Лекции по "История Беларуси"

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 20 Марта 2013 в 00:07, курс лекций

Описание работы

Першае пранікненне чалавека на тэрыторыю Беларусі адбылося ў прамежку часу 100 – 40 тыс. гадоў назад. Такая недакладнасць у вызначэнні тэрміну тлумачыцца тым, што ў старажытнасці беларускія землі былі заняты ледавіком. Ледавіковая эпоха пачалася каля 500 тыс. гадоў таму назад і скончылася толькі ў 9 тыс. да н. э. Ледавік не знаходзіўся на адным месцы. Ён рухаўся ў залежнасці ад змены клімату з поўначы на поўдзень і наадварот. Вучоныя вылучаюць найбольш моцныя зледзяненні: бярэзінскае (480 – 390 тыс. гадоў назад), дняпроўскае (320 – 250 тыс. гадоў назад) і паазерскае (105 – 85 тыс. гадоў назад). Археолагамі былі знойдзены прылады працы (востраканечнікі, скрэблы, рубілы) найстаражытнейшых людзей (як мяркуюць – неандэртальцаў) на поўдні Беларусі каля вёсак Клеявічы і Абідавічы.

Файлы: 1 файл

история беларуси (стараж. - нач.21 вв.).doc

— 467.00 Кб (Скачать файл)

Пасля вайны 1812 г. рух  супраць царызму не зменшыўся. Гэта асабліва адлюстравалася ў дзейнасці  таемных дэмакратычных таварыстваў  філаматаў і філарэтаў, якія існавалі ў 1816 – 1823 гг. і ставілі сваёй мэтай адраджэнне Рэчы Паспалітай. На Беларусі да 1825 г. таксама вялі працу і дзекабрысцкія арганізацыі, якія рыхтавалі паўстанне супраць цара. Так, на Беласточчыне дзейнічала Таварыства ваенных сяброў на чале капітана К. Ігельстрома (1825).

У 1830 г. ў Польшчы пачалося нацыянальна-вызваленчае паўстанне. Хутка яно перакінулася і на землі  былога ВКЛ. На Віленшчыне падрыхтоўку  да паўстання вёў таемны "акадэмічны саюз". Большасць паўстанцаў мела шляхецкае паходжанне. У чэрвені паўстанцы пацярпелі паражэнне ад расійскай арміі і адступілі ў Польшчу. Хутка расійскія войскі занялі Варшаву. Імкнучыся прадухіліць паўстанні ў далейшым, царскі ўрад зачыніў Віленскі універсітэт (1832). У 1831 на ўсходзе і ў 1840 г. на захадзе Беларусі спынялася дзейнасць Статута 1588 г. Па ўказе 1831 г. шляхціцы, якія не былі здольныя даказаць шляхецкае паходжанне, пазбаўляліся дваранскіх правоў. Полацкі царкоўны сабор 1839 г. прыняў рашэнне аб далучэнні уніятаў да праваслаўных. Акрамя таго, у афіцыйным звароце была забаронена польская мова, шляхта траціла права насіць нацыянальную вопратку.

Але рэпрэсіі не спынілі  барацьбы. У 1830 – 1840 гг. на Беларусі працягвалі дзейнічаць таемныя арганізацыі: "Дэмакратычнае  таварыства" Ф. Савіча, "Саюз свабодных братоў", арганізацыя Г. Брынко і Н. Навіцкага ў Гродзенскай губерні. Даследчыкі лічаць, што таемных таварыстваў магло быць на самай справе значна болей. Пра іх дзейнасць мы ведаем толькі ў тых выпадках, калі яны раскрываліся жандармерыяй.

У першай палове ХІХ ст. пачаўся крызіс феадальна-прыгонніцкай сістэмы. Далучэнне да Расійскай  імперыі некалькі палепшыла агульны  эканамічны стан. Расійскі рынак паглынаў значную колькасць прадукцыі, якая выраблялася на беларускіх землях. На поўначы Беларусі хутка развіваліся льнаводства і бульбаводства. На захадзе і ў цэнтральных раёнах – авечкагадоўля. Вельмі прыбытковай справай была вытворчасць спірту і гарэлкі. Яны ўжываліся на месцы. Значная колькасць спірту і гарэлкі экспартавалася за мяжу.

Аднак большасць зямель (70 %) належала памешчыкам. У карыстанні сялян знаходзілася толькі 27 % зямельнага фонду. Каб зрабіць свае маёнткі больш прыбытковымі, памешчыкі ўзмацнялі эксплуатацыю прыгонных. Акрамя паншчыны і высокага аброку сяляне неслі шмат іншых павіннасцей. Люстрацыя і рэформа кіравання дзяржаўнымі маёнткамі, якія былі праведзены міністрам дзяржаўнай маёмасці П.Д. Кісялёвым (1837 – 1841), крыху аблягчылі становішча дзяржаўных сялян. Але іх колькасць на Беларусі была невялікай. Большасць прыгонных сялян залежала ад памешчыкаў.

Існаванне прыгоннага права  не спрыяла хуткаму развіццю прамысловасці  і тэхналогій. Жорсткае заканадаўства  абмяжоўвала і эканамічную актыўнасць яўрэйскага насельніцтва, якое складала значную частку жыхароў гарадоў. Тэхнічнае і эканамічнае адставанне Расійскай імперыі асабліва выразна праявілася падчас Крымскай вайны, таму ў другой палове 1850-\х гг. урад пачаў падрыхтоўку да рэформ.

Сацыяльна-палітычнае і эканамічнае становішча Беларусі ў другой палове ХІХ – пачатку  ХХ ст.

20 лістапада 1857 г. на імя віленскага генерал-губернатара У.І. Назімава быў накіраваны царскі рэскрыпт, які дазваляў ствараць дваранскія камітэты і агульную камісію ў Вільне для распрацоўкі праекта адмены прыгоннага права. Аднак большасць памешчыкаў выступіла супраць вызвалення сялян з зямлёй. Таму Аляксандрам ІІ была створана спецыяльная Рэдакцыйная камісія. Распрацаваны ёю Маніфест аб адмене прыгоннага права і шэраг спецыяльных палажэнняў былі выдадзены 19 лютага 1861 г. Сяляне атрымоўвалі асабістую свабоду і права распараджацца сваёй маёмасцю. Ва ўласнасці памешчыкаў заставаліся ўсе землі, але ў пастаяннае карыстанне сялян пераходзілі іх сядзібы і палявыя надзелы, за што сяляне на працягу 9 гадоў павінны былі знаходзіцца ў стане часоваабавязаных – адпрацоўваць паншчыну і выплачваць аброк. За гэты час сяляне і памешчык павінны былі з дапамогай міравога пасрэдніка (ён выбіраўся з ліку дваран) дамовіцца аб памерах надзелаў (звычайна яны змяншаліся) і выкупных плацяжах за зямлю, якія былі ў некалькі разоў вышэйшыя за рынкавыя цэны, бо разлічваліся з сумы гадавога аброку. Сяляне выплочвалі памешчыку толькі 20 – 25 % ад выкупнога плацяжу. Астатняе памешчыку выплочвала дзяржава каштоўнымі паперамі. Але праз 49 гадоў селянін павінен быў аддаць запазычанасць дзяржаве з улікам 6 % гадавых.

Вынікам рэформы была не толькі ліквідацыя прыгоннага ладу, але і паскарэнне капіталістычных  адносін. Многія памешчыкі былі вымушаны інтэнсіфікаваць сваю гаспадарку, астатнія не вытрымлівалі канкурэнцыі і перапрадавалі  свае землі чыноўнікам, гараджанам і сялянам. Але большасць сялян таксама пазбаўлялася зямлі ў выніку хуткага росту насельніцтва. На пачатку ХХ ст. толькі 8 – 10 % сялянскіх гаспадарак былі заможнымі, 60 % – бядняцкімі. Бедныя сяляне шукалі працы ў памешчыкаў, а таксама на гарадскіх прадпрыемствах, часта за межамі Беларусі.

Адмена прыгоннага права  супала з актывізацыяй новай хвалі  рэвалюцыйнага руху на землях былой  Рэчы Паспалітай. Рэвалюцыянеры падзяляліся  на "белых" і "чырвоных". Большасць "белых" паходзіла з памешчыцкіх колаў. "Чырвоная" плынь была значна больш стракатай па паходжанні. Калі "белыя" ставілі перад сабой мэту – толькі адраджэнне былой дзяржавы, то "чырвоныя" – вырашэнне эканамічных і сацыяльных пытанняў. Летам 1862 г. прадстаўнікі "левых" для падрыхтоўкі паўстання стварылі ў Вільне Літоўскі правінцыяльны камітэт (ЛПК). На чале яго стаяў выдатны дзеяч беларускага дэмакратычнага руху Канстанцін Каліноўскі. Ён выступаў за разгортванне сялянскай рэвалюцыі. Шляхта, на яго думку, з'яўлялася "прагніўшай і разбэшчанай кастай". Разам з У. Урублеўскім і Ф. Ражанскім у 1862 – 1863 гг. К. Каліноўскі выдаваў першую нелегальную газету на беларускай мове "Мужыцкая праўда".

У студзені 1863 г. ў Польшчы  пачалося паўстанне. 1 лютага 1863 г. ЛПК  таксама звярнуўся да насельніцтва з адозвай браць у рукі зброю. У паўстанні прымала актыўны ўдзел шляхта, некалькі ў меншай ступені – сяляне. Ваенныя дзеянні паўстанцаў нагадвалі партызанскія акцыі – адкрыта ўступаць у бітву з расійскімі войскамі большасць не рашалася. 24 красавіка 1863 г. атрад Л. Звяждоўскага захапіў павятовы цэнтр Горкі. У гэтым чыне яму дапамагалі студэнты мясцовага земляробчага інстытута.

Аднак спрэчкі паміж "белымі" і "чырвонымі", дрэнная падрыхтоўка  і рэпрэсіі царскага ўрада прывялі  да паражэння паўстання. 22 сакавіка 1864 г. захоплены ў палон К. Каліноўскі быў пакараны смерцю. Віленскі генерал-губернатар М. Мураўёў, які атрымаў ад цара неабмежаваныя паўнамоцтвы, жорстка распраўляўся з паўстанцамі. 128 з іх былі пакараны смерцю, 800 – адпраўлены на катаргу, больш за 12 тысяч – высланы з Беларусі. Памешчыкі і сяляне–католікі абмяжоўваліся ў сваіх правах. Быў зачынены Гора-Горацкі земляробчы інстытут, апошняя вышэйшая навучальная ўстанова на Беларусі. Фактычна была забаронена і беларуская мова. Разам з тым, сяляне былі вызвалены ад стану часоваабавязаных. Беззямельныя сяляне атрымоўвалі невялікія надзелы. Пасля падаўлення паўстання царызм таксама правёў некаторыя ліберальныя рэформы: земскую (1864), судовую (1864), гарадскую (1870) і ваенную (1874). Аднак на Беларусі з-за недаверу царскага ўрада да мясцовага насельніцтва гэтыя рэформы ў поўным аб’ёме прайшлі толькі на пачатку ХХ ст.

Рэформы 1860 – 1870-х гг. спрыялі развіццю таварнай вытворчасці. З 1880-х гг. сельская гаспадарка Беларусі паступова пераходзіць ад пераважнага вырошчвання зерневых культур да спецыялізацыі ў малочнай жывёлагадоўлі, ільнаводстве і бульбаводстве. У прамысловасці назіраецца пераход ад мануфактурнай да фабрычнай вытворчасці. Яе канцэнтрацыя абумовіла стварэнне акцыянерных таварыстваў. З Беларусі вывозіліся лес, запалкі, тканіны, абутак, кафля, гарбарныя вырабы і інш. Значную ролю пачалі адыгрываць банкі. Асабліва хутка ішло будаўніцтва чыгункі: у 1870 г. працягласць чыгуначных ліній складала 302 км., у 1902 г. – 2752 км., 1914 г. – 3900 км. Але з-за канкурэнцыі з суседнімі буйнымі прамысловымі рэгіёнамі Расійскай імперыі прамысловасць на Беларусі ўвогуле развівалася марудна.

У другой палове ХІХ ст. у палітычны рух актыўна ўключыліся спачатку прадстаўнікі трэцяга саслоўя  – разначынцы, а на пачатку ХХ ст. – і рабочыя. У 1880-я гг. ў Пецярбургу дзейнічала беларуская народніцкая група "Гоман", якая выдавала нелегальны часопіс на беларускай мове. У 1881 г. адзін з удзельнікаў "Гоману", І. Грынявіцкі, разам з рускімі рэвалюцыянерамі здзейсніў замах на Аляксандра ІІ. Бомба, кінутая ім, аказалася для цара смяротнай. Сам І. Грынявіцкі таксама загінуў.

У 1896 г. прадстаўнікі польскай, беларускай і часткова літоўскай  інтэлігенцыі стварылі першыя марксісцкія  партыі – Літоўскую Сацыял-Дэмакратычную  Партыю і Рабочы Саюз Літвы. У 1902 г. на базе маладзёжных асветніцкіх гурткоў была створана Беларуская Рэвалюцыйная Грамада. У 1903 г. яна змяніла назву на Беларускую Сацыялістычную Грамаду (БСГ). Актыўна дзейнічалі і яўрэйскія арганізацыі. У 1897 г. прадстаўнікі яўрэйскіх марксісцкіх колаў аб’ядналіся ва Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз у Літве, Польшчы і Расіі (Бунд). У 1898 г. пры падтрымцы ЦК Бунда ў Мінску адбыўся першы з’езд Расійскай Сацыял-Дэмакратычнай Рабочай Партыі (РСДРП).

Працэс стварэння палітычных партый значна паскорыўся падчас буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі 1905 – 1907 гг. Асноўныя падзеі рэвалюцыі адбываліся па-за межамі Беларусі, аднак і тут праходзілі мітынгі, забастоўкі і сялянкія выступленні. 17 кастрычніка 1905 г. Мікалай ІІ падпісаў маніфест, згодна якому ў Расіі былі дазволены асноўныя грамадзянскія свабоды, а таксама заканадаўчы орган – Дзяржаўную думу. 18 кастрычніка па загадзе губернатара Курлова ў Мінску была расстраляна мірная дэманстрацыя гаражан. Сутычкі з паліцыяй і армейскімі часцямі адбыліся і ў іншых гарадах.

У 1905 – 1906 гг. на падставе маніфеста былі створаны Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі, суполкі  агульнарасійскіх партый эсэраў, кадэтаў, акцябрыстаў і інш. Актывізавалі сваю дзейнасць суполкі РСДРП, Бунда  і іншых сацыялістычных партый. У 1906 г. прыхільнікі БСГ пачалі выдаваць першыя легальныя беларускамоўныя газеты "Наша доля" і "Наша ніва". Дзейнічалі прафсаюзныя аб’яднанні. Царскія ўлады актыўна падтрымлівалі стварэнне рэакцыйных крайне правых арганізацый, накшталт Саюза Рускага Народа і Рускага Акраіннага Саюза, прадстаўнікі якіх спавядалі вялікадзяржаўны шавінізм і арыентаваліся на манархію. 9 ліпеня 1906 г. ўладамі была распушчана І Дума, а 3 чэрвеня 1907 г. і ІІ Дума. Новае выбарчае заканадаўства павінна было садзейнічаць выбранню прыхільнікаў царскага самаўладдзя. Такім чынам, рэвалюцыя скончылася паражэннем. Але яна паказала, што сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне народа залежаць ад яго згуртаванасці і свядомасці.

Каб стрымаць сялянскі рух, урад на чале П. Сталыпіна распачаў у 1906 г. новую аграрную рэформу. Яе сутнасцю было разбурэнне сялянскай абшчыны і паскарэнне капіталістычнага развіцця вёскі. Сялянам дазвалялася выходзіць з абшчыны разам са сваім надзелам, ствараць вотрубы і хутары (з 1911 г. выхад стаў абавязковым). Уласнікі хутароў і вотрубаў маглі атрымаць ад Пазямельнага банка пазыкі для набыцця новай зямлі. Урад таксама стымуляваў перасяленне сялянскіх сем’яў ў Сібір, на Далёкі Усход, Паўночны Каўказ і г. д. Найхутчэй рэформа адбывалася на захадзе і ў цэнтральнай Беларусі, дзе абшчыннае землекарыстанне было ў большасці ліквідавана яшчэ ў XVI ст. На ўсходзе і поўначы Беларусі да 1916 г. з абшчын выйшла 63 % сялянскіх двароў. У 1904 – 1914 гг. Беларусь пакінула 356 тыс. перасяленцаў. Разам са станоўчымі рысамі, Сталыпінская рэформа мела і адмоўныя: павелічэнне кошту зямлі і колькасці бядняцкіх гаспадарак. 10,9 % перасяленцаў страцілі на новых землях сваю маёмасць і былі вымушаны вярнуцца на радзіму жабракамі.

Развіццё беларускай культуры ва ўмовах царскай Расіі (канец ХVІІІ – пачатак ХХ стст.)

Пасля далучэння беларускіх зямель царскія ўлады, імкнучыся  інтэграваць у сваю дзяржаўную структуру  новыя тэрыторыі, праводзілі адпаведную палітыку. Значны ўплыў на развіццё беларускай культуры ў гэты час аказвае спачатку пераважна польская, а пазней, асабліва ў 1860-х гг. – руская культура, назіраецца цесная сувязь з культурамі ўкраінскага, літоўскага, яўрэйскага і іншых народаў. Культура беларускіх зямель сутыкаецца з жорсткім прыгнётам з боку царскай улады, якая імкнецца даказаць, што Беларусь з'яўляецца заходняй часткай Расійскай імперыі, а яе насельніцтва не мае сваёй этнічнай асаблівасці (ідэалогія "заходнерусізму").

Тым не менш менавіта ў  гэты час беларускі этнас фарміруецца  як нацыя. Нацыяй называецца ўстойлівая этнасацыяльная супольнасць людзей, якая, у адрозненне ад народнасці, характарызуецца не толькі агульнымі тэрыторыяй, мовай, культурай, але таксама цеснымі эканамічнымі, сацыяльна-палітычнымі і культурнымі сувязямі паміж рэгіёнамі, больш высокім узроўнем этнічнай самасвядомасці. Фарміраванне беларускай нацыі ішло ва ўмовах развіцця капіталістычных адносін і ўнутранага рынку, росту гарадоў і гарадскога насельніцтва. Паступова фарміруюцца новыя класы наёмных рабочых (шматнацыянальны) і буржуазіі (пераважна небеларускага паходжання). У канцы ХІХ ст. 90 % этнічных беларусаў пражывала ў сельскай мясцовасці; працэс кансалідацыі таксама стрымлівала слабасць нацыянальнай буржуазіі. З пачатку ХІХ ст. ўсе тэрыторыі з пераважнай доляй пражывання беларускага насельніцтва ўваходзілі ў склад Расійскай імперыі. Тое, што беларусы не мелі сваёй дзяржаўнасці, а таксама ідэалагічная палітыка непрызнання адметнасці беларускага народа, перашкоды ва ўжыванні беларускай мовы замаруджвалі этнаўтваральныя працэсы. Канчатковае замацаванне тэрміну "Беларусь", "беларусы" за ўсёй этнічнай тэрыторыяй Беларусі адбываецца ў другой палове ХІХ ст. ў сувязі з развіццём беларусазнаўства, якое садзейнічала ўмацаванню нацыянальнай самасвядомасці. Але на пачатку ХХ ст. працэс фарміравання беларускай нацыі яшчэ не быў завершаны.

На пачатку ХІХ ст. на Беларусі, як і ў іншых землях Імперыі, адбылася адукацыйная рэформа. Была сфарміравана шматступенчатая  сістэма адукацыі: пачатковыя школы  – прыходскія вучылішчы – павятовыя  вучылішчы – гімназіі – Віленскі універсітэт (1803 – 1832), адчынены на месцы Галоўнай школы ВКЛ. У 1812 – 1820 гг. працавала Полацкая акадэмія. Але царскі ўказ 1827 г. абмяжоўваў магчымасць атрымання вышэйшай і сярэдняй адукацыі для прадстаўнікоў непрывілеяваных саслоўяў. Навучанне вялося толькі на польскай і рускай мовах. Пасля задушэння паўстання 1830 – 1831 гг. па ініцыятыве ўрада пачаўся актыўны працэс русіфікацыі. Ён быў накіраваны не толькі супраць ужывання польскай, але і беларускай мовы. Драматычныя падзеі 1863 – 1864 гг. вымусілі ўлады дзейнічаць яшчэ больш жорстка. Пісьмовая беларуская мова апынулася пад забаронай. Былі зачынены Гора-Горацкі земляробчы інстытут (1848 – 1864) і шэраг сярэдніх навучальных устаноў. Многія мясцовыя настаўнікі высылаліся з Беларусі. На іх месца накіроўваліся выхадцы з цэнтральных расійскіх губерняў. Узмацніўся кантроль праваслаўнай царквы над адукацыяй.

Информация о работе Лекции по "История Беларуси"