Автор работы: Пользователь скрыл имя, 10 Июня 2014 в 22:09, контрольная работа
З.Жылуновіч… Постаць у нашай гісторыі, у нацыянальнай свядомасці, напэўна, самая трагічная. І не толькі для першай паловы ХХ стагоддзя, наогул для ХХ стагоддзя.
Чалавек, творца і грамадскі дзеяч, які ўсе свае духоўныя і фізічныя памкненні цесна звязаў з рэвалюцыйнымі падзеямі пачатку ХХ стагоддзя, апантана змагаўся за новы лад, адраджаў, усталёўваў, мацаваў нацыянальную дзяржаву, быў гэтым жа ладам, гэтай уладай, гэтай дзяржавай абылганы, зняслаўлены, подла знішчаны.
Пра З.Х.Жылуновіча і ў савецкія, і ў постсавецкія гады напісана нямала, прычым аўтарамі самых розных ідэалагічных поглядаў.
УСТУП 3
ГЛАВА 1 ГРАМАДСКА-ПАЛІТЫЧНАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ З.ЖЫЛУНОВІЧА 5
ГЛАВА 2 СЛУЖБОВЫ ШЛЯХ, ТВОРЧАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ 13
ЗАКЛЮЧЭННЕ 15
СПІС ЛІТАРАТУРЫ 16
ЗМЕСТ
З.Жылуновіч… Постаць у нашай гісторыі, у нацыянальнай свядомасці, напэўна, самая трагічная. І не толькі для першай паловы ХХ стагоддзя, наогул для ХХ стагоддзя.
Чалавек, творца і грамадскі дзеяч, які ўсе свае духоўныя і фізічныя памкненні цесна звязаў з рэвалюцыйнымі падзеямі пачатку ХХ стагоддзя, апантана змагаўся за новы лад, адраджаў, усталёўваў, мацаваў нацыянальную дзяржаву, быў гэтым жа ладам, гэтай уладай, гэтай дзяржавай абылганы, зняслаўлены, подла знішчаны.
Пра З.Х.Жылуновіча і ў савецкія, і ў постсавецкія гады напісана нямала, прычым аўтарамі самых розных ідэалагічных поглядаў.
Пасля азнаямлення з рознымі літаратурнымі крыніцамі прыходзіш да высновы, што ў айчыннай гісторыі З. Жылуновічу, як нацыянальнаму палітычнаму лідару не было і няма роўных сярод усіх першага рангу дзяржаўных дзеячаў. З таго рангу палітыкаў ён практычна адзіны, хто на прыроднай нацыянальна-культурнай аснове ствараў беларускую дзяржаўнасць у страшэнна складаных, няверагодна неспрыяльных варунках рабіў першыя крокі па забеспячэнні ёй не міфічнага, а рэальнага палітычнага суверэнітэту.
З. Жылуновіч жыў святой ідэяй беларускай дзяржаўнасці і зацята, самаахвотна працаваў на яе карысць. Яму не раз даводзілася чуць ад сваіх рускіх калег самыя непрыязныя словы датычна забеспячэння беларускаму народу рэальнага права на ўласную дзяржаву. Ад такіх слоў у іншага палітыка маглі б апусціцца рукі, і ён не ішоў бы далей за аўтаномію Беларусі ў складзе Расіі. Не. Не такі быў слынны палітычны нацыянальны лідар, народжаны ў Капылі.
Ён беспамылкова лічыў, што толькі сапраўдная суверэнная беларуская дзяржава будзе ў стане зняць аковы русіфікацыі са свайго народа, забяспечыць яму ўсе ўмовы для самабытнага этнакультурнага існавання і развіцця. Дзеля дасягнення гэтай запаветнай мэты сын Капыльшчыны не шкадаваў ні здароўя, ні часу.
Нам вядомыя даволі шматлікія прыклады, калі тая ці іншая асоба пры ўсіх сваіх выдатных дасягненнях у розных сферах грамадска-палітычнай дзейнасці, культурнай творчасці так і не наблізіліся да ўласнага асэнсавання сутнасці, ролі беларускай нацыянальнай ідэі, а не дык і адкрыта праігнаравала, збэсціла яе. Сказанае ніяк нельга дапасаваць да ўраджэнца Капыля Зміцера Жылуновіча, хаця яго грамадска-палітычная, літаратурная дзейнасць пачыналася ў час, калі яшчэ як след не было сфармулявана само паняцце беларускай нацыянальнай ідэі, калі многімі яна зусім не прызнавалася за штосьці самастойнае.
Мэта гэтай работы – раскрыць сутнасць і змест палітычнага партрэта З.Жылуновіча.
Для гэтага пастаўлены наспупныя задачы: раскрыць асноўныя моманты грамадска-палітычнай дзейнасці З.Жылуновіча, абазначыць аспекты яго службовага шляху, творчай дзейнасці.
Мястэчка Капыль, у якім 23 кастрычніка (4 лістапада) 1887 года нарадзіўся З.Х.Жылуновіч, мае багатае рэвалюцыйнае мінулае. Ужо ў 1904-1905 гадах яго жыхары мелі магчымасць увачавідкі пазнаеміцца са “сваімі”, выхаванымі на мясцовай глебе, юнымі сацыял-дэмакратамі. І першым з іх быў Зміцер Жылуновіч – сын тамтэйшага, капыльскага, гарбара. Яны, новыя “сіцылісты”, як звалі іх у народзе, ужо тады гатовы былі пайсці на самыя рашучыя дзеянні… Па мястэчку і ў яго наваколлі яны распаўсюджвалі лістоўкі, у якіх выкрывалі Булыгінскую дзяржаўную думу, тлумачылі людзям, што “заваяваць свабоду можна толькі шляхам узброенага звяржэння самадзяржаўя”… Ім верылі: на мітынгі, што ладзілі маладыя рэвалюцыянеры, ахвотна ішлі рабочыя і рамеснікі, сяляне і гандляры.
А яшчэ маладыя людзі ў мястэчку Капыль пад кіраўніцтвам З.Жылуновіча ахвотна займаліся самаадукацыяй.
У 1913-м Зміцер Жылуновіч прыехаў у Пецярбург, уладкаваўся на працу на заводзе “Вулкан”, актыўна ўключыўся ў культурна-асветніцкую працу адразу дзвюх суполак – “Веды” і “Адукацыя”. Выбар маладога чалавека адзін: дзейнасць на карысць беларускага нацыянальнага руху…
Па-сур’ёзнаму З. Жылуновіч стаў жыць святой ідэяй беларускай дзяржаўнасці і зацята, самаахвотна працаваць на яе карысць, калі ў лютым 1918 года лёс прывёў яго ў Беларускі нацыянальны камісарыят Наркамнацы РСФСР, а затым у кіраўніцтва Беларускіх секцый Расійскай камуністычнай партыі бальшавікоў.
У Беларускіх секцыях РКП(б) З. Жылуновічу супала працаваць з бясконца адданымі беларускай нацыянальнай ідэі асобамі, у тым ліку і з Аляксандрам Гардзюковым, Іосіфам Лагуном, Аляксандрам Усціловічам. Усе яны былі маладзей за З. Жылуновіча, і не мелі такога багатага досведу, як у яго, у змаганні за інтарэсы нашага краю, за рэальную беларускую нацыянальную дзяржаўнасць.
У гэтым у Жылуновіча не было сур’ёзных сапернікаў сярод сваіх паплечнікаў. Затое хапала ворагаў у асяроддзі даволі шматлікіх кіраўнікоў Паўночна-Заходняга абкама РКП(б) і Абласнога камітэта Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту. Але і ім не ўдалося зламаць непахісную волю беларускага нацыянальнага волата – З. Жылуновіча.
Яго родная Беларусь вярнула 1 студзеня 1919 года даўно страчаную ўласную дзяржаўнасць. Трыумфавала ўся нацыянальна-прагрэсіўная частка беларускага грамадства і яна нікому так не дзякавала, як З.Жылуновічу, бо ведала, што галоўнага роля ў гэтым належала менавіта яму, а не каму-небудзь іншаму з нашых палітычных лідараў.
У час размоў з заклапочанымі заняволеным, пад’ярэмным станам Беларусі людзьмі З. Жылуновіча мо нішто так не цікавіла, не хвалявала, як усё тое, што датычыла шляху пераадолення яе бяспраўнага становішча ў царскай імперыі.
Трэба сказаць, што ў першым дзесяцігоддзі ХХ стагоддзя пытанне аб аўтаноміі беларускіх этнічных земляў у складзе другой дэмакратычнай, федэратыўнай Расіі даволі часта з’яўлялася для нашых нацыянальных сіл прадметам вострых дыскусій, бо ўсё менш і менш заставалася людзей, што хацелі жыць у забраным краі.
Неабходна за станоўчае лічыць, што ў той час ужо мала хто з больш-менш дасведчаных грамадска-палітычных і культурных дзеячаў сумняваўся ў немінучасці поўнай нацыянальнай дэградацыі беларусаў, калі яны дзеля супраціву гэтай страшэннай трагедыі не створаць не адпаведную, дык хоць набліжаную да беларускага нацыянальнага інтарэсу, мясцовую адміністрацыю.
Такі погляд падзяляў і на працягу доўгага часу стараўся праводзіць яго ў жыццё З. Жылуновіч. Адзначым, што ад аўтанамічнай ідэі ён не адмовіўся і пасля кастрычніцкага перавароту 1917 года, але ўжо толькі ў складзе Савецкай Расіі. У першым выпадку ідэя аўтаноміі была з’явай прагрэсіўнай з прычыны таго, што гэта магло хоць крыху б паспрыяць Беларусі вырвацца з удушлівых абдымкаў дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі. У другім, калі ўзніклі пэўныя магчымасці для суверэннага існавання, яна (з’ява) мела для беларусаў адмоўнае значэнне, бо пакідала іх у межах буйной палітычнай рэспублікі, з якой ім вельмі складана, а хутчэй і зусім было б немагчыма захаваць сваю нацыянальна-культурную адметнасць, выступаць у ролі самадастатковага палітычнага суб’екта.
Адзначым, што сапраўдны пераварот у поглядах З. Жылуновіча на беларускае нацыянальнае пытанне зрабіла рэгулярнае чытанне газеты «Наша Ніва», што пачала выходзіць у Вільні 3 лістапада 1906 года. Гэта была штотыднёвая грамадска-палітычная газета цвёрдай нацыянальнай арыентацыі. На працягу некалькіх гадоў такое назіралася пад час міжваеннай беларусізацыі і чарговага беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння канца 1980-х – пачатку 1990-х гадоў.
Грунтоўнымі публікацыямі на гістарычныя тэмы па праблеме нацыянальнай культуры і мовы рэдакцыя газеты «Наша Ніва» паспрыяла незлічонай колькасці беларусаў зусім іншымі вачыма глянуць на сябе, паверыць у сваю здольнасць быць сапраўдным гаспадаром роднага краю.
Падобнага роду ўплыў адчуў на сабе і досыць яшчэ малады капылянін Зміцер, што добра вынікае з яго ўспамінаў пра жыццё той нацыястваральнай для ўсяго беларускага народа пары: «Да гэтага часу я, як і іншыя, цураўся і ўхіляўся роднае мовы. Ва мне, як і ў многіх, укаранілася думка, што беларуская мова, гэта мова архаізму. І раптам усе паняцці па гэтым пытанні пайшлі прахам. Газета на роднай мове! Як па-мастацку і зразумела ўсё! І мяне ўсім нутром пацягнула да роднай мовы. Я кінуў пісаць па-руску і цалкам аддаўся служэнню літаратуры і грамадскасці свайго народа».
Прынцыпова ў іншых варунках выбіраў шлях у мастацкую літаратуру, журналістыку З.Жылуновіч. Рэвалюцыя 1905–1907 гадоў у царскай Расіі прывяла ў рух усе яе нярускія народы, што крута змяніла іх стаўленне да ўласнага нацыянальна-культурнага жыцця.
Такое назіралася і ў Беларусі, што належным чынам пацвярджаецца папулярнасцю газеты «Наша Ніва». Яна мела даволі шырокае кола падпісчыкаў і шматлікіх аўтараў, прычым і па-за межамі нашай Бацькаўшчыны, асабліва ў Пецярбургу. Тут традыцыйна жыло нямала беларусаў. Іх лік у 1913 годзе папоўніў і З. Жылуновіч.
Як пазначалася раней, праца рабочым не перашкаджала яму далучыцца да актыўнай дзейнасці розных культурна-асветных суполак рабочых. Неўзабаве ён зблізіўся з гуртком студэнтаў-беларусаў, наведваў «штаб» беларускага нацыянальнага руху ў Петраградзе – кватэру Б. Эпімах-Шыпілы.
Усе, хто кантактаваў з гэтым выбітным дзеячам беларускай культуры, выдаўцом (уваходзіў ва ўправу створанай у 1906 годзе ў Пецярбургу суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца»), фалькларыстам, мовазнаўцам, літаратуразнаўцам, чалавекам незвычайна высокага патрыятызму, абавязкова і сам далучаўся да актыўнай працы на карысць любай Бацькаўшчыны. У поўнай меры такое адбылося і з З. Жылуновічам.
Нацыянальных патрыётаў Беларусі незалежна ад таго, жылі яны тут ці за межамі тэрыторыі, вельмі моцна хвалявала выкліканая наступствамі Першай сусветнай вайны масавая эвакуацыя цывільнага насельніцтва з раёнаў баявых дзеянняў ўглыб Расіі. Лік уцекачоў з Беларусі вымяраўся не дзясяткамі, а сотнямі тысяч.
Гэтая з’ява была невядомай для еўрапейскіх краінаў пад час войнаў. Упершыню на такую акцыю адважылася і царская Расія, прычым хутчэй за ўсё не паводле ваенна-стратэгічных гуманных матываў, а зыходзячы са сваіх нацыянальна-палітычных, царкоўна-рэлігійных інтарэсаў. Насельніцтва заходніх раёнаў Беларусі было для царызму адным з самых непаслухмяных у імперыі. Сказанае ў найбольшай ступені датычылася асобаў каталіцкага веравызнання. Напад кайзераўскай Германіі на царскую Расію даў палітычнаму кіраўніцтву зручную падставу значную частку такога насельніцтва, часта насуперак яго жаданню, перакінуць далёка на ўсход. Як у дарозе, так і на новым месцы ўцекачоў чакалі невыносна цяжкія выпрабаванні. Пра ўсё гэта добра ведалі беларусы расійскіх гарадоў і як толькі маглі дапамагалі сваім землякам. Гэтай высакароднаю справай з вялікай адказнасцю займаўся З. Жылуновіч, працуючы з 1916 года ў заснаваным у Пецярбургу Беларускім бежанскім камітэце.
У гэтым горадзе на працягу ўсяго толькі двух месяцаў (з лістапада 1916 па 13 снежня 1917-га) выходзіла на беларускай мове газета «Дзянніца». У ролі яе рэдактара-выдаўца быў З. Жылуновіч. Ён верыў у перамогу расійскіх войскаў над немцамі, таму ў газеце і сам, і яе аўтары закраналі не толькі цяжкае ваеннае становішча Беларусі, але і імкнуліся выказаць думкі, якой ёй быць пасля паразы Германіі, заканчэння вайны.
У сваіх артыкулах З. Жылуновіч прапагандаваў ідэю аб стварэнні на Бацькаўшчыне Беларускага ўніверсітэта, пісаў пра неабходнасць развіцця беларускай нацыянальнай культуры, што актуальным з’яўляецца і па сёння.
Не падзяляючы дзяржаўнай русіфікатарскай палітыкі царызму, З. Жылуновіч прыкладваў усе намаганні да таго, каб «Дзянніца» сваімі матэрыяламі садзейнічала выхаванню павагі ў чытачоў да культуры і мовы роднага краю.
Як надзейную, здольную да актыўнай стваральнай працы асобу З.Жылуновіча абралі тады ў склад Беларускага нацыянальнага камітэта, які стаяў цвёрда на платформе аўтаноміі Беларусі ў складзе дэмакратычнай федэратыўнай Расіі, што можна разглядаць у якасці пазітыўнага зруху ў беларускім нацыянальна-дзяржаўным адраджэнні.
Да таго ж яшчэ БНК выступаў за ўвядзенне ў школы беларускай мовы і гісторыі роднага краю. Члены гэтага камітэта не баяліся нават уступаць у прамы кантакт з Часовым урадам, калі ўзнікала пільная патрэба абмеркаваць тое ці іншае надзённае пытанне.
Без З. Жылуновіча не абышліся пры правядзенні ў ліпені 1917 года ў Мінску з’езда беларускіх арганізацый і партый. Яму даверылі стаць членам абранага на з’ездзе Выканкама Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый. Яна была ініцыятарам стварэння Таварыства беларускай культуры.
Без рэшты адданага сваёй шматпакутнай Бацькаўшчыне З. Жылуновіча далёка не ўсё задавальняла ў поглядах бальшавіцкай партыі на такое складанае ва ўмовах царскай Расіі пытанне, як нацыянальнае. Сярод бальшавікоў знаходзілася нямала і тых, што глядзелі на яго з пазіцыі рускага вялікадзяржаўнага шавінізму, сусветнай пралетарскай рэвалюцыі, дзеля якой можна было не задумваючыся ахвяраваць нацыянальнымі інтарэсамі любога народа.
І што самае страшнае, з гэтым у той ці іншай ступені пагаджаліся шырокія колы людзей. Ад такіх поглядаў не была вольнай і наша Беларусь. Каб хоць трохі спыніць іх далейшае распаўсюджванне, адзін з самых актыўных і ўплывовых дзеячаў Беларускай Сацыялістычнай Грамады З. Жылуновіч у артыкуле для газеты «Вольная Беларусь» (23 жніўня 1917 г.) пісаў: «О, яны ведаюць, як соладка жыццё ўціснутых і не дзяржаўных нацый. Ведаюць яны, што ... іх Беларусь стогне ад знявагі, але на гэта не звяртаецца іх думка ... ім убіта ў галаву сухая аднабокая думка аб агульнаработніцкім інтарэсе і ўбіта тым, каго абходзіць справа ўціску нацый, каму не знаёма тая падвойная сіла прыцягнення, якая цісне беларуса як работніка наогул і беларуса ў асобку».