Лекции по "История Беларуси"

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 20 Марта 2013 в 00:07, курс лекций

Описание работы

Першае пранікненне чалавека на тэрыторыю Беларусі адбылося ў прамежку часу 100 – 40 тыс. гадоў назад. Такая недакладнасць у вызначэнні тэрміну тлумачыцца тым, што ў старажытнасці беларускія землі былі заняты ледавіком. Ледавіковая эпоха пачалася каля 500 тыс. гадоў таму назад і скончылася толькі ў 9 тыс. да н. э. Ледавік не знаходзіўся на адным месцы. Ён рухаўся ў залежнасці ад змены клімату з поўначы на поўдзень і наадварот. Вучоныя вылучаюць найбольш моцныя зледзяненні: бярэзінскае (480 – 390 тыс. гадоў назад), дняпроўскае (320 – 250 тыс. гадоў назад) і паазерскае (105 – 85 тыс. гадоў назад). Археолагамі былі знойдзены прылады працы (востраканечнікі, скрэблы, рубілы) найстаражытнейшых людзей (як мяркуюць – неандэртальцаў) на поўдні Беларусі каля вёсак Клеявічы і Абідавічы.

Файлы: 1 файл

история беларуси (стараж. - нач.21 вв.).doc

— 467.00 Кб (Скачать файл)

Першабытнае грамадства на тэрыторыі Беларусі

Першае пранікненне  чалавека на тэрыторыю Беларусі адбылося ў прамежку часу 100 – 40 тыс. гадоў  назад. Такая недакладнасць у  вызначэнні тэрміну тлумачыцца тым, што ў старажытнасці беларускія землі былі заняты ледавіком. Ледавіковая эпоха пачалася каля 500 тыс. гадоў таму назад і скончылася толькі ў 9 тыс. да н. э. Ледавік не знаходзіўся на адным месцы. Ён рухаўся ў залежнасці ад змены клімату з поўначы на поўдзень і наадварот. Вучоныя вылучаюць найбольш моцныя зледзяненні: бярэзінскае (480 – 390 тыс. гадоў назад), дняпроўскае (320 – 250 тыс. гадоў назад) і паазерскае (105 – 85 тыс. гадоў назад). Археолагамі былі знойдзены прылады працы (востраканечнікі, скрэблы, рубілы) найстаражытнейшых людзей (як мяркуюць – неандэртальцаў) на поўдні Беларусі каля вёсак Клеявічы і Абідавічы. Каля 40 – 10 тыс. гадоў назад на тэрыторыі Беларусі з’явіліся людзі сучаснага фізічнага тыпу. Ім належаць стаянкі ля вёсак Юравічы (больш за 26 тыс. гадоў назад) і Бердыж (больш за 23 тыс. гадоў назад).

Найбольш характэрным  паказчыкам узроўню развіцця чалавечай  дзейнасці лічацца матэрыялы, з  якіх вырабляліся прылады працы. На гэтай падставе вучоныя вылучаюць  каменны век (да канца 3 тыс. да н. э.), век медзі і бронзы (канец 2 тыс. – пач. 1 тыс. да н. э.) і жалезны век (пач. 1 тыс. да н. э. – да VII-VIII стст. н. э.). У сваю чаргу каменны век падзяляюць на палеаліт (старажытнакаменны – да адступлення ледавіка), мезаліт (сярэднякаменны – 9 – 5 тыс. да н. э.) і неаліт (4 – 3 тыс. да н.э.). Асноўным заняткам у эпоху палеаліту былі збіральніцтва, лоўля рыбы і паляванне. Толькі ў мезаліце тэрыторыя Беларусі была заселена поўнасцю. Першыя паселішчы будаваліся ў асноўным на берагах рэк і азёр. Жытлы былі наземныя і паўзямлянкавыя. У кожным жытле мясцілася адна сям’я. Жыхары аднаго паселішча складалі сваяцкую абшчыну, якая была часткай буйнейшага аб’яднання – племені. Людзі таго часу карысталіся лукам, стрэламі, сякерамі і нажамі з крамянёвых пласцін. Тады ж з’явілася першая свойская жывёла – сабака. Усе гэтыя прылады працы былі праявамі першай тэхналагічнай рэвалюцыі (мезалітычнай).

У неаліце пачалі актыўна  выкарыстоўваць шліхтаваныя каменныя прылады працы, керамічны посуд, зарадзіліся земляробства і жывёлагадоўля.

Найбольш старажытныя  назвы азёр, рэк і паселішчаў Беларусі сведчаць пра тое, што першымі людзьмі сучаснага тыпу былі фінамоўныя плямёны. Але ў канцы 3 тыс. да н. э. яны выціснуты балтамі, з прыходам якіх пачаўся век медзі і бронзы. Медзь і волава, з якіх вырабляецца бронза, не здабываліся на Беларусі. Іх завозілі з-за мяжы, таму металічныя прылады пакуль што заставаліся рэдкімі. У VIII – VII стст. да н. э. людзі навучыліся выплаўляць з балотнай руды жалеза. Выкарыстанне жалезных прыладаў працы і зброі змянілі чалавечы побыт. Войны і ваенныя набегі ператвараліся ў звычайную справу. Таму паселішчы пачалі ўмацоўвацца драўлянымі сценамі, пазней – землянымі валамі і шырокімі рвамі.

У VI ст. да н. э. упершыню з'яўляюцца пісьмовыя дадзеныя пра тагачасных жыхароў беларускіх зямель. Іх пакінуў  старажытнагрэчаскі пісьменнік Герадот. Падчас працы над сваім творам "Гісторыя" ён наведаў краіну качавога народа скіфаў у Паўночным Прычарнамор'і, дзе збіраў звесткі аб барацьбе скіфаў з персідскім царом Дарыем. Разам з тым, ён пакінуў нататкі пра іншыя народы Усходняй Еўропы, у тым ліку пра неўраў, якія жылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Герадот пісаў: "У неўраў звычаі скіфскія. За адно пакаленне да паходу Дарыя ім прыйшлося пакінуць сваю краіну з-за змеяў. Таму што не толькі іх асабістая зямля нарадзіла шмат змеяў, але яшчэ больш іх напала з пустыні знутры краіны. Вось чаму неўры былі вымушаны пакінуць сваю зямлю і пасяліцца сярод будзінаў. Гэтыя людзі, магчыма, чараўнікі. Бо скіфы і эліны, якія жывуць сярод апошніх, сцвярджаюць, што кожны неўр штогод на некалькі дзён ператвараецца ў ваўка, а потым зноў прымае чалавечае аблічча. Мяне гэтыя байкі, канешне, не могуць упэўніць; тым не менш пра тое кажуць і нават клятвенна сцвярджаюць гэта".

Як бачым, звесткі Герадота выглядаюць загадкава і нават  фантастычна. Аднак і ў іх можна знайсці рацыянальнае зерне. Яшчэ на пачатку ХХ ст. на Беларусі былі распаўсюджаны культ хатніх вужоў, казкі і легенды пра вогненных змеяў і пярэваратняў-ваўкалакаў. Такім чынам, мы можам прасачыць пэўную сувязь паміж культурай старажытных насельнікаў Беларусі і іх паслядоўнікаў. Якім жа чынам яна адбывалася?

У VI – VII стст. н. э. на тэрыторыю  Беларусі з Вісла-Одэрскага міжрэчча пачалі прасоўвацца славянскія плямёны. Да IX ст. яны занялі большую частку Беларусі. Толькі на паўночным захадзе  захаваліся балцкія плямёны літвы, латгалаў, яцвягаў і інш. Рух славян пачынаўся ў эпоху, якую гісторыкі называюць "вялікім перасяленнем народаў". Прычынамі перасялення маглі быць перанаселенасць месцаў першаснага пасялення, а таксама ваенныя сутыкненні з іншымі плямёнамі і народамі. Той факт, што многія знойдзеныя археолагамі балцкія паселішчы VI – VIII стст. былі спаленыя, сведчыць пра тое, што славяне прыйшлі на землі Беларусі як заваёўнікі.

У раёнах свайго пасялення  славяне часткова выціснулі балтаў, часткова знішчылі, астатнія рэшткі асімілявалі. Асіміляцыя магла ісьці праз шлюбы паміж славянамі-мужчынамі і захопленымі ў палон балцкімі жанчынамі. Менавіта жанчыны займаліся выхаваннем дзяцей і перадавалі ім у спадчыну рэшткі сваёй традыцыйнай культуры. Гэты працэс працягваўся даволі доўгі перыяд, асабліва на поўначы Беларусі. Такім чынам, балцкая культура таксама ўвайшла ў паўсядзённае жыццё мясцовых славян.

Славяне, падобна іх папярэднікам, жылі ў вялікіх сем’ях. Сем’і  складалі сваяцкую абшчыну (род). Род  распараджаўся зямлёй вакол паселішча і большасцю прыладаў працы. Абшчыны аб’ядноўваліся ў плямёны. Але меліся і значна большыя аб’яднанні - саюзы плямён: крывічы, радзімічы і дрыгавічы. Крывічы (палачане) насялялі басейн Заходняй Дзвіны і верхняга Падняпроўя, радзімічы – Пасожжа, а дрыгавічы – Палессе і цэнтральную частку Беларусі.

Рэлігія славян гэтага перыяду  ўяўляла сабой паганства (язычніцтва) – рэлігійныя вераванні, абрады і  святы, выпрацаваныя на працягу стагоддзяў да з’яўлення манатэізму - веры ў  адзінага Бога. Сярод багоў славянскага пантэона пераважалі звязаныя з земляробствам і жывёлагадоўляй Пярун, Дажджбог, Грамніца, Вялес, Стрыбог, Цёця, Ярыла, Купала, Жыцень; увасабленні "культу продкаў" Род і Рожаніца, а таксама шматлікія духі (вадзянік, дамавік, лесавік, багнік і г. д.). Некаторым з багоў нават прыносіліся чалавечыя ахвяры. Пры пахаванні быў распаўсюджаны абрад трупаспальвання. Святы і абрады пераважна звязваліся з цыклам земляробчых работ.

Пачатак засялення славянамі тэрыторыі Беларусі. Сацыяльна-эканамічныя адносіны

Прыход славян на беларускія землі супаў з пачаткам хуткага  разлажэння рода-племянных адносін  і  фарміравання феадальнага ладу. Прычынамі таму былі ўсё больш  імклівы падзел працы, хуткае развіццё эканамічных стасункаў, а таксама  войны, якія ўзвысілі магчымасці правадыроў племені – князёў і вузкага кола набліжаных да іх ваяроў – баяр і дружыннікаў. Сваяцкая абшчына паступова саступіла месца суседскай (мір, грамада і г. д.). Мясцовая знаць імкнулася захапіць абшчынныя ці пакуль незанятыя землі ў прыватную ўласнасць. Прыватныя землі насілі назву вотчынаў. У Х ст. ўзгадваюцца княскія вотчыны, у ХІ - ХІІ стст. - баярскія і манастырскія. Працавалі на гэтых землях рабы (халопы) ці залежныя ад гаспадара сяляне - закупы, радовічы і ўдачы. Закупы сяліліся на землях феадала і атрымоўвалі ад яго своеасаблівы крэдыт - купу. Звычайна яна магла складацца з розных прыладаў працы, хатняй жывёлы і г. д. Радовічы заключалі з маёмаснікам зямлі спецыяльны дагавор - рад. Пакуль закуп не выплочваў купу, а радовіч не адпрацоўваў рад, ён залежыў ад феадала. Удачы часова працавалі на гаспадара.

Большасць сялян (смерды), пакуль захоўвалі асабістую свабоду, працавалі на абшчынных землях і  плацілі раз у год князю  даніну толькі прадуктамі лясной гаспадаркі (палюддзе). Сяляне вырошчвалі жыта (яравое і азімае), пшаніцу, лён, каноплі і іншыя культуры. У некаторых землях паша знаходзілася недалёка ад паселішчаў. Але таксама былі распаўсюджаны лясныя аблогі і высекі.

У немалой ступені  развіццю вытворчасці садзейнічаў  гандаль. Праз тэрыторыю Беларусі па рэках Заходняя Дзвіна і Днепр ішоў буйны гандлёвы шлях са Скандынавіі ў Візантыю ("з вараг да грэкаў"), па рэках Сож і Прыпяць – з Каспія ў Заходнюю Еўропу. Гандляры карысталіся грошамі – арабскімі, пазней заходнееўрапейскімі срэбранымі манетамі і срэбранымі ці залатымі зліткамі –грыўнямі. З Захаду на беларускія землі паступалі срэбра, металы і металічныя прылады працы, а таксама якасная зброя. З Усходу і Поўдню - тканіны, віно, соль, ювелірныя вырабы і г. д. З мясцовых зямель вывозіліся рабы, прадукты лясной гаспадаркі, асабліва пушніна, рамесныя тавары.

Цэнтрамі рамяства і  гандлю былі гарады. Па летапісных звестках ужо ў IX ст. існаваў горад Полацк, у Х – Заслаўе і Тураў, у  ХІ – Браслаў, Брэст, Віцебск, Друцк, Лукомль, Мінск і г. д. Гарады мелі моцныя абарончыя збудаванні. У найбольш узмоцненай частцы (дзядзінцы) жылі князь, баяры і дружыннікі. Вакол дзядзінца будаваўся пасад. Яго жыхарамі былі рамеснікі і гандляры. Гараджане, як і сяляне, аб’ядноўваліся ў абшчыны. Збор гараджан (веча) вырашаў самыя важкія пытанні. Так, Тураўскае веча выбірала епіскапа. Ад імя Полацкага веча падпісваліся міжнародныя дамовы. У 1151 г. па яго рашэнні з горада быў выгнаны князь Рагвалод і запрошаны мінскі князь Расціслаў. Але праз сем гадоў веча выгнала Расціслава і зноў запрасіла Рагвалода. У 1161 г., пасля паражэння ад мінскага князя Валадара, Рагвалод быў вымушаны збегчы ў Друцк, бо палачане былі настроены супраць няўдалага князя.

Гарадская гаспадарка яшчэ ў значнай ступені заставалася  аграрнай. Недалёка ад гарадоў знаходзіліся палеткі і выпасы для жывёлы. Гараджане трымалі авечак, кароў, коз, свіней, гусей і г. д. Яны мелі сады і агароды.

Аднак кантроль над гандлёвымі шляхамі працяглы час знаходзіўся  ў руках іншаземцаў. Напрыклад, радзімічы  да Х ст. выплачвалі даніну прыкаспійскаму народу – хазарам. У канцы ІХ ст. уладу на большасці ўсходнеславянскіх зямель захапіла скандынаўская дынастыя Рурыкавічаў. Імі была заснавана феадальная дзяржава Русь з цэнтрам у Кіеве. Сярод першых беларускіх гарадоў, падначаленых Рурыкавічамі, узгадваецца Полацк. Але ў канцы Х ст. тут ужо правіла свая княжацкая дынастыя скандынаўскага паходжання на чале з Рагвалодам, які меў саюзныя адносіны з кіеўскім князем. У 980 г. наўгародскі князь Уладзімір падчас паходу на Кіеў захапіў Полацк, забіў Рагвалода і яго сыноў, а дачку Рагнеду прымусова ўзяў сабе жонкай. Падначаліўшы сабе яшчэ Кіеў, Уладзімір распачаў рэформы, якія павінны былі цэнтралізаваць дзяржаву. Самай важнай з іх было прыняцце хрысціянства.

Нягледзячы на спробы Уладзіміра і яго пераемнікаў аб’яднаць вакол Кіева ўсе рускія землі, мясцовыя князі вялі ўпартую барацьбу за незалежнасць. Ужо ўнук Уладзіміра і Рагнеды, полацкі князь Брачыслаў (1003 – 1044) адрозніваўся адносна незалежнай палітыкай. Каб спыніць з ім барацьбу, кіеўскі князь Яраслаў быў вымушаны падараваць Полацкаму княству Віцебск. Пры сыне Брачыслава, Усяславе (1044 – 1101) гэтая барацьба дасягнула свайго апагею. У 1065 г. Усяслаў напаў на Пскоў, у 1066 г. захапіў і разрабаваў Ноўгарад. Імкнучыся спыніць Усяслава, кіеўскі князь і яго браты стварылі ваенную кааліцыю. 3 сакавіка 1067 г. на рацэ Няміга яны разбілі войска палачан, разрабавалі і разбурылі Мінск. Усяслаў разам з сынамі патрапіў пад Оршай у палон. Але ў верасні 1068 г. падчас паўстання ў Кіеве ён быў вызвалены і ў 1071 г. заняў Полацк. У 1127 г. кіеўскаму князю Мсціславу ўдалося захапіць полацкіх князёў і саслаць іх у Візантыю. Аднак пасля яго смерці яны вярнуліся на радзіму.

Адносна самастойную  палітыку вяло і Смаленскае княcтва. Пры князю Расціславе (1125 – 1159) яно фактычна вылучылася з Кіеўскай дзяржавы. У значна большай залежнасці ад Кіева знаходзілася Тураўскае княcтва. Адносную самастойнасць яно набыло толькі ў другой палове ХІІ ст.

У ІХ – ХІІ стст. працягваўся  рух славянскіх перасяленцаў у паўночна-заходнія раёны. У ХІ – пач. ХІІ ст. у Панямонні вылучыліся Гродзенскае, Ваўкавыскае і Навагрудскае княствы. У другой палове ХІ – пач. ХІІІ стст. Полацкаму княcтву належалі балцкія землі ўздоўж Заходняй Дзвіны – княствы Герцыке і Кукенойс са славяна-балцкім насельніцтвам

 

Перыяд феадальнай раздробленасці. Барацьба беларускіх княcтваў з іншаземнымі захопнікамі

У ХІІ ст. у гісторыі старажытнай Русі пачаўся перыяд феадальнай раздробленасці. Прычынамі  таму былі слабыя эканамічныя і камунікацыйныя стасункі паміж рознымі рэгіёнамі, рост мясцовых эканомік і жаданне ўдзельных князёў адасобіцца ад цэнтральнай улады. Першае, пасля смерці Усяслава, распалася Полацкае княства. У другой палове ХІІ ст. амаль адразу пасля вылучэння з Кіеўскай дзяржавы распалася Тураўскае княства. У выніку на пачатку ХІІІ ст. на беларускіх землях існавала больш за 20 незалежных дзяржаўных утварэнняў. Некаторыя з іх былі даволі моцныя. Так, у 60 –70 гг. ХІІ ст. Полацкае і Віцебскае княствы трапілі ў залежнасць ад Смаленскага. Бярэсце і землі Панямоння залежалі ад галіцка-валынскага князя.

Феадальная раздробленасць мела станоўчыя і адмоўныя бакі. Яна давала больш шырокія магчымасці для развіцця розных зямель. Улада  мясцовага князя была больш аператыўнай. Ён быў вымушаны абапірацца на мясцовых баяр, раздаючы ім землі і прывілегіі, што, несумненна, спрыяла развіццю феадальных адносін. Але з разбурэннем цэнтралізаванай дзяржавы парушаліся сувязі між рэгіёнамі. Паміж удзельнымі князямі ўсё часцей успыхвалі ваенныя канфлікты. Вядома, што такое становішча значна аслабіла палітычную моц беларускіх княcтваў, і яны сталі ахвярай іншаземных захопнікаў.

З канца ХІІ ст. нямецкія крыжакі пачалі планамерны захоп  Прыбалтыйскіх зямель, частка якіх знаходзілася ў залежнасці ад Полацкага  княcтва. На рацэ Заходняя Дзвіна былі пабудаваны полацкія калоніі - гарады Герцыке і Кукенойс. Іх насельніцтва было змешанае, часткова славянскае, часткова балцкае. Кіравалі Герцыке і Кукенойсам князі славянскага паходжання.

У 1201 г. ў вусці Заходняй Дзвіны нямецкі біскуп Альберт заснаваў крэпасць Рыгу. У 1202 г. з дапамогай папы рымскага ім быў створаны ваенна-манаскі ордэн мечнікаў. З 1234 г. ў Прусіі пачаў дзейнічаць Тэўтонскі ордэн. У 1237 г. ордэны аб’ядналі свае сілы. Галоўную ролю адыгрываў больш вядомы ў Еўропе Тэўтонскі ордэн. Але ордэн мечнікаў, які з гэтага часу зваўся Лівонскім (Інфлянцкім), таксама працягваў існаваць. Крыжакі ставілі перад сабой высакародную мэту – хрысціць Прыбалтыйскія землі. Іх войскі былі адносна невялікія, але даволі дысцыплінаваныя. На самай справе галоўнай мэтай крыжакоў было падпарадкаванне новых зямель і мясцовага гандлю.

Информация о работе Лекции по "История Беларуси"