Религиоведение

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 07 Апреля 2015 в 01:31, курс лекций

Описание работы

У азначэннях рэлігіі, якія даюцца з пункту погляду тэалогіі, яна тлумачыцца як узаемадзеянне чалавека са звышнатуральным, пры гэтым зыходзяць з рэальнай наяўнасці апошняга. Азначэнні, якія належаць да гэтай групы, у асноўным падобныя паміж сабой. Мы прывядзем тыя з іх, якія належаць вядомым тэолагам ХХ ст. Згодна з А. Менем, рэлігія – гэта “сіла, якая звязвае светы, мост паміж створаным светам і Духам Боскім”, адпаведна Р. Гвардзіні – гэта “канкрэтныя ўзаемаадносіны канкрэтнага чалавека і жывога Бога”, па К. Ранеру – экзістэнцыяльная сувязь чалавека з жывым Богам, згодна з Э. Жыльсанам – асабовае стаўленне чалавека да трансцэндэнтнага, рэальнага і асабовага Абсалюта (Бога).

Содержание работы

1.1. Азначэнне рэлігіі.
1.2. Структура рэлігіі.
1.3. Функцыі рэлігіі.
1.4. Тыпы рэлігіі.

Файлы: 1 файл

Lektsyi_pa_religiyaznawstvu_1.doc

— 716.50 Кб (Скачать файл)

Іўдаізм на Беларусі з’яўляецца прышлай рэлігіяй. Масавае перасяленне яўрэяў на тэрыторыю Беларусі адбылося ў другой палове ХІV ст. з Германіі. Як і ў іншых краінах дыяспары, яўрэі на нашых землях не асіміляваліся з мясцовым насельніцтвам і жылі адасоблена. ХХ ст. з’явілася часам жорсткіх выпрабаванняў для іўдаізму на Беларусі. Моцны ўдар па яму нанесла антырэлігійная палітыка Савецкай улады і генацыд яўрэяў у гады фашысцкай акупацыі. З канца 80-х гг. у сувязі са зменай палітычнай сітуацыі ў нашай краіне адбываецца адраджэнне рэлігійнага жыцця, якое закранула і іўдаізм. Зараз на Беларусі зарэгістравана тры рэлігійныя аб’яднанні іўдзеяў: Беларускае іўдзейскае рэлігійнае аб’яднанне, Аб’яднанне іўдзейскіх рэлігійных суполак Рэспублікі Беларусь і Аб’яднанне суполак прагрэсіўнага іўдаізму Рэспублікі Беларусь. Дзейнічаюць духоўнае вучылішча ў Мінску, нядзельныя школы пры сінагогах, яўрэйскія дзіцячыя садкі і класы ў сярэдніх школах.

На 1 студзеня 2011 г. на Беларусі зарэгістравана 35 суполак артадаксальнага і 17 прагрэсіўнага (рэфарміраванага) іўдаізму.

 

 

Тэма 4  БУДЫЗМ

 

4.1. Узнікненне будызму.

4.2. Этыка будызму.

4.3. Кірункі ў будызме.

 

4.1. Узнікненне будызму

 

Будызм – самая старажытная сусветная рэлігія. Узнік у VI ст. да н. э. у Паўночнай Індыі. Зараз колькасць яго прыхільнікаў складае 324 млн чалавек. Будызм распаўсюджаны ў такіх краінах, як, Кітай, Японія, В’етнам, Лаос, Тайланд, Камбоджы, Шры-Ланка, М’янма, Карэя, Манголія, Непал. У Індыі зараз будыстаў вельмі мала – менш чым 0,5 % насельніцтва.

Будызм узнік як лагічны працяг і своеасаблівае адмаўленне папярэдніх яму рэлігій Старажытнай Індыі – ведызму і брахманізму. У ім абвяшчаецца прынцыповая роўнасць паміж людзьмі, гэта значыць, адмаўляецца варнавая сістэма, якая з’яўляецца адной з падстаў брахманізму. Таксама быў абвешчаны індывідуальны шлях выратавання, вынікам чаго з’явіўся непасрэдны ўдзел кожнага будыста ў рэлігійным жыцці. Заснавальнік будызму Сіддхартха Гаўтама Шак’ямуні (Буда) выйшаў з асяроддзя кшатрыяў.

Большасць даследчыкаў зараз лічыць, што заснавальнік будызму з’яўляецца рэальнай гістарычнай асобай. Існуе некалькі варыянтаў ягонай біяграфіі, у якіх пераплецены рэальныя і міфалагічныя элементы.

Вядома, што ён нарадзіўся ў 564 г. да н. э. у Паўночнай Індыі ў сям’і цара Шудхаданы, правіцеля племені шак’яў, і царыцы Маі. Пры нараджэнні яго назвалі Сідхартха Гаўтама (Сідхартха – асабістае імя, – азначае “той, хто дасягнуў мэты”; Гаўтама – радавое імя, у гонар яго знакамітага продка, настаўніка брахманізму). У далейшым яго таксама сталі зваць Шак’ямуні – “мудрэц з племені шак’яў”. Прынц жыў у раскошы, не ведаючы турбот. Ва ўзросце 16 гадоў ён ажаніўся на прынцэсе, якую звалі Гопа. Апроч яе ў яго быў цэлы гарэм прыгожых танцоўшчыц, і, здавалася б, малады прынц павінен быць задаволены жыццём. Аднак свайго адзінага сына ён называе Рахула, што значыць “ланцуг”, такім чынам, пасярод усёй раскошы Сідхартха адчуваў сябе як у ланцугах. Духоўны крызіс абвастрыўся пасля таго, як малады прынц адкрыў для сябе той факт, што жыццё людзей зусім не складаецца з адных прыемнасцяў, але поўнае пакут і няшчасцяў. Гэтае адкрыццё аказала на Сідхартху вельмі глыбокае ўражанне, і ён задумаўся аб сэнсе жыцця.

Індыйская культура таго часу ўжо выпрацавала акрэсленыя адказы на гэтае пытанне. Лічылася, што спакой можна атрымаць праз аскетычны вобраз жыцця і самаўмярцвенне плоці. Сідхартха ўцякае з палаца і шэсць гадоў займаецца аскетычнай практыкай. Ён вельмі схуднеў, яго твар пачарнеў і зрабіўся страшным, скура зморшчылася, а валасы выпалі. Аднак Сідхартха не знаходзіць адказы на тыя пытанні, якія яго мучылі. Па гэтай прычыне ён адмаўляецца ад аскетызму і каля горада Урувела ў свяшчэнным гаі аддаецца глыбокай медытацыі. У выніку на яго сышло “прасвятленне”, і ён зрабіўся Будай (“Прасветленным”). Потым ён пачаў прапаведаваць, у яго з’явіліся вучні, з якімі ён 40 гадоў хадзіў па Індыі, расказваючы аб шляху выратавання ад пакут. Памёр Буда ў 483 г. да н. э. ва ўзросце 80 гадоў у мястэчку Кушынагара. Згодна з індыйскімі звычаямі, яго цела было спалена, а попел падзелены паміж васьмю паслядоўнікамі. У далейшым гэтыя часткі попелу былі захаваны, і над імі пабудавалі піраміды (ступы), якія з’яўляюцца месцам паломніцтва будыстаў. Паводле падання, адзін з вучняў Буды выхапіў з пахавальнага вогнішча зуб свайго настаўніка. Зараз гэты зуб з’яўляецца галоўнай рэліквіяй будызму, знаходзіцца ён на Шры-Ланцы ў горадзе Кандзі, у гонар яго пабудаваны спецыяльны храм Зуба Буды і штогод праводзяцца ўрачыстасці.

Такія нешматлікія факты з рэальнай біяграфіі заснавальніка будызму. Міфалагічная ж біяграфія Буды мае прыкладна наступны выгляд.

На працягу многіх кальп (I кальпа – 8 640 000 000 год) Буда перараджаўся на зямлі ў выглядзе розных жывых істот – 83 разы святым, 58 разоў царом, 24 разы манахам, 18 разоў малпай, 13 разоў купцом, 12 разоў курыцай, 8 разоў гусем, 6 разоў сланом, а таксама рыбай, пацуком, цесляром, кавалём, жабай, зайцам і г. д. Усяго такіх перара-джэнняў было 550. Паколькі свет за гэты час апынуўся ў цемры невуцтва, багі вырашылі, што яму трэба нарадзіцца чалавекам, дасягнуць пры жыцці прасвятлення, зрабіцца Будай і пачаць прапаведаваць сваё вучэнне, паказаўшы тым самым чалавецтву шлях да выратавання. Буда сам выбраў месца і час свайго нараджэння, а таксама сваіх будучых бацькоў. Згодна з паданнем, яго маці Мая ўбачыла сон: быццам бы ёй у правы бок (па іншай версіі – ва ўлонне) увайшло бажаство ў выглядзе белага слана. Праз належны тэрмін яна нарадзіла сына, які выйшаў у яе з правага бока, зрабіў сем крокаў і абвясціў кліч Буды, пачуўшы які, багі паспяшаліся яго ўшанаваць. Пры нараджэнні Буды яго бацькам было прадказана, што ён зробіцца альбо вялікім царом, альбо заснавальнікам новага вучэння, прычым апошняе адбудзецца, калі ён пабачыць пакуты свету. Бацька хацеў, каб яго сын стаў царом, і таму забяспечыў яму бестурботнае жыццё. Але аднойчы малады царэвіч паехаў на прагулку, і адбыліся чатыры знакамітыя сустрэчы: ён убачыў хворага, старога, памерлага і манаха-аскета. Пад уражаннем першых трох сустрэч Сідхартха прыйшоў да высновы, што ўсё жыццё чалавека поўнае зла і пакут, а чацвёртая паказала яму магчымы шлях  выратавання. Ён уцякае з палаца і спрабуе знайсці ісціну праз аскетызм, але потым адмаўляецца ад яго. Сідхартха сядае пад свяшчэннае дрэва, уваходзіць у стан глыбокай медытацыі, вырашыўшы не падымацца, пакуль не дасягне ісціны. Ён сядзеў так 49 дзён, яго спакушаў дэман Мара, але нарэшце дасягнуў прасвятлення і зрабіўся Будай. Потым ён стварае манаскую суполку, прапаведуе сваё вучэнне і ва ўзросце 80 гадоў адыходзіць у нірвану.

 

4.2. Этыка будызму

 

Этыка з’яўляецца асновай веравучэння будызму. Асноўнай сваёй задачай Буда лічыў не тлумачэнне свету, а ўказанне людзям шляху выратавання. Таму, калі яму задавалі пытанні, як узнік свет, куды ён ідзе, як пабудаваны, Буда маўчаў. У будызме гэта называецца “Вялікае маўчанне Буды”. Ён прыводзіў прыклад: калі чалавек, паранены атручанай стралой, будзе высвятляць, хто яго параніў, мужчына гэта ці жанчына, да якой варны належыць і г. д., дык памрэ раней, чым знойдзе адказы на ўсе гэтыя пытанні, – трэба хутчэй выцягнуць стралу і лячыць рану. Так і ў жыцці – людзі цікавяцца рознымі метафізічнымі пытаннямі аб сутнасці рэчаў, іх пабудове і г. д., не знаходзяць на іх адказы і паміраюць у турботах. Таму ўсё ў будызме падпарадкавана справе вызвалення чалавека ад пакут. Буда казаў, што ён прапаведуе не ўсё сваё вучэнне, а толькі тую частку, якая непасрэдна карысна для жыцця, – тое, што ён ведае, і тое, чаму вучыць, суадносяцца прыкладна таксама ж, як колькасць лістоў у лесе і колькасць лістоў, узятых у руку.

У сваіх пропаведзях Буда прытрымліваўся так званага “сярэдзіннага шляху”. Ён прыйшоў да высновы,  што абедзве крайнасці – і жыццё, поўнае пачуццёвых задавальненняў, і аскетычная практыка добраахвотных пакут – аднолькава несапраўдныя. Першая – гэта “жыццё нізкае, не высакароднае, супрацьлеглае духу, ганебнае, мізэрнае”; другая – “жыццё змрочнае, ганебнае, мізэрнае”. Правільны шлях ляжыць пасярэдзіне. Гэта шлях паглыблення ў сябе дзеля пазнання ісціны, ён вядзе да супакою і прасвятлення духу.

Этыка будызму грунтуецца на чатырох высакародных ісцінах, якія адкрыліся Сідхартху Гаўтаме над свяшчэнным дрэвам Бодхі.

Першая ісціна – усё жыццё ёсць зло і пакуты. Нараджэнне – гэта пакуты, смерць – гэта пакуты, хвароба – гэта пакуты, неспакой, няшчасце, боль, расчараванне і адчай – гэта пакуты, немагчымасць атрымаць пажаданае – гэта пакуты і г. д. Пакуты Буда разумеў перш за ўсё як хваляванні, мітусню, неспакой.

Другая ісціна – прычынай пакут з’яўляюцца жаданні. Ад брахманізму будызм запазычыў вучэнне аб коле перараджэнняў (сансары), згодна з якім, чалавек пасля смерці перараджаецца ў іншую жывую істоту ў адпаведнасці з сукупнасцю сваіх добрых і дрэнных учынкаў (кармай). Выснова, якую зрабіў з гатага вучэння брахманізм, даволі простая: калі ў чалавека цяжкае жыццё – гэта пакаранне за тое зло, якое ён зрабіў у мінулым; трэба паводзіць сябе добра – і будучае жыццё будзе лепшым. Для будызму такая логіка непрымальная, бо ў ім любое жыццё лічыцца злом і пакутамі. Прычынай жа пакут з’яўляюцца жаданні, як добрыя, так і дрэнныя, бо гэта менавіта яны прыводзяць да ўчынкаў і новых перараджэнняў.

Трэцяя ісціна – каб пазбавіцца ад пакут, трэба пазбавіцца ад жаданняў. Сукупнасць добрых і дрэнных жаданняў чалавека з’яўляецца падставай для яго далейшых перараджэнняў. Калі знікаюць жаданні, працэс перараджэнняў спыняецца.

Чацвёртая ісціна – каб пазбавіцца ад жаданняў, трэба ісці па “высакароднаму васьмярычнаму шляху”, які ўказаў Буда. Называецца ён так таму, што складаецца з васьмі наступных крокаў:

1) праведныя погляды, гэта значыць, погляды, заснаваныя на “высакародных ісцінах”; 

2) праведнае імкненне – рашучасць выканаць гэтыя ісціны ў сваім жыцці;

3) праведная мова – добразычлівая, шчырая мова, пазбаўленая гру-басці, ілжы, нагавораў;

4) праведныя паводзіны – паводзіны, падпарадкаваныя наступным пяці прынцыпам: а) захаванне вернасці ў шлюбе; б) адмаўленне ад забойства ўсякай жывой істоты; в) адмаўленне ад крадзяжу; г) адмаўленне ад хлусні; д) адмаўленне ад ужывання наркатычных сродкаў, у тым ліку алкаголю;

5) праведнае жыццё – гэта жыццё на сумленна здабытыя сродкі. Спосаб зарабляць сабе на жыццё не павінен прыносіць шкоды іншым людзям;

6) праведнае намаганне – пераадоленне ўсяго, што прывязвае да сябе свядомасць;

7) праведная ўвага – пастаянная сканцэнтраванасць свядомасці на тым, што ўдалося ўжо дасягнуць на шляху пазбаўлення ад прыхільнасцей;

8) праведная медытацыя – стан поўнай адлучанасці ад свету і пазбаўлення якіх-небудзь жаданняў.

Канчатковай мэтай васьмярычнага шляху з’яўляецца дасягненне нірваны. Згодна з будыйскай традыцыяй, што такое нірвана, рацыянальна растлумачыць немагчыма. Звычайна над ёй разумеецца адсутнасць павуціння жаданняў, якое звязвае адно жыццё з другім. Само слова “нірвана” перакладаецца з санскрыту як “затуханне”, “згасанне”. Падобна таму, як полымя згасае, калі канчаецца паліва, спыняецца кола перараджэнняў, калі знікаюць жаданні. “Мудрыя – вучыў Буда, затухаюць як лампады”. Такім чынам, нірвана – гэта ўнутраны стан чалавека, які характарызуецца поўнай адсутнасцю жаданняў, свабодай, раўнавагай, адлучанасцю ад праблем жыцця, абсалютным спакоем.

Сэнс нірваны ў тым, што яна ставіць чалавека па той бок неабходнасці, і таму яна тоесная свабодзе. Аднак гэта негатыўная свабода, свабода ад жаданняў, пачуццяў, прыхільнасцяў. Этыка будызму мае песімістычны характар: усё жыццё – гэта зло і пакуты і, каб пазбавіцца ад пакут, трэба, фактычна, пазбавіцца ад жыцця. Але не шляхам самазабойства, бо гэта толькі пагоршыць карму і прывядзе да новага больш дрэннага існавання, а шляхам адмаўлення ад усяго, што прывязвае да гэтага свету, яго хваляванняў, радасцяў і пакут, каб дасягнуць абсалютнага спакою ў нірване.

 

4.3. Кірункі ў будызме

 

Этычныя і сацыяльныя палажэнні пропаведзі Буды аб роўнасці ўсіх людзей незалежна ад іх каставай прыналежнасці, цярпімасці, павазе да жыцця, неабходнасці сумленных паводзін з’явіліся прыцягальнымі для шырокіх колаў індыйскага грамадства. Што тычыцца практычнай рэалізацыі гэтых палажэнняў (васьмярычнага шляху дасягнення нірваны), то яна спачатку ажыццяўлялася толькі праз манаства. Чалавек, які ўступаў у манаскую суполку будыстаў, адмаўляўся ад усякай маёмасці, галіў галаву, пераапранаўся ў простае адзенне жоўтага колеру, які лічыўся колерам ніжэйшых, “нячыстых” каст. Манахі вялі лад жыцця вандроўных аскетаў, жылі міласцінай, есці маглі адзін раз у суткі, толькі ў першай палове дня, прычым ежа павінна была быць вегетарыянскай. На перыяд дажджоў манахі збіраліся невялікімі суполкамі (сангхамі) у якім-небудзь адасобленым месцы. Так узніклі манастыры, якія паступова ператварыліся ў цэнтры будызму і, па сутнасці, адзіную форму яго арганізацыі. Спачатку існавалі толькі мужчынскія манастыры, потым з’явіліся і жаночыя.

Аднак не ўсе тыя, хто прыняў пропаведзь Буды, маглі прысвяціць сябе манаству, таму паступова сфаміраваўся інстытут свецкіх пры-хільнікаў будызму. Яны павінны былі прытрымлівацца будыйскай маралі і падтрымліваць манахаў матэрыяльна.

 У выніку распаўсюджвання  будызму сярод міран, а таксама  разыходжанняў па пытаннi магчымасці дасягнення для іх нірваны, на мяжы І–II стст. н. э. будызм падзяліўся на два напрамкі: хінаяну і махаяну.

Хінаяна (малая калясніца, малы шлях) лічыць, што нірваны чалавек дасягае індывідуальна і дзякуючы выключна асабістым намаганням. Дасягнуць яе могуць толькі манахі, мэта ж міранаў – паляпшэнне сваёй кармы і дапамога сангсе. Рэлігійным ідэалам з’яўляецца архат (санскр. “дастойны”) – чалавек, які цалкам выконваў манаскія абеты і дасягнуў нірваны. Своеасаблівасцю хінаяны з’яўляецца тое, што ў ёй не прызнаецца рэальнае існаванне багоў, таму яе часам называюць атэістычнай рэлігіяй. Месца бога займае закон кармы, у адпаведнасці з якім кожны атрымлівае тое, што ён заслужыў сваімі мінулымі дзеяннямі. Буда  ў хінаяне таксама не лічыцца богам, гэта звычайны чалавек, настаўнік мудрасці, які знайшоў шлях да выратавання і ўказаў яго людзям. Таму ўсе малітвы і іншыя формы культу маюць сэнс толькі як мемарыяльныя акты, мэта якіх – шанаванне памяці настаўніка і ўспаміны аб ім як аб прыкладзе для прыхільнікаў. Хінаяну таксама называюць паўднёвым будызмам. Яна распаўсюджана ў краінах Паўднёва-Усходняй Азіі, такіх, як Шры-Ланка, Бірма, Тайланд, Лаос, Камбоджа, часткова ў Індыі, Бангладэш, В’етнаме, Малайзіі, Непале.

Информация о работе Религиоведение