Палітыны партрэт З.Жылуновіча

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 10 Июня 2014 в 22:09, контрольная работа

Описание работы

З.Жылуновіч… Постаць у нашай гісторыі, у нацыянальнай свядомасці, напэўна, самая трагічная. І не толькі для першай паловы ХХ стагоддзя, наогул для ХХ стагоддзя.
Чалавек, творца і грамадскі дзеяч, які ўсе свае духоўныя і фізічныя памкненні цесна звязаў з рэвалюцыйнымі падзеямі пачатку ХХ стагоддзя, апантана змагаўся за новы лад, адраджаў, усталёўваў, мацаваў нацыянальную дзяржаву, быў гэтым жа ладам, гэтай уладай, гэтай дзяржавай абылганы, зняслаўлены, подла знішчаны.
Пра З.Х.Жылуновіча і ў савецкія, і ў постсавецкія гады напісана нямала, прычым аўтарамі самых розных ідэалагічных поглядаў.

Содержание работы

УСТУП 3
ГЛАВА 1 ГРАМАДСКА-ПАЛІТЫЧНАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ З.ЖЫЛУНОВІЧА 5
ГЛАВА 2 СЛУЖБОВЫ ШЛЯХ, ТВОРЧАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ 13
ЗАКЛЮЧЭННЕ 15
СПІС ЛІТАРАТУРЫ 16

Файлы: 1 файл

Кантрольная работа Палітычны партрэт З.Жылуновіча.doc

— 122.50 Кб (Скачать файл)

З. Жылуновіч не збаяўся на Дэмакратычнай нарадзе (27 верасня – 5 кастрычніка 1917 г., Петраград) пакрытыкаваць кіраўнікоў «расійскай дэмакратыі» за іх нежаданне даць народам Расіі сапраўдныя, а не толькі лозунгавыя свабоды. Цалкам заслужана яго ў кастрычніку 1917 года на ІІІ з’ездзе БСГ (праходзіў у Мінску) абралі членам ЦК гэтай партыі.  

Знаходзячыся на высокай пасадзе, З. Жылуновіч не мог не ўдзельнічаць у працы такога важнага форуму, як Усебеларускі з’езд (снежань 1917 г., Мінск). Яго разгон бальшавікамі лічыў за грубае парушэнне і дэмакратычных, і нацыянальных свабод беларускага народа, пра што не мог не сказаць на ІІІ Усерасійскім з’ездзе Саветаў (студзень 1918 г., Петраград).

Вось такую, прама скажам, зайздросную палітычную кар’еру стварыў сабе яшчэ нядаўна зусім шэраговы капылянін у апошнія дні панавання Расійскай імперыі, у кароткі час функцыянавання Часовага ўрада і ў першыя месяцы пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі.

          Ніхто з іншых сяброў БСГ не зрабіў так багата для нацыянальнага інтарэсу Бацькаўшчыны, як З. Жылуновіч. Безумоўна, у гэтым яму дапамог актыўны ўдзел у працы многіх беларускіх і небеларускіх арганізацый нацыянальна-адраджэнцкага толку. Усё гэта як нішто іншае спрыяла ўзбагачэнню вопыту палітычнай дзейнасці маладога З. Жылуновіча, уменню ў любых, самых непрадбачаных сітуацыях правільна вызначыць ролю нацыянальнага фактару.

З. Жылуновіч свядома пайшоў на самае цеснае супрацоўніцтва з усталяваным пасля перамогі Кастрычніцкай рэвалюцыі палітычным рэжымам. І трэба думаць, не памыліўся, бо будучы на яго баку, змог нямала чаго карыснага зрабіць для любай Айчыны. У поўнай меры гэта пацвярджаецца і яго працай на пасадзе галоўнага сакратара, загадчыка выдавецкага аддзела Беларускага нацыянальнага камісарыята (Белнацкама) пры Наркамнацы РСФСР.

Улады Расійскай федэрацыі не збіраліся даваць Беларусі сапраўдны дзяржаўны суверэнітэт, разглядалі яе ў якасці свайго палітычнага суб’екта, што не задавальняла З. Жылуновіча і яго паплечнікаў. І гэта зразумела: яны ж усе ведалі, што адбылося ў акупаваным Мінску 25 сакавіка 1918 г.

Хоць ураду Беларускай Народнай Рэспублікі даводзілася працаваць у надзвычай складаных умовах, ён усё ж штосьці карыснае рабіў для свайго народа, за што апошні цаніў, ганарыўся адроджанай уласнай дзяржавай.

Іншай як палітычна-суверэннай дзяржавай імі не ўяўлялася Беларусь. Развязванню гэтай лёсавызначальнай для яе праблемы і прысвяціў З. Жылуновіч сваю дзейнасць у Белнацкаме.

Немалаважную ролю тут адыграў і яго перыядычны орган газета «Дзянніца». Яна была першай савецкай газетай на беларускай мове. Толькі вось ізноў паўтарылася недарэчнасць: для назвы газеты выкарыстана рускае слова «дзянніца», што можна патлумачыць галоўным чынам незавершанасцю працэсу фармавання беларускай літаратурнай мовы. Першыя пяць нумароў газеты выйшлі пад рэдакцыяй З. Жылуновіча, №№ 6–23 – супольна з Іванам Пятровічам (літаратурны псеўданім Янка Нёманскі).

Проста нельга не адзначыць такога факта, як змяшчэнне ў першым нумары газеты «Дэкларацыі правоў чалавека і эксплуатуемага народа», у змесце якой шмат чаго карыснага можна было адшукаць і для беларусаў. Падрабязную, праўдзівую інфармацыю давала газета пра жыццё нашых уцекачоў у Расію, якіх выгнала сюды нямецкая інтэрвенцыя. Рэгулярна асвятляліся і падзеі з жыцця людзей на захопленай кайзераўскімі войскамі беларускай тэрыторыі, у тым ліку і пра дзейнасць урада Беларускай Народнай Рэспублікі.

Улічваючы, што газета была органам Белнацкама – структурнага савецкага падраздзялення – яна не магла інакш як толькі адмоўна пісаць пра гэтае дзяржаўнае ўтварэнне. Па розных прычынах газета ў сваіх поглядах на фармаванне беларускай дзяржаўнасці не магла далёка пайсці, чаму вельмі перашкаджала пазіцыя па дадзеным архіважным пытанні кіраўніцтва Паўночна-Заходняга абкама РКП(б) (Аляксандр Мяснікоў) і Аблвыкамзаха  (Вільгельм Кнорын).

З. Жылуновіч ніяк не мог адмовіць сабе выступаць з артыкуламі ў такой прагрэсіўнай для свайго часу газеце, як «Белорусское эхо». Выходзіла яна ў Кіеве ў вельмі складаны для Беларусі час (з мая па лістапад 1918 г.), калі значная частка яе тэрыторыі знаходзілася пад уладай кайзераўскай Германіі, калі рабіла толькі першыя крокі створаная ў лютым 1918 г. Беларуская Народная Рэспубліка. З.Жылуновіч быў добра дасведчаны ва ўсім, што адбывалася на яго радзіме. Публікацыі гэтага аўтара ў газеце «Белорусское эхо» давалі чытачу аб’ектыўную інфармацыю па самых надзённых пытаннях, выклікалі ў яго вялікую зацікаўленасць.

Тонкі, уважлівы палітык З. Жылуновіч не мог не заўважаць, як з дня на дзень узрастаў уплыў бальшавіцкай партыі на ход нацыянальна-дзяржаўнае будаўніцтва. У такіх варунках заставацца ў шэрагах Беларускай Сацыялістычнай Грамады (ўступіў у яе ў пачатку 1917 г.) ужо мела б мала сэнсу, бо бальшавікі ўсяляк імкнуліся забяспечыць толькі за сабою лідарства ў арганізацыі палітычнага, нацыянальна-культурнага жыцця савецкіх народаў.

У кастрычніку 1918 г. Прэсненскі райкам партыі Масквы прыняў З. Жылуновіча ў шэрагі Расійскай камуністычнай партыі (бальшавікоў). Даволі хутка ўвялі яго ў склад кіраўніцтва Беларускіх секцый РКП(б). У пачатку трэцяй дэкады снежня 1918 г. З. Жылуновіча ўжо абралі за старшыню Цэнтральнага бюро беларускіх секцый РКП(б). Адбылося такое пад час правядзення 21–23 снежня 1918 г. у Маскве Канферэнцыі беларускіх секцый РКП(б). На ёй жа было прызнана неабходным стварэнне Часовага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі, што з поўным правам можна назваць гістарычнай падзеяй у нацыянальна-дзяржаўным будаўніцтве нашага краю, хаця і адбывалася гэта на бальшавіцкай, савецкай, сацыялістычнай аснове.

Цэнтральнай палітычнай фігурай апісаных вышэй лёсавызначальных для беларускага народа, несумненна, быў ніхто іншы як З. Жылуновіч. Ніхто больш за яго не прыклаў столькі энергіі, не выявіў такой тонкай кемлівасці, не патраціў так багата часу на падрыхтоўку і правядзенне 30–31 снежня 1918 г. VI Паўночна-Заходняй абласной канферэнцыі РКП(б) – Першага з’езда КП(б)Б.

Гэтаму палітычнаму дзеячу належыць аўтарства Маніфеста аб абвяшчэнні Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь. Больш позняя назва – Беларуская Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка. Ад Мінскай губерні прысутнічалі дэлегаты са Слуцкай, Бабруйскай, Самахвалавіцкай, Уздзенскай партыйных арганізацый. 

Рэй жа на канферэнцыі вялі зусім не беларусы, а незвычайна размаітага інтэрнацыянальнага складу бальшавікі паўночна-Заходняга камітэта расійскай КП(б). Яны ніколі не ставілі перад сабой мэту стварэння суверэннай беларускай дзяржавы. Калі штосьці і рабілі дзеля гэтага, дык толькі па ініцыятыве больш высокіх партыйных органаў. З дакладам на канферэнцыі пра бягучы момант выступіў армянін Аляксандр Мяснікоў, а латыш Вільгельм Кнорын браў слова, каб паведаміць дэлегатам пра дзейнасць абласнога камітэта РКП(б). З. Жылуновіч у прэзідыум з’езда не трапіў. А вось у Цэнтральнае бюро КП(б)Б ён увайшоў, але не ў якасці самых высокіх партыйных палітыкаў. Да іх належалі зусім чужыя для Беларусі людзі: А. Мяснікоў (старшыня Цэнтральнага бюро ЦК КП(б)Б), В. Кнорын (сакратар ЦБ).

Ужо на першым пасяджэнні ЦБ ЦК КП(б)Б, якое праводзілася ў апошні дзень снежня 1918 г., узніклі гарачыя спрэчкі паміж З. Жылуновічам і прышлымі бальшавіцкімі кіраўнічымі кадрамі. Дайшло да таго, што «ён заявіў аб складанні з сябе абавязкаў члена ЦБ КП(б)Б», у чым яму адмовілі.

З. Жылуновіч застаўся вельмі незадаволеным, што КП(б)Б, разглядаючы 10 студзеня 1919 г. «пытанне аб выданні газеты на беларускай мове, прызнала гэта не пажаданым».

Ужо аднаго гэтага факта дастаткова, каб зразумець, наколькі абранаму ў асноўным з чужынцаў ЦБ КП(б)Б была непатрэбнай Беларусь як нацыянальная беларуская дзяржава. Цяжкія, шкодныя наступствы русіфікатарскай палітыкі царызму не так проста пераадольваліся і самімі бальшавікамі. А хтосьці з іх і не ставіў перад сабой такой мэты.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

ГЛАВА 2 СЛУЖБОВЫ ШЛЯХ, ТВОРЧАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ

 

Больш удала складваўся для З. Жылуновіча лёс як дзяржаўнага дзеяча, бо тут у яго проста не было сур’ёзнага канкурэнта. 1 студзеня 1919 г. ён быў абраны за старшыню Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі. Уся бяда толькі ў тым, што на гэтай адказнай пасадзе знаходзіўся да 3 лютага 1919 г. – 33 дні.

Гэты лютаўскі дзень 1919 г. быў надзвычай нешчаслівым не толькі для З. Жылуновіча, але і для ўсёй Беларусі. Ад той пагібельнай даты яе кіраўніцтва займалася нацыянальна-дзяржаўным будаўніцтвам практычна толькі ў межах Мінскай губерні. Усе беларускія землі, што знаходзіліся на ўсходзе ад яе, перайшлі да Расійскай федэрацыі. А сам З. Жылуновіч спачатку апынуўся ў Харкаве, дзе працаваў за сакратара газеты «Красная звезда». Затым у чэрвені 1919 г. яго прызначылі палітработнікам штаба 14-й арміі Паўднёвага фронту і нарэшце – літсупрацоўнікам штаба Заходняга фронту ў Смаленску.

Названыя пасады на некалькі рангаў былі ніжэйшыя за тую, што ён выконваў у першыя дні існавання БССР і ўжо мелі не так палітычны, як культуралагічны характар. Таму не будзе памылкай сцвярджаць, што палітычная кар’ера незвычайна здольнага для буйнамаштабнай нацыянальна-дзяржаўнай дзейнасці З. Жылуновіча скончылася 3 лютага 1919 г. Было яму толькі трохі больш  за 30 гадоў.

Чужацкія, варожыя беларускаму народу сілы не дазволілі такому здзейсніцца. На яго карысць і пазней працаваў З. Жылуновіч, але толькі не на тых пасадах, што заслугоўваў. Нямала добрага зрабіў у якасці сакратара, а затым адказнага сакратара заснаванай у 1920-м у Смаленску грамадска-палітычнай беларускамоўнай газеты «Савецкая Беларусь».

Першы яе нумар з’явіўся ў свет 1 лютага 1920 г. З 15 жніўня таго ж года З. Жылуновіч разам з рэдкалегіяй газеты пераехаў у вызвалены ад палякаў Мінск. У снежні 1922-га тут стаў выходзіць на беларускай мове штомесячны літаратурна-мастацкі і грамадска-палітычны часопіс «Полымя», рэдактарам якога прызначылі З. Жылуновіча.

Новая пасада адкрывала шырокія магчымасці для літаратурнай творчасці, дзе выступаў пад найбольш вядомым для чытачоў псеўданімам Цішка Гартны. Пісьменнік меў права на выбар такога псеўданіма, бо ён быў і сапраўды моцна загартаванай, стойкай асобай. У розныя гады З. Жылуновіч яшчэ карыстаўся літаратурнымі псеўданімамі Авадзень, Капылянін, Сымон Друк і іншымі (усяго звыш 35).

Каб уявіць размах працы Ц.Гартнага як публіцыста, літаратуразнаўцы, крытыка і гісторыка, дастаткова сказаць, што толькі за адно дзесяцігоддзе (1918-1928 гг.) ім напісана на розныя тэмы звыш 300 артыкулаў.

Далейшы ж яго службовы, параўнальна спакойны, шлях такі: «узначальваў Цэнтральны архіў БССР, бюро Гістпарта ЦК(б)Б, з’яўляўся членам прэзідыума Інбелкульта, навуковым сакратаром камісіі па вывучэнні гісторыі рэвалюцыйнага руху на Беларусі, працаваў намеснікам наркамаасветы і старшынём Галоўмастацтва БССР» і нарэшце – у Інстытуце гісторыі Беларускай акадэміі навук, што не дае аніякай падставы залічыць яго да палітычнай эліты БССР.

Фармавалася яна зусім з іншых людзей, якія «паспяхова» правялі барацьбу з надуманымі імі самімі беларускім нацыянал-дэмакратызмам, у асноўным за два гады (1937–1938) завяршылі масавыя фізічныя рэпрэсіі, ледзь не пад корань вынішчылі амаль усю красу беларускай нацыі. Як і многім уцалелым ад несправядлівых рэпрэсій супраць нацдэмаў, З.Жылуновічу не вельмі лёгка працавалася ў той час. Але майстры мастацкага слова і сёй-той з занятых у высокіх эшалонах партыйнай улады лічыліся з яго аўтарытэтам як чалавека творчага, таленавітага.

Так, калі па прапанове сакратарыята ЦК КП(б)Б трэба было ў пачатку чэрвеня 1932 г. стварыць арганізацыйны камітэт па падрыхтоўцы Усебеларускага з’езда савецкіх пісьменнікаў, у складзеным спісе фігуравала і кандыдатура Цішкі Гартнага. Праўда, нейкай чыноўніцкай асобай яго прозвішча было выкрэслена і над ім пастаўлены крыжык.

Будучы кандыдатам у члены ЦК КП(б)Б (1927–1929), членам ЦВК БССР (1920–1931), З. Жылуновіч ведаў, да чаго прывядзе беларускі народ савецкі рэпрэсіўны рэжым. Меў дастаткова падставаў хвалявацца і за свой асабісты лёс. Неаднаразова слаў лісты ў высокія партыйныя органы Беларусі, у ЦК УсеКП(б), адмаўляючы ўласную прыналежнасць да нацдэмакратызму. Нічога не дапамагло. Жорсткімі катаваннямі ў Мінскай турме З. Жылуновіча давялі да такога стану, што ўзнікла патрэба перавесці ў Магілёўскую псіхіятрычную лячэбніцу.

Меркаванні ўсіх, хто пісаў пра апошнія дні жыцця З. Жылуновіча, сходзяцца: толькі прадуманым, старанна праведзеным катаваннем следчыя давялі гэтага, здавалася б, зусім нязломнага чалавека да вар’яцтва. Няцяжка ўявіць, колькі патрэбна было спрыту, каб такога стойкага, загартаванага нялёгкім жыццём чалавека, цвярозага розумам творцу пазбавіць здольнасці паводзіць сябе адэкватна абставінам.

Здзейснены З. Жылуновічам акт самагубства прыпаў на 11 красавіка 1937 г., г.зн. за некалькі месяцаў да таго, як велізарная дзяржава-гігант СССР разам з усімі сваімі саюзнымі рэспублікамі ўступіць у запоўненую да краёў паласу масавых фізічных рэпрэсіяў над ні ў чым не вінаватымі людзьмі. Здарылася ж такое з З. Жылуновічам на 50-м годзе яго жыцця.

ЗАКЛЮЧЭННЕ

 

Улады, грамадскасць не маглі не адзначыць велічныя, недасягальныя для іншых заслугі З. Жылуновіча перад сваім народам. Але зрабілі гэта надзвычай сціпла: яго імя носяць вуліцы ў Мінску і Капылі, у названых гарадах усталяваны мемарыяльныя дошкі на дамах, дзе жыў галоўны стваральнік, айцец БССР. У Магілёве ў 1989 г. на месцы яго пахавання пастаўлены помнік. Прыведзеныя звесткі датычацца 1990-х гг.

Хацелася, каб на яго бацькаўшчыне, у Капылі, надалі адной з найлепшых вуліц, плошчаў, паркаў, сквераў горада, бібліятэк яго імя. У гэтым мы ніколі не перабяром: увекавечваем жа памяць сапраўднага першаадкрывальніка, стваральніка беларускай савецкай дзяржаўнасці, без якой не нарадзілася б і сучасная Рэспубліка Беларусь.

Информация о работе Палітыны партрэт З.Жылуновіча