Берасцейская церковная уния

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 23 Ноября 2012 в 19:50, реферат

Описание работы

Заключаная ў 1596 г. на саборы ў Берасці і скасаваная ў 1839 г. на Полацкім саборы унія праваслаўнай і каталіцкай цэркваў з'яўляецца адной з пераломных падзей беларускай гісторыі. Яна ўцягнула ў сваю арбіту шмат якія краіны і народы, палітычныя і рэлігійныя сілы, геаграфічныя і культурныя абшары. Чатыры стагоддзі пасля 1596 г. беларускае духоўна-культурнае і грамадска-палітычнае жыццё так ці інакш было пазначана ўплывам Берасцейскай царкоўнай уніі, якая пасля хрышчэння сталапа масавасці ахопу насельніцтва і трэцяй па значнасці другой пасля распаўсюджання каталіцтва - пераломнай падзеяй усходнеславянскай канфесійнай гісторыі.

Содержание работы

Уводзіны
Глава 1. Ля вытокаў навуковага вывучэння праблемы 6
Глава 2. Канцэпцыя Берасцейскай уніі М.О.Каяловіча 19
Глава 3. Заходне-руская гістарыяграфічная школа аб царкоўным новатворы 1596 года 30
Глава 4. Трактоўка уніі ў працах прадстаўнікоў нацыянальнай беларускай гістарыяграфіі (першая трэць ХХ ст.) 39
Глава 5. Фармаванне і ўсталяване ў 30-80-я гады савецкай канцэпцыі берасцейскага працэса 47
Глава 6. Берасцейская унія ў ацэнцы прадстаўнікоў беларускай дыяспары 60
Глава 7. Навуковае пераасэнсаванне гісторыі уніі ў 90-я гады 71
Глава 8. Спроба філасофскага асэнсавання праблемы 93
Глава 9. Публікацыі крыніц 105
Заключэнне 116

Файлы: 1 файл

уния 1.docx

— 177.80 Кб (Скачать файл)

 

Разнадумства даследчыкаў у  многім зыходзіць з іх палітычнай і ідэалагічнай арыентацыі, дзяржаўнай, нацыянальнай і асабліва канфесійнай  прыналежнасці, залежыць ад іх спосабу  мыслення і кампетэнтнасці, вынікае  з прычыны адсутнасці адзінага крытэрыя ў падыходзе да праблемы. Трактоўка гісторыкаў Польшчы і Расіі зыходзіла найперш з інтарэсаў іх дзяржаў. Пазіцыя беларускіх і ўкраінскіх даследчыкаў, як правіла, падзялялася паміж адстойваннем нацыянальных інтарэсаў і правядзеннем у навуку заходнерусісцкай канцэпцыі уніі. Калі расійская гістарыяграфія ХІХ-ХХ ст. адназначна адмоўна ацэньвала унію, то беларуская, украінская і польская - дапускалі іншатлумачэнні.

 

Зняцце ідэалагічнага прэсінгу з усходнееўрапейскай гістарычнай  навукі пасля двух стагоддзяў цкавання уніі спачатку ў жыцці, а потым  у навуцы, прывяло да новага вітка  даследчыцкай цікавасці да уніяцкай праблематыкі і пашырэння гарызонта  беларускай гістарыяграфіі ў яе бачанні. У пошукі адказу на яе шматлікія  пытанні ўключыліся таксама філосафы, рэлігійныя дзеячы, мастацтвазнаўцы, філолагі і інш. Даследчыкі апошняга дзесяцігоддзя зрабілі важкія крокі на шляху пераасэнсавання вынікаў Берасця з пазіцый сучаснага гістарычнага бачання. Не застаюцца абыякавымі да праблемы і вучоныя іншых краін. З'явіліся працы, здольныя "перавярнуць" традыцыйныя ўяўленні (ў многім прама супрацьлеглыя) свецкай гістарыяграфіі (канфесійная гістарыяграфія ў сілу сваёй спецыфікі і сутнасці застаецца на традыцыйных пазіцыях).

 

Салідная гістарыяграфія і колькасць  уведзеных у навуковае абарачэнне крыніц сёння дазваляюць нам лепш разумець Берасцейскую унію, чым нашым  папярэднікам. Пры вялікім аб'ёме навуковай прадукцыі яны тым не менш з прычыны панавання пэўных стэрэатыпаў і догмаў (тэорыя афіцыйнай народнасці, партыйна-класавы падыход, спрошчана зразуметая ідэя славянскага адзінства) не змаглі раскрыць усю паўнату феномена уніяцтва, этнакультурная і царкоўна-рэлігійная сутнасць якога была больш складанай, чым гэта нам ўяўлялася да нядаўняга часу. Канфесійная антыпатыя дарэвалюцыйнай расійскай, а пазней савецкай гістарыяграфіі, а таксама цяжкадаступнасць крыніцавай базы, распатрашанай па архівасховішчах розных краін Цэнтральна-Усходняй Еўропы, абумовілі недастатковую вывучанасць цэлых тэматычных і храналагічных зрэзаў. Даследаванне уніі раней замыкалася вузкім гарызонтам палітыкі і ідэалогіі. У яе даследаванні рэдка выходзілі ў свет этнічнасці і культуры.

 

Не абагульнена ўся шматстайнасць  фактараў, што прывялі кіраўніцтва Кіеўскай мітраполіі да заключэння Берасцейскай уніі. Патрабуюць далейшага асэнсавання яе карані. Папярэдняя гістарыяграфія акцэнтавала ўвагу на тэндэнцыі збліжэння і зліцця уніяцкай царквы з рымска-каталіцкай. Другая плынь - на адстойванне сваёй самабытнасці ў межах інтэграцыі з Ватыканам - да нядаўняга часу зусім не распрацоўваліся. З'яўленне ў бібліятэках Беларусі публікацый ватыканскіх крыніц адкрывае магчымасць аналізу уніяцкай палітыкі папства канца ХVI - першай паловы ХІХ ст. на аснове іх арыгінальных дакументаў. Яшчэ шмат нявысветленых аспектаў у зігзагах дзяржаўнай канфесійнай палітыцы адносна уніяцкай царквы ў Вялікім княстве Літоўскім, Рэчы Паспалітай. Цікавым уяўляецца пытанне аб уніяцкай "карце" ў імперскай палітыцы Расіі на Беларусі. Наспела неабходнасць даследавання пытанняў аб ролі канцлера ВКЛ Льва Сапегі і наваградскага ваяводы Ф.Скуміна-Тышкевіча ў заключэнні і распаўсюджанні уніі, аб перыпетыях лёсу уніяцкай царквы ў сувязі з пазіцыяй і настроямі беларускай шляхты. Бясконцыя дыскусіі і спрэчкі будзіць постаць Мялеція Сматрыцкага. Не ацэнена, як яна таго заслугоўвае, роля царкоўнага (у прыватнасці, уніяцкага) фактару ва ўключэнні Беларусі ў еўрапейскі культурны час, яго ўплыў на сістэму еўрапейскіх міжнародных адносін. Пара пераасэнсаваць ролю вонкавага фактару (польскага, расійскага) у жыццядзейнасці уніяцкай царквы. У пачатковай стадыі знаходзіцца вывучэнне яе месца ў развіцці адукацыі, кніжна-пісьмовай культуры, бібліятэчнай і архіўнай справы, музычнага мастацтва Беларусі. Перспектыўнай бачыцца далейшая распрацоўка пытання аб месцы уніяцкай царквы ў этнамоўных працэсах ХVІІ-ХІХ ст. Патрабуе даследавання роля уніяцтва ў фармаванні менталітэту нашага народа. Нездавальняючым, супярэчлівым з'яўляецца вырашэнне пытання аб этнічнай тоеснасці уніятаў. Падлягаюць перагляду адносіны беларускага народа да дэмантажу уніяцкай царквы. Яшчэ ніхто спецыяльна не даследаваў рух супраць дэунізацыі 1830-х гадоў. Яшчэ далёкія ад асэнсавання месца уніяцтва ў канфесійнай структуры насельніцтва Беларусі і яго сацыяльная база. Пара паглядзець на канфесійныя працэсы і з пункту погляду статыстыкі. Толькі пастаўлена праблема аб ролі уніяцкай інтэлектуальнай эліты першай трэці ХІХ ст. у зараджэнні беларускай нацыянальнай ідэі. Пантэон беларускіх дзеячаў культуры і навукі ўзбагаціцца пасля даследавання і ўвядзення ў яго персаналій выхадцаў з уніяцка-базыльянскага асяроддзя. Уяўляе цікавасць зусім нераспрацаванае пытанне аб міжнародным рэзанансе на скасаванне уніі. Шмат адкрыццяў чакае даследаванне праяў уніяцтва пасля 1839 г. Наспеў час філасофскага і культуралагічнага асэнсавання феномена беларускага уніяцтва. Шмат прац прысвечаны яго даследаванню ў плоскасці польска-расійскага палітычнага сутыкнення - слова за даследчыкамі месца Берасцейскай уніі ў культурна-цывілізацыйным сутыкненні Усход-Захад.

 

Гэтыя і дзесяткі іншых важных пытанняў гісторыі уніі патрабуюць новага навуковага асэнсавання, адпаведнага сучаснаму  стану гуманістыкі, з улікам новых крыніц і з беларускага пункту погляду, што асабліва відавочна на фоне дасягненняў замежнага уніязнаўства. Адвечная для беларускай гістарыяграфіі тэма "унія і лёс народа, культуры" яшчэ далёкая ад навуковага вырашэння і багатая на недаследаваныя пытанні. Яна чакае новых даследчыкаў. Ды й наогул у айчыннай гістарыяграфіі і сёння адсутнічаюць грунтоўныя, аб'ектыўныя, без уліку канфесійных сімпатый, даследаванні па гісторыі хрысціянства. Асобныя публікацыі, што фрагментарна адлюстроўваюць дзейнасць базыльянскага ордэна, не могуць кампенсаваць адсутнасць абагульняючай працы па яго гісторыі. Неабходна адмовіцца ад успрыняцця усталяванай трактоўкі уніі як нечага стабільнага, не падлягаючага перагляду, раз назаўсёды дадзенага. Важна перастаць глядзець на Берасцейскую унію з пазіцый, характэрных для тагачасных яе праціўнікаў ці прыхільнікаў. Далейшыя пошукі ў акрэсленых кірунках дапамогуць вярнуць Беларусі адабраную і збэшчаную старонку яе мінуўшчыны, што ў сваю чаргу паспрыяе пераадоленню стратнага вобраза гісторыі і культуры нашай Бацькаўшчыны ў масавай свядомасці. Прыведзены ніжэй спіс найноўшых публікацый беларускіх гісторыкаў, філосафаў, філолагаў, этнографаў, мастацтвазнаўцаў (cкладальнік не прэтэндуе на яго паўнату) дапаможа ва ўваходжанні ва уніяцкую праблематыку тым, хто ў вучэбных або навуковых мэтах прыступае да яе вывучэння.


Информация о работе Берасцейская церковная уния