Эканамічная гісторыя Беларусі

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 06 Ноября 2013 в 11:10, контрольная работа

Описание работы

Гісторыя эканомікі – навука адносна маладая. Яна зарадзілася ў сярэдзіне XIX ст., і на прыканцы стагоддзя ўжо выкладалася ў спецыялізаваных вышэйшых навучальных установах Расійскай імперыі. Трэба адзначыць, што паколькі не існавала вышэйшых навучальных установаў на Беларусі, то асобна эканамічная гісторыя беларусскіх земляў не выкладалася. У савецкія часы ў беларускіх ВНУ ішло выкладанне прадмета “Экономическая история СССР”, дзе гаспадарка беларускіх зямель разглядалася як неад’емная частка ўсесаюзнай эканомікі.

Файлы: 1 файл

история.doc

— 1.27 Мб (Скачать файл)


Академiя кіравання  
пры Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь


  Cicтэма адкрытага навучання

 

 

Кафедра беларусазнаўства

Цэнтр iнфaрмацыйных тэхналогiй

 

 

 

 

С. Ф. Шымуковіч 

 

 

 

Эканамічная гісторыя Беларусі   

 

 

 

(для спецiяльнасцi

«Дзяржаўнае кiраванне i экaномiка»)

 

 

 

 

 

 

 

Минск 2001

 

Змест

 

Тэма 1. Уводзіны ў дысцыпліну “Эканамічная гісторыя Беларусі”

Лекцыя 1. Прадмет, метады і задачы курса “Эканамічная гісторыя Беларусі”. Вывучэнне курса “Эканамічная гісторыя Беларусі” ў сістэме “Адкрытая адукацыя”

Асноўныя  паняцці, уключаныя ў сістэму  трэнінг тэсцірвання:

гісторыя; эканамічная  гісторыя; эканамічная гісторыя Беларусі; сувязь эканамічнай гісторыі з грамадскімі  рухамі, нацыянальнымі і этнічнымі  асаблівасцямі; інтэграцыйны характар эканамічнай гісторыі ў сістэме  ўсеагульнай гісторыі і эканамічных навук; спрыяльны ўплыў ведаў па эканамічнай гісторыі на развіццё асобы чалавека; функцыі эканамічнай гісторыі; метады даследавання эканамічнай гісторыі; метадалогія і тэорыя пазнання ў эканамічнай гісторыі; перыядызацыя курса эканамічнай гісторыі Беларусі.

 

Гісторыя эканомікі – навука адносна маладая. Яна зарадзілася  ў сярэдзіне XIX ст., і на прыканцы стагоддзя ўжо выкладалася ў спецыялізаваных вышэйшых навучальных установах Расійскай імперыі. Трэба адзначыць, што паколькі не існавала вышэйшых навучальных установаў на Беларусі, то асобна эканамічная гісторыя беларусскіх земляў не выкладалася. У савецкія часы ў беларускіх ВНУ ішло выкладанне прадмета “Экономическая история СССР”, дзе гаспадарка беларускіх зямель разглядалася як неад’емная частка ўсесаюзнай эканомікі.

 

Прадмет эканамічнай гісторыі Беларусі

 

Эканамічная гісторыя – гэта навука, што вывучае эканамічнае жыцце людзей ва ўсіх яго праявах са старажытных часоў да нашых дзен. Такім чынам, эканамічная гісторыя даследуе наступныя працэсы:

  • станаўленне гаспадарчай дзейнасці людзей на канкрэтнай тэрыторыі;
  • развіцце прадукцыйных сіл і вытворчых адносін;
  • змены спосабаў вытворчасці ад першабытнаабшчыннага ладу да нашых дзён.

Аб’ект гісторыка-эканамічнага аналізу – гэта эканамічныя мадэлі (тыпы), у якія арганізуецца гаспадарчая дзейнасць людзей, механізмы функцыянавання, узаемадзеяння і ўзаемаўздзеяння гэтых сістэм.

Эканамічная гісторыя як навука выконвае цэлы шэраг функцый, сярод іх можна вылучыць прагматычную, цэнасную, культурную, фундаментальную і светапоглядную.

Прагматычная функцыя ўключае ў сябе акумуляцыю, прапаганду і практычную перадачу вопыту гаспадарча-эканамічнага развіцця. Крытычнае ўспрыманне мінулага вопыту дапамагае даследчыку зразумець і асэнсаваць, якія матэрыяльныя і маральна-этычныя нормы мінулага перайшлі ў сучаснае, у якіх выпадках страчаная сувязь павінна быць адноўлена і ад якіх элементаў вытворчых адносін трэба адмовіцца. Дадзеная функцыя дазваляе даследаваць розныя, іншы раз і супрацьлеглыя шляхі развіцця гаспадаркі ў перспектыве.

Каштоўнасная функцыя заключаецца ў аналізе і тэарэтычным абагульненні фактаў з улічам маральнай ацэнкі мэт, шляхоў, сродкаў і вынікаў эканамічнага развіцця з боку даследчыка. З дапамогай гэтай функцыі ў чалавека фарміруюцца грамадзянскія якасці, ен можа ўбачыць хібы грамадства, суаднесці класавыя і сацыяльныя інтарэсы з агульначалавечымі.

Культурная функцыя вызначаецца сацыяльнай памяццю. Гэта дазваляе зберагчы пераемнасць у гаспадарчай працы. Назапашванне ў сацыяльнай памяці гісторыка-эканамічных ведаў робіць агульным здабыткам метады і інструменты эканамічнага развіцця, знаёміць з альтэрнатыўнымі формамі і мадэлямі вытворчасці. Менавіта на гістарычнай і эканамічнай непісьменнасці шырокага кола людзей заўсёды спекулявалі прыхільнікі догмаў аб грамадстве.

Фундаментальная функцыя ўключае ў сябе акумуляцыю, аналіз і першасную тэарэтычную апрацоўку шматбаковай эканамічнай інфармацыі. Новыя гісторыка-эканамічныя веды спрыяюць навуковаму абгрунтаванню новых і канструктыўнай крытыцы існуючых эканамічных тэорый.

Светапоглядная функцыя. Сутнасць гэтай функцыі ў тым, што эканамічная гісторыя ў спалучэнні з гісторыяй эканамічнай думкі ўяўляе сабой філасофію эканамічнага развіцця, а на аснове гісторыка-эканамічных ведаў фарміруецца логіка і стыль эканамічнага мыслення канкрэтнай асобы.

Эканамічная гісторыя як педагагічная дысцыпліна выконвае наступныя функцыі:

  • на канкрэтных прыкладах дапамагае засвоіць эканамічную тэрміналогію;
  • фарміруе эканамічнае мысленне, дае яму рэалізм, гістарызм і маштабнасць.

 

Перыядызацыя курса эканамічнай гісторыі

 

Канчаткова пытанне перыядызацыі гісторыка-эканамічнага развіцця грамадства не вырашана і ў наш час. Існуе  некалькі розных канцэпцый перыядызацыі, у падмурак кожнай пакладзены свой прынцып.

Найбольш ранняя перыядызацыя –  гэта так званая канцэпцыя “трох ступеняў”. Распрацавана яна была яшчэ у старажытныя часы грэчаскімі навукоўцамі. Згодна з іх меркаваннямі, чалавецтва ў сваім развіцці прайшло тры стадыі. Першая стадыя – “залаты век” – характаразавалася прысваеннем гатовых дароў прыроды. Другая стадыя – дзікасць – была звязана са з’яўленнем і распаўсюджваннем такіх форм гаспадарання, як паляванне і жывёлагадоўля. Трэцяя стадыя – цывілізацыя – характаразавалася высокім узроўнем развіцця земляробства і грамадскага жыцця. Пераход ад адной ступені да другой праходзіў паступова. Гэта перыядызацыя з некаторымі змяненнямі і дапрацоўкамі была галоўнай да сярэдзіны XIX стагоддзя. У гэты час, са з’яўленнем навукі эканамічнай гісторыі і, адпаведна, даследчыкаў, значна пашырылася колькасць тэорый гаспадарчага развіцця грамадства – а на падставе тэорый былі распрацаваны новыя перыядызацыі.

Перыядызацыя развіцця гаспадаркі па галіновай прыкмеце, ці перыядызацыя Ф. Ліста. Даследчык выдзяляў 5 стадый:

    1. дзікасць;
    2. пастухоўства;
    3. земляробства;
    4. земляробна-мануфактурная;
    5. земляробна-мануфактурна-камерцыйная.

Кожная стадыя характаразавалася  панаваннем сваей галіны вытворчасці.

Перыядызацыя, заснаваная на наступнай  прыкмеце: спосабу абмену прадукцыі. Аўтар – Б. Гільдэбрант. Ён выдзяляў тры этапы развіцця гаспадаркі:

    • натуральная гаспадарка;
    • грашовая гаспадарка;
    • крэдытная гаспадарка.

Перыядызацыя К. Бюхера была заснавана  на наступным прынцыпе – ступені інтэнсіўнасці абмену. Вылучаліся тры этапы развіцця гаспадаркі:

  • замкнёная хатняя гаспадарка, у якой не існавала абмену;
  • гарадская гаспадарка, у якой існаваў непасрэдны абмен тавараў;
  • народная гаспадарка, дзе існавала некалькі этапаў абмену таварамі яшчэ на стадыі вытворчасці.

Перыядызацыя аб’ектыўнага абмежавання эканамічнага росту, што была распрацавана П. Маславым засноўвалася на крытэрыі немагчымасці працягвання эканамічнага развіцця экстэнсіўным метадам ў межах адной стадыі – што прыводзіла да пераходу ў новую. Даследчык вылучаў такім чынам 5 этапаў развіцця гаспадаркі:

  • этап ізаляванай гаспадаркі;
  • абшчынная гаспадарка, для якой характэрна было зараджэнне рамяства;
  • раённая гаспадарка, для якой характэрна было ўсталяванне абмену паміж горадам і вёскай;
  • нацыянальная гаспадарка – характарызавалася з’яўленнем мануфактур;
  • сусветная гаспадарка, якая характарызуецца панаваннем фабрык.

У XIX ст. К. Маркс распрацаваў фармацыйную тэорыю развіцця грамадства на падставе якой была складзена наступная перыядызацыя. Былі вылучаны тры фармацыі – пярвічная, ці архаічная; другасная, ці эканамічная; трацічная, ці камуністычная. У падмурак гэтага падзелу на фармацыі быў пакладзены прынцып панавання асноўнага спосабу вытворчасці ці тыпу маёмасці. Так, да другаснай фармацыі даследчык далучаў азіяцкі, антычны, феадальны і сучасны спосабы вытворчасці. Гэтая канцэпцыя, дапрацаваная У. Леніным і І. Сталіным, была пануючай у гістарычнай навуцы СССР.

У наш час папулярнасць набыла цывілізацыйная канцэпцыя развіцця грамадства, пачатак якой пакладзены ў XIX ст. А. Тойнбі, І. Данілеўскім, О. Шпенглерам. Цывілізацыя – гэта "ўстойлівы, самаўзнаўляльны тып сацыяльнай арганізацыі аднаго ці некалькіх грамадстваў, калі яны звязаны прыкладна аднолькавымі палітычнымі, эканамічнымі, сямейнымі, псіхалагічнымі і прававымі традыцыямі, якія могуць перадавацца ад адных этнасаў да другіх, што з'явіліся на гістарычнай арэне пазней". Згодна з цывілізацыйнай канцэпцыяй існавалі на працягу гісторыі лакальныя цывілізацыі (яны ахоплівалі кароткія гістарычныя цыклы) і сусветныя цывілізацыі (ахоплівалі больш працяглыя гістарычныя цыклы). Гэтыя цывілізацыі аб’ядноўваюць шэраг краін і тэрыторый, яны маюць свае спецыфічныя асаблівасці развіцця, але, змяняючы адна адну, яны захоўвалі паслядоўнасць і пераемнасць развіцця тэрыторый. Гісторыя такім чынам падаецца як адзіная плыня.

Эканамічная гісторыя Беларусі вывучаецца на падставе перыядызацыі, складзенай з улікам асаблівасцяў гаспадарчага развіцця гэтай тэрыторыі. Складзена гэтая перыядызацыя на падставе некалькіх розных перыядызацый – у тым ліку археалагічнай, фармацыйнай. Згодна з ей, эканамічная гісторыя Беларусі падзяляецца на наступныя перыяды:

    • Старажытны (100 тыс. г. да н.э. – V ст. н.э.)
    • Сярэднія вякі (VI ст. н.э. – XV ст. н.э.)
    • Новы час (XVI ст. – пачатак XX ст.)
    • Найноўшы час (з 1914 г. па сённяшні дзень)

Сутнасць метадалогіі эканамічнай гісторыі – гэта вырашэнне пытання аб прыродзе гісторыка-эканамічнага тлумачэння.

Метадалогія раскрывае асноўныя паняцці  навукі і паказвае іх ролю ў працэсе  пазнання. Адна з задач метадалогіі  – удасканаленне паняційнага  апарату. Да асноўных паняццяў адносяцца  катэгорыі і прынцыпы.

Катэгорыі – гэта найбольш агульныя паняцці, якія канцэнтруюць веды пра важнейшыя адносіны, уласцівасці і сувязі навакольнага свету (гістарычны час, гістарычны факт, гістарычнае месца і інш.).

Прынцыпы – зыходныя паняцці навукі, што вызначаюць асноўныя спосабы вырашэння навуковый праблемы.

Прынцып гістарызму патрабуе ад даследчыка ўліку змянлёвасці і развіцця рэчаіснасці ў часе.

Прынцып аб’ектыўнасці патрабуе ад даследвання ўсебаковыга ахопу вывучаемай з’явы, апоры на дасягнуты ўзровень навуковых ведаў з улікам усіх поглядаў на дадзенную праблему, выкарыстоўвання усёй сукупнасці метадаў даследавання.

Прынцып каштоўнаснага падыходу патрабуе выяўлення і ацэнкі індывідуальна значнага для канкрэтнай асобы ў вывучаемым аб’екце, але пры захаванні прынцыпаў гістарызму і аб’ектыўнасці.

Сродкам пазнавальнай дзейнасці з’яўляюцца метады.

Метад – гэта сукупнасць прыёмаў і аперацый, што рэгулююць дзейнасць даследчыка і забяспечваюць вырашэнне даследчыцкай задачы.

Да больш важкіх, арганічна звязаных з курсам эканамічнай гісторыі можна  аднесці наступныя групы метадаў даследавання:

  • метады агульнанавуковыя (гістарычны, лагічны і метад класіфікацыі) – лагічная аснова ўсялякага даследавання. Так, гістарычны метад дазваляе ўстанавіць гістарычную паслядоўнасць працэсу генезісу вывучаемай з’явы, яе генетычныя вытокі;
  • спецыяльна-гістарычныя метады, у тым ліку:
    • метад класавага падыходу. Трактуе гістарычны працэс праз прызму наяўнасці розных класаў. Як развіццё класавага метаду – марксісцкі падыход, што прапагандаваў наяўнасць класавай барацбы;
    • гісторыка-генетычны метад дазваляе вывучаць з’явы ў працэсе іх развіцця, ад зараджэння да гібелі ці сучаснага стану;
    • гісторыка-параўнальны ці кампаратыўны метад дазваляе параўноўваць гістарычныя аб’екты ў прасторы і часе, выяўляць падабенствы і адрозненні паміж імі;
    • гісторыка-тыпалагічны дазваляе выяўляць агульныя рысы ў прасторавых групах гістарычных падзей і з’яў і вылучаць аднародныя стадыі ў іх развіцці;
    • гісторыка-сістэмны метад дазваляе праводзіць паглыблены аналіз сацыяльна-гістарычных сістэм і раскрываць ўнутраныя механізмы іх функцыянавання;
    • дыяхранічны метад дазваляе даследчыку будаваць у часе разнастайныя па прыродзе гістарычныя працэсы;
    • рэтраспектыўны метад дазваляе праводзіць паслядоўнае пранікненне ў гістарычнае мінулае з мэтай выяўлення прычыны дадзенай падзеі.

Існуюць і іншыя метады – храналагічны або метад перыядызацыі, параўнальна-гістарычны або метад гістарычных паралеляў ці метад гістарычнага мадэлявання і г.д.;

  • метады сумежных навук – матэматычнай статыстыкі, сацыяльных канкрэтных даследаванняў, сацыяльнай псіхалогіі і г.д.

Сярод іх можна адзначыць колькасныя метады у т.л. інфармацыйныя. Гэта колькасны аналіз, контэнт-аналіз, мадэляванне, метад сінергетыкі (тэорыі самаарганізаваных грамадскіх сістэм) і інш.

  • метады прыродазнаўчых навук (фізічных, хімічных, біялагічных, геалагічных, тэхнічных і г.д.).

Да эканамічнай гісторыі найбольш важкія радыевугляродны, дэндралагічны, археаманітычны, металаграфічны, петраграфічны, геафізічны метады. З іх дапамогай можна вызначыць "узрост" рэшткаў дрэваў, вугалю, касцей, керамікі, зерневых і збожжавых культур з сярэднестатыстычнай памылкай усяго 1—2%; ўстанавіць агульныя заканамернасці ў развіцці апрацоўкі матэрыялаў і г.д.

 

Крыніцы па эканамічнай гісторыі Беларусі. Асноўныя задачы навукі “Эканамічная гісторыя Беларусі”

 

Крыніцы па эканамічный гісторыі Беларусі вельмі разнастайныя па форме, зместу і дакладнасці інфармацыі. Гісторыкі карыстаюцца некалькімі тыпамі крыніц. Кожны тып, у сваю чаргу, можа падзяляцца на больш дробныя састаўныя часткі.

Археалагічныя крыніцы. Гэты тып крыніц – асноўны для даследчыкаў да з’яўлення крыніц пісьмовых. Аднак і з існаваннем пісьмовых крыніц археалагічныя не страчваюць сваей вагі ў вывучэнні гістарычных і эканамічных падзей да XV-XVII ст.  Да археалагічных крыніц адносяць: рэшткі старажытных паселішчаў, стаянак, гарадзішчаў, гарадоў; выкапневыя прылады працы, прадметы побыту, хатняе начыненне, адзенне; горныя выпрацоўкі, гідратэхнічныя збудаванні, палі старажытнага земляробства, дарогі; зброю, абарончыя збудаванні; магільнікі і інш. На ўсёй тэрыторыі Беларусі зарэгістравана каля 6 тысяч буйных археалагічных помнікаў, што ахопліваюць храналагічны перыяд ад часоў першых пасяленцаў (каля 100-40 тыс. гадоў да н.э.) і да XV ст.

Тапанімічныя крыніцы. Тапонімы – гэта назвы геаграфічных аб’ектаў. Часта яны былі дадзены яшчэ ў самыя старажытныя часы, захоўваючы звесткі пра этнічны склад старажытнага насельніцтва тэрыторыі, найбольш распаўсюджаныя яго заняткі. Панаванне падсечна-агнявой (ляднай) сістэмы земляробства знайшло адлюстраванне у назвах вёсак Ляды, Чысць. Ад старадаўніх промыслаў і рамёстваў атрымалі назвы вёскі Рудня, Кавалі, Пушкары. Ў 20-я – 60-я г. XX ст. праводзілася палітыка перанаймення паселішчаў. Шмат весак і гарадоў, што мелі “неблагозвучные” назвы страцілі іх. Такім чынам каля 1000 спрадвечных назваў населеных пунктаў зніклі з карты Беларусі. У выніку каштоўнасць гэтага тыпу крыніц значна знізілася.

Информация о работе Эканамічная гісторыя Беларусі