Народ мой
спрадвечны, край ў сэрцы адзіны,
Сярмяжны, сялянскі,
працуючы сплаў,
Былі Ефрасінні,
былі ў нас Скарыны,
I хто ж братабойцаў
у сёлы наслаў?
Ларыса Геніюш,
відаць, так несціхана білася
над разгадкай першапрычын перараджэння
роднага людства, што па-ранейшаму
ўсё ж «адчайна» любіла свой
край, мову народа, яго гісторыю,
ахвярных яго дзеячаў, будзіцеляў,
першапраходнікаў Беларускага Шляху.
Яе любімыя героі з гістарычнай
памяці — ПрадславаЕфрасіння, Скарына,
Каліноўскі, яны заходзяць у мноства вершаў,
паасобных строф, радкоў. Яны асацыіруюцца
з падвалінамі, з асновамі Беларускага
Дома, Незалежнай дзяржаўнасці, старадаўняй
высокай культуры, працягнутых у сучаснасць
і наступнасць: «Мы ёсць. Мы былі. Мы будзем».
Гэтую спрасаваную формулу мы ўбачылі
і ў У. Караткевіча. Дарэчы, адчуваючы ў
ім немалую «духовую» роднасць, паэтэса
прысвячае яму, «патомку паўстанцаў»,
некалькі змястоўна важкіх вершаў («Над
старымі друкаванымі кнігамі», «У жыцці
ў цябе ўдараў нямала...»).
У беларускіх
паэтаў цяжка адшукаць столькі
шчырых прызнанняў, спавяданняў,
абвяшчэнняў у любові да сваёй
Бацькаўшчыны, колькі іх выказала
Ларыса Геніюш. I дзіўна, пад яе
пяром, у яе вуснах, з яе сэрца
гэтыя прызнанні, нягледзячы на
іх безліч прамаўленняў і варыяцый,
не маюць ані ценю рытарычных прагалошванняў
і агульнавяшчанняў. Кожны рух патрыятычнага
пачуцця, што папрасіўся ў прачулае слова,
пацверджаны асабістым лёсам Ларысы Антонаўны...
Вось два вершы, поруч «Маці» і «Маці мая
сялянская...». Першы — нібы зыходны, ад
калыскі матчынай, ад калыскі-песні —
гэта размова з матуляй, па сутнасці, з
яе ценем, відучым яе зрокам («рук не трэба
надо мной ламаць», «Калі б знала, для якіх
цярпенняў // нарадзіла, маці, ты мяне»).
У другім — ужо праступаюць адразу абрысы
маці-Радзімы, зусім «непавіннай» у тым,
што з ёю чыняць, кідаючы на выгубленне.
Паўтарэнне радкоў уздымаецца да прысягі:
Ты мой шлях
круты,
ты мой боль
святы,
Беларусь мая,
мой алтар.
Высокія словы
прасякнуты глыбінёй шчымлівага лірызму
і ў вершы «Беларусі» («На дарогах жыцця
слёз нап'юся папоўніцы»), дзе прызнанне
— «люблю да адчаю» ўзбагачана новымі
адценнямі. Гэта не ўпаданне ў адчай ад
даўкай слязы, ад безвыходнасці, а гатоўнасць
да яшчэ не скончанага адчайнага змагання
(«I люблю да адчаю, мой скарбе, цябе. // Шлях
даўгі, адзінокі, усыпаны цернямі. // Толькі
я не прыстала яшчэ ў барацьбе»). Любоў
гэта дзейсная. Каханая зямля, каханая
мова — эпітэты эмацыянальна-ласкавыя,
па-жаноцку пяшчотныя часам здаюцца недастаткова
мужнымі, лёсавырашальнымі («Сёння на
пласе родная мова. // Вырваць жывую належыць
з агню. // Слова «кахаю» — слабае слова.
// Мужнае слова — «абараню!»). У Л. Геніюш
натура непадлеглая слабасці, калі справа
тычыцца рэчаў прынцыповых, кардынальных.
Ёсць у яе штосьці ад ахвярнага палымення
Цёткі — на новым узроўні самасвядомасці.
Яе змагарнасць спалучана з пропаведдзю
Апосталкі:
Пакуль аж смерць
мне не закрые вочы,
Зямля не
спыніць мой апошні дых,
Буду ісці,
буду змагацца моўчкі
За Край
мой родны і цярпець за ўсіх.
Цярпенне «за
ўсіх» — гэта Хрыстова цярпенне.
Гэта змаганне і за тых, хто
не ўсвядоміў яшчэ Бога зямлі
сваёй — у двухадзінства з
Усявышнім. Альбо такі ракурс
— таксама ж у непадзельным
двухадзінстве: «Беларусь — мая
Маці і мэта». Усё гэта —
Усявышні, Маці, мэта — становіцца,
урэшце, лірычнай душой паэзіі
Ларысы Геніюш: «Я люблю, Цябе,
Край мой, як душу сваю. // Я
знаю — за гэта ўміраюць...».
Лірызм паэтэсы — невымерна
глыбокі, усеахопны, іначай высокія
паняцці ў вершах заставаліся
б павярхоўнай ідэалізацыяй, агульнай
дэкларатыўнасцю. Вобраз Айчыны — самы
прыярытэтны, ён падначальвае сабе ўвесь
шырокі спектр лірычных пачуццяў, што
крышталізуюцца ў вобразах любові да родных
бацькоў, братоў, няздрадных сяброў, у
тым ліку і вобраз кахання, які ў паэзіі
Л. Геніюш займае шчымлівую старонку. На
апошнім этапе — гэта вершы, прысвечаныя
Янку Пятровічу, жыццё якога, падарванае
лагерамі, на вачах згасала («У хвіліну
болю», «Ноч апусцілася крыллямі чорнымі...»,
«Апошні дотык рук на твары чую...»). Жалоба
зразумелая. Ды і тут, у яе выяўленні, знаёмая
акцэнтацыя адзінай мэты, супольных мараў-сноў
(«У нас дзве душы, а шлях іх быў адзіны...»).
Свет інтымнага паэтэса не вылучала асобна,
не распрацоўвала ў мастацкіх тонкасцях
парыванняў, хоць прызнавалася: каханне
«часам моцнае закранала сэрца». Але гэта
пачуццё яна чамусьці абавязкова ставіла
ў паралель з найвышэйшым: «Усё гэта мінала,
праходзіла, рабілася буднем, а любоў да
братоў, да зямлі, да Бацькаўшчыны была
заўсёды ясным, божым святам у маёй душы,
і за яе я пераносіла пакуты і не маргнуўшы
вокам пайшла на мучэнні, несучы Імя Яе
высока, як святасць, імя маёй Беларусі...».
На яе, вялікасную постаць роднай зямлі,
пераносіцца ўся інтымнасць пачуццяў
з вызначальным «кахаю», з пяшчотай дотыку
і невыказна чуйнай ашчаднасцю, як у вершы
«Раніца» («З хаты выходжу паціху, // Каб
раніцы не спужаць», «Боязна траўку скалечыць
// міжвольным дотыкам ног»). Або высвечванне
з іншага боку — захопленага відовішча
волатаў-зуброў («вехі-грывы кудлатыя»,
«ногі моцныя аж пружыняцца»), дэталі —
не проста дзеля ўражлівага жывапісання
з натуры, а з асацыятыўным пераносам да
вобраза галоўнага: «Усе прыходзілі, ўсе
іх нішчылі, — // ад чужынца дабра не пачуць,
// а яны грамадой недалічанай // страпянуцца
і зноў жывуць», з адназначнай выразнай
праекцыяй: «вытрывалыя, непакорныя, —
да такіх належыць зямля!», нават з абнадзееннем
(«I здаецца, цяжкой хвілінаю // будзем жыць,
бо яны жывуць»). Ёсць свая асацыятыўная
лучнасць і ў скразнога вобраза коней,
якім прысвечана нямала захопленых радкоў
(«Лён», «Коні», «Едзем ноччу, а снег, як
дым...»), дзе ўжо сама па сабе паэтызацыя
палоніць свежасцю, афарыстычнай кідкасцю
паралелей («Ды былі ж у нас коні, // як бываюць
сябры»). Хоць сапраўдная замілаванасць
да коней абумоўлена, мабыць, і гістарычнай
праекцыяй, што арганічна ўводзіцца ў
верш «Мінск»: «Конь у гербе даўнейшым
// капытамі грабе, // меч і шчыт — тваёй
волі зарука». Такія вобразныя разгалінаванні,
што шырока разгортваюць перад вачыма
непаўторны, жывы вобраз Бацькаўшчыны,
проста шчодрацца ў паэзіі Л. Геніюш. Яны
ўтвараюць шматмернасць плоскасцей —
ушыркі і ўглыб.
З той жа асацыятыўнай мэтанакіраванасцю
паэтэса расчыняе і свой дзівосны, майстэрскай
выпраўкі і красы «Куфар», паэму, якая
па сваёй лірычна-адухоўленай, эпічнай
паэтызацыі дасягае такіх роднасных ёй
рэчаў, як паэма «Яна і я» Купалы, «Поры
году» Данелайціса. У паэме ўзнаўляецца
і шырока асэнсоўваецца матэрыяльны і
духоўны свет родных людзей, якім ён быў
многія стагоддзі, удасканальваўся і шырэў.
Гэта спадчынная скарбніца самага вытанчанага
ўмельства вясковых майстрых, скарбніца
іх сапраўднай духоўнасці, перанесенай
з палёў, са сцяблінак каласоў і валошак,
з лісцяў травы і буйства квецені, з галінак
і хваль, з барваў ягад і аксамітных карункаў,
з хатняй жыўнасці — праз ніты і бёрды,
чаўнакі і ўтокі, пакладзеныя на кужэльныя
і суконныя асновы, на асновы самой трывалай
існасці народа. Вочы разбягаюцца ад «спеву
кветак» на дыванах, ад белых кашуль вышываных,
вясёлкавых хустак, суконных сувояў на
світкі, посцілак, зіхатлівых паясоў, андаракаў,
блузаў, хвартухоў — за імі жывыя воблікі
людзей усіх узростаў, у святы і будні,
гасціны і фэсты, вяселлі і радзіны, дый
на парозе вечнага спачыну. Вось як цудоўна
вымавілася пра хвартушок: «Можна ім закрыць
вочы ад шчасця, // калі шчокі калінай ірдзяць,
// схаваць слёзы, калі не ўдасца // тое шчасце
навекі ўтрымаць». Так улюбёна і дасведчана
перадаваць паэзію руплівасці жаноцкай
працы магла толькі жанчына, якая змалку,
з першых маяў свайго дзявоцтва была далучана
да гэтай працы. Так, захоплена і шматзначна,
ператвараць рэчыўныя рэаліі ў мастацкія
дэталі магла толькі вялікага дару паэтэса.
Л. Геніюш
адмятае нагаворы збоку і ўсялякія
прыніжэнні недобразычліўцаў, звяртаючыся
з вялікай літары да роднай
Краіны: «Брэшуць, што Ты зрэб'е носіш у
нядзелю // ...што Ты носіш лапці на нагах...».
У родныя вёскі здавён, з часоў Скарыны,
а то і раней, ужо заглядала Еўропа. А можа,
і наадварот: наша самабытная культура
шыкоўных саматканак, гартаванага збраявання,
шматпольнага рольніцтва на валоках —
ад Вітаўта Вялікага да Боны Сфорцы —
накладвала свае вызначальныя рысы на
воблік Еўропы. А дадайце прыярытэтнасць
старадаўнабеларускага кнігадрукавання,
гаючасць народнага лекавання, далёка
знаныя ў той жа Еўропе — паэтэса глыбока
пазнала сябе ў супастаўленні з заходнімі
насельнікамі кантынента. «Культура, якую
я вынесла са свайго дому, нічуць не ўступала
хваленай еўрапейскай. Чэснасць і ветлівасць,
праўдзівасць і смеласць, гасціннасць,
ахвярнасць і крыху такі розуму...» — вось
рысы, з якімі можна было годна рэпрэзентаваць
свой народ закаханай у яго выдатнай прадстаўніцы.
Таму і ўзрушылася яна ўсёй сваёй істотай,
калі ўбачыла, як увачавідкі пад навалай
таталітарызму пачалося выгубенне першародных
маральных якасцей і асноў народных, прыцьмяванне
высокага вобразу Беларусі.