Максім Адамавіч Багдановіч

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 12 Мая 2015 в 00:06, реферат

Описание работы

Максі́м Ада́мавіч Багдано́віч (9 снежня (27 лістапада) 1891, Мінск — 25 мая (12 мая) 1917) — беларускіпаэт, публіцыст, літаратуразнавец, перакладчык; класік беларускай літаратуры, адзін са стваральнікаў беларускай літаратуры і сучаснай літаратурнайбеларускай мовы[3]. Багдановіч выступаў як крытык і гісторык літаратуры[4]. Распачынальнік традыцыі беларускага мастацкага перакладу[5]. Нізка «Места» з адзінага прыжыццёвага зборніка паэта «Вянок» з'яўляецца першым узорам урбаністычнай лірыкі ў новай беларускай паэзіі[6].

Файлы: 1 файл

Максім Адамавіч Багдановіч.docx

— 205.48 Кб (Скачать файл)

КАШТОУНАСЦЬ IНТЭЛIГЕНЦЫI

Самую вялікую — і зусім справядліва — надзею на нацыянальна-культурнае адраджэнне беларускага народа Максім Багдановіч ускладаў на яго інтэлігенцыю. Ён моцна перажываў, што нямала таленавітых прадстаўнікоў яе адарвалася ад сваёй Бацькаўшчыны, жыве інтарэсамі іншых народаў, аддае ўсе сілы і здольнасці на карысць чужой культуры і навукі. Патрэбен быў час — і даволі працяглы,— каб інтэлігенты з карэннага насельніцтва нашага краю перасталі лічыць сябе беларусафіламі польскай культуры ці беларусафіламі рускай культуры і пачалі глядзець на сябе як на зусім самастойную групу інтэлігенцыі пэўнага этнасу, аб'явілі сябе змагарамі за яго нацыянальную культуру без усялякага пасрэдніцтва польскай ці рускай культур.

Першымі такімі беларусафіламі, бясспрэчна, можна назваць студэнцкую моладзь Пецярбурга, што групавалася вакол часопіса «Гомон». Пазней нацыянальна свядомыя інтэлігенты раслі як грыбы пасля дажджу. У літаратуры шмат азначэнняў дэфініцыі «інтэлігенцыя», але разуменне яе Максімам Багдановічам вельмі набліжанае да характару тагачаснага жыцця на Беларусі. «Гэтым іменем,— пісаў ён, — мы адзначаем свядомых людзей,

нясушчых сваю свядомасць на карысць простага народа нават і проці ўласнага інтарэсу». Звяртаюць на сябе ўвагу апошнія тры словы, з якіх відаць, што абавязковай умовай заліку ў інтэлігенты Багдановіч прызнаваў гатоўнасць чалавека служыць нацыі, калі гэта нават у чымсьці пагражала ўласнаму жыццю і інтарэсу. А тады ж такія пагрозы для шчырага беларуса-інтэлігента ўзнікалі амаль на кожным кроку.

У справе гуртавання беларускай інтэлігенцыі Багдановіч выдзяляў два важныя фактары: французскую буржуазную рэвалюцыю 1789—1794 гадоў і адкрыццё ў 1803 годзе Віленскага універсітэта. Пад уздзеяннем падзей у Францыі ішоў працэс фарміравання інтэлігенцыі «нават у многіх даўно ўжо замёршых народаў», яна «пачала жывую працу над развіццём іх культур, ці, іншымі словамі, над іх нацыянальным адраджэннем». Багдановіч са шкадаваннем пісаў, што «ў нас пры надзвычайнай слабасці інтэлігенцыі і пры поўнай неразвітасці яе беларускіх нацыянальных пачуванняў... усё абмежылася некалькімі крокамі, ды і тыя былі зроблены толькі дзякуючы дзе-якім асаблівым умовам тагачаснага жыцця».

Сапраўднай кузняй беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі Багдановіч слушна лічыў беларускую газету «Наша ніва», увогуле беларускае друкаванае слова. Калі раней культурны пласт насельніцтва Беларусі складаўся з агульнаімперскіх адходаў, польскіх нацыяналістаў і яўрэйскай буржуазіі, што «былі ў яго масе іншароднымі целамі», дык вакол «Нашай нівы» згуртаваліся асобы, якія «выраслі ў народзе, ад народа не адарваліся, ім вядомы народныя патрэбы і народныя язвы, блізка псіхіка народа; яны ведаюць народ, і народ ведае іх,— ведае і верыць ім». 3 такімі людзьмі можна было весці плённую асветніцка-культурную работу ў масах. Невыпадкова «Наша ніва», пісаў Багдановіч, «прабіла сабе дарогу ў самыя глухія куткі Беларусі, у самыя цёмныя пласты насельніцтва. Для многіх тысяч людзей яна з'явілася першай газетай, прачытанай імі, першай крыніцай ведаў, якая не насіла казённага адбітку, выкладзеная простай і яснай мовай... У беларускім краі, змардаваным нацыянальнай барацьбой, «Наша ніва» нястомна нагадвала пра неабходнасць паважаць правы кожнага народа, шанаваць усялякую культуру і, замацоўваючы свае нацыянальныя асновы, шырока карыстацца набыткамі культуры як польскай, так і велікарускай і ўкраінскай».

Даводзіцца шчыра пазайздросціць багдановіцкаму часу датычна лідэраў беларускай нацыі ці блізкіх да такога высокага рангу людзей. Iгалоўнае, што пераважна ўсе яны былі маладога ўзросту. Больш за сем гадоў мінула, як мы, дзякуючы гарбачоўскай перабудове, перайшлі ад слоў да справы ў галіне нацыянальна-культурнага адраджэння, але так і не выдзелілі са свайго асяроддзя сапраўднага лідэра. Сёй-той набліжаецца да такога рангу, але ці ўзрост замінае яму сцвердзіцца ў гэтым, ці перашкаджаюць канкурэнты альбо праціўнікі беларускага нацыянальна-культурнага адраджэння.

Справядліва робячы галоўную стаўку на інтэлігенцыю ў вырашэнні задач беларускага нацыянальна-культурнага адраджэння, Багдановіч між тым не раз выказваў цвёрдую ўпэўненасць, што ў гэтай справе яна не саступіць з пазіцый сапраўднага інтэрнацыяналізму, таму што аснову яе складаюць пераважна выхадцы з працоўных мас, якім вельмі блізкія ідэі дэмакратызму і гуманізму. «Абараняючы інтарэсы свайго народа і кладучы ў аснову гэтай дзейнасці наяўнасць самастойнай беларускай нацыянальнасці і беларускай культуры, беларуская інтэлігенцыя ніколі не ўпадала ў шавінізм, не імкнулася да прымяншэння правоў суседніх нацыянальнасцей, на ўсю паўнату самастойнага культурнага развіцця. У прыватнасці, яна вітае рост як велікарускай, так і польскай культуры ў краі, дабіваючыся толькі таго, каб гэты рост не меў сваёй асновай дэнацыяналізацыю беларускага народа».

Справядліва звязваючы лёс беларускага адраджэння з інтэлігенцыяй, Багдановіч ніколькі не прыменшваў у гэтым ролі народных мас. Пацвярджаецца такое і зместам яго зусім невялічкага ліста спецыяльна да простых людзей (напісаны ў 1914 ці 1915 годзе) «Хто мы такія?». Каб да нацыянальнага руху схіліць як мага больш такіх людзей незалежна ад іх канфесійнай прыналежнасці, паэт у дадзеным лісце пераканаўча даводзіць, што насельніцтву нашага краю аніяк нельга вызначаць сваю нацыянальнасць толькі паводле рэлігійнай прыкметы. 3 мэтай дапамагчы простым людзям адчуць сябе гаспадаром на зямлі роднай Бацькаўшчыны, Багдановіч знаёміць іх з найбольш адметнымі старонкамі ўласнай гісторыі, але і не ўтойвае, у якіх цяжкіх умовах у яго час даводзіцца адстойваць беларусам сваё права на існаванне: «Жывём мы паміж палякаў і велікарусаў, народаў моцных, і маем шмат крыўды ад іх. Бо ёсць велікарусы, што намагаюцца, каб мы забыліся на ўсё сваё, беларускае, выракліся яго ды звярнуліся ў велікарусаў, гаварылі б і жылі па-іхняму. ёсць і палякі, каторыя таксама хочуць змяніць нас на свой

капыл, каб і мы сталіся палякамі. Агляніцеся: усё наша роднае, беларускае, марнуецца, нішчыцца, знікае, бо яго забіваюць, яго прыглушаюць, ім пагарджаюць, а чужое пануе, пышаецца, мае сабе пашану і павагу. I— хто ведае? — быць можа, пройдзе колькі часу, і не пазнаем мы ані нашага краю, ані нашых дзяцей. Iбудзе скрозь чужое, нязвычнае, а свайго роднага — нічога».

Багдановіч, як вялікі аптыміст беларускага адраджэння, не мог вышэйпрыведзенымі словамі закончыць свой ліст да простых людзей. На ўвесь голас, рашуча заклікаў іх не пакідаць сваёй гаворкі, песень, звычаяў, «шанаваць, бараніць, дзецям сваім аб тое запаведаць... Чытайма, браткі, кніжкі і газеты, напісаныя ў нашай беларускай гаворцы. Тады прыйдзе канец нашай цемнаце, праясняцца нашыя вочы і кожны крок, што мы ступім па зямлі, будзе крокам да блізкага шчасця, да светлага жыцця».

Вельмі шкада, што гэтае прадбачанне паэта не збылося. Мы не толькі не прыйшлі «да светлага жыцця», а калі браць пад увагу з яго толькі наша беларускае нацыянальна-спецыфічнае, дык яно цяпер непараўнальна бяднейшае і ў большай ступені загубленае, чым на момант, калі пісаўся Багдановічам ліст да простых людзей.

Значна меншае месца ў публіцыстычнай спадчыне Максіма Багдановіча адведзена праблеме разумення інтэлігенцыяй ролі барацьбы беларускага народа за дзяржаўную незалежнасць на рубяжы XIX—XX стагоддзяў. У прынцыпе, ён падзяляў патрабаванне аб выдзяленні «Беларусі і Літвы, злітаваных эканамічна, геаграфічна і гістарычна, у абласную самакіруючую адзінку». Калі пад Літвой ім разумеліся Гродзенская і беларускія паветы Віленскай губерняў, што тады даволі часта сустракалася на старонках навуковай літаратуры, у розных афіцыйных выданнях, дык такое аб'яднанне гэтых тэрыторый у адну нацыянальна незалежную адзінку — з'ява зусім нармальная і перспектыўная. Ісці ж на дзяржаўнае аб'яднанне Беларусі з тагачаснай этнічнай Літвой было б справай неперспектыўнай, бо тут адразу маглі б узнікнуць цяжкасці з рэгуляваннем культурна-моўнага развіцця іх народаў,  якія ў гэтым пытанні маюць больш адрозненняў, чым падабенства. Інтэграцыя беларусаў і літоўцаў у адну дзяржаву, нягледзячы на тое, што колісь і сапраўды яна ў іх была агульнай, не прынесла б карысці ні першым, ні другім. Гістарычны вопыт краін свету пераканаўча сведчыць, што ў найбольшай ступені свае ідэалы кожны народ можа здзейсніць толькі ў нацыянальнай дзяржаве, у якой на прадстаўнікоў іншых этнасаў прыпадае не больш за 20—25 працэнтаў агульнай колькасці насельніцтва. У адваротным выпадку нярэдка бывае, што цяжка пазбегнуць асіміляцыі нават карэннай нацыі таго ці іншага поліэтнічнага дзяржаўнага фарміравання. Думаецца, цяпер мала хто верыць, што беларускі народ можа выжыць як самастойны этнас без поўнай, рэальнай, дзяржаўнай суверэннасці, развітай, перадавой нацыянальнай эканомікі. I ўсё ж не менш важна для выжывання і далейшага грамадскага прагрэсу мець беларускаму народу сваю арыгінальную, самабытную нацыянальную культуру, старанна ачышчаную ад празмерных напластаванняў усяго чужога, іншароднага, і родную мову, якія на сваёй гістарычнай тэрыторыі не ведалі б канкурэнцыі, выконвалі б увесь аб'ём функцый па задавальненню духоўных патрэб насельніцтва. Калі беларускай культуры і мове не будзе забяспечана такая прастора, тады, карыстаючыся любімымы выразамі Багдановіча, мы будзем выглядаць як «абсевак у славянскім полі», выступаць у ролі «спажыўнага матэрыялу для суседніх народаў», застанёмся «захудалым славянскім краем».

Для нас сёння вельмі важна мець на ўвазе, што і тады малады пясняр Багдановіч глядзеў на нацыянальна-культурнае адраджэнне беларускага народа як на з'яву агульнаеўрапейскую, бо цяпер жа нам тым больш неабходна будаваць сваё жыццё з улікам дасягненняў цывілізаваных краін свету і найперш Еўропы. Задумаўшы даць характарыстыку беларускага нацыянальнага руху, Максім Багдановіч палічыў неабходным перш за ўсё вызначыць суадносіны «паміж ім і агульнаеўрапёйскім прагрэсам». Асноўныя лініі яго бачыліся ва ўсё большым драбленні «культур увогуле і літаратур у прыватнасці». «Важнае месца ў гэтым зруху, — пісаў Багдановіч, — займае працэс размежавання роднасных культур. Адны рознаскладовыя культурныя масівы прама распаўзаюцца па шву, прыкладам чаго з'яўляецца адасабленне трох скандынаўскіх культур, якія здаўна зліпліся, але не зліліся ў адно цэлае. Ад іншых адпластоўваюцца больш слабыя, блізкія да іх па паходжанню, але ўсё ж не тоесныя з імі нацыянальна-культурныя адзінкі». Таму зусім лагічнае і адколванне ад рускай культуры ўкраінскай і беларускай. «У асобе гэтай апошняй знаходзіцца не монстр, не рарытэт, не унікум, а глыбока жыццёвая з'ява, якая знаходзіцца ў рэчышчы агульнаеўрапейскага прагрэсу».

Шкада, што зусім не так глядзелі ў нас на культурныя працэсы ў больш позні час. Усякае адасабленне, арыгінальныя шляхі развіцця культуры і мовы разглядаліся як падрыў палітыкі інтэрнацыяналізацыі духоўнага жыцця савецкіх народаў, што нібыта не садзейнічала іх прагрэсу, але ж затое беларусаў, нягледзячы на параўнальна ранні прыход у іх край цывілізацыі, гэта прывяло ледзь не да поўнай асіміляцыі. Каб выкараскацца з яе «яжовых рукавіцаў», патрэбна карэнным чынам перагледзець свае адносіны да нацыянальна-спецыфічнага ў культуры, пераўтварыць мову беларускага народа ў найважнейшы сродак яго духоўнага жыцця, як гэта рабілася і робіцца ўсімі цывілізаванымі нацыямі. Такім чалавечым стаўленнем да нацыянальных духоуных каштоўнасцей мы выканаем запавет Максіма Багдановіча, не застанёмся ў даўгу перад яго светлаю памяццю.

Закончыць свой рэферат я хацеў бы словамі М. Багдановіча: «Пачынае фармавацца ўсведамленне, што беларуская мова можа па праву ўвайсці ў мясцовы грамадскі абарот... усё гэта паказвае, што ў свядомасці мясцовага грамадства беларускі народ не tabula rasa[2], а самастойная нацыянальная велічыня, беларускі ж рух — жывая культурна-грамадская сіла».

 

 


Информация о работе Максім Адамавіч Багдановіч