Религиоведение

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 07 Апреля 2015 в 01:31, курс лекций

Описание работы

У азначэннях рэлігіі, якія даюцца з пункту погляду тэалогіі, яна тлумачыцца як узаемадзеянне чалавека са звышнатуральным, пры гэтым зыходзяць з рэальнай наяўнасці апошняга. Азначэнні, якія належаць да гэтай групы, у асноўным падобныя паміж сабой. Мы прывядзем тыя з іх, якія належаць вядомым тэолагам ХХ ст. Згодна з А. Менем, рэлігія – гэта “сіла, якая звязвае светы, мост паміж створаным светам і Духам Боскім”, адпаведна Р. Гвардзіні – гэта “канкрэтныя ўзаемаадносіны канкрэтнага чалавека і жывога Бога”, па К. Ранеру – экзістэнцыяльная сувязь чалавека з жывым Богам, згодна з Э. Жыльсанам – асабовае стаўленне чалавека да трансцэндэнтнага, рэальнага і асабовага Абсалюта (Бога).

Содержание работы

1.1. Азначэнне рэлігіі.
1.2. Структура рэлігіі.
1.3. Функцыі рэлігіі.
1.4. Тыпы рэлігіі.

Файлы: 1 файл

Lektsyi_pa_religiyaznawstvu_1.doc

— 716.50 Кб (Скачать файл)

Рэгуляцыйная функцыя – стварэнне нормаў паводзін, якімі абавязаны карыстацца вернікі ў сваім штодзённым жыцці. У кожнай рэлігіі рэгулюючай функцыі надаецца вельмі вялікае значэнне. Нормы паводзін, якія прадпісваюцца, разглядаюцца як выкананне чалавекам сваіх абавязкаў перад звышнатуральным. У адных рэлігіях даюцца ўказанні, як сябе паводзіць у кожнай магчымай сітуацыі, для іх характэрна наяўнасць мноства правіл, якія павінны дэталёва рэгуляваць паводзіны чалавека. У другіх прыводзяцца толькі агульныя прынцыпы паводзін, і кожны чалавек павінен самастойна ўжываць іх ў канкрэтнай сітуацыі.

Раней рэлігія рэгулявала амаль усе сферы чалавечай жыццядзейнасці непасрэдна. Нормы права грунтаваліся на рэлігійных прынцыпах. Зараз у еўрапейскіх краінах рэлігія выконвае сваю рэгулюючую функцыю ў асноўнам праз мараль, але таксама ў асобных выпадках аказвае ўплыў і на прыняцце прававых нормаў. Так, напрыклад, у Польшчы прыняты закон “Аб абароне жыцця”, згодна з якім аборты дазваляецца рабіць толькі ў абмежаваных выпадках (калі зачацце адбылося ў выніку згвалтавання, калі вядома, што народзіцца хворае дзіця і калі нараджэнне дзіцяці пагражае жыццю маці). Як абгрунтаванне на карысць прыняцця і існавання гэтага закону прыводзіцца хрысціянскі прынцып “не забі”. Таксама шмат у якіх краінах Усходу нормы права непасрэдна грунтуюцца на прынцыпах ісламу.

 

    1. Тыпы рэлігіі

 

Адной з асноўных задач рэлігіязнаўства з’яўляецца сістэматызацыя рэлігій, як тых, што існавалі ў гісторыі, так і тых, якія ёсць зараз. Для рашэння гэтай задачы неабходна вызначыць крытэрыі сістэматызацыі, зыходзячы з якіх, магчыма было параўноўваць паміж сабой розныя рэлігіі.

Такіх крытэрыяў існуе шмат, і таму ёсць шмат класіфікацый рэлігіі. Мы прывядзем некаторыя з іх.

Кожная рэлігія можа быць разгледжана з пункта погляду колькасці тых звышнатуральных істот, якія ў ёй шануюцца. Па гэтым крытэрыі рэлігіі падзяляюцца на дзве вялікія групы: політэістычныя і монатэістычныя.

Політэістычныя (ад грэч. poly – шмат, theos – бог) – гэта такія рэлігіі, у якіх ёсць шмат звышнатуральных істот (не абавязкова багоў, гэта могуць быць духі або дэманы). Асноўныя рэлігіі, якія існавалі альбо зараз існуюць у свеце, з’яўляюцца політэістычнымі.

Найбольш вядомы прыклад такой рэлігіі – гэта рэлігія антычнай Грэцыі, дзе шанаваліся багі: Зеўс, Пасейдон, Аід, Гера, Афіна, Артэ-міда, Апалон і г. д. Політэістычнай таксама была тая рэлігія, якая існавала на нашых землях да прыняцця хрысціянства і ў якой шанавалі Перуна, Ярылу, Жыжаля, Зюзю і іншых багоў. Ёсць рэлігіі, у якіх звышнатуральных істот вельмі шмат. Напрыклад, у  індуізме толькі багоў налічваецца 3,5 тыс. І наогул неверагодная колькасць звышнатуральных істот існуе ў сінтаізме (нацыянальная рэлігія японцаў) – 330 млн.

Як правіла, у політэістычных рэлігіях звышнатуральныя істоты знаходзяцца паміж сабой у адносінах падпарадкавання і ўтвараюць іерархічную сістэму. Так, у старажытнагрэчаскай рэлігіі вярхоўным богам з’яўляўся Зеўс – “Айцец багоў і людзей”, які даволі тыранічна кіраваў іншымі багамі. Сферай яго непасрэднага валадарства было неба. Браты Зеўса Аід і Пасейдон валодалі адпаведна царствам памёрлых і воднай стыхіяй з іх шматлікімі звышнатуральнымі істотамі (Кербер, Танат, Гіпнос, Трытон, Нерэй, Пратэй, эрыніі, нерэіды і г. д.). Астатнія алімпійскія багі мелі сваю канкрэтную сферу дзейнасці: Афіна апекавала навуку, Апалон – мастацтва, Гефест – рамяство, Гермес – гандаль і г. д. Багам падпарадкоўваліся ніжэйшыя звышнатуральныя істоты: німфы, музы, сілены і інш.

Монатэістычныя (ад грэч. mono – адзін, theos – бог) – гэта такія рэлігіі, у якіх ёсць толькі адзіны Бог, які лічыцца стваральнікам і кіраўніком усяго. Такіх рэлігій толькі тры: іўдаізм, хрысціянства, іслам.

Трэба падкрэсліць, што сутнасць монатэізму не ў тым, што згодна з ім, ёсць толькі адзін Бог, але ў тым, што Ён менавіта адзіны і займае зусім асаблівае месца адносна Сусвету, людзей і іншых звышнатуральных істот. (Таму само слова Бог з’яўляецца імем уласным і пішацца з вялікай літары.)

Ва ўсіх трох монатэістычных рэлігіях побач з Богам ёсць іншыя звышнатуральныя істоты, але яны не з’яўляюцца самастойнымі, а створаны Богам, ці непасрэдна выконваюць Яго волю, або ў адпаведнасці з планам Бога і па Яго дапушчэнню перашкаджаюць Яму.

Толькі ў межах монатэістычных рэлігій можа існаваць праблема стаўлення да звышнатуральных істот, якія шануюцца прыхільнікамі іншых вераванняў. Калі багоў шмат, як у політэізме, і кожны з іх кіруе сваім участкам рэчаіснасці, дык багі іншых рэлігій успрымаюцца без асаблівых праблем – як уладары іншых звышнатуральных абласцей. Але ў монатэізме ёсць толькі адзіны Бог, і толькі Яго трэба шанаваць. Адпаведна ўзнікае пытанне: як ставіцца да іншых багоў і да іх прыхільнікаў? Раней у монатэістычных рэлігіях лічылася, што ўсе астатнія багі – гэта дэманы, а тыя, хто іх шануе, – заблудныя. Зараз пазіцыя зрабілася больш талерантнай. У прынцыпе прызнаецца, што могуць быць розныя шляхі выратавання, і трэба з павагай ставіцца да іншых рэлігійных поглядаў. Безумоўна, за выключэннем тых выпадкаў, калі апошнія з’яўляюцца адкрыта антычалавечымі альбо антымаральнымі.

У залежнасці ад этнічнай прыналежнасці прыхільнікаў рэлігіі падзяляюцца на рода-племянныя, нацыянальныя і сусветныя.

Рода-племянныя – гэта рэлігіі аднаго роду або племені. Да іх адносяцца ўсе першабытныя рэлігіі. Яны з’яўляюцца політэістычнымі. Часцей звышнатуральныя якасці прыпісваюцца тым сілам прыроды, ад якіх залежыць жыццё дадзенага роду ці племені. Напрыклад, калі племя жыло на беразе возера і лавіла рыбу – шанаваўся дух возера, калі займалася земляробствам – у выглядзе звышнатуральных істот шанаваліся тыя прыродныя аб’екты і працэсы, ад якіх залежаў будучы ўраджай.

Нацыянальныя – гэта рэлігіі якога-небудзь народа. Такіх рэлігій даволі многа. Напрыклад, іўдаізм – рэлігія яўрэяў, індуізм – рэлігія індыйцаў, сінтаізм – рэлігія японцаў і г. д.

Як правіла, гэта політэістычныя рэлігіі, адзіным выключэннем з’яўляецца іўдаізм. У нацыянальных рэлігіях, як і ў рода-племянных, звышнатуральныя якасці прыпісваюцца тым прыродным з’явам, ад якіх залежыць жыццё дадзенага народа.

У нацыянальных рэлігіях звычайна назіраецца жорсткая сувязь паміж этнічнай і рэлігійнай прыналежнасцю. Асабліва яскрава гэта бачна ў іўдаізме, дзе атаясамліваюцца паняцці “яўрэй” і “іўдзей”. Пераход яўрэя ў іншую рэлігію разглядаецца як здрада свайму народу, неяўрэй, які прыняў іўдаізм, робіцца яўрэем.

Сусветныя – гэта рэлігіі, прыналежнасць да якіх не звязана з нацыянальнай прыналежнасцю, больш таго, такая сувязь адмаўляецца і падкрэсліваецца, што дадзенае веравучэнне адрасавана ўсім людзям. Сусветных рэлігій толькі тры: будызм, хрысціянства і іслам.

Трэба адзначыць, што паняцце “сусветная рэлігія” азначае не “самая шматколькасная”, але “адрасаваная ўсім людзям, незалежна ад іх нацыянальнасці”. Калі хрысціянства і іслам сапраўды з’яўляюцца найбольш вялікімі ў свеце рэлігіямі, дык прыхільнікаў будызму прыкладна амаль у тры разы менш, чым індуізму, хаця апошні – не сусветная, а нацыянальная рэлігія.

У залежнасці ад спосабу ўзнікнення рэлігіі падзяляюцца на натуральныя і рэлігіі адкрыцця.

Натуральныя – гэта рэлігіі, якія ўзніклі з патрэб штодзённага чалавечага жыцця. У іх звышнатуральныя якасці прыпісваюцца тым прыродным з’явам, ад якіх залежаць вынікі чалавечай дзейнасці: зямлі, сонцу,  ветру, дажджу і г. д. Чалавек просіць гэтыя сілы аб дапамозе і спрабуе ўздзейнічаць на іх шляхам заклінанняў і ахвяр. Натуральная рэлігійнасць стыхійна ўзнікае і зараз са штодзённых патрэб сучасных людзей. Напрыклад, студэнтка, якая дрэнна падрыхтавалася да экзамену, у сваіх думках звяртаецца да нейкіх “вышэйшых сілаў”, якія звычайна ўяўляюцца ёй у выглядзе Бога, каб яны дапамаглі выцягнуць “шчаслівы” білет. Часцей натуральная рэлігійнасць узнікае ў чалавека тады, калі перад ім паўстаюць сур’ёзныя праблемы. Адчуваючы сваю няздольнасць вырашыць іх, ён звяртаецца за дапамогай да звышнатуральнага.

Рэлігіі адкрыцця – гэта рэлігіі, у якіх ёсць заснавальнік, прытым тое вучэнне, якое ён прапаведуе, разглядаецца не як вынік чалавечых разважанняў, а як звышнатуральнае адкрыццё. Прыкладамі дадзенага тыпу рэлігіі з’яўляюцца будызм (заснавальнік Буда), хрысціянства (Хрыстос), іслам (Мухамед).

Як правіла, рэлігіі адкрыцця з’яўляюцца монатэістычнымі. У іх шануецца адзіны Бог, які ўсё стварыў і ўсім кіруе. Сваёй галоўнай мэтай гэтыя рэлігіі лічаць не вырашэнне тых ці іншых праблем штодзённага жыцця (забеспячэнне багацця, здароўя, добрага ўраджаю, перамогі ў вайне і г. д.), але выратаванне самога чалавека шляхам яго пераўтварэння ў адпаведнасці з дадзенымі Богам запаведзямі. Таму вельмі вялікую ролю ў рэлігіях адкрыцця адыгрывае мараль, і гэтым яны істотна адрозніваюцца ад натуральных рэлігій, дзе асноўная ўвага надаецца культавым дзеянням.

Трэба адзначыць, што ўмоўнай з’яўляецца любая класіфікацыя, у тым ліку і прыведзеныя вышэй. У вучэбным дапаможніку яны выкарыстоўваюцца з мэтай выяўлення спецыфікі той ці іншай рэлігіі як феномена культуры.

 

Тэма 2  ТРАДЫЦЫЙНЫЯ РЭЛІГІІ

 

2.1. Рэлігія ў першабытным грамадстве

 

2.1.1. Праблема ўзнікнення рэлігіі.

2.1.2. Элементарныя формы рэлігійнага жыцця.

 

2.1.1. Праблема ўзнікнення  рэлігіі

 

Праблема ўзнікнення рэлігіі з’яўляецца вельмі складанай, бо пры яе даследаванні неабходна звяртацца да самага ранняга перыяду ў гісторыі чалавецтва, звесткі аб якім маюць фрагментарны і гіпатэтычны характар. Таму паміж даследчыкамі няма адзінства ў адказах на пытанне, як узнікла рэлігія. Больш таго, у сучасным рэлігіязнаўстве прызнаецца, што ні адзін з існуючых адказаў не з’яўляецца дастаткова абгрунтаваным і можа разглядацца толькі як адна з верагодных гіпотэз.

Падыходы да вырашэння пытання аб узнікненні рэлігіі могуць ажыццяўляцца як з рэлігійных, так і з нерэлігійных пазіцый. У першым выпадку пытанне вырашаецца значна прасцей, чым у другім. Для вернікаў рэлігія мае звышнатуральнае паходжанне, і менавіта да гэтага ў канчатковым выніку зводзіцца адказ на пытанне аб яе ўзнікненні. У большасці рэлігій лічыцца, што гэта багі ўстанавілі сувязь паміж сабой і людзьмі і навучылі людзей шанаваць сябе. Канкрэтныя формы гэтай сувязі і шанавання залежаць ад спецыфікі той ці іншай рэлігіі. Напрыклад, з пункта погляду хрысціянства, рэлігія дадзена людзям Богам дзеля іх выратавання.

Зараз большасць хрысціянскіх багасловаў зыходзіць з таго, што рэлігія развівалася ў гісторыі – адны яе формы змяняліся іншымі, і самое хрысціянства ўзнікла на акрэсленым этапе гістарычнага развіцця. Адны багасловы кіруюцца так званай тэорыяй “прамонатэізму”, згодна з якой спачатку ў людзей была вера ў адзінага Бога, рэшткі чаго можна зараз заўважыць у вельмі розных, нават самых прымітыўных, рэлігіях. Гэтая вера паступова развівалася і атрымала сваё канчатковае ўвасабленне ў хрысціянстве. Трэба адзначыць, што палажэнне аб існаванні прамонатэістычнага этапу ў развіцці рэлігіі хаця і пацвярджаецца некаторымі этнаграфічнымі даследаваннямі, але з’яўляецца вельмі слаба абгрунтаваным.

Другія хрысціянскія багасловы проста зыходзяць з прынцыпу, што людзі ўспрымалі Бога ў адпаведнасці са сваім культурным і разумовым узроўнем. Таму рэлігія ў сваім развіцці прайшла праз стадыі першабытных культаў, політэізму, монатэізму і атрымала  завяршэнне ў хрысціянстве.

Калі ж пытанне аб узнікненні рэлігіі вырашаецца з нерэлігійных пазіцый, то на яго даюцца самыя разнастайныя адказы. Прычым, трэба адзначыць, што не заўсёды яны з’яўляюцца навукова абгрунтаванымі. Значная частка з іх – чыста разумовыя канструкцыі, напрыклад, канцэпцыя аб тым, што рэлігія ўзнікла ў выніку падману.

Мы разгледзім толькі тыя канцэпцыі ўзнікнення рэлігіі, якія адпавядаюць навуковым крытэрыям і абапіраюцца на этнаграфічныя і археалагічныя даследаванні.

Большасць вучоных лічыць, што рэлігія ўзнікла прыкладна 40 тыс. гадоў таму назад у выніку так званай “палеалітычнай рэвалюцыі”, калі фарміруецца чалавек сучаснага тыпу (homo sapiens), а таксама ўзнікае культура як спецыфічна чалавечы спосаб жыццядзейнасці. Археалагічныя даследаванні сведчаць, што ў гэты перыяд ужо існавала практыка пахаванняў, пры якіх выконваліся пэўныя абрады: целы памёрлых пакрываліся чырвонай фарбай, арыентаваліся адносна бакоў свету, побач з імі клалі зброю і прадметы дамашняга побыту. Былі знойдзены наскальныя малюнкі людзей, апранутых у скуры звяроў, а таксама напалову звяроў, напалову людзей. На падставе гэтых знаходак даследчыкі зрабілі выснову аб наяўнасці рэлігіі ў перыяд верхняга палеаліту.

Такім чынам, вядома, калі ўзнікла рэлігія. Але існуе пытанне наконт таго, чаму і як гэта адбылося. Адказ на пытанне, чаму ўзнікла рэлігія, большасць сучасных даследчыкаў звязвае з пераходам ад малпы да чалавека і з’яўленнем культуры як спецыфічнага спосабу чалавечай жыццядзейнасці. Жывёлы карыстаюцца наборам інстыктыўных рэакцый, у іх псіхіцы запісана асноўная праграма будучых паводзін. У чалавека такой праграмы няма, і ён сам выпрацоўвае спосабы сваіх дзеянняў, зыходзячы з канкрэтнай сітуацыі. Для гэтага яму трэба асэнсаваць навакольны свет, з’арыентавацца ў ім. Культура ўзнікае як вынік дзейнаснай прыроды чалавека. Спецыфіка рэлігіі ў тым, што яна асэнсоўвае свет з пункта погляду яго фундаментальных прычын і мэт і тым самым дае чалавеку асноўныя арыенціры для дзейнасці. У залежнасці ад крытычнага або станоўчага падыходу да аналізу рэлігіі гэтыя арыенціры могуць разглядацца як ілюзорныя, і тым самым – шкодныя для чалавека, або як адпавядаючыя чалавечай сутнасці і неабходныя для нармальнага жыцця.

Адказы на пытанне, як узнікла рэлігія, зводзяцца да пошуку яе першаэлемента, гэта значыць, той формы рэлігіі, якая ўзнікла  спачатку і складае аснову ўсіх рэлігій. Зараз вядомы чатыры асноўныя адказы на гэтае пытанне, і, адпаведна, называюцца чатыры элементарныя формы рэлігійнага жыцця.

 

  1. 1.2. Элементарныя формы рэлігійнага жыцця

 

Татэмізм – вера ў звышнатуральную роднасць паміж этнічнай групай людзей і якой-небудзь жывёлай, раслінай ці (значна радзей) іншым аб’ектам прыроды. Канцэпцыя татэмізму як элементарнай формы рэлігійнага жыцця была распрацавана французскім сацыёлагам Э. Дзюркгеймам у працы “Элементарныя формы рэлігійнага жыцця. Татэмісцкія сістэмы Аўстраліі” (1912). Сам тэрмін “татэмізм” запазычаны з мовы паўночнаамерыканскага племені аджыбве і азначае “яго род”. Асноўнай адзнакай гэтай формы рэлігійнага жыцця з’яўляецца тое, што татэм лічыцца пачынальнікам і апекуном дадзенага этнасу, а таксама кроўным родзічам для ўсіх яго членаў. Татэм выконваў функцыю сімвала, які аддзяляў дадзеную групу людзей ад іншых. Татэмісцкія ўяўленні адыгралі вялікую ролю ў фарміраванні рода-племяннога грамадства. На іх падставе адбываецца падзел усіх людзей на сваіх і чужых. Толькі на суродзічаў распаўсюджваюцца нормы і звычаі, выпрацаваныя звышнатуральнымі продкамі, астатнія людзі энаходзяцца па-за іх межамі. Таму менавіта з татэмізмам звязаны вызначаныя абмежаванні ў дзейнасці і зносінах. Указваецца, што можна рабіць, а чаго рабіць нельга, з кім можна кантактаваць, а з кім – не. Напрыклад, існаваў звычай, згодна з якім мужчыны і жанчыны адной татэмнай групы не маглі паміж сабой уступаць у шлюб. Такім чынам, на падставе татэмізму фарміруецца сістэма забаронаў – табу. Яны маглі тычыцца ўжывання ў ежу мяса якой-небудзь жывёлы (як правіла, татэма), кантактаў з замужняй жанчынай, працы ў акрэсленыя дні тыдня і г. д.

Информация о работе Религиоведение