Религиоведение

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 07 Апреля 2015 в 01:31, курс лекций

Описание работы

У азначэннях рэлігіі, якія даюцца з пункту погляду тэалогіі, яна тлумачыцца як узаемадзеянне чалавека са звышнатуральным, пры гэтым зыходзяць з рэальнай наяўнасці апошняга. Азначэнні, якія належаць да гэтай групы, у асноўным падобныя паміж сабой. Мы прывядзем тыя з іх, якія належаць вядомым тэолагам ХХ ст. Згодна з А. Менем, рэлігія – гэта “сіла, якая звязвае светы, мост паміж створаным светам і Духам Боскім”, адпаведна Р. Гвардзіні – гэта “канкрэтныя ўзаемаадносіны канкрэтнага чалавека і жывога Бога”, па К. Ранеру – экзістэнцыяльная сувязь чалавека з жывым Богам, згодна з Э. Жыльсанам – асабовае стаўленне чалавека да трансцэндэнтнага, рэальнага і асабовага Абсалюта (Бога).

Содержание работы

1.1. Азначэнне рэлігіі.
1.2. Структура рэлігіі.
1.3. Функцыі рэлігіі.
1.4. Тыпы рэлігіі.

Файлы: 1 файл

Lektsyi_pa_religiyaznawstvu_1.doc

— 716.50 Кб (Скачать файл)

 

3.1.2. Джайнізм

 

Гэта рэлігія Індыі, узнікненне якой адносіцца да VI ст. да н. э. Колькасць прыхільнікаў зараз складае прыкладна 5 млн чалавек.

Заснавальнікам джайнізму быў выхадзец з сям’і кшатрыяў Вардхамана, які з’яўляецца гістарычнай асобай. Спачатку ён вёў звычайнае жыццё. Ва ўзросце 30 гадоў заняўся духоўнымі пошукамі, праз дванаццаць гадоў “дасягнуў вышэйшых ведаў” і стаў вядомы пад імем Джына (Пераможца) альбо Махавіра (вялікі герой). Яго лічаць апошнім з 24 ціртханкараў (“тых, хто знайшоў брод” – гэта значыць, тых, хто здолеў выйсці з кола сансары і тым самым дасягнуць абсалютнага выратавання).

Джайнізм з’явіўся як вынік саперніцтва паміж брахманамі і кшатрыямі за духоўнае кіраўніцтва ў грамадстве. Менавіта ў касце кшатрыяў з’явілася незадаволенасць панаваннем варны брахманаў, якія прысвоілі сабе выключнае права прадпісваць формы паводзін усім астатнім варнам, права рэгуляваць духоўнае жыццё краіны. Адчуваючы сябе абыдзенымі, кшатрыі пачалі праяўляць усё большую цікавасць да праблем пабудовы свету, сэнсу і мэты жыцця чалавека.

Ад брахманізму джайнізм успрыняў канцэпцыю сансары, кармы і мокшы. Ён з’яўляецца політэістычнай рэлігіяй, у джайнізме прызнаецца існаванне шматлікіх багоў і сцвярджаецца, што свет не з’яўляецца боскім тварэннем, ён вечны і незнішчальны. Яму ўласцівы пастаянныя цыклы развіцця, з перыядамі ўзнікнення, росту і заняпаду. Багі не валодаюць якой-небудзь рэальнай уладай над прыродай і людзьмі. Самі яны адрозніваюцца толькі вельмі доўгім жыццём, але таксама, як і людзі, падпарадкаваны сансары і карме.

У джайнізме няма супрацьпастаўлення матэрыяльнага і духоўнага. Адно з яго асноўных паняццяў – джыва (душа). Яна ўласціва людзям, жывёлам, раслінам, камяням. Лічыцца, што джыва ёсць ва ўсім. З гэтага вучэння ў джайнізме ўзнікае прынцып ахімсы – непрычыненне зла жывому ў любой форме. Джайны – не проста вегетарыянцы, яны нават не ўжываюць у ежу плады, дзе шмат сямян, бо апошнія – носьбіты новага жыцця.

Джыве супрацьстаіць аджыва (нежывое, неадушаўлённае, матэрыяльны пачатак). Згодна з вучэннем джайнізму увесь свет складаецца з джывы і аджывы. Праз карму душа аб’ядноўваецца з матэрыяй і праяўляецца ў форме жывых істот: раслін, жывёл, чалавека, бостваў. Прычым, у гэтым шэрагу чалавек – ключавое звяно, бо толькі ён можа спыніць дзейнасць закона кармы і дасягнуць вызвалення.

Тытул “джына” ў гэтай рэлігіі, ад якога яна і атрымала сваю назву, прысвойваецца тым настаўнікам веры, якія здолелі перамагчы свае слабасці, страсці, дрэнныя ўчынкі, зямныя прывязанасці і дасягнуць вызвалення ад сансары.

Шлях вызвалення ўключае, паводле вучэння джайнізму, “тры скарбы”. Першы – гэта “дасканалы погляд” – здольнасць бачыць свет такім, якім ён прадстаўлены ў вучэнні Джыны, поўная перакананасць у ісціннасці вучэння, сапраўдная вера ў кожнае слова дактрыны. Адэпт павінен адкінуць усе сумненні і накіраваць сваю свядомасць на выкананне палажэнняў  веравучэння, яшчэ да таго, як ён іх асэнсаваў, зыходзячы з таго, што “так трэба”. Другі – “дасканалае пазнанне” – спасціжэнне сапраўднай сутнасці душы і навакольнага свету, пераадоленне няведання, якое з’яўляецца асноўнай прычынай “зямных страсцей і жаданняў”, вывучэнне джайнісцкай карціны свету, а таксама тэорый аб джыве, карме, ціртханткарах і г. д. Лічыцца, што неабходнай умовай гэтага з’яўляецца адмаўленне ад канцэнтрацыі свядомасці на сваім “Я”. Трэцяе – “дасканалыя паводзіны” – прадугледжваецца выкананне пяці асноўных абавязкаў: не рабіць шкоды жывому (ахімса), не красці (асцья), не блудзіць (брахмачар’я), не прагнуць чужога (апарыгракха), быць шчырым і стрыманым у размовах (сацья). Строгасць гэтых зарокаў прывяла да таго, што ў першапачатковым джайнізме лічылася, што дасягнуць вызвалення могуць толькі манахі-пустэльнікі, якія цалкам парвалі сувязь са звычайным жыццём. Пасля склад суполкі джайнаў пачаў павялічвацца за кошт тых міран, якія спачувалі аскетам і падтрымлівалі іх матэрыяльна, а таксама жрацоў, якія кіравалі міранамі.

Сярод джайнісцкіх аскетаў ёсць дзве асноўныя групоўкі: дзігамбараў (“апранутыя ў паветра”) і шветамбараў (“апранутыя ў белае”). Першыя прапаведуюць крайні аскетызм. Яны адмовіліся ад адзення наогул, адкуль і пайшла іх назва. Ежу яны прымаюць адзін раз у дзень, праз дзень і нават радзей. Лічаць, што жанчына не можа дасягнуць прасвятлення, бо ў яе для гэтага няма сіл. Шветамбары не падзяляюць такія крайнія погляды. Яны носяць белае адзенне. Жанчыны ў іх таксама “маюць права на нірвану”. Паступова склаўся вобраз джайна – аголены, з марлевай павязкай, якая закрывае рот і з невялікай мяцёлкай, якой ён мяце дарогу перад сабой, – каб раптам не праглынуць альбо не раздавіць якую-небудзь жывую істоту. Ноччу манах не можа разводзіць вогнішча, як бы ні было холадна, бо ў агні могуць загінуць матылі. І наогул, яму забаронена хадзіць альбо што-небудзь рабіць ноччу, таму што ў цемры ён можа выпадкова зрабіць шкоду якойсьці жывой істоце.

Джайны, што не разарвалі са светам, жывуць суполкамі, у якіх вядуць строга аскетычны лад жыцця. Пастаянна займаюцца самаўдасканальваннем пад жорсткім самакантролем, упэўненыя ў тым, што гэта дапаможа ім дасягнуць стану мокшы. Сябры суполкі прытрымліваюцца строгай манагаміі, самі суполкі эндагамныя – шлюбы ажыццяўляюцца толькі ў іх межах. Сацыяльны склад суполкі джайнаў вызначаецца вучэннем гэтай рэлігіі, таму сярод іх няма сялян, праца якіх звязана з нанясеннем шкоды жывому. Джайны спрадвеку жылі ў гарадах, іх заняткамі былі рамяство, гандаль, ліхвярства. Сумленнасць джайнаў, дакладнасць іх працы, дазвалялі ім займаць такія сацыяльныя пазіцыі, як зборшчыкі падаткаў і г. д. Усё гэта прывяло да ўзнікнення фінансавага капіталу джайнаў, не маленькага і вельмі ўплывовага сацыяльна. Зараз джайны займаюць вядучыя пазіцыі ў фінансава-эканамічным жыцці Індыі. Заможныя джайны таксама вядуць вельмі сціплае асабістае жыццё, і таму яны трацяць свае грошы на падтрымку мастацтва і навукі, выданне кніг, у першую чаргу – джайнісцкіх, на дапамогу студэнтам, будаўніцтва храмаў, школ, прытулкаў для бедных і г. д.

 

3.1.3. Індуізм

 

Індуізм – трэцяя па колькасці паслядоўнікаў рэлігія ў свеце пасля хрысціянства і ісламу. Зараз яго вызнаюць больш 1 млрд. чалавек, з якіх больш 950 млн жывуць у Індыі і Непале. Таксама індуізм распаўсюджаны ў Бангладэш, Шры-Ланцы, Пакістане, Інданезіі, Малайзіі, Сінгапуры. Шмат прыхільнікаў гэтай рэлігіі жывуць у Велікабрытаніі, Канадзе і ЗША.

Індуізм узнік як вынік трансфармацыі брахманізму ва ўмовах распаўсюджвання джайнізму і будызму. Імкнучыся ўтрымаць свае пазіцыі, брахманы прыстасоўваліся да новых умоў, уключаючы ў свае вераванні палажэнні, якія раней былі для іх чужымі. Вучэнні ведызму і брахманізму былі пераапрацаваны пад уздзеяннем як даарыйскіх уяўленняў, так і джайнізму і будызму. Такім чынам, у канцы І тысячагоддзя да н. э. склаўся комплекс разнародных рэлігійных уяўленняў, якія не ўступалі ў яўную супярэчнасць з Ведамі, але больш адпавядалі новым умовам жыцця. Так паступова ўтварылася тая сукупнасць вераванняў і абрадаў, якую пазней сталі называць індуізмам. У пачатку нашай эры індуізм і будызм развіваліся ў Індыі паралельна, і іх палеміка была галоўным рухавіком гэтага развіцця. У IV–VI стст. н. э. індуізм зрабіўся пануючай рэлігіяй у краіне, выйграўшы саперніцтва ў будызму і джайнізму. Будызм быў амаль цалкам выціснуты за межы краіны. Што тычыцца джайнізму, то ён з-за сваёй патрабавальнасці – рэлігія нешматлікіх, прыкладна 0,5 % насельніцтва Індыі.

Сама назва “індуізм” узнікла прыкладна ў пачатку XIII ст. н. э. у сувязі з імкненнем мусульманскіх заваёўнікаў вызначыць розніцу паміж верай індыйцаў і ісламам. “Індуізм” – персідскі эквівалент слова “індыец”. Самі прыхільнікі называюць сваю рэлігію “санатана дхарма” – “вечны закон” альбо “вечнае вучэнне”, падкрэсліваючы пазазямное паходжанне іх вераванняў, узнікшых ў выніку боскіх адкрыццяў.

У індуізме існуе вялікая колькасць свяшчэнных тэкстаў, якія ствараліся на працягу тысячагоддзяў. Найбольшым аўтарытэтам карыстаюцца Веды і Упанішады. Да іншых тэкстаў адносяцца Пураны (“старажытныя паданні”) – тэксты, якія ўтрымліваюць уласна індуісцкую міфалогію, і старажытнаіндыйскія паэмы “Махабхарата” і “Рамаяна”.

У індуізма няма заснавальніка і няма прарока. Таксама няма духоўнай іерархіі і абавязковага набору палажэнняў веравучэння. Значэнне надаецца хутчэй вобразу жыцця, а не вобразу думак. Індуізм – аснова традыцыйнага спосабу жыцця большасці індыйцаў. Зараз у Індыі не ўсе, хто нарадзіўся індусам, вызнаюць індуізм, але лічыцца, што яны індусы, таму, што нарадзіліся індусамі.

Даць азначэнне індуізму вельмі цяжка па прычыне вялікай разнастайнасці тых традыцый і вераванняў, якія ў яго ўваходзяць. Насельніцтва Індыі – неаднанароднае. Па-першае, кожны індыец належыць да той ці іншай касты, якая ажыццяўляе абрады ў адпаведнасці са сваім палажэннем у грамадстве. Па-другое, Індыя – шматнацыянальная краіна. Зараз у ёй налічваецца больш за 500 народнасцяў і плямёнаў. Апроч таго, кожная мясцовасць мае сваю мову, традыцыі і, адпаведна, рэлігійныя вераванні і абрады.

Як правіла, тэрмінам “індуізм” абазначаюць сукупнасць рэлігійных кірункаў, якія грунтуюцца на Ведах. Але гэта не абавязкова – некаторыя кірункі, якія адносяцца да індуізму, не прызнаюць свяшчэнны характар Вед, але прызнаюць тых жа багоў, якія ўзгадваюцца ў Ведах, і прытрымліваюцца асноўных маральных прынцыпаў, што і іншыя кірункі ў індуізме. Такім чынам, індуізм можна больш правільна абазначыць не як адзіную рэлігію, а як сукупнасць рэлігій і традыцый. У індуізме адсутнічае адзіная сістэма вераванняў і агульная дактрына. Няма ў ім таксама цэнтралізаванага органа кіравання. Нягледзячы на гэта, індуізм мае сваю ўласную спецыфіку, якая вылучае яго сярод іншых рэлігій. 

Да агульных палажэнняў індуізму адносяцца:

– прызнанне існавання Брахмана як Абсалюта, які арганізуе сусвет;

  • прызнанне Атмана – часціцы Брахмана, якая заключана ў плоцкую абалонку індывіда;
  • вучэнне аб сансары і карме. Спыненне дзейнасці кармы, выхад з сансары і дасягненне мокшы – канчатковая мэта жыцця індуса. Дасягнуць гэтай мэты магчыма рознымі спосабамі. У індуізме кожны можа выбіраць свой шлях да Бога, які яму бліжэй, і ні адзін з гэтых шляхоў не будзе лічыцца лепшым альбо горшым за астатнія. Філосаф можа аддавацца глыбокім разважанням, брахман – рэлігійным спрэчкам, аскет – практыкам жорсткага абмежавання сваіх цялесных патрэб, просты чалавек – паўтараць мантру (малітву-заклінанне). Усе гэтыя спосабы ў роўнай ступені прымальныя ў індуізме.

Індуізм грунтуецца на веры ў непарыўнасць касмічнага і індывідуальнага быцця. Ёсць  тры асноўныя шляхі, якія вядуць да вызвалення:

  • шлях дзеянняў – выкананне абавязку, ажыццяўленне рытуалаў, шанаванне продкаў. Яго аснова – следаванне сваёй дхарме. Трэба бескарысліва выконваць свой абавязак, з поўным унутранным адрачэннем і не разважаючы аб выніках сваіх дзеянняў;
  • шлях ведаў – пошук ісціны, спасціжэнне адзінства Атмана і Брахмана. На гэтым шляху трэба развіваць інтэлект і звышпачуццёвую інтуіцыю, разважаць над свяшчэннымі  тэкстамі, спасцігаць вышэйшую мудрасць, якая ў іх заключаная;
  • шлях адданасці – любоў да багоў, вернасць ім. Гарачая любоў і паслядоўная адданасць ачышчаюць сэрца і накіроўваюць думкі да вышэйшых ведаў. Усякае дзеянне той, хто ідзе гэтым шляхам, робіць дзеля свайго боства і ўспрымае любое дзеянне як ахвяру, якую прыносіць.

Можна сказаць, што індуізм папулярызаваў брахманізм, надаў яму міфалагічную форму і стварыў новы пантэон, у якім ведысцкія багі выціснуты на перыферыю. На першы план выйшлі тры багі: Брахма, Вішну і Шыва. Кожны з іх увасабляе адну з касмічных сіл: Брахма – стваральнік свету, Вішну – яго захавальнік, Шыва – разбуральнік у канцы кожнага з касмічных цыклаў. Усе тры багі часта ўяўляліся разам: яны альбо стаялі побач, альбо іх целы быццам бы вырасталі адно з другога.

Брахма – бог стваральнік. Ён усходзіць да брахманісцкага Брахмана-Абсалюта і з’яўляецца больш зразумелай для простых людзей яго мадыфікацыяй. Стварэнне ім свету разумеецца як трансфармацыя першапачатковага Адзінства Вышэйшай рэчаіснасці і Вечнасці ў шматлікасць і часовасць усяго, што адбываецца. Яго паходжанне ад абстрактнага Брахмана аказала ўплыў і на стаўленне да яго з боку асноўнай колькасці простых вернікаў. З пункта погляду індуізму, гэта – “далёкі” бог, не прыстасаваны да патрэб штодзённага жыцця. Ва ўсёй Індыі яму прысвечаны толькі два храмы. Выявы Брахмы сустракаюцца ў храмах іншых багоў, але яго самастойнага культу практычна не існуе. У асноўным шануюцца Вішну і Шыва, таму індуізм распадаецца на два асноўныя кірункі: вішнуізм і шываізм.

Вішну – цэнтральны бог індуісцкай трыады. Як бог – захавальнік свету, Вішна мае мяккі і міралюбівы характар, ён блізкі да людзей. З культам Вішну звязана канцэпцыя аватараў (“нісходжанняў”), якая заключаецца ў вучэнні аб перыядычным з’яўленні Вішну ў свеце ў розных абліччах, каб дапамагчы людзям. Такіх аватар дзесяць. Найбольш вядомымі з іх з’яўляюцца восьмая і дзевятая – гэта, адпаведна, Крышна і Буда. Апошняя, дзесятая аватара Вішну – Калка (Вершнік на Белым Кані) – прыйдзе ў канцы нашага свету і ўстановіць залаты век.

У шываізме ўсе тры функцыі багоў (стварэнне свету, яго захаванне і далейшае разбурэнне) прыпісваюцца аднаму Шыве. Ён шануецца і як стваральнік, і як захавальнік, і як разбуральнік. З аб’яднання гэтых супрацьлеглых функцый узнікае супярэчлівы вобраз Шывы, яго шматаблічча. Шыва часта ўяўляецца ў позе ёга, які знаходзіцца ў стане глыбокай медытацыі. Ён сядзіць на скуры тыгра на адной з вяршынь Гімалаеў і сілай сваёй думкі падтрымлівае існаванне сусвету. У цэнтры лба ў яго знаходзіцца трэцяе вока, якое дазваляе Шыве ўбачыць тое, што звычайна схавана.

Але Шыва – таксама агрэсіўны і дэманічны бог, які валодае надзвычайнай энергіяй. Выражэннем апошняй з’яўляецца вобраз Шывы, які танцуе. Танец Шывы ў розных формах сімвалізуе ўсе тры віды яго дзейнасці: стварэнне свету, захаванне яго з дапамогай моцнага рытму і разбурэнне.

Паводле шываізму, ўся сіла і моц Шывы знаходзяцца не столькі ў ім самім, колькі ў яго духоўнай энергіі шакці. Шакці звязана ў Шыве з яго мужчынскай жыццестварáльнай патэнцыяй. Лічылася, што ў момант аб’яднання Шывы з яго жаночай палавінай гэтая энергія шматразова ўзмацняецца. Звычайна Шыва шануецца ў выглядзе лінгама, які сімвалізуе мужчынскі палавы орган. Каменны слуп лінгама ў храмах заўсёды спалучаецца с аснаваннем у выглядзе кальца, якое сімвалізуе жаночы пачатак, ёні.

З цягам часу паняцце шакці стала разумецца не столькі як духоўная сіла і мужчынская патэнцыя самога Шывы, колькі як яго жаночы пачатак, увасоблены ў жонках Шывы, найбольш вядомымі з якіх з’яўляюцца Дурга і Калі.

Информация о работе Религиоведение