Религиоведение

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 07 Апреля 2015 в 01:31, курс лекций

Описание работы

У азначэннях рэлігіі, якія даюцца з пункту погляду тэалогіі, яна тлумачыцца як узаемадзеянне чалавека са звышнатуральным, пры гэтым зыходзяць з рэальнай наяўнасці апошняга. Азначэнні, якія належаць да гэтай групы, у асноўным падобныя паміж сабой. Мы прывядзем тыя з іх, якія належаць вядомым тэолагам ХХ ст. Згодна з А. Менем, рэлігія – гэта “сіла, якая звязвае светы, мост паміж створаным светам і Духам Боскім”, адпаведна Р. Гвардзіні – гэта “канкрэтныя ўзаемаадносіны канкрэтнага чалавека і жывога Бога”, па К. Ранеру – экзістэнцыяльная сувязь чалавека з жывым Богам, згодна з Э. Жыльсанам – асабовае стаўленне чалавека да трансцэндэнтнага, рэальнага і асабовага Абсалюта (Бога).

Содержание работы

1.1. Азначэнне рэлігіі.
1.2. Структура рэлігіі.
1.3. Функцыі рэлігіі.
1.4. Тыпы рэлігіі.

Файлы: 1 файл

Lektsyi_pa_religiyaznawstvu_1.doc

— 716.50 Кб (Скачать файл)

Сямейныя ўрачыстасці, асабліва вяселлі, таксама прадугледжваюць наведванне свяцілішча. Часта прыносяць нованароджаных дзяцей, каб памаліцца аб іх здароўі.

Святы ў сінтаізме адбываюцца вельмі маляўніча, могуць суправаджацца рознымі шэсцямі, феерверкамі, спартыўнымі спаборніцтвамі. Японцы масава прымаюць удзел у святах.

Шмат японцаў прытрымліваюцца адразу некалькіх рэлігій: вяселлі звычайна адбываюцца па сінтаісцкіх абрадах, а пахаванні – па будысцкіх, хаця вяселлі па будысцкіх і нерэлігійных абрадах таксама распаўсюджаны.

Ад прыхільнікаў сінта не патрабуецца штодзённых малітваў і частых наведванняў храма. Дастаткова ўдзелу ў асноўных храмавых святах і выканання традыцыйных абрадаў, звязаных з асноўнымі падзеямі ў жыцці чалавека. Таму самі японцы вельмі часта ўспрымаюць сінта як сукупнасць нацыянальных звычаяў і традыцый. Нішто не перашкаджае сінтаісту вызнаваць любую іншую рэлігію або лічыць сябе атэістам. Але выкананне абрадаў сінта неаддзельна ад штодзённага жыцця японцаў, проста большасць абрадаў не разглядаецца як праява рэлігійнасці. Абрады ўспрымаюцца прагматычна – як сацыяльныя абавязкі. Такое палажэнне параджае парадаксальную сітуацыю: з аднога боку, амаль усё штодзённае жыццё Японіі пранізана сінтаізмам, з другога – толькі некаторыя з японцаў лічаць сябе сінтаістамі.

 

3.4. Рэлігіі яўрэяў. Іўдаізм

 

Іўдаізм – нацыянальная рэлігія яўрэяў. Колькасць яго прыхільнікаў складае зараз 14 млн чалавек. Большасць іх жыве ў Ізраілі і ЗША.

Іўдаізм з’яўляецца самай старажытнай монатэістычнай рэлігіяй. Яго фарміраванне пачынаецца з XIII ст. да н. э., калі качавыя яўрэйс-кія плямёны заваёўваюць тэрыторыю Палесціны (Ханаан). Да гэтага яўрэі былі політэістамі, іх вераванні і абрады прынцыпова не адрозніваліся ад тых, якіх прытрымліваліся іншыя народы гэтага рэгіёна. Сярод яўрэяў былі шырока распаўсюджаны фетышызм, анімізм і магія. Аднак  і пасля XIII ст. да н. э. яўрэі не адразу становяцца паслядоўнымі монатэістамі, існуюць шматлікія выпадкі адступлення ад культу адзінага Бога і шанавання багоў тых народаў, сярод якіх яўрэі жылі. Канчаткова монатэізм усталёўваецца сярод яўрэяў у VІ ст. да н. э.

Тэрмін “іўдаізм” паходзіць ад назвы самага шматколькаснага з дванаццаці яўрэйскіх плямён – племені Іуды, якое ў XI ст. да н. э. зрабілася пануючым.

Даследчыкі вылучаюць у гісторыі іўдаізму тры асноўныя этапы: біблейскі, талмудычна-рабіністычны і рэфармісцкі.

Біблейскі этап ахоплівае час з XIII ст. да н. э. па 70 г. н. э. У гэты перыяд яўрэі мелі сваю дзяржаву на тэрыторыі Палесціны. Асноўную ролю ў іх рэлігійным і палітычным жыцці адыгрывае першая частка Бібліі, якую іўдзеі называюць Танах (Запавет). Ён складаецца з 39 кніг і трох частак: “Закон” (Тора), “Прарокі” (Набіім) і “Пісанні” (Кетубім). Напісаны Танах быў у ХІІІ–ІІ стст. да н. э. на тэрыторыі Палесціны і Вавілона на старажытнаяўрэйскай мове.

Анову Танаха складае палажэнне аб тым, што ёсць адзіны Бог Яхвэ, які ўсё стварыў, абраў яўрэяў і заключыў з імі запавет, згодна з якім яўрэі абавязаны шанаваць Яхвэ як адзінага Бога і выконваць Яго запаведзі, а Яхвэ будзе падтрымліваць яўрэяў.

Матывы богаабранасці адыгралі вельмі значную ролю ў гісторыі яўрэйскага народа. Упэўненасць у сваёй выключнасці і нязменнай падтрымцы Бога дазволіла яўрэям вытрымаць сур’ёзныя і шматлікія выпрабаванні. Палітычны лёс яўрэяў быў вельмі цяжкім. Тэрыторыя Палесціны знаходзілася на перакрыжаванні інтарэсаў магутных дзяржаў, і яе ўвесь час заваёўвалі.

У 322 г. да н. э. Палесціна была заваявана войскамі А. Македонскага, а ў 66 г. да н. э. трапіла пад уладу Рыма. Узмацніўся працэс рассялення яўрэяў па-за межы Палесціны, які атрымаў назву дыяспары. Многія яўрэі, асабліва з вышэйшых слаёў, сталі прымаць грэчаскія звычаі.

Усё гэта прывяло да крызісу ў іўдаізме. У ім вылучыліся тры партыі альбо школы: садукеі, фарызеі і ясеі.

Садукеі (ад імя Цадока, заснавальніка жрэцкай дынастыі) належалі да вышэйшага жрэцтва Іерусалімскага храма, знаці і багатага купецтва. Яны выступалі за строгае выкананне рэлігійнай традыцыі, а таксама абаранялі інтарэсы вышэйшых слаёў грамадства. Асноўнай іх мэтай было стварэнне магутнай яўрэйскай дзяржавы.

Фарызеі (“аддзеленыя”) былі звязаны з сінагогамі, дзе яны займаліся тлумачэннем Торы і навучаннем вернікаў. Яны імкнуліся да большага дэмакратызму ў рэлігійным жыцці, клапаціліся аб дабрабыце простага народа і выступалі за больш гібкае ўспрыманне традыцыі. Аднак асноўны націск яны рабілі на неабходнасці захавання вернасці духу Торы і імкнуліся паслядоўна і дэталёва яе выконваць. Па гэтай прычыне ў далейшым слова “фарызей” стала абазначаць чалавека, які дэманструе паказную набажнасць.

Ясеі (“сыны святла”) уяўлялі сабой нешта накшталт манаскай суполкі, члены якой вялі аскетычнае жыццё і не прызнавалі знешняй абраднасці. Яны верылі ў замагільнае існаванне, дзе праведнікі атрымаюць узнагароду. У ясеяў існаваў культ нейкага “Настаўніка справядлівасці”, які быў пакараны за веру.

Ва ўмовах рымскага прыгнёту і палітычнага заняпаду сярод іўдзеяў узмацняюцца настроі чакання Месіі, якія існавалі ўжо на працягу некалькіх стагоддзяў. Верылі, што Яхвэ карае яўрэяў за іх адступленне ад запавету, але Ён застаецца нязменным у сваёй міласці да абранага Ім народа. Яхвэ пашле яўрэям Месію (“Памазанніка”), які вызваліць іх ад чужаземнага прыгнёту і дасць ім новы запавет. На працягу некалькіх стагоддзяў іўдзеі марылі аб “Дні Гасподнім”, калі Бог праз Месію выратуе свой народ. Аднак яны па-рознаму ўяўлялі сабе вызваліцеля, які павінен быў прыйсці. Прарокі, якія прадказалі з’яўленне Месіі, пісалі аб ім як аб духоўным вызваліцелі і сцвярджалі, што ён не толькі дасць яўрэям новы запавет, які будзе запісаны ў іх сэрцах, але добраахвотна прыме пакуты за грахі людзей. Большасць жа іўдзеяў уяўляла Месію як палітычнага вызваліцеля, які ўзначаліць паўстанне супраць іншаземцаў, пасля чаго яўрэі будуць панаваць над сваімі ворагамі, жыць у шчасці і багацці. Само слова “месія” (па-старажытнаяўрэйску “машыах”) перакладаецца як “памазаннік”. Чакалася, што ён будзе з роду цара Давіда. У старажытных яўрэяў цароў памазвалі на царства – лілі ім на галаву асаблівы алей як знак царскай годнасці. Адны іўдзеі ўяўлялі Месію як духоўнага цара, другія – як палітычнага.

У І ст. н. э. на грунце іўдаізму ўзнікла хрысціянства. Было абвешчана, што тым Месіяй, якога іўдзеі чакаюць ужо некалькі стагоддзяў, з’яўляецца Ісус Хрыстос. Асноўная  частка іўдзеяў не прыняла Хрыста ў якасці Месіі і стала праследаваць хрысціян як шкодную секту. Галоўныя надзеі яўрэяў былі звязаны з палітычным вызваленнем ад рымскага прыгнёту. Былі ўзняты два паўстанні (у 66–73 гг. і 132–135 гг.), якія пацярпелі паражэнне. У 70 г. рымляне разбурылі Іерусалімскі храм, а ў 133 г. – сам Іерусалім.

Талмудычна-рабіністычны этап доўжыўся з 70 г. па першую палову XIX ст. У іўдаізме гэтага перыяду ў рэлігійнай форме знайшло сваё адлюстраванне жыццё яўрэяў ва ўмовах дыяспары. Вялікая колькасць яўрэяў жыла за межамі Палесціны і раней, але разбурэнне Іерусаліма і храма паклала канец існаванню старажытнаяўрэйскай дзяржавы, а разам з ёй і старажытнаму іўдаізму. У дыяспары канчаткова фарміруецца новая рэлігійная арганізацыя іўдзеяў – сінагога. Яна выконвала ролю рэлігійнага і грамадскага цэнтра. Кіруючая роля ў сінагогах належала рабінам (ад. яўр. раббі – настаўнік). Гэта былі адукаваныя людзі, якія займаліся навучаннем, чытаннем і тлумачэннем Танаха, асабліва першай яго часткі – Торы, а таксама вырашэннем жыццёвых праблем яўрэяў на падставе палажэнняў апошняй.

Ва ўмовах страты дзяржавы і жыцця сярод іншых народаў яўрэі захавалі веру ў сваю богаабранасць і кожны свой крок імкнуліся суадносіць з тым рэлігійным законам, які даў ім Бог. Па гэтай прычыне ўзнікла патрэба ў дэталёвых каментарыях да Торы, каб ужыць яе нормы ў канкрэтных выпадках жыцця. Першыя такія каментарыі з’явіліся яшчэ ў ІV ст. да н. э. Спачатку яны перадаваліся вусна, а потым пачалі запісвацца і атрымалі назву Мішна (“Паўтарэнне”). Крыху пазней быў створаны каментарый да Мішна – Гемара (“Поўнае тлумачэнне”). Аб’яднаныя Мішна і Гемара атрымалі назву Талмуд (“Вучэнне”). Існуе дзве яго рэдакцыі: палесцінская (III ст. н. э.) і вавілонская (V ст. н. э.) Талмуд уяўляе сабой велізарны зборнік рэлігійна-юрыдычных правіл, а таксама жыццёвай мудрасці яўрэяў. У ім даецца надзвычай даталёвая рэгламентацыя паводзін. Ён становіцца асновай заканадаўства і маралі іўдзеяў.

Сучасны этап у гісторыі іўдаізму пачаўся з першай паловы XIX ст. У гэты перыяд узнікае праблема прыстасавання яўрэяў да дасягненняў еўрапейскай культуры Новага часу. У залежнасці ад вырашэння гэтай праблемы іўдаізм падзяліўся на тры асноўныя напрамкі: артадаксальны, рэфарматарскі і кансерватыўны.

Артадаксальны іўдаізм разглядае сябе як адзіна правільны. Сваёй асноўнай мэтай ён лічыць захаванне традыцый іўдаізму ва ўмовах сучаснага жыцця. У артадаксальным іўдаізме да вернікаў прад’яўляюцца строгія патрабаванні культавага характару. Яны павінны штодзённа вывучаць Тору і строга выконваць усе правілы, зафіксаваныя ў Талмудзе.

Рэфарматарскі іўдаізм зыходзіць з таго, што неабходна ўлічваць патрабаванні часу. Акцэнт у ім робіцца не на абрадах, а на маральных нормах паводзін. Абвяшчаецца, што закон павінен выконвацца не таму, што так загадаў Бог, а таму, што гэта мае сэнс у сучасным рэлігійным жыцці. У рэфарматарскім іўдаізме рабінамі могуць быць жанчыны.

Кансерватыўны іўдаізм узнік як рэакцыя на змярцвеласць традыцыі, з аднаго боку, і бяздумныя асімілятарскія тэндэнцыі, з другога. Ён выступае за вернасць традыцыі, але, калі гэта неабходна, з папраўкамі. Кансерватыўны іўдаізм па сваёй накіраванасці знаходзіцца паміж артадаксальным і рэфарматарскім. Ён выступае за змены, але з улікам гістарычнага вопыту яўрэяў.

Зараз артадаксальны іўдаізм з’яўляецца пануючай рэлігіяй у Ізраілі. Ён не мае афіцыйнага статусу дзяржаўнай рэлігіі, але карыстаецца надзвычай моцнай падтрымкай урада і аказвае істотны ўплыў на грамадскае жыццё ў краіне. Усе пытанні сямейнага і спадчыннага права вырашаюцца ў адпаведнасці з нормамі Танаха і Талмуда. Не зарэгістраваны ў сінагозе шлюб не прызнаецца законным. Рабіны знаходзяцца на дзяржаўнай службе і займаюцца афармленнем актаў грамадзянскага стану, выкладаюць іўдаізм у школах, вядуць выхаваўчую работу ў войску. Каардынуе і накіроўвае дзейнасць рабінаў у Ізраілі Вярхоўны Рабінскі Савет.

У іўдаізме няма афіцыйна зацверджанага веравучэння, аднак сутнасць веры праяўляецца ў “Шэма” (старажытнаяўр. – слухай) – гэта назва трох вершаў Бібліі, якія складаюць асноўную малітву іўдаізму: “Слухай Ізраіль: Гасподзь, Бог наш, Гасподзь адзіны ёсць і любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, і ўсёй душою тваёю, і ўсімі сіламі тваімі, і няхай будуць словы гэтыя, якія Я запаветую табе сёння, у сэрцы тваім” (Друг., 6, 4–6). Набожны іўдзей павінен любіць Бога ўсёй сваёю сутнасцю, і гэта любоў знаходзіць праяўленне ў выкананні Яго запаведзяў.

Даследчыкі вылучаюць наступныя палажэнні веравучэння іўдаізму.

1. Ёсць адзіны Бог Яхвэ. Толькі Яхвэ з’яўляецца сапраўдным Богам, і толькі Яго трэба слухацца. Шанаванне іншых багоў лічыцца ў іўдаізме цяжкім грахом. Яхвэ не мае ніякага знешняга выгляду, яго імя перакладаецца “Той, Хто сапраўды ёсць”. Ён усё стварыў і ўсім кіруе.

2. Яўрэі з’яўляюцца богаабраным народам. Яхвэ абраў яўрэяў сярод іншых народаў як сродак свайго праяўлення ў гісторыі. Нявернасць яўрэяў Яхвэ прыводзіць да пакарання з Яго боку. Аднак і ў гэтым выпадку яўрэі застаюцца богаабраным народам, і Яхвэ заўсёды гатовы ім дараваць.

3. Павінен прыйсці Месія, каб судзіць жывых і памерлых і прывесці яўрэяў у Зямлю Абетаваную. Іўдзеі вераць, што з прыходам Месіі будзе знішчана ўсё зло на зямлі і ўстановіцца роўнасць і справядлівасць. Знікнуць хваробы і войны, узрасце ўрадлівасць зямлі, людзі будуць жыць да тысячы гадоў.

4. Танах і Талмуд з’яўляюцца свяшчэннымі кнігамі. Кожны іўдзей павінен іх вывучаць і выконваць іх запаведзь. Асабліва шануецца першая частка Танаха – Тора, якая згодна з веравучэннем іўдаізму была дадзена яўрэям Яхвэ праз Маісея. Талмуд мае меншы рэлігійны аўтарытэт, аднак ён дае правілы паводзін у дачыненні да канкрэтнай сітуацыі, і таму ў сваім штодзённым жыцці іўдзей часцей звяртаецца да Талмуда.

5. Душа з’яўляецца неўміручай і пасля смерці чалавека трапляе ў замагільны свет. У старажытным іўдаізме гэтае палажэнне адсутнічала. Даследчыкі лічаць, што яно было запазычана іўдзеямі з іншых рэлігій.

Асноўная ўвага ў іўдаізме надаецца не веравучэнню, а культу. Іўдзеі лічаць, што іх вера праяўляецца ў іх дзеяннях. Існуе 365 забаронаў і 248 прадпісанняў, якія рэгулююць усё жыццё прававернага іўдзея. Маліцца ён павінен тройчы ў дзень: раніцай, апоўдні і ўвечары, дома альбо ў сінагозе. Пры малітве мужчыны пакрываюць галаву капелюшом альбо спецыяльнай шапачкай (яна называецца ярмолкай альбо кіпай). Для малітвы ў сінагозе трэба не менш дзесяці мужчын. У артадаксальным іўдаізме мужчыны і жанчыны моляцца асобна.

Вялікае значэнне ў іўдаізме надаецца абраду абразання, якое робіцца хлопчыкам на восьмы дзень жыцця, а таксама цырымоніям бар-міцва і бат-міцва, якімі асвячаюцца паўналецце хлопчыкаў і дзяўчынак. Робяцца яны адпаведна ў 13 і 12 гадоў.

Галоўным святам у іўдаізме з’яўляецца шабат (субота). Ён прысвечаны адпачынку Бога пасля стварэння Ім свету, а таксама вызваленню яўрэяў з егіпецкага палону. Пачынаецца шабат у пятніцу пасля заходу сонца. Іўдзеі ў гэты дзень наведваюць сінагогу і ладзяць святочную вячэру. У шабат нельга рабіць ніякай працы, у тым ліку гатаваць ежу, уключаць электрапрыборы, вадзіць аўтамабіль, карыстацца грамадскім транспартам.

Іншымі святамі з’яўляецца: Рош Гашона (Новы год) – у гонар стварэння Богам свету; Ём-Кіпур (Судны дзень) – дзень пакаяння ў грахах і посце; Сукот – узгадваецца дапамога Бога яўрэям, калі яны 40 гадоў падарожнічалі па пустыні; Песах (Праходжанне) – у гонар вызвалення яўрэяў з егіпецкага рабства і другія.

У іўдаізме ёсць ежавыя забароны. Уся ежа падзяляецца на кашэрную (правільную, чыстую) і некашэрную. Напрыклад, забаронена есці свініну, малюскаў, ракападобных, а дазволена – бараніну, ялавічыну, кураціну. Нельга ўжываць у ежу кроў, таму жывёлы павінны быць забіты спецыяльным спосабам, а мяса іх вымочваецца ў халоднай ва-дзе. Мясныя і малочныя прадукты нельга ўжываць разам. Традыцыйна выхаваная яўрэйская хатняя гаспадыня мае два наборы посуду: адзін – для малочнай, другі – для мясной ежы. У дадатак яна можа карыстацца дзвюма мыйкамі для посуду і двума наборамі рушнікоў. З гэтай жа прычыны ў кашэрных гатэлях маюцца дзве кухні.

Информация о работе Религиоведение