацтваў, у Маскоўскае Строганаўскае вучылішча і за мяжу. Многія з іх ужо больш не вяртаюцца на Беларусь (К.Карсалін, С.Заранка), або прыязджаюць сюды толькі на нядоўгі час (Т.Гарэцкі, М.Андрыёлі). Тыя ж мастакі, якія вярталіся, каб жыць і працаваць на Бацькаўшчыне, - Г.Дмахоўскі, які вярнуўся з Амерыкі, І.Хруцкі і некаторыя іншыя, - вымушаны былі шукаць для сябе дадатковую, акрамя жывапісу, крыніцу даходу.

Выяўленчае мастацтва Беларусі ў гэты час багатае на жанры, стылі, тэхнікі. На змену класіцызму, які панаваў у мастацгве ў канцы XVIII - пачатку XIX ст., у 20-я гг. прыходзіць рамантызм. Менавіта ў рэчышчы гэтага ідэйна-стылявога кірунку былі выкананы лепшыя творы ў жанры партрэту - вышэйшае дасягненне беларускага жывапісу першай паловы XIX ст. У 40-я гг. на змену рамантычнаму мастацтву прыходзіць рэалістычны кірунак. У гэты час нараджаюцца новыя жанры - нацюрморт, гарадскі пейзаж, літаграфія і інш. Многае з мастацкай спадчыны беларускіх мастакоў загінула або вывезена ў Польшчу, Расію, Літву, раскідана па замежных музеях і прыватных калекцыях.

Культура Беларусі першай паловы XIX ст. з'яўлялася важнай часткай гістарычнага працэсу. Яна была цесна звязана з культурамі суседніх народаў. У многіх галінах - выяўленчым мастацтве, літаратуры, тэатры, навуцы яна дасягнула еўрапейскіх вышынь. У гэты час фарміраваліся яе самабытнасць, непаўторныя традыцыі. Але працэс развіцця культуры Беларусі скажаўся і стрымліваўся палітыкай царскіх улад. У канцы XVIII - першай чвэрці XIX ст. гэта палітыка спрыяла інтэнсіўнай паланізацыі Беларусі, што закрывала беларускай культуры шлях да прафесіяналізацыі. Русіфікацыя, распачатая царскім урадам у другой чвэрці стагоддзя і асабліва ўзмацніўшаяся пасля паўстання 1830 - 1831 гг., зноў не пакідала беларусам месца і магчымасцяў для развіцця нацыянальнай культуры. Царскі ўрад, не забараняючы афіцыйна беларускую мову, перакрываў ёй шлях да прыгожага пісьменства. Асабліва моцна пашкодзіла станаўленню новай беларускай мовы забарона друкаваць на лацінцы, выдадзеная ў сувязі з цэнзурным разглядам перакладу "Пана Тадэвуша" В.Дуніна-Марцінкевіча. Такім чынам, даволі вялікае кола беларускіх пісьменнікаў, якія выйшлі з польскамоўнага асяроддзя і карысталіся лацінкай, былі пазбаўлены магчымасці друкаваць свае творы. Беларуская мова разглядалася царскімі ўладамі як адзін з дыялектаў мовы рускай і дазвалялася толькі ў фалыслоры.

Але, нягледзячы на працяглую паланізацыю і распачатую русіфікацыю, беларускі народ здолеў захаваць этнічны воблік і нават пры вялікіх стратах адстаяць сваю нацыянальную перспектыву.

 


Информация о работе Культура Беларусі ў канцы XVIII - сярэдзіне XIX ст