Кастусь Калиновский и его "Мужыцкая прауда"

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 10 Февраля 2013 в 04:28, реферат

Описание работы

Памяць Беларусі перахоўвае неацанімы скарб, які нам яшчэ вывучаць і вывучаць. Але сярод шматлікіх выдатных постацяў айчыннай мінуўшчыны, безумоўна, вылучаецца адна, без якое, верагодна, не існавала б сёння незалежнай Беларусі, і не крочылі б мы насустрач новаму тысячагоддзю нацыяй, са сваёй мовай, культурай, гісторыяй...

Содержание работы

Уводзіны
1. Пачатак жыцця
2. Студэнцкія гады
3. За нашу і вашу свабоду
4. У полымі барацьбы
5. Смерць і неўміручасць
Заключэнне
Спіс літаратуры

Файлы: 1 файл

4016 - Кастусь Калиноуски и газета Мужыцкая прауда - реферат.doc

— 133.50 Кб (Скачать файл)

 

 

5. СМЕРЦЬ  І НЕЎМІРУЧАСЦЬ

 

Пасля арышту Каліноўскага даставілі ў будынак колішняга Дамініканскага кляштара, пераробленага на турму. Тут засядала Асобая следчая камісія па палітычных справах, якую ачольваў палкоўнік П. Шалгуноў.

Напачатку Каліноўскі адмаўляў на допытах сваё дачыненне да супраціўленчага  руху. Аднак апазнанне Марыяй Грагатовіч (у доме ёйнай маці непрацяглы час Кастусь кватараваў) змусіла рэвалюцыянера назваць уласнае сапраўднае імя й пачаць даваць паказанні.

Са следчымі Каліноўскі трымаўся мужна, з годнасцю. Дадзеныя ім паказанні не маглі пашкодзіць нікому з таварышаў па барацьбе, бо гаварыў ён пра вядомыя жандарам факты, а людзі, прозвішчы якіх называў Кастусь, на той момант або загінулі, або з'ехалі на эміграцыю, і да іх ніяк не маглі дацягнуцца рукі царскіх карнікаў. Цікава, што схоплены правадыр беларуска-літоўскіх інсургентаў не хаваў ад следчых няпоўнасці й недакладнасці сваіх паказанняў. Ён адкрыта сказаў пра гэта на адным з допытаў, заявіўшы, што шпіёнства апаганьвае чалавека. Такім чынам, адмова раскрыць перад жандарамі поўную карціну існавання таемнай арганізацыі, імёны і дзейнасць яе сяброў стала штуршком да заканчэння следства па справе Каліноўскага. Суд прыгаварыў яго да расстрэлу. Але паводле жадання Мураўёва вырак быў зменены на павешанне.

Знаходзячыся ў турме, Каліноўскі здолеў напісаць і перадаць на волю развітальныя "Пісьмы з-пад шыбеніцы" з апошнім запаветам беларускаму народу.

10 сакавіка 1864 г. а палове  адзінаццатай халоднай раніцы  Кастусь быў страчаны на Лукішскай  плошчы ў Вільні. Гэта сталася  апошнім публічным пакараннем  смерцю ў колішняй сталіцы Вялікага княства за часамі Вешальніка.

Паводле ўспамінаў відавочцаў, Каліноўскі йшоў на смерць смела. А  калі перад шыбеніцай яму зачытвалі  вырак і назвалі дваранінам, беларускі  рэвалюцыянер і патрыёт голасна  выгукнуў: "У нас няма дваран. Усе  роўныя!!!".

Цела Змагара напачатку  закапалі на месцы страты. Пазней яго  таемна перанеслі на тэрыторыю Віленскай  цытадэлі. Даследчыкі лічаць, што менавіта там, на вяршыні гары Гедзіміна, разам  з іншымі барацьбітамі 1863 года, і  спачыў назаўсёды Кастусь Каліноўскі.

 

ЗАКЛЮЧЭННЕ

 

Памяць пра Кастуся  Каліноўскага ашчадна зберагалася  ў народнай душы.

Кіраўнік сялянскіх  паўстанцаў апяваецца ў нашым  фальклоры, вобраз ягоны натхняў  і працягвае натхняць на стварэнне  сапраўдных шэдэўраў кампазітараў і  мастакоў, пісьменнікаў і паэтаў. Асабліва сярод твораў мастацкай літаратуры, прысвечаных Каліноўскаму, вылучаецца знакавы для Беларусі раман Ул. Караткевіча "Каласы пад сярпом тваім".

У сталіцы самастойнай  Беларусі імем барацьбіта за яе свабоду  названая вуліца. Верыцца, неўзабаве паўстане і помнік. Праўда, не абыходзіцца, на жаль, без прыкрасцяў і непаразуменняў. У 1995 г. ва ўзнагародную сістэму Рэспублікі Беларусь быў уведзены ордэн Кастуся Каліноўскага. Згодна з Палажэннем, ім маглі узнагародзіць грамадзяніна, які праявіў мужнасць, адвагу і стойкасць падчас выратавання людзей са смяротнае небяспекі, у часіны стыхійных бедстваў, катастроф і т. п. Але зараз такога ордэна між дзяржаўных узнагарод Беларусі няма. Не, яго нібыта й не скасавалі - адпаведнай пастановы не было. Ордэн Кастуся Каліноўскага проста "забыліся" чарговы раз зацвердзіць у 2000 годзе. А паколькі ніводнага кавалера гэтага ордэна няма, ён паступова знікае з даляглядаў беларускае фалерыстыкі.

Да гэтага сумнага  выпадку, відаць, дачыніліся асобы, якія, ідучы па слядах расійскіх гісторыкаў-манархістаў і асобных савецкіх афіцыёзных даследчыкаў кшталту Самуіла Агурскага, не саромеюцца называць Кастуся Каліноўскага псеўдагероем, "польскім шавіністам", нават проста "бандытам"(!). Зусім горка робіцца на душы, калі чуеш падобныя пасажы з вуснаў нашых, беларускіх даследчыкаў. Аніяк не магу з імі пагадзіцца. Чаму? Ды проста таму, што дастаткова прыгадаць пароль, які ўжываўся ва ўзначальваемай Каліноўскім віленскай паўстанцкай арганізацыі, і ўсё стане зразумела:

- Каго любіш?

- Люблю Беларусь.

- Так узаемна!

 

 

СПІС ЛІТАРАТУРЫ

 

    1. Арлоў У., Сагановіч Г. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі. Вільня: "Наша будучыня", 1999. 218 с.
    2. Біч М. Паўстанне 1863-1864 гг. Кастусь Каліноўскі // Інтэрнэт-сайт "Камунікат". - http://kamunikat.net.iig.pl/ - Па адрасе http://kamunikat.net.iig.pl/www/czasopisy/almanach/06/06mem_bicz04.htm - 19.08.2003.
    3. Гісторыя Беларусі. У 2-х ч. Ч. 1. / Я. К. Новік, Г. С. Марцуль, І. Л. Качалаў і інш. Мн.: "Універсітэцкае", 2000. 297 с.
    4. Иллюстрированная хронология истории Беларуси. – Мн.: "БелЭн", 1998. 218 с.
    5. История Беларуси в документах и материалах / Авт.-сост. И. Н. Кузнецов, В. Г. Мазец. Мн.: "Амалфея", 2000. 348 с.
    6. Ігнатоўскі У. М. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. Мн.: "Беларусь", 1992. 246 с.
    7. Калиновский К.. Из печатного и рукописного наследия. – Мн.: "Беларусь", 1988. 167 с.
    8. Каліноўскі К. За нашую вольнасць. Творы, дакументы / Уклад. Г. Кісялёў. Мн.: "Беларускі кнігазбор", 1999. 127 с.
    9. Нарысы гісторыі Беларусі. У 2-х ч. Ч. 1. М. П. Касцюк, У. Ф. Ісаенка, Г. В. Штыхаў і інш. Мн.: "Беларусь", 1994. 218 с.
    10. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Тт. 1-6/ч. 1/. Мн.: "БелЭн", 1993-2001.



Информация о работе Кастусь Калиновский и его "Мужыцкая прауда"