Автор работы: Пользователь скрыл имя, 25 Апреля 2013 в 09:50, реферат
Гісторыя любой краіны пачынаецца са з′яўлення на яе тэрыторыі людзей. Першыя людзі на тэрыторыю сучаснай Беларусі прыйшлі ў перыяд, калі на Еўропу то наступаў, то адыходзіў назад велізарны ледавік. Перыяд ледавіковага абледзянення называецца плейстацэн. Гэты геалагічны перыяд супадае па часе з перыядам гістарычнай перыядызацыі, які мае назву палеаліт. Археалагічная гістарычная перыядызацыя падзяляе першабытную эпоху на некалькі вялікіх перыядаў, якія атрымалі назву ў адпаведнасці з матэрыялам, з якога вырабляліся прылады працы. Так, выдзяляюць каменны, бронзавы (бронзава-каменны) і жалезны век. Перыяды маюць аднолькавыя назвы ў дачыненні да любой еўрапейскай краіны, адрозніваюцца толькі іх храналагічныя рамкі.
Этнічна насельніцтва Беларусі на працягу жалезнага веку значна змянілася. У раннім жалезным веку тэрыторыю Беларусі засяляла некалькі племянных груп (археалагічных культур), якія вызначаліся агульнай тэрыторыяй, асаблівасцямі пабудовы жытлаў і тыпам пасяленняў, падобнасцю пахавальных абрадаў, і, як і раней, асаблівасцямі вытворчасці керамікі і прылад працы.
На тэрыторыі Палесся (поўдзень Беларусі) жылі плямёны мілаградскай культуры. Адметнасць гэтай культуры – гліняныя фігуркі жывёл, якія па меркаванню даследчыкаў мелі культавае прызначэнне. Крыху пазней, з 3 ст. да н.э. гэтую тэрыторыю засялілі плямёны зарубінецкай культуры, насельніцтва якой падтрымлівала сувязі са скіфамі, кельтамі, грэчаскімі гарадамі Прычарнамор’я.
У ранні жалезны век цэнтральную Беларусь засялялі плямёны культуры штрыхаванай керамікі (выраблялі вастрарэбныя гаршкі са штрыхаванай паверхняй). На поўначы Беларусі месціліся плямёны днепра-дзвінскай археалагічнай культуры (выраблялі спачатку каменныя, потым металічныя прылады працы, кераміка – гладкасценныя слоікападобныя пасудзіны). Усе гэтыя культуры, верагодней за ўсё, належаць продкам балтаў.
Дзесьці ў 4 – 6 стст. адбылася падзея, якая носіць назву “вялікае перасяленне народаў”. З азіяцкіх стэпаў у Еўропу прыйшла вялікая колькасць качэўнікаў – гунаў і іншых народаў. Гэта прымусіла стала існаваўшыя на сваіх тэрыторыях народы перасяляцца на значныя адлегласці. Не пазбеглі перасяленняў і славяне, якія жылі на тэрыторыі паміж Віслай і Одэрам. Адзін з напрамкаў рассялення славян закрануў і Беларусь. Ужо ў 5-7 стст. н.э. на поўдні Беларусі з’явіліся прыкметы археалагічных культур, якія маюць ці славянскае паходжанне, ці атрымалі ад іх вялікі ўплыў, гэта калочынская, пражская, у цэнтры Беларусі – банцараўская культуры. Галоўнымі “славянскімі” прыкметамі з’яўляюцца: тып жылля – паўзямлянка з вогнішчам у дальнім вугле, простая карычневая кераміка без арнаменту. Нябожчыкаў славяне спальвалі і хавалі попел у паўсферычных курганах. Гэтыя культуры праіснавалі да 7-8 стагоддзяў нашага часу, калі славяне масава з’явіліся на нашай тэрыторыі і хутка занялі ўсю Беларусь. Мясцовае (аўтахтоннае) насельніцтва было асімілявана. Гэтаму паспрыяла больш высокая ступень гаспадарчага развіцця славян у параўнанні з мясцовым насельніцтвам. Славяне прынеслі новую форму земляробства, што змяніла на некаторых асвоеных тэрыторыях лядную сістэму. Гэта новая форма – ворнае земляробства і новая прылада – саха з жалезным наканечнікам.
Адначасова з засяленнем беларускіх земляў у славян адбываўся пераход ад першабытнаабшчыннага ладу да феадальнага. Гэтаму спрыяла менавіта ворнае земляробства. Яно садзейнічала ўзнікненню адасобленай гаспадаркі малой сям’і, што вызвала распад абшчыны, звязанай кроўным сваяцтвам. Родавая абшчына паступова саступала месца суседскай сельскай абшчыне, у аснове якой ляжалі тэрытарыяльныя і эканамічныя сувязі.
Трэба адзначыць, што засяленне славянамі тэрыторыі Беларусі не было адначасовай з'явай, яно працягвалася на працягу некалькіх стагоддзяў. Тэрыторыю Беларусі пераважна засялілі тры ўсходне-славянскія племені — крывічы, дрыгавічы і радзімічы.
Крывічы былі адным з буйнейшых усходнеславянскіх плямёнаў. Яны займалі не толькі поўнач Беларусі, але і суседнія раёны Падзвіння і Падняпроўя (Пскоўшчыну і Смаленшчыну). Крывічы сфарміраваліся ў выніку асіміляцыі прышлымі славянамі мясцовых балцкіх і заходнефінскіх плямёнаў, паступова славянізаваных. Аб гэтым яскрава сведчаць даныя археалогіі. Назва "крывічы" рознымі гісторыкамі тлумачыцца па-рознаму. Верагодна, змешанае славяна-балцкае паходжанне крывічоў адлюстравана і ў назве гэтай этнічнай супольнасці, бо вельмі блізкае да мовы балтаў. Паводле адной з версій назва паходзіць ад прозвішча старэйшага роду Крыў, паводле іншых — ад імя язычніцкага бога балтаў Крыва-Крывейтэ, ад слова "крэўныя" (блізкія па крыві), ад характара "крывой", халмістай мясцовасці.
Дрыгавічы пражывалі на большай частцы паўднёвай і значнай частцы сярэдняй Беларусі. Дрыгавічы шмат рыс успрынялі ад балцкага насельніцтва. Корань слова, напэўна балцкі (ад літ. (дрёгнас - сыры, вільготны). Відавочна, спачатку балты, якія пражывалі ў гэтай мясцовасці, называліся "дрегува" (як літоўцы — "летува"). Тэрмін "дрыгавічы" ўяўляе сабой славянізаваную назву ранейшай, балцкай, этнічнай супольнасці. Аб высокім узроўні сацыяльнага развіцця дрыгавічоў сведчыць існаванне свайго "княжання" яшчэ да ўключэння ў склад Кіеўскай Русі.
Радзімічы пражывалі на ўсход ад дрыгавічоў і на поўдзень ад крывічоў, паміж Дняпром і Дзясной. Асноўны арэал рассялення радзімічаў — басейн рэк Сож і Іпуць. Разам з тым у археалагічных помніках радзімічаў прысутнічае балцкіх элементаў больш, чым у дрыгавічоў.
Назва радзімічаў, як і дрыгавічоў, верагодна, балцкага паходжання, аснова балцкая (ад літ. радзімас - знаходжанне), а канчатак славянскі. У радзімічаў існавала свая вярхушка і племянная арганізацыя, аднак летапіс падкрэслівае, што ў іх захавалася больш перажыткаў родаплемянных адносін у параўнанні з іншымі ўсходнеславянскiмi плямёнамі.
Крывічы, дрыгавічы і радзімічы ўяўлялі буйныя племянныя саюзы, аб’яднаныя не столькі родаплемяннымі адносінамі, колькі адзінымі тэрытарыяльнымі, эканамічнымі і палітычнымі сувязямі. Гэтыя племянныя саюзы былі ўжо пачатковымі дзяржаўнымі ўтварэннямі, якія ў летапісе азначаюцца як "княжанні".
Да прыняцця хрысціянства ўсходнія славяне з’яўляліся язычнікамі ці паганцамі. Гэта значыць, што яны пакланяліся розным з’явам прыроды – агню, сонцу, месяцу, вадзе і г.д. Напярэдадні хрысціянізацыі склаўся пантэон багоў славян, якія мелі антропаморфны выгляд (выглядалі як людзі). Галоўныя багі – Пярун – бог грому, маланкі і вайны, Сварог – бог неба, Ярыла – бог сонца, Велес – бог-абаронца хатняй жывёлы. Цэнтрамі язычніцкай рэлігіі былі свяцілішчы – капішчы, дзе адбываліся малебны, ахвярапрынашэнні, у тым ліку і чалавечыя. Служкай паганскага культу быў жрэц – пасрэднік паміж людзьмі і багамі. Жрацы падтрымлівалі агонь на капішчах, бо агонь валодаў свяшчэннай ачышчальнай сілай. Сваіх нябожчыкаў славяне спальвалі на вогнішчы, а знатных – нават разам з жонкамі, рабамі і вялікай колькасцю прылад працы. Гэта гаворыць аб існаванні развітых уяўленняў пра жыццё пасля смерці.
Менавіта ў той час склаліся галоўныя святы славян, звязаныя з сельскагаспадарчым і каляндарным цыкламі, шанаваннем продкаў. Некаторыя з іх дайшлі да нашых дзён. Гэта зажынкі – пачатак уборкі ўраджаю, звязванне першага снапа і дажынкі – свята апошняга снапа; масляніца – свята адраджэння сонца ў пачатку вясны, калі пякліся бліны – сімвалы нябеснага свяціла. Культ шанавання продкаў увасабляецца ў святах Дзяды і Радаўніца. Новы год у славян пачынаўся з сакавіка месяца – гэта таксама было звязана з нараджэннем сонца, хуткім пачаткам сельскагаспадарчай працы.
Але паганства ўжо не адпавядала патрэбам кіруючай вярхушкі Кіеўскай Русі. Суседнія дзяржавы і дзяржавы, з якімі ўсходнія славяне былі звязаны гандлёвымі сувязямі адмовіліся ад паганства на карысць хрысціянства (Еўропа), ці мусульманства (Азія). На землях Старажытнай Русі таксама былі знаёмы з хрысціянствам. У Кіеве пад час княжання Святаслава дзейнічала Дзесяцінная царква, і шмат кіеўлян, што арыентаваліся на супрацоўніцтва з Візантыяй (асабліва нараджаемае заможнае купецтва) веравызнавалі хрысціянства па ўсходнім абрадзе.
На Полаччыне былі свае прыклады знаёмства мясцовых жыхароў з хрысціянствам, якое пачало пранікаць у 9 ст. Торвальд Вандроўнік (ён ахрысціў Ісландыю) вяртаўся на радзіму пасля паломніцтва ў Палесціну. Яго шлях пралягаў праз Полацк, дзе місіянер заснаваў манастыр Іаана Прадцечы, але неўзабаве і сам памёр (пахаваны ў гэтым манастыры).
Былі знаёмы з хрысціянствам у сям’і першага гістарычна вядомага полацкага князя Рагвалода. Усе дзеці Рагнеды былі вядомы сваімі прыхільнымі адносінамі да хрысціянства. Пасля ліквідацыі гарэма Уладзіміра Рагнеда пастрыглася ў манашкі, узяўшы імя Анастасія і жыла ў Заслаўі ў скіце, які, на жаль, так і не пераўтварыўся ў першы жаночы манастыр на Беларусі.
Афіцыйна Кіеўская Русь прыняла хрышчэнне ў 988 г. Ужо ў 992 г. у Полацку была заснавана епархія – царкоўная тэрытарыяльная адзінка, што кіравалася епіскапам. Была пабудавана першая царква ў імя Багародзіцы. Першымі епіскапамі былі грэкі (з Візантыі) ці балгары. У 1005 г. была заснавана Тураўская епархія. Абедзве епархіі ўваходзілі ў склад Кіеўскай мітраполіі. Самым вядомым тураўскім епіскапам быў наш славуты культурны дзеяч Кірыла Тураўскі, які жыў у 12 стагоддзі.
Распаўсюджванне хрысціянства ішло досыць марудна, яно хутка пранікала ў сем’і феадалаў і знаці, купецкага люду, але амаль не мела ўплыву ў сельскай мясцовасці, дзе па-ранейшаму шанавалі старых паганскіх багоў. Гэтаму спрыяла суседства беларускіх зямель з балцкімі плямёнамі, што веравызнавалі язычніцтва. Адначасова тут спрабавала распаўсюдзіць уплыў хрысціянства заходняга абраду. Яшчэ ў 1013 г. у Тураве дзейнічаў біскуп Рэйнберг з Калобжыц, што прыехаў разам з дачкой польскага караля Баляслава, жонкай тураўскага князя Святаполка Уладзіміравіча. Хрысціянская царква юрыдычна была адзінай, але паміж заходняй і ўсходняй часткай яе існавалі вельмі напружаныя адносіны. Па загаду вялікага кіеўскага князя Уладзіміра Рэйнберг быў зняволены ў Кіеве, дзе і памёр. У 1054 г. хрысціянская царква канчаткова падзялілася на праваслаўе і каталіцтва, што дало ідэалагічную падставу ў 13 ст. нямецкім рыцарам рабіць напады на славянскія землі – яны ваявалі супраць “схізматыкаў”, ератыкоў і неслі разам з агнём і крыжом “сапраўдную” веру – каталіцтва.
Пад час барацьбы за княжаскі трон у Кіеве (пасля смерці Уладзіміра) у 1015 г. былі забіты князі-браты Барыс і Глеб. Менавіта яны сталі першымі ўсходнеславянскімі святымі (прызнаны ў 1072 г.). Гэтых святых шанавалі ў Полацкім княстве. Два сыны Ўсяслава Чарадзея названыя ў гонар святых. У сваю чаргу, сын Усяслава Барыс мае прамое дачыненне да так званых “барысавых камянёў”. На велізарных валунах, што з’яўляліся язычніцкімі фетышамі, ён загадаў выбіць хрысціянскі сімвал – шасціканцовы крыж з надпісам “Господі помозі”. Гэта быў адзін з метадаў барацьбы з язычніцтвам. Выкарыстанне язычніцкіх святынь хрысціянствам дапамагала распаўсюджванню новай рэлігіі, стварала бачнасць пераемнасці. Так, нават полацкая Сафія была пабудавана Ўсяславам Чарадзеем (1050-я гг.) на месцы старажытнага паганскага капішча.
Яшчэ адзін з метадаў пашырэння хрысціянства – гэта заснаванне манастыроў. Паводле некаторых звестак, першыя манастыры ўзніклі ўжо ў 10 ст. Гэта полацкі манастыр св. Іаана Прадцечы (заснаваны Торвальдам Вандроўнікам) і пінскі Лешчынскі (заснаваны кіеўскім князем Уладзімірам). Але дасканала вядома пра манастыры на Беларусі толькі з 12 ст. У Полацку гэта – жаночы св. Спаса і мужчынскі св. Багародзіцы (заснаваныя Еўфрасінняй Полацкай), Барысаглебскі ў Бельчыцах пад Полацкам. У пачатку 12 ст. у Тураве быў заснаваны жаночы Варварынскі манастыр (заснавала Варвара, жонка Святаполка Ізяславіча) і Барысаглебскі (у ім знаходзілася рэзідэнцыя епіскапа). Манастыры карысталіся значнай падтрымкай ад князёў, частка манахаў і манахінь былі са знатных феадальных родаў.
Асіміляцыя – (ад лац. assimilatio - упадабленне, зліццё), працэс засваення адным народам культуры, мовы, этнічнай самасвядомасці другога народа, звычайна больш сацыяльна развітога і дэмаграфічна пераважаючага. Да сярэдзіны 20 ст. тэрмін «Асіміляцыя» выкарыстоўваўся ў кантэксце вывучэння інкарпарацыі індзейскіх плямёнаў у ЗША ў дамінуючую культуру белага насельніцтва. Выдзяляюцца 2 разнавіднасці асіміляцыі - натуральная і прымусовая. Натуральная асіміляцыя мае месца падчас міжэтнічных кантактаў, міжэтнічных шлюбаў. Прымусовая асіміляцыя адбываецца ў выніку штучнай палітыкі ўрадавых колаў. У выніку культурнай асіміляцыя адбываецца механічнае засваенне каштоўнасцей, традыцый, звычаяў, паглынанне (поўнае ці частковае) адной культуры другой. Звычайна больш «слабая» культура паступова нібы раствараецца ў больш «моцнай» культуры. Асобныя даследчыкі адрозніваюць аднабаковую асіміляцыю, пры якой культура меншасці поўнасцю выцясняецца дамінуючай культурай, і культурнае змешванне, калі элементы культур падначаленай і дамінуючай змешваюцца, што ў выніку можа прывесці да ўзнікнення якасна новай культуры. Выпадкі поўнай асіміляцыі сустракаюцца вельмі рэдка, звычайна мае месца паступовая трансфармацыя традыцыйнай культуры меншасці пад уплывам культур дамінуючай энічнай супольнасці. У Сярэднявеччы беларусы асімілявалі асобныя групы балцкага насельніцтва, татар, расейскіх перасяленцаў, а пазней і самі падвергліся асіміляцыі з боку польскіх і расейскіх місіянераў. На тэрыторыі Беларусі асіміляцыя балцкага насельніцтва працягвалася ажно да 12-13 ст. і нават пазней. У розных формах працэсы асіміляцыі беларускага насельніцтва мелі месца падчас узмацнення польскага і расейскага этнакультурных уплываў на працягу 17-20 ст.
Татэмізм – комплекс вераванняў, абрадаў і рытуалаў у першабытным грамадстве, звязаны з уяўленнем аб роднасці паміж групай людзей (родам, племенем, фратрыяй) і татэмам (пэўным відам жывёл, птушак, раслін, радзей з'явай прыроды і неадушаўлёнымі прадметамі. Упершыню татэмізм быў выяўлены і даследаваны ў паўночнаамерыканскіх індзейцаў, аднак класічнай краінай яго пашырэння традыцыйна называецца Аўстралія. Рэшткі татэмізма зафіксаваны ў мінулым і ў сучасны перыяд у розных народаў Амерыкі, Азіі, Афрыкі, Акіяніі і Эўропы. Яны выяўляюцца ў разнастайных формах - выявы татэмічных жывёл на сценах дамоў, на дэталях адзення; звычай урачыстага пахавання памерлых татэмаў (напр., кошак у Эгіпце, сланоў у Індыі); выкарыстанні ў якасці абярэгаў асобных частак цела татэмных жывёл (скура, вушы, галава, пер'е, косці); клятва на частках цела татэмных жывёл; звычай пераапрананняў у скуру жывёл падчас розных свят, абрадаў, рытуалаў і цырымоній; татэмічныя рытуальныя танцы; існаванне легендаў, паданняў, казак пра паходжанне рода, племені ад пэўных татэмаў. Існуе некалькі канцэпцый узнікнення татэмізма: боязь жывёл (найперш драпежных); адчуванне сваёй натуральнай еднасці з жывёламі, раслінамі ў той перыяд, калі першабытны чалавек лічыў сябе непадзельнай часткай усёй прыроды; жаданне забяспечыць сябе ежай дадзенага віда жывёлы.
Информация о работе Археалагiчная i агульнагiстарычная перыядызацыя эпохi першабутнага ладу