Религиоведение

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 07 Апреля 2015 в 01:31, курс лекций

Описание работы

У азначэннях рэлігіі, якія даюцца з пункту погляду тэалогіі, яна тлумачыцца як узаемадзеянне чалавека са звышнатуральным, пры гэтым зыходзяць з рэальнай наяўнасці апошняга. Азначэнні, якія належаць да гэтай групы, у асноўным падобныя паміж сабой. Мы прывядзем тыя з іх, якія належаць вядомым тэолагам ХХ ст. Згодна з А. Менем, рэлігія – гэта “сіла, якая звязвае светы, мост паміж створаным светам і Духам Боскім”, адпаведна Р. Гвардзіні – гэта “канкрэтныя ўзаемаадносіны канкрэтнага чалавека і жывога Бога”, па К. Ранеру – экзістэнцыяльная сувязь чалавека з жывым Богам, згодна з Э. Жыльсанам – асабовае стаўленне чалавека да трансцэндэнтнага, рэальнага і асабовага Абсалюта (Бога).

Содержание работы

1.1. Азначэнне рэлігіі.
1.2. Структура рэлігіі.
1.3. Функцыі рэлігіі.
1.4. Тыпы рэлігіі.

Файлы: 1 файл

Lektsyi_pa_religiyaznawstvu_1.doc

— 716.50 Кб (Скачать файл)

 


 


 

Установа адукацыі

 “Гомельскі дзяржаўны  ўніверсітэт

 імя Францыска Скарыны”

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

В. А. АДЗІНОЧАНКА

 

 

 

 

 

 

 

ЛЕКЦЫІ ПА РЭЛІГІЯЗНАЎСТВУ

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Гомель

ГДУ імя Ф. Скарыны

2014

 

Тэма 1  АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА РЭЛІГІІ

 

1.1. Азначэнне рэлігіі.

1.2. Структура рэлігіі.

1.3. Функцыі рэлігіі.

1.4. Тыпы рэлігіі.

 

1.1. Азначэнне рэлігіі

 

Зараз вядома каля 400 самых разнастайных азначэнняў рэлігіі. Умоўна іх можна падзяліць на тры групы ў адпаведнасці з трыма вылучанымі намі ў прадмове асноўнымі падыходамі да аналізу рэлігіі: тэалагічныя, філасофскія і навуковыя.

У азначэннях рэлігіі, якія даюцца з пункту погляду тэалогіі, яна тлумачыцца як узаемадзеянне чалавека са звышнатуральным, пры гэтым зыходзяць з рэальнай наяўнасці апошняга. Азначэнні, якія належаць да гэтай групы, у асноўным падобныя паміж сабой. Мы прывядзем тыя з іх, якія належаць вядомым тэолагам ХХ ст. Згодна з А. Менем, рэлігія – гэта “сіла, якая звязвае светы, мост паміж  створаным светам і Духам Боскім”, адпаведна Р. Гвардзіні – гэта “канкрэтныя ўзаемаадносіны канкрэтнага чалавека і жывога Бога”, па К. Ранеру – экзістэнцыяльная сувязь чалавека з жывым Богам, згодна з Э. Жыльсанам – асабовае стаўленне чалавека да трансцэндэнтнага, рэальнага і асабовага Абсалюта (Бога).

Для філасофскіх азначэнняў рэлігіі характэрна надзвычайная разнастайнасць. Кожны філосаф тлумачыў рэлігію з пункта погляду сваёй сістэмы, і таму зразумець сэнс гэтых тлумачэнняў можна, як правіла, толькі пасля знаёмства з агульнафіласофскімі поглядамі таго ці іншага мысліцеля. Згодна з Гегелем, рэлігія – гэта “абсалютная свядомасць суб’ектыўнага духу”; паводле І. Канта – гэта “сукупнасць маральных абавязкаў, успрынятых як загады Бога”; Л. Феербах вызначаў яе як “апрадмечванне і праекцыю чалавечых (уласцівых чалавечаму роду) якасцяў у нейкі пазасвет”; Ф. Энгельс – як “фантастычнае адлюстраванне ў галовах людзей тых знешніх сіл, якія пануюць над імі ў іх штодзённым жыцці, – адлюстраванне, у якім зямныя сілы  прымаюць форму па-зазямных”; адпаведна А. Конту – гэта “культ чалавецтва”; па А. Бергсону – “вынік унутраных узрушэнняў і плод парыву любові, які накіраваны на ўсю рэчаіснасць”; З. Фрэйд бачыў у рэлігіі “калектыўны неўроз, які мае пачатак у бездапаможнасці чалавека перад знешнімі сіламі прыроды і ўнутранымі інстынктамі”.

У навуковых азначэннях рэлігія тлумачыцца як адна з формаў чалавечай дзейнасці. Пры гэтым даследчыкі імкнуцца не столькі прапанаваць сваю канцэпцыю рэлігіі, што характэрна для філасофскіх азначэнняў, колькі даць яе аб’ектыўную характарыстыку. Як правіла, навуковыя азначэнні рэлігіі з’ўляюцца абагульненнем папярэдніх даследаванняў канкрэтных вераванняў і культаў. Мы прывядзем азначэнні рэлігіі, дадзеныя некаторымі найбольш вядомымі яе даследчыкамі. Згодна з Э. Дзюркгеймам, рэлігія – гэта “цэласная сістэма вераванняў і абрадаў, якія тычацца свяшчэнных рэчаў, гэта значыць, рэчаў асаблівых, забароненых, гэта сістэма такіх вераванняў і абрадаў, якія аб’ядноўваюць у адзіную маральную суполку, што называюць царквой, усіх тых, хто прызнае гэтыя вераванні і абрады”, адпаведна Э. Тэйлару – “вера ў духоўныя істоты”, Дж. Фрэзер вызначыў рэлігію як “уміласціўленне сіл, якія стаяць вышэй за чалавека, сіл, якія, як лічыцца, накіроўваюць і кантралююць ход прыродных з’яў і чалавечага жыцця”.

Такая разнастайнасць трактовак абумоўлена дзвюма асноўнымі прычынамі. Па-першае, гэта розніца ў метадалагічных устаноўках, якімі карысталіся даследчыкі. Кожны з іх разглядаў рэлігію са свайго пункта погляду – адсюль і розныя азначэнні. Па-другое, сама рэлігія з’яўляецца вельмі складаным феноменам. Вядома, што рэлігіі наогул няма, ёсць канкрэтныя рэлігіі. Больш таго, само паняцце “рэлігія” сфарміравалася ў межах еўрапейскай культуры і ў сучасным сваім значэнні яно тычыцца перш за ўсё хрысціянства. Тое, што мы называем рэлігіяй, у Кітаі называецца “чыао”, што значыць “навука”, у Індыі “дхарма” –“вучэнне”, у арабаў “дзін” – “абавязак” і г. д.

Сам тэрмін “рэлігія” даследчыкі звычайна выводзяць ад лацінскага дзеяслова “religare” – “звязваць, яднаць”. Ад яго паходзіць назоўнік  “religio” – “святыня, набожнасць”. Старажытныя рымляне абазначалі гэтым словам усё тое, што было звязана з шанаваннем багоў. Найбольш распаўсюджанае ў хрысціянстве тлумачэнне этымалогіі слова “рэлігія” даў вядомы багаслоў IV–V стст. Аўрэлій Аўгусцін. Ён разглядаў яе як “узнаўленне страчанай cувязі”. Трэба падкрэсліць спецыфічна хрысціянскі характар гэтага тлумачэння: лічыцца, што   калісьці існавала непасрэдная сувязь чалавека з Богам, потым з-за грахоў людзей яна была разарвана, і ў рэлігійным акце чалавек спрабуе ўзнавіць гэтую сувязь. Але, напрыклад, у будызме такога паняцця страчанай сувязі няма; больш таго, у некаторых яго кірунках нават адмаўляецца рэальнае існаванне звышнатуральных істот, і таму зыходзячы з гэтага, чалавеку няма з кім узнаўляць сувязь. Спачатку рэлігіяй еўрапейцы называлі толькі хрысціянства, а для абазначэння іншых тыпаў вераванняў ужываўся тэрмін “язычніцтва”.

У далейшым паняцце “рэлігія” было ў палемічных мэтах пашырана і на нехрысціянскія вераванні, іх тлумачылі як “несапраўдныя” рэлігіі і гэтым адрознівалі ад хрысціянства. Толькі ў XIX ст. ў сувязі з геаграфічнымі адкрыццямі і знаёмствам еўрапейцаў з іншымі культурамі паняцце “рэлігія” стала ўжывацца ў яго сучасным сэнсе: для абазначэння адной з галін духоўнага жыцця разам з мараллю, навукай, філасофіяй, мастацтвам і г. д. У гэты ж час пачынае разгортвацца палеміка вакол пытання “Што такое рэлігія?”, якая працягваецца па сённяшні дзень, аб чым сведчыць разнастайнасць прыведзеных азначэнняў. Аднак у большасці іх можна вылучыць наступныя агульныя рысы рэлігіі: па-першае, яна характарызуецца як адна з формаў чалавечай дзейнасці і, па-другое, спецыфіка апошняй у тым, што яна грунтуецца на веры ў нейкія надпрыродныя, вышэйшыя сілы і з’яўляецца яе вынікам. Зыходзячы з гэтага, дадзім азначэнне  рэлігіі. Трэба падкрэсліць, што яно з’яўляецца адным з магчымых. Могуць існаваць і іншыя.

Рэлігія – гэта грамадска аформлены тып светаўспрымання і света-адчування, а таксама адпаведныя паводзіны і спецыфічныя дзеянні, якія грунтуюцца на веры ў звышнатуральнае.

 

    1. Структура рэлігіі

 

Мы будзем разглядаць структуру рэлігіі, зыходзячы з яе азначэння. Як вынікае з яго, асновай рэлігіі, яе падмуркам, з’яўляецца вера ў звышнатуральнае. Перш за ўсё скажам, што такое звышнатуральнае. Звычайна пад ім маецца на ўвазе ўсё тое, што знаходзіцца па-за межамі прыроды (па-лацінску “прырода” – “natura”) у самым шырокім яе разуменні. Таму, напрыклад, разважанні накшталт “царкоўнікі сцвярджаюць, што Бог на небе, а нашы касманаўты паляцелі і ніякага Бога там не знайшлі – значыць Бога няма”, што прыводзіліся ў папулярнай навуковай літаратуры на пачатку 60-х гг., сведчылі аб неразуменні характару рэлігійных палажэнняў і былі раскрытыкаваны самімі савецкімі філосафамі-атэістамі. Бо ніколі хрысціянства (тут, безумоўна, крытыкавалася менавіта яно) не сцвярджала, што Бог – гэта нейкі стары з белай барадой, які сядзіць за хмарамі, і вакол яго анёлы лётаюць. Бог, згодна з хрысціянствам, – гэта звышнатуральная Асоба, якая знаходзіцца па-за межамі Сонечнай сістэмы, па-за межамі Сусвету, па-за межамі ўсяго прыроднага. І колькі б мы ні ляцелі ўверх, да Бога не даляцім, альбо колькі б ні капалі ўніз – да пекла не дакапаемся. Гэта сімвалічна кажуць, што Бог на небе, а пекла пад зямлёй.

Таму пры дапамозе дадзеных прыродазнаўчых навук нельга непасрэдна ні абвергнуць, ні пацвердзіць палажэнні рэлігіі, бо яна гаворыць аб звышнатуральных аб’ектах і з’явах, якія ўспрымаюцца пераважна праз веру.

Рэлігійная вера – гэта адкрытасць чалавека звышнатуральнаму, упэўненасць у яго рэальным існаванні і магчымасці кантакту з ім. Трэба падкрэсліць, што па сваёй сутнасці яна з’яўляецца не інтэлектуальным, але экзістэнцыяльным, жыццёвым, феноменам. Вернік не проста ўпэўнены, што ёсць нешта звышнатуральнае (напрыклад, хрысціянін упэўнены, што ёсць Бог), але ўсё ягонае жыццё накіравана на гэтае звышнатуральнае, адбываецца ў адпаведнасці з ім. Таму для верніка звышнатуральнае з’яўляецца святым – тым, што мае для яго найвялікшую каштоўнасць і на што ён абапіраецца ў сваіх паводзінах.

На падставе веры ў чалавека фарміруюцца розныя ўяўленні і ідэі аб звышнатуральным, а таксама пачуцці ў дачыненні да яго. Усё гэта складае рэлігійную свядомасць, якая мае дзве формы: суб’ектыўную і аб’ектыўную.

Суб’ектыўная рэлігійная свядомасць альбо рэлігійная псіхалогія – сукупнасць уяўленняў і пачуццяў, якімі карыстаюцца вернікі ў сваім штодзённым жыцці. Ступень яе складанасці і сістэматызаванасці залежыць ад рэлігійнай культуры людзей. Гэтая ступень можа быць як вельмі высокай, напрыклад, у кіраўнікоў царквы і рэлігійных мысліцеляў, так і вельмі нізкай, напрыклад, у непісьменных людзей або дзяцей. Але, неабходна падкрэсліць, што складанасць і распрацаванасць рэлігійнай псіхалогіі не абавязкова з’яўляецца паказчыкам глыбіні веры. Вера можа быць глыбокай у вельмі простых людзей і наадварот.

У дачыненні да звышнатуральнага людзі могуць мець самыя розныя пачуцці: глыбокай пашаны; жаху; уласнай нечысціні перад тварам святыні; адчуванне прысутнасці сілы або асобы, якая адначасова любіць чалавека і судзіць яго; адчуванне адкінутасці або, наадварот, прызначанасці да выратавання; аблягчэння, звязанага з адчуваннем божага ўсёдаравання; адчуванне наяўнасці ў свеце нябачнага парадку або сілы, дзякуючы якой жыццё любога чалавека атрымлівае каштоўнасць і сэнс; пачуццё адзінства з вышэйшым і пераадолення эгацэнтрычнага “Я” і г. д. Такім чынам, рэлігійныя пачуцці могуць прыводзіць да самых розных спосабаў паводзін людзей.

Аб’ектыўная рэлігійная свядомасць або веравучэнне – гэта сістэма палажэнняў, пры дапамозе якой перадаецца змест дадзенай рэлігіі. У найбольш распаўсюджаных зараз рэлігіях, такіх як, напрыклад, хрысціянства і іслам, асноўнай крыніцай веравучэння з’яўляюцца свяшчэнныя кнігі (Біблія, Каран). На іх падставе фарміруецца сістэма дагматаў – богаадкрытах, а таму абсалютных ісцін, прыняцце якіх абавязкова для кожнага верніка. Для распрацоўкі веравучэння існуюць спецыяльна падрыхтаваныя людзі. У хрысціянстве яны называюцца багасловамі альбо тэолагамі (ад грэч. theor – бог, logos – слова, вучэнне). Трэба адзначыць, што тэолаг выказваецца не ад свайго імя, а ад імя рэлігійнай арганізацыі і можа быць пазбаўлены гэтага права ў выпадку разыходжання яго поглядаў з афіцыйнымі. Найбольш знакамітымі хрысціянскімі тэолагамі з’яўляюцца: Васіль Вялікі, Аўрэлій Аўгусцін, Фама Аквінскі, Марцін Лютэр, Павел Фларэнскі, Карл Барт, Жак Марытэн і інш.

Вернік упэўнены не толькі ў тым, што ёсць звышнатуральнае, але таксама і ў тым, што з ім можна ўступіць у кантакт. На гэтай падставе фарміруецца рэлігійны культ – сукупнасць сімвалічных дзеянняў, пры дапамозе якіх вернікі ўступаюць у кантакт са звышнатуральным. Культавае дзеянне з’яўляецца адказам чалавека на тое, што ён успрымае як звышнатуральнае. Формы гэтага адказу могуць быць самымі разнастайнымі: абрады, рытуалы, ахвярапрынашэнні, малітвы, танцы, медытацыя, рэлігійная музыка і спевы, пасты і г. д.

Трэба адзначыць, што любое культавае дзеянне з’яўляецца праявай канкрэтнага веравання і мае рэлігійны сэнс толькі ў сувязі з ім. Так, напрыклад, у антычнай Грэцыі багі ўяўляліся, звычайна, у выглядзе чалавекападобных істот, і лічылася, што ім патрэбны ахвяры. Узаемадзеянне з багамі ажыццяўлялася па прынцыпе “я – табе, ты – мне”: лічылася, што, калі багам прыносіліся ахвяры, яны абавязаны былі выканаць просьбы людзей, калі ж гэтага не адбывалася – ім больш нічога не давалі. Таму асноўнай формай узаемадзеяння з багамі ў антычнасці было ахвярапрынашэнне. У хрысціянстве ж ёсць адзіны ўсемагутны Бог, якому ад чалавека не патрэбны ніякія матэрыяльныя падарункі і якога можна толькі прасіць. Адсюль адной з асноўных формаў узаемадзеяння з Богам у хрысціянстве з’яўляецца малітва.

Калі чалавек робіць дзеянні, якія па знешнім выглядзе нагадваюць культавыя, але веры ў яго няма – гэта не будзе мець рэлігійнага сэнсу. Напрыклад, у хрысціян перад Пасхай ёсць Вялікі Пост, у ходзе якога нельга ўжываць некаторыя віды ежы. Для вернікаў гэта мае сэнс духоўнага і фізічнага ачышчэння і падрыхтоўкі да свята ўваскрашэння Хрыста. Вучоныя паказалі, што абмежаванне ў ежы ў гэты перыяд (Вялікі Пост адбываецца ўвесну) карысна для здароўя – арганізм вызваляецца ад назапашаных за зіму шлакаў, і чалавек потым менш хварэе. Але калі чалавек не есць шмат, каб умацаваць сваё здароўе або захаваць фігуру, – гэта ўжо мае не рэлігійны, а чыста дыетычны сэнс.

Большасць культавых дзеянняў можа адбывацца як індывідуальна (калі іх выконвае адзін чалавек), так і калектыўна (калі ўдзельнічае некалькі людзей). Так, напрыклад, маліцца можна і сам-насам дома, і ў храме ў час набажэнства.

У працэсе культавых дзеянняў выкарыстоўваюцца разнастайныя рэчы: крыжы, іконы, спецыяльнае адзенне, будынкі, музычныя інструменты і г. д. Мэтай гэтага з’яўляецца мабілізацыя і адпаведнае афармленне рэлігійных пачуццяў. Ужо ўваходзячы ў культавы будынак, чалавек трапляе ў арганізаваную асаблівым чынам духоўную прастору, дзе яго ўвага канцэнтруецца на акрэсленых рэчах і дзеяннях. Сама будова храма, яго асвятленне і ўнутранае ўпрыгожанне ўздзейнічаюць на чалавека, выклікаючы ў яго адпаведныя эмоцыі. Напрыклад, каласальнасць старажытнаегіпецкіх храмаў унушала чалавеку пачуццё яго мізэрнасці перад багамі, накіраванасць уверх гатычных сабораў павінна была ўзняць душу да Усявышняга, прастата мячэцяў дапамагала сканцэнтравацца ў малітве. Пачуцці вернікаў умацоўваюцца пад уздзеяннем музыкі, урачыстасці і незвычайнасці аддзення свяшчэннаслужыцеляў, багацця, або, наадварот, падкрэсленай прастаты культавых рэчаў.

Информация о работе Религиоведение