Религиоведение

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 07 Апреля 2015 в 01:31, курс лекций

Описание работы

У азначэннях рэлігіі, якія даюцца з пункту погляду тэалогіі, яна тлумачыцца як узаемадзеянне чалавека са звышнатуральным, пры гэтым зыходзяць з рэальнай наяўнасці апошняга. Азначэнні, якія належаць да гэтай групы, у асноўным падобныя паміж сабой. Мы прывядзем тыя з іх, якія належаць вядомым тэолагам ХХ ст. Згодна з А. Менем, рэлігія – гэта “сіла, якая звязвае светы, мост паміж створаным светам і Духам Боскім”, адпаведна Р. Гвардзіні – гэта “канкрэтныя ўзаемаадносіны канкрэтнага чалавека і жывога Бога”, па К. Ранеру – экзістэнцыяльная сувязь чалавека з жывым Богам, згодна з Э. Жыльсанам – асабовае стаўленне чалавека да трансцэндэнтнага, рэальнага і асабовага Абсалюта (Бога).

Содержание работы

1.1. Азначэнне рэлігіі.
1.2. Структура рэлігіі.
1.3. Функцыі рэлігіі.
1.4. Тыпы рэлігіі.

Файлы: 1 файл

Lektsyi_pa_religiyaznawstvu_1.doc

— 716.50 Кб (Скачать файл)

Як правіла, у большасці рэлігій у выніку культавых дзеянняў умацоўваецца псіхіка іх удзельнікаў. Адбываецца трансфармацыя ад-моўных эмоцый у станоўчыя: знікае стан падаўленасці, непакою, незадаволенасці, унутранага дыскамфорту, і на змену ім прыходзяць пачуцці палёгкі, задаволенасці, спакою, радасці, прыліў сіл.

На падставе веры фарміруецца рэлігійная мараль – сукупнасць правіл паводзін, якія прадпісваюцца дадзенай рэлігіяй і якіх прытрымліваюцца яе прыхільнікі. Гэтыя правілы паводзін могуць быць самымі рознымі і непадобнымі паміж сабой. Для большасці людзей характэрна ўспрыманне тых маральных нормаў, якіх прытрымліваюцца яны самі, як відавочных і агульначалавечых. Але гэта не так. Напрыклад, разуменне маральных нормаў, якімі карыстаюцца еўрапейцы (“не забі”, “не блудзі”, “не крадзь”) узята з хрысціянства і для культур з іншымі рэлігіямі не ўласцівы. З пункта погляду хрысціянства любое забойства, незалежна ад таго, апраўдана яно юрыдычна ці не, з’яўляецца злом. У ісламе ж ёсць паняцце “газават” – свяшчэнная вайна, якая вядзецца з мэтай абароны веры, і ўсе, хто ў ёй загінулі, у адпаведнасці з гэтым вераваннем, адразу накіроўваюцца ў рай. Забойства “няверных” у такой вайне – угодная Алаху справа.   У антычнай Грэцыі ў самую пару яе класічнага росквіту прыносіліся чалавечыя ахвяры багам. (Хаця трэба адзначыць, што грэкі рабілі гэта ў выключных выпадках.) Існавалі рэлігіі, дзе масавыя чалавечыя ахвярапрынашэнні былі неабходнай часткай рытуалу. Найбольш вядомыя з іх – рэлігіі ацтэкаў і мая, а таксама культ фінікійскага бога Ваала, якому ў ахвяру прыносіліся немаўляты. Манагамнасць шлюбу ў Еўропе і асуджэнне ў прынцыпе дашлюбных і пазашлюбных палавых адносін шмат у чым грунтуецца на біблейскім “не блудзі”. У большасці іншых рэлігій  такога патрабавання няма, і таму мужчына меў столькі жонак альбо наложніц, колькі ён мог сабе дазволіць.

Культавыя дзеянні і маральныя паводзіны вернікаў адбываюцца ў канкрэтных грамадскіх умовах і з’яўляюцца сацыяльна аформленымі. На гэтай падставе ўзнікае рэлігійная арганізацыя – сукупнасць людзей, аб’яднаных адзіным веравучэннем і культам.

Вылучаюцца наступныя чатыры асноўныя тыпы рэлігійных арганізацый: этнічнае рэлігійнае аб’яднанне, царква, секта, харызматычны культ.

Этнічнае рэлігійнае аб’яднанне – такая рэлігійная арганізацыя, межы якой супадаюць з межамі таго ці іншага этнасу (роду, племені, народа). Як правіла, існуе на стадыі першабытна-абшчыннага і раннекласавага грамадства. Не з’яўляецца самастойнай, выконвае службовыя функцыі ў межах этнічнай або палітычнай супольнасці. Членамі этнічнага рэлігійнага аб’яднання робяцца не па свабоднаму выбару, але ў выніку нараджэння ў дадзеным этнасе. Стаўленне да іншых рэлігій ажыццяўляецца па наступным прынцыпе: кожны народ мае права і, нават, абавязаны шанаваць менавіта сваіх багоў, але наша рэлігія – самая правільная. Таму ў дачыненні да іншаверцаў дапускаюцца варожыя дзеянні. У форме этнічнага рэлігійнага аб’яднання існуюць усе рода-племянныя і нацыянальныя рэлігіі.

Царква (ад грэч. kiriake – божы дом) – наднацыянальная рэлігійная арганізацыя, якая цесна звязана з тым народам або дзяржавай, у межах якіх яна існуе, але адрознівае сябе ад іх і імкнецца ажыццявіць свае ўласныя мэты. Пабудавана царква як цэнтралізаваная іерархічная сістэма. Складаецца са свяшчэннаслужыцеляў, якія маюць прафесійную падрыхтоўку, і вернікаў. Звычайна, мае вялікую колькасць паслядоўнікаў. Прыналежнасць да царквы вызначаецца зараз свабодным выбарам. Раней, напрыклад, у царскай Расіі ці сярэдневяковай Еўропе, чалавек не меў права такога выбару і звычайна рабіўся членам царквы проста таму, што яго бацькі належалі да дадзенай рэлігійнай традыцыі. Для царквы характэрна місіянерская дзейнасць па распаўсюджванні свайго веравучэння. Стаўленне да іншых рэлігій зараз цярпімае: кожны чалавек мае права на свабоду сумлення і ацэньваецца перш за ўсё па сваіх учынках. Трэба падкрэсліць, што само паняцце “царква” сфарміравалася на прыкладзе рэлігійнай арганізацыі хрысціян, але яно таксама ўжываецца і ў дачыненні некаторых іншых рэлігій.

Секта (ад лац. sekta – школа, кірунак) – рэлігійная арганізацыя, якая ўзнікла ў выніку аддзялення ад іншай рэлігійнай арганізацыі (царквы або секты) па прычыне нязгоды з некаторымі палажэннямі яе веравучэння або сацыяльнай пазіцыяй.

Секты могуць узнікаць толькі ў межах той рэлігіі, дзе ёсць дакладна зафіксаванае веравучэнне, абавязковае для ўсіх яе прыхільнікаў (напрыклад, у хрысціянстве ці ісламе). У тых жа рэлігіях, дзе такой фіксацыі веравучэння няма, адсутнічае падстава для ўзнікнення сект.

Як правіла, секта ўяўляе сабой самастойную суполку вернікаў, якая не падпарадкоўваецца вышэйшаму органу або асобе, як гэта назіраецца ў царкве. Унутры секты адсутнічае фармальная розніца паміж яе кіраўнікамі і простымі вернікамі, падкрэсліваецца роўнасць усіх членаў.

У штодзённым словаўжыванні ў паняцце “секта” ўкладаецца негатыўны сэнс, і таму яно можа ўспрымацца як абраза. Самі члены гэтага тыпу рэлігійных арганізацый называюць іх не сектамі, а цэрквамі. У навуковым словаўжыванні “секта” – гэта проста тэрмін для абазначэння акрэсленага тыпу рэлігійнай арганізацыі, ніякага негатыўнага сэнсу ў яго не ўкладваецца. Раней сектамі называліся рэлігійныя арганізацыі пратэстанцкага напрамку: баптысты, пяцідзесятнікі, адвентысты і інш. Зараз многія  даследчыкі і рэлігійныя дзеячы імкнуцца слова “секта” не ўжываць, каб не выклікаць напружанасці і непаразумення сярод вернікаў.

Харызматычны культ – рэлігійная арганізацыя, што узнікла як аб’яднанне прыхільнікаў канкрэтнага чалавека, якому прыпісваецца валоданне асаблівым звышнатуральным дарам (харызмай). Гэты чалавек з’яўляецца заснавальнікам і кіраўніком харызматычнага культу, ён можа абвясціць сябе або паўнамоцным прадстаўніком нейкай эвышнатуральнай істоты ці сілы (Бога, Сатаны, Касмічнага Розуму і г. д.), або, нават, самім Богам. Таму яго аўтарытэт сярод прыхільнікаў велізарны, на яго не распаўсюджваюцца агульнапрынятыя маральныя нормы, і можа быць так, што ён гэтым карыстаецца ў сваіх інтарэсах.

Націск у харызматычных культах робіцца не на рацыянальных, а на пазарацыянальных элементах, рэлігійная практыка ў асноўным зводзіцца да шанавання (культу) кіраўніка-заснавальніка шляхам выканання яго загадаў. Таму сярод прыхільнікаў харызматычнага культу пануе жалезная дысцыпліна, і вельмі часта яны адкрыта эксплуатуюцца. Таксама характэрным з’яўляецца продаж чалавекам, які зрабіўся членам харызматычнага культу, усёй сваёй (а часам і не сваёй) маёмасці і ахвяраванне грошай на патрэбы арганізацыі. Заканадаўствам многіх краін дзейнасць харызматычных культаў абмежавана альбо забаронена.

Прыкладамі харызматычных культаў, якія існуюць зараз на Беларусі, з’яўляюцца Вялікае Белае Брацтва, Царква Вісарыёна (Царква Апошняга Запавету), Царква Муна (Асацыяцыя Святога Духа за аб’яднанне сусветнага хрысціянства).

Трэба адзначыць, што ў розных рэлігіях кожны з вышэйназваных структурных кампанентаў адыгрывае розную ролю. Напрыклад, у праваслаўі і каталіцтве ўсе гэтыя часткі прысутнічаюць у развітым выглядзе: ёсць распрацаванае веравучэнне, багаты і разнастайны культ, моцная і дакладна іерархізаваная рэлігійная арганізацыя. Вялікі націск робіцца на паглыбленні веры і яе рэалізацыі ў штодзённым жыцці. Але існуюць рэлігіі, дзе аднаму з гэтых кампанентаў надаецца значна менш увагі, чым іншым. Напрыклад, у першабытных рэлігіях веравучэнне было вельмі нераспрацаваным, і рэлігія ў асноўным зводзілася да культу – чалавек не столькі разважаў аб звышнатуральным, колькі ўзаемадзейнічаў з ім. У антычнай Грэцыі і Рыме ніхто не патрабаваў ад чалавека, каб ён верыў ва ўсе тыя міфы аб багах, якія існавалі. Галоўнае, каб ён удзельнічаў у агульнагарадскіх ахвярапрынашэннях, дэманструючы тым самым лаяльнасць да апекуноў дзяржавы. У іншых рэлігійных напрамках, такіх як, напрыклад, неа- пратэстанцкія цэрквы баптыстаў, пяцідзесятнікаў, адвентыстаў, культу надаецца вельмі мала ўвагі, асноўны націск робіцца на веру і мараль.

 

    1. Функцыі рэлігіі

 

Функцыя рэлігіі – гэта тая роля, якую яна выконвае ў грамадстве. Любая рэлігія аказвае ўплыў на свядомасць і паводзіны людзей і з’яўляецца адной з важных частак грамадскага жыцця. Калі даследуюць функцыі рэлігіі, шукаюць адказы на пытанні: “Якім чынам рэлігія дэейнічае?”, “Які характaр і накіраванасць яе ўздзеяння на індывіда і грамадства ў цэлым?”, “Што яна дае канкрэтнаму чалавеку альбо cупольнаcці?”.

Асноўнымі функцыямі рэлігіі з’яўляюцца: светапоглядная сэнсаўтваральная, інтэграцыйная і рэгуляцыйная.

Светапоглядная функцыя – гэта асэнсаванне і тлумачэнне свету. Кожная рэлігія тым ці іншым чынам дае адказы на пытанні: адкуль свет узнік, якія тэндэнцыі яго развіцця, і куды ён урэшце рэшт прыйдзе. Напрыклад, згодна з хрысціянствам, свет створаны Богам, потым, у выніку першароднага граху, адпаў ад яго, і зараз ідзе працэс узнаўлення першапачатковага адзінства, які завершыцца Апошнім Судом і канцом свету. Згодна з будызмам, ёсць незлічоная колькасць светаў, якія ўзнікаюць, праходзяць розныя перыяды свайго развіцця, а потым знікаюць. Наш свет – адзін з іх.

Вядома, што зараз асноўную светапоглядную функцыю выконвае навука: менавіта яна дае адказы на пытанні аб узнікненні, пабудове і тэндэнцыях развіцця свету. У розныя перыяды гісторыі суадносіны паміж рэлігійнай і навуковай карцінай свету мяняліся. Напрыклад, у сярэдневяковай Еўропе рэлігія шмат у чым падмяняла навуку,  імкнучыся даць усеагульную карціну свету. У перыяд Адраджэння пачынаецца разыходжанне паміж навуковым і рэлігійным светапоглядам, якое ў Новы час ператвараецца ў адкрытую варожасць з абодвух бакоў. Асаблівай вастрыні канфлікт дасягнуў у XIX ст., калі існавала агульнараспаўсюджанае меркаванне, што рэлігійны і навуковы светапогляд несумяшчальныя паміж сабою. Але ў XX ст. сітуацыя істотна змянілася. З аднаго боку, рэлігія перастала прэтэндаваць на валоданне карцінай свету, якая б ахоплівала ўсе яго праявы, прызнавала самастойную каштоўнасць навуковага светапогляду і свае памылкі ў канфлікце з навукай. З другога – большасць сучасных вучоных не ставіцца варожа да рэлігіі, і многія з іх з’яўляюцца вернікамі. З абодвух бакоў робяцца крокі да ўзаемапавагі. Распаўсюджаным зараз з’яўляецца погляд, што навуковы і рэлігійны светапогляд знаходзяцца ў стане не супярэчання, але патэнцыяльнага ўзаемадапаўнення. Падкрэсліваецца, што рэлігія асэнсоўвае і тлумачыць не столькі свет сам па сабе, як гэта робіць навука, колькі яго дачыненне да чалавека, шукае сэнс падзей. Такім чынам, светапоглядная функцыя рэлігіі цесна звязана з сэнсаўтваральнай.

Сэнсаўтваральная функцыя – наданне сэнсу чалавечаму жыццю, падтрымка чалавека ў цяжкасцях і знаходжанне шляхоў выхаду з іх. Жыццё чалавека, у адрозненне ад існавання жывёлы, не можа быць апісана толькі як працэс рэалізацыі біялагічных інстынктаў харчавання і працягвання роду. Кожны чалавек, незалежна ад яго культурнай прыналежнасці, жыве дзеля чагосьці. Калі адсутнічае мэта, жыццё губляе свой сэнс, і чалавек не можа нармальна будаваць паводзіны. Звычайна людзі задумваюцца аб сэнсе свайго жыцця ў яго пераломныя моманты: у юнацтве, пры выбары прафесіі, падчас жыццёвых няўдач, канфліктаў, у старасці. Але само жыццё патрабуе свайго сэнсу: кожны чалавек прыйшоў у гэты свет без сваёй згоды (бацькі не пытаюцца ў сваіх будучых дзяцей, нараджаць іх ці не), і яго існаванне не будзе вечным – як вядома, людзі паміраюць. Таму перад кожным чалавекам яўна або няяўна непазбежна ўзнікаюць пытанні: “Навошта я з’явіўся ў гэты свет? Якая мэта майго тут знаходжання? Што я павінен рабіць, каб ажыццявіць гэтую мэту?”.

Адказ на гэтыя пытанні можа давацца ў межах розных галін культуры: штодзённага жыцця, філасофіі, навукі, мастацтва і г. д. Такім чынам, кожная з іх па-свойму выконвае сэнсастваральную функцыю. Спецыфіка рэлігіі заключаецца ў тым, што яна тлумачыць сэнс чалавечага жыцця, абапіраючыся на палажэнне аб наяўнасці звышнатуральнага – таго, што выходзіць за межы прыроды і мае для вернікаў найбольшую каштоўнасць. Для рэлігіі характэрна імкненне надаць сэнс любой праяве чалавечага жыцця. Нават такія з’явы, як хваробы, пакуты, смерць не бессэнсоўныя для вернікаў, а ў некаторых рэлігіях  маюць і пазітыўнае значэнне. Менавіта ў гэтым – адна з асноўных прычын прыцягальнасці рэлігійнага светаўспрымання, бо чалавек не можа існаваць у бессэнсоўным асяроддзі і імкнецца знайсці тлумачэнне любой падзеі, асабліва ў крызісныя моманты жыцця.

Рэлігія надае сэнс дзейнасці не толькі асобнага чалавека, але і цэлых грамадскіх аб’яднанняў. Напрыклад, рухі сацыяльнага пратэсту ў мінулым звычайна змяшчалі ў сабе моцны рэлігійны кампанент і сваю мэту бачылі ў аднаўленні вышэйшай справядлівасці, якая была парушана пануючымі класамі.

Інтэграцыйная функцыя – аб’яднанне сваіх прыхільнікаў і ператварэнне іх у аднадумцаў у палітычных, маральных, эканамічных і іншых пытаннях. Можна назваць вельмі шмат прыкладаў інтэграцыйнай функцыі рэлігіі. Так, каталіцтва доўгі час аб’ядноўвала Заходнюю Еўропу, праваслаўе – рускія землі, на падставе ісламу адбылося ў VІІ стагоддзі аб’яднанне арабскіх плямёнаў.

Рэлігійнае адзінства з’яўляецца надзвычай моцным фактарам аб’яднання. Людзі, якія шануюць адных і тых жа багоў і, адпаведна, прытрымліваюцца адных і тых жа каштоўнасцей, утвараюць цэласную сацыяльную групу, вельмі ўстойлівую ў адносінах да знешніх неспрыяльных умоў. Спробы разбурыць такую групу, як правіла, прыводзяць да яе яшчэ большай інтэграцыі і ўзмацнення. Шмат прыкладаў таму дае гісторыя розных сект, якія доўгі час існавалі ва ўмовах жорсткіх праследаванняў, але захавалі адзінства і адданасць сваім поглядам.

Даволі часта рэлігійнае адзінства з’яўляецца адной з падстаў, на якіх фарміруецца дзяржаўная супольнасць. Так ва ўмовах феадальнай раздробленасці на Русі і варожых узаемаадносін паміж княствамі адсутнічала пачуццё этнічнага адзінства, людзі лічылі сябе разанцамі, уладзімірцамі, наўгародцамі і г. д. Аб’ядноўвала іх адчуванне агульнасці “рускай” веры – праваслаўя.

Вельмі яскравым прыкладам у гэтай сувязі з’яўляецца гісторыя яўрэйскага народа, які амаль дзевятнаццаць стагоддзяў жыў у выгнанні сярод іншых народаў, якія даволі часта ставіліся да яго варожа. Аднак, дзякуючы перш за ўсё сваёй рэлігіі, яўрэі захавалі нацыянальнае і культурнае адзінства.

Кожная рэлігія не толькі аб’ядноўвае сваіх прыхільнікаў, але таксама раз’ядноўвае іх з прыхільнікамі іншых рэлігій. Гэта можа адбывацца як у вельмі мяккай, калі вернікі проста адрозніваюць свае погляды ад іншых, але ставяцца да іх талерантна, так і ў вельмі жорсткай форме, калі “cапраўднай” абвяшчаецца толькі ўласная рэлігія, а ўсе тыя, хто з ёй хаця б у нечым нязгодны, успрымаюцца як ворагі. Рэлігійная нецярпімасць парадзіла ў гісторыі вельмі шмат крывавых канфліктаў.

Трэба адзначыць, што ў гісторыі нашай краіны рэлігія адыграла хутчэй дэзынтэграцыйную, чым інтэграцыйную ролю. Тэрыторыя Беларусі знаходзілася на перакрыжаванні інтарэсаў дзвюх дзяржаў: праваслаўнай Расіі і каталіцкай Польшчы, якія імкнуліся выкарыстаць рэлігію ў сваіх палітычных мэтах. Таму раней, як правіла, прыняцце беларусамі праваслаўя схіляла іх у бок Расіі, а каталіцтва – у бок Польшчы. На тэрыторыі Беларусі амаль заўсёды існавала шмат рэлігійных напрамкаў, прычым ні адзін з іх не з’яўляўся пануючым, як гэта было ў нашых суседзяў на ўсходзе і захадзе. Гэта садзейнічала рэлігійнай талерантнасці беларусаў, але таксама не дало ім магчымасці аб’яднацца на падставе агульнанацыянальнай рэлігіі. Зараз у нашай краіне існуюць тэндэнцыі беларусізацыі як у каталіцтве, так і ў праваслаўі.

Информация о работе Религиоведение