Лексика белоруской мовы

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 06 Декабря 2012 в 18:06, реферат

Описание работы

Усе словы беларускай мовы ўтвараюць яе лексічны склад – лексіку (ад грэч. lexis – слова). Тэрмінам «лексіка» называюць таксама сукупнасць слоў, якія ўжываюцца ў творчасці пісьменніка (лексіка Я. Коласа, У. Караткевіча і інш.), у пэўнай мясцовай гаворцы (дыялектная лексіка), у якой-небудзь сферы дзейнасці (прафесійная лекcіка) і г.д. Менавіта ў лексіцы адлюстраваны змены, якія адбываюцца ў палітычным і культурным жыцці грамадства, здабыткі ў галіне навукі, тэхнікі і вытворчасці. Вывучэнне лексікі роднай мовы ўзбагачае слоўнікавы запас чалавека, павышае культуру яго вуснай і пісьмовай мовы, пашырае веды пра навакольную рэчаіснасць.

Содержание работы

1. Слова як адзінка лексічнай сістэмы. Адназначныя і мнагазначныя словы
2. Амонімы, сінонімы, антонімы, паронімы ў лексічным складзе беларускай мовы
3. Лексіка беларускай мовы паводле паходжання
4. Актыўная і пасіўная лексіка
5. Агульнаўжывальная лексіка і лексіка абмежаванага выкарыстання

Файлы: 1 файл

Лексика беларускай мовы.doc

— 138.00 Кб (Скачать файл)

2. Семантычныя (або ідэаграфічныя)  сінонімы адрозніваюцца паміж сабой адценнямі значэння, інакш кажучы, аб’ёмам семантыкі. Так, у сінанімічнай пары страх – жах паняцце жах (‘моцны страх да здранцвення’) поўнасцю ўключае ў сябе ўсе прыметы паняцця страх і разам з тым мае дадатковыя семы ‘моцны’ і ‘да здранцвення’. Семантычнымі сінонімамі будуць такія словы, як акцёр – артыст, ісці – крочыць, касынка – хусцінка, малады – юны, чырвоны – кумачовы – пунсовы і інш. Адрозненне ў семантыцы сінонімаў гэтай групы праяўляецца ў несупадзенні спалучальнасці кожнага члена сінанімічнага рада з іншымі словамі. Параўн.: ісці/крочыць па вуліцы, але: асцярожна ісці па балоце (не крочыць).

3. Стылістычныя сінонімы –  гэта тоесныя або блізкія па значэнні словы, якія маюць розную эмацыянальна-экспрэсіўную афарбоўку і таму належаць да розных стыляў і сфер ужывання. Прыклады радоў стылістычна розных сінонімаў: асілак – сілач – волат – атлет – здаравяк – здаравіла – бугай (тут асілак і сілач – стылістычна нейтральныя словы, волат і атлет – кніжныя, здаравяк і здаравіла – размоўныя, бугай – размоўна-грубае); ілгаць – брахаць – плесці; украсці – сцягнуць – сперці – сцібрыць, гультай – абібок – лянівец – лайдак – лежабока – труцень – гультаіна – завала і інш.

Як адну з разнавіднасцей сінонімаў  разглядаюць эўфемізмы (ад грэч. euphemia – ‘гавару ветліва’). Гэта словы і выразы, што служаць для замены такіх абазначэнняў, якія ў пэўных сітуацыях уяўляюцца таму, хто гаворыць, занадта грубымі, рэзкімі, непрыстойнымі. Напр., замест спазняецца гавораць затрымліваецца, папрасілі замест выгналі, поўны замест тоўсты і інш. Сваімі каранямі эўфемізмы адыходзяць у далёкае мінулае. Іх узнікненне цесна звязана з лексічным табу – забаронай у першабытных народаў ужываць словы, што служылі назвамі багоў і духаў, смерці, хвароб, некаторых жывёл, сонца, агню і пад. [1].

Антонімы (ад грэч. anti – супраць і onyma – імя) – словы адной часціны мовы, якія маюць палярна супрацьлеглыя значэнні: верх – ніз, белы – чорны, вясёлы – сумны, звонка – глуха, увайсці – выйсці, усход – захад, экспарт – імпарт, вясна – восень і інш. Антанімічная група складаецца толькі з двух слоў. Не маюць антонімаў, як правіла, уласныя назоўнікі і назоўнікі з канкрэтным значэннем, лічэбнікі і большасць займеннікаў.

Антонімы могуць абазначаць прасторавыя  і часавыя паняцці (неба – зямля, верх – ніз, дзень – ноч, лета – зіма, поўдзень – поўнач, пачатак – заканчэнне, імгненне – вечнасць і інш.); пачуцці, эмоцыі, настрой, стан чалавека (шчаслівы – няшчасны, п’яны – цвярозы, любоў – нянавісць, актыўнасць – пасіўнасць, весялосць – паныласць, смеласць – баязлівасць, удача – няўдача, упэўненасць – няўпэўненасць і інш.); стан прыроды (світанне – змярканне, мароз – спёка, усход – захад, шторм – штыль і інш.); якасць і ацэнку (трывалы – нетрывалы, моцны – слабы, якасны – няякасны, высакародны – подлы, станоўчы – адмоўны і інш.) і г.д.

Па структуры антонімы падзяляюцца на рознакаранёвыя і аднакаранёвыя. У рознакаранёвых (лексічных) антонімах супрацьлегласць выражаецца рознымі каранямі ці асновамі: добры – злы, жыццё – смерць, доўгі – кароткі, вайна – мір, паміраць – нараджацца, лёгка – цяжка, аналіз – сінтэз і інш. У аднакаранёвых (граматычных) антонімах супрацьлегласць узнікае пры дапамозе антанімічных прыставак: фашызм – антыфашызм, гармонія – дысгармонія, праўда – няпраўда, увезці – вывезці, адчыніць – зачыніць, упісаць – выпісаць і інш.

Акрамя агульнамоўных антонімаў, важную ролю для выражэння кантрастаў адыгрываюць кантэкставыя антонімы (антонімы маўлення) – словы, якія ў звычайнай моўнай сітуацыі не выражаюць супрацьлеглых значэнняў, але набываюць іх у індывідуальных аўтарскіх кантэкстах. Напр.: Прайсці нялёгка год за годам, Бо шлях – то шоўк, а то асцё... Хто ж меру ведае заўсёды, Шчаслівы той на ўсё жыццё (П. Броўка); Вось так хлопец, вось так ён, Слухай яго, голь! На славах магутны слон, А на дзеле – моль (Я. Купала); Я да цябе звяртаю слова: Ты паглядзі на тых між нас, Каму дзяржавы нашай мова – Кусок руды, а не алмаз (Н. Гілевіч) і інш.

Семантычныя асаблівасці антонімаў  шырока выкарыстоўваюцца для стылістычных мэт у мастацкіх творах, публіцыстычнай літаратуры, розных жанрах вуснай народнай творчасці і г.д.

Паронімы (ад грэч. para – побач, блізка і onyma – імя) – гэта аднакаранёвыя словы, блізкія, але не тоесныя сваім гучаннем і напісаннем і розныя па значэнні. Напр.: чарнець ‘станавіцца чорным, чарнейшым’ і чарніць ‘рабіць што-небудзь чорным, чарнейшым’; карыслівы ‘прагны да нажывы, карысталюбівы’ і карысны ‘які прыносіць карысць’; адрасат ‘той, каму адрасавана паштовае адпраўленне’ і адрасант ‘той, хто пасылае паштовае адпраўленне; адпраўнік’; абагуліць ‘зрабіць асабістае, уласнае калектыўным, грамадскім’ і абагульніць ‘знаходзіць агульнае ў розных думках, фактах, выказваннях і на падставе гэтага рабіць вывад’; дыпламат ‘службовая асоба, упаўнаважаная ўрадам для зносін, перагавораў з замежнымі дзяржавамі’ і дыпламант ‘удзельнік конкурсу, агляду і пад., узнагароджаны дыпломам’ і інш.

Паранімічныя групы складваюцца рознымі шляхамі. Важнейшымі з іх з’яўляюцца: марфалагічны спосаб словаўтварэння (бялець і бяліць, крыўдлівы і крыўдны, літарны і літаральны і інш.); змяненне семантыкі (дрэўка і дрэўца, вянец і вянок, стралец і стралок і інш.); запазычанне іншамоўных слоў (абанент і абанемент, статут і статус, эканомія і эканоміка, сталактыт і сталагміт і інш.).

У адрозненне ад амонімаў, лексічнае  значэнне паронімаў не столькі вынікае з моўнага кантэксту, колькі, наадварот, служыць удакладненнем сэнсу выказвання. Ад сінонімаў у сэнсавых адносінах паронімы адрозніваюцца тым, што ў іх значэннях заўсёды ёсць прыметы, якія робяць паронімы семантычна самастойнымі, рознымі, узаеманезамяняльнымі словамі. Сінонімы як тоесныя ці вельмі блізкія па значэнні словы звычайна могуць замяняцца адзін другім.

Паронімы ў адным кантэксце  ўжываюцца вельмі рэдка. Для сінонімаў, наадварот, характэрна сумежнае размяшчэнне ў тэксце, калі аўтарам ставіцца задача дасягнуць большай паўнаты і выразнасці апісання.

З’явы полісеміі, аманіміі, сінаніміі, антаніміі, параніміі назіраюцца не толькі ў агульнамоўнай лексіцы, але і ў тэрміналогіі.

 

3. Лексіка беларускай мовы паводле паходжання

 

Лексічны склад  беларускай мовы фарміраваўся на працягу многіх стагоддзяў, няспынна развіваўся і ўдасканальваўся. Менавіта ў лексіцы адлюстравалася і гісторыя развіцця беларускага народа. Вылучаюцца два вялікія пласты нашай лексікі паводле паходжання: спрадвечная і запазычаная.

Спрадвечная лексіка складаецца з чатырох пластоў слоў:

1) індаеўрапейскія словы (самыя  старажытныя, ≈ III–I тыс. да н.э.). Абазначалі жыццёва важныя прадметы жывой і нежывой прыроды: Бог, душа, вера, неба, вечар, зіма, дзень, маці, брат, дзед, сын, воўк, зерне, мёд, соль, салома, балота, гарэць, драмаць, есці; лічэбнікі два, тры, сто; займеннікі вы, сам, ты і мн. інш.;

2) агульнаславянскія (праславянскія)  словы ≈ II тыс. да н.э. – I тыс. н.э.): дзіця, бабка, сірата, удава, заяц, бык, конь, лебедзь, крыўда, ласка, праўда; назвы прадуктаў харчавання: блін, піва, сала, квас, каша, масла, крупа, дрожджы і інш.; ваенныя тэрміны: абарона, бой, вайна, дружына, кап’ё, лук, полк, страла і інш.; колеры: белы, жоўты, зялёны, русы, рыжы, светлы, чорны, сіні і інш. Пласт агульнаславянскай лексікі хоць і нешматлікі (≈ 2000 слоў), але з’яўляецца ядром слоўніка кожнай славянскай мовы;

3) агульнаўсходнеславянскія словы  (VІІІ – ХІІІ стст.): сям’я, ваявода,  дань, воласць, выкуп, пастух, бондар, знахар, мельнік, селянін, клык, жаваранак, снягір, грэчка, качарга, лыжка, сарочка, рэпа, адзінаццаць, дванаццаць, дзевяноста і інш.;

4) уласнабеларускія словы (ХІV –  ХVІІ стст.): асілак, вадзянік, вайсковец,  араты, працаўнік, вясковец, сейбіт; бусел, берасцянка, алешнік, ваўчкі, заранка, вясёлка, надвор’е, золак, світанне, спёка, цемра, сакавік, красавік; спадніца, хустка, абрус; дранікі, зацірка; пакута, пяшчота, хвароба, байка, выказнік, дзейнік і інш. Менавіта ўласнабеларускія словы складаюць нацыянальную спецыфіку лексічнай сістэмы нашай мовы [1].

Да запазычаных адносяцца словы  іншамоўнага паходжання, якія ў выніку семантычнага і фанетыка-марфалагічнага асваення зрабіліся лексічнымі адзінкамі  беларускай мовы. Асноўная прымета  запазычанага слова – яго функцыянальная значымасць, якая заключаецца ў тым, што слова абазначае прадметы і паняцці, якія не маюць адэкватнага абазначэння ў самой беларускай мове або з’яўляюцца семантычнымі ці стылістычнымі сінонімамі да адпаведнага беларускага слова. З іншых моў у беларускую мову такія словы пранікаюць як вусным шляхам (г.зн. перш трапілі ў жывую гаворку, а пазней пашырыліся ў пісьменнасці), так і кніжным (пачыналі ўжывацца ў пісьменнасці і літаратурнай мове, а потым паступова пераходзілі ў гаворку). Выдзяляюцца дзве вялікія групы запазычаных слоў: са славянскіх моў і з неславянскіх. Прывядзём прыклады.

Са славянскіх моў:

а) стараславянізмы (або царкоўнаславянізмы): вобраз, вочы, воблака, храбры, продак, раб, цвярдыня, уладыка, храм, чэсны, благаславенне  і інш.;

б) з рускай мовы: ссылка, пераварот, забастоўка, подзвіг, гадавіна і інш.;

в) з украінскай мовы: бацькаўшчына, вербалоз, ежа, агортваць, боршч, прыкмета, заляцанне, хутар, варэнік, побыт, журыцца, галушка, забабоны, лунаць і інш.;

г) з польскай мовы: касцёл, скарб, вяндліна, відэлец, гузік, карысць, сродак, скарга, рахунак, гатунак, здрада, апека, сукенка, літасць, айчына, пісар, кабета, хлопец, шчыры, дранцвець і інш.;

д) з чэшскай мовы адзінкавыя прыклады: калготы, блакіт.

З неславянскіх моў:

а) балтызмы (літоўскія і латышскія  словы): жвір, пуня, клуня, свіран, коўш, бурбалка, клыпаць, жуда і інш.;

б) цюркізмы (пераважна з татарскай  мовы). Пачалі пранікаць у мову ўсходніх славян яшчэ ў старажытныя часы з  мовы цюркскіх плямёнаў, што рабілі набегі на землі славян: арда, баран, калчан, сарафан, балван, балда, лафа (салдацкае жалаванне; выгода), атаман, кінжал, халва, плоў, айва, гарбуз, бархан, туман, буран, торба, чамадан і інш.;

в) грэцызмы трапілі ў нашу мову яшчэ ў старажытнасці ў сувязі з прыняццем хрысціянства. Пераважна  гэта словы навукі, асветы, культуры, мастацтва, адукацыі: ікона, царква, алфавіт, арфаграфія, графіка, кафедра, бактэрыя, дыягназ, трахея, мікроб, іон, істэрыя, філалогія, лексіка, алебастр, акіян, кіт, дэльфін, эпоха, элегія, камедыя і інш.;

г) лацінізмы ў нашу мову прыйшлі праз польскую, чэшскую і іншыя заходнееўрапейскія мовы: каляндар, прафесія, доктар, літара, нацыя, тэкст, легенда, ангіна, вакцына, інфаркт, вірус, бацыла, біцэпс, імпульс, інстытут, лекцыя, глобус, экзамен, абітурыент, аратар і інш.;

д) германізмы: афіцэр, маўзер, лагер, штаб, фронт, фланг, алкаголь, бутэрброд, цукар, вафля, гальштук, партвейн, паштэт, бінт, аспірын, гантэлі, цэйтнот, гросмайстар, штраф і інш.;

е) галіцызмы (з французскай мовы): акардэон, баль, вальс, вернісаж, жанр, журы, раяль, бігудзі, памада, адэкалон, гарнітур, бра, вітрына, атэль, кавалер, какетка, камандор, гараж, кабіна, сапёр, баржа, міна, маршал, карабін, лікёр, кампот, марынад і інш.;

ё) англіцызмы: аўт, бокс, гандбол, футбол, клуб, трактар, мічман, снайпер, бар, піжама, плед, вельвет, джынсы, віскі, пунш, джэм, бекон, крэкер, кактэйль, кекс, джунглі, лідар, мітынг і інш.;

ж) італізмы: акорд, арыя, бас, флейта, опера, маэстра, карнавал, гірлянда, саната, палац, вермішэль, макарона, памідор, лаванда, інтанацыя, кар’ера, бандыт, фашызм і інш.;

з) з галандскай: бакен, баркас, боцман, канвой, марціра, дамкрат, брас, краб, апельсін і інш.;

і) з іспанскай: арлекін, балеро, гітара, румба, танга, самбрэра, какаін і інш.;

к) з фіна-ўгорскіх (фінскай, карэльскай, эстонскай, комі): кілька, навага, салака, сёмга, тундра, нарты, сані і інш.;

л) з кітайскай: чай, жэньшэнь;

м) з японскай: івасі, соя, кімано, самурай, цунамі, каратэ, дзюдо і інш.

Пранікненне іншамоўных слоў – з’ява  заканамерная для любой мовы. Гэта вынік палітычных, гандлёвых, эканамічных і культурных сувязей, цесных моўных кантактаў народаў свету. Запазычанні не парушаюць нацыянальнай самабытнасці беларускай мовы, яны ўзбагачаюць яе лексічную сістэму.

 

4. Актыўная і пасіўная лексіка

Змены, якія адбываюцца ў грамадска-палітычнай, эканамічнай, навукова-тэхнічнай і культурнай сферах жыцця, адлюстроўваюцца ў лексіцы, мяняюць слоўнікавы склад мовы. Адны прадметы, з’явы, паняцці існуюць спрадвечна, і словы, якія іх называюць, актыўна выкарыстоўваюцца носьбітамі мовы; другія – адміраюць, а з імі знікаюць і іх назвы; трэція – узнікаюць, і разам з’яўляюцца новыя словы для іх абазначэння. З улікам гэтага вылучаюцца дзве катэгорыі слоў: словы актыўнага ўжытку і словы, якія застаюцца ў пасіўным запасе.

Актыўную лексіку складаюць самыя ўжывальныя словы, значэнне якіх зразумела ўсім носьбітам мовы. Пераважна гэта стылістычна нейтральныя словы найбольш шырокага ўжывання, звязаныя з жыццём чалавека наогул. Найбольш часта сустракаюцца словы, якія абазначаюць асоб (чалавек, мужчына, дзіця, мама, дзед і інш.), назвы асоб па прафесіі (доктар, рабочы, настаўнік і інш.), назвы адрэзкаў часу (дзень, год, вечар і інш.), назвы надвор’я (вецер, дождж, снег і інш.), ландшафту (балота, лес, поле, рака і інш.), назвы жылля, раслін і жывёл, назвы адзення, ежы, побыту, розныя віды дзейнасці чалавека і многае іншае.

Да пасіўнай лексікі адносяцца словы, якія рэдка ўжываюцца ў працэсе моўных зносін людзей і маюць адценне ўстарэласці або навізны. Таму ўсю пасіўную лексіку можна падзяліць на два разрады: устарэлыя словы і неалагізмы.

Устарэлыя словы ў сваю чаргу падзяляюцца на гістарызмы і архаізмы. Гістарызмы – гэта такія ўстарэлыя словы, якія з’яўляюцца назвамі тых паняццяў і прадметаў, што зніклі з рэчаіснасці (напр., войт, баярын, рэкрут, феадал, ваявода, бурлак, парабак, лёкай, гайдукі, маёнтак, шляхта, кальчуга, алебарда, мушкет, жупан, земства, эсэр і інш.). Архаізмы – гэта ўстарэлыя назвы прадметаў і з’яў, якія існуюць і ў наш час, але называюцца новымі словамі (напр., бортнік – пчаляр, лемантар – буквар, вакацыі – канікулы, чало – лоб, лік – твар, раць – войска, лілея – лілія, падлоўчы – ляснічы, модлы – малітва, бібліялогія – кнігазнаўства і інш.).

Устарэлыя словы выкарыстоўваюцца і як нейтральныя словы (у навуковых  працах па гісторыі, этнаграфіі, археалогіі), і як стылістычны сродак у творах мастацкай літаратуры для перадачы каларыту адпаведнай эпохі.

Неалагізмы (грэч. neos – новы, logos – слова) – гэта словы, якія з’явіліся ў мове як назвы новых прадметаў ці з’яў рэчаіснасці і не страцілі адцення навізны (напр., кансэнсус, бартэр, брокер, лецішча, брыфінг, менталітэт, параза, вертыкальшчык, рэфлексія, маніторынг і інш.). Паколькі неалагізмы абазначаюць, як правіла, важныя для грамадства паняцці, прадметы, з’явы, яны хутка страчваюць адценне навізны, свежасці і становяцца спачатку словамі ў пэўнай ступені прафесіянальнымі, а затым і агульнаўжывальнымі. Так, новыя словы 60–80-х гадоў ХХ ст. сваёй разнастайнай тэматыкай звязаны з асваеннем космасу (касманаўт, касмадром, касмапорт, баракамера, касмалогія і інш.), з развіццём новых галін навукі (вірусалогія, геранталогія, мікраэлектроніка, наркалогія, псіхалінгвістыка і інш.), навукова-тэхнічнага прагрэсу (лазер, нейлон, ратапрынт, бойлер, батыскаф, электрамабіль і інш.), спорту (аўтаралі, біятлон, юніёр і інш.), медыцыны (алергія, стрэс, халестэрын, канцэраген і інш.) і г.д., сёння ўспрымаюцца як прывычныя, звычайныя. Усе яны знаходзяцца ў нарматыўным тлумачальным слоўніку і ўваходзяць у актыўны пласт лексікі. Пашырэнню неалагізмаў у мове садзейнічаюць сродкі масавай інфармацыі.

Информация о работе Лексика белоруской мовы