Конспект лекций по истории Беларуси

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 10 Марта 2013 в 17:00, лекция

Описание работы

Крыніцы вывучэння. Канцэпцыі гістарычнага працэсу. Гісторыя (ад грэч. historіа) - расказ аб прошлым, зведаным. Гісторыя (гістарычная навука) уяўляе сабой комплекс сацыяльна-гуманітарных навук, якія вывучаюць прошлае чалавецтва ва ўсёй яго канкрэтнасці і разнастайнасці. Як комплекс навук гісторыя ўключае ў сябе такія спецыяльныя дысцыпліны, як археалогія і этнаграфія, навукі, якія вывучаюць гісторыю розных бакоў навукі і тэхнікі (гісторыя матэматыкі, гісторыя фізікі, гісторыя радыётэхнікі і электронікі і г.д.) і розных галін культуры (гісторыя тэатра, гісторыя архітэктуры, гісторыя музыкі і г.д.).

Файлы: 1 файл

konsp_lec.doc

— 900.00 Кб (Скачать файл)

Сталінградская і Курская бітвы. Карэнны пералом у Вялікай  Айчыннай вайне. Сталінградская бітва мела вырашальнае значэнне ў ходзе падзей на савецка-германскім фронце. У ёй удзельнічалі войскі Сталінградскага, Паўднёва-Заходняга, Паўднёва-Усходняга, Данскога і левага крыла Варонежскага франтоў, Волжская ваенная флатылія. Для наступлення на Сталінградскім напрамку нямецка-фашысцкае камандаванне спачатку накіравала 6-ю, а з 31 ліпеня — 4-ю танкавыя арміі. Бітва пачалася 17 ліпеня 1942 г. у неспрыяльных для савецкіх войскаў умовах. Сілы праціўніка на Сталінградскім напрамку пераўзыходзілі сілы Чырвонай Арміі ў асабовым складзе — у 1,7 раза, у артылерыі і танках — у 1,3 раза, у самалётах — больш як у 2 разы. У час ліпеньскіх і жнівеньскіх баёў на далёкіх подступах да Сталінграда быў выйграны час, неабходны для арганізацыі надзейнай абароны горада. 14 ліпеня ў Сталінградскай вобласці было абвешчана ваеннае становішча, а 25 жніўня ў Сталінградзе — стан аблогі. Умацаванню баявога духу савецкіх войскаў садзейнічаў загад народнага камісара абароны СССР I. В. Сталіна № 227 ад 28 ліпеня 1942 г., болыш вядомы як загад «Ні кроку назад!». У ім давалася ацэнка становішчу, якое склалася ў краіне, указвалася на неабходнасць любымі сродкамі прыпыніць нямецкія войскі, рэкамендаваліся практычныя мерапрыемствы па ўмацаванні дысцыпліны воінаў. У другой палавіне жніўня гітлераўцам удалося фарсіраваць Дон, а 23 жніўня — прарвацца да Волгі на поўначы ад Сталінграда і адрэзаць войскі, якія абаранялі горад, ад астатніх сіл фронту. 13 верасня пачаліся ўпартыя баі ў горадзе. Яны вяліся за кожную вуліцу, кожны дом. Месцам кровапралітных сутыкненняў сталі заводы «Барыкады», «Чырвоны Кастрычнік», чыгуначны вакзал. Некалькі разоў пераходзіў з рук у рукі Мамаеў курган. 11 лістапада германскія войскі зрабілі апошнюю спробу авалодаць горадам, але яна, як і ўсе папярэднія, не прынесла ім поспеху. У чатырохмесячнай бітве на подступах да Сталінграда і ў самім горадзе групоўка ворага панесла вялізныя страты, але сваёй мэты не дасягнула. Войскі агрэсара былі прыпынены. Яшчэ ў час цяжкіх абарончых баёў Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандавання і Генеральны штаб пачалі распрацоўку наступальнай аперацыі, якая атрымала кодавую назву «Уран». Яе мэтай было акружэнне і знішчэнне праціўніка пад Сталінградам. 19 лістапада 1942 г. савецкія войскі перайшлі ў наступленне. У гэты дзень раніцай пасля магутнай артылерыйскай падрыхтоўкі групоўкі Паўднёва-Заходняга і Данскога франтоў пад камандаваннем генералаў М. Ф. Ватуціна і К. К. Ракасоўскага на паўночным захадзе ад Сталінграда, а на наступны дзень і арміі Сталінградскага фронту пад кіраўніцтвам генерала А. I. Яроменкі на поўдні ад горада нанеслі магутныя сустрэчныя ўдары. Іх падтрымлівалі 17-я паветраная армія, якой камандаваў наш зямляк генерал С. А. Красоўскі, і 2-я паветраная армія генерала К. М. Смірнова. На пяты дзень, пераадолеўшы з баямі 100-150 км, яны злучыліся ў раёне хутара Савецкага і горада Калача. У акружэнні апынуліся германскія войскі 6-й і частка сіл 4-й танкавай арміі — 22 дывізіі і больш за 160 асобных часцей агульнай колькасцю 330 тыс. салдат і афіцэраў. Задача ліквідацыі акружанай групоўкі была ўскладзена на войскі Данскога фронту. Каб пазбегнуць дарэмнага кровапраліцця, савецкае камандаванне прапанавала германскаму боку капітуляваць. Аднак гэта прапанова была адхілена. А. Гітлер катэгарычна забараняў капітуляцыю і патрабаваў змагацца да апошняга салдата. Гэтым самым ён асудзіў тысячы сваіх салдат на верную пагібель. Каб дэблакіраваць акружаныя сілы, нямецкае камандаванне стварыла групу армій «Дон», якая налічвала каля 30 дывізій. Але ўсе яе намаганні прабіцца ў Сталінград аказаліся дарэмнымі. Да канца снежня 1942 г. савецкія войскі адкінулі ворага на 200-250 км ад горада. 16 снежня 1942 г. разгарнулася наступленне войскаў Паўднёва-Заходняга і левага крыла Варонежскага франтоў на Сярэднім Доне. Да канца месяца яны прасунуліся на 150-200 км і тым самым стварылі спрыяльныя ўмовы для ліквідацыі акружаных пад Сталінградам войскаў ворага. 10 студзеня 1943 г. войскі Данскога фронту распачалі ажыццяўленне аперацыі «Кальцо». Скончылася яна 2 лютага 1943 г. поўным разгромам праціўніка. Перамога ў Сталінградскай бітве была вынікам упартасці, мужнасці і масавага гераізму савецкіх воінаў. Дзесяткі тысяч салдат і афіцэраў былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, 112 чалавек удастоены звання Героя Савецкага Саюза. Медалём «За абарону Сталінграда» ўзнагароджана больш за 700 тыс. удзельнікаў бітвы. Вялікія страты панеслі і Савецкія Узброеныя Сілы. За час Сталінградскай бітвы агульныя страты Чырвонай Арміі склалі 1 129 619 салдат і афіцэраў, з іх забіты і памерлі ад ран 478 741 чалавек. Контрнаступленне трох савецкіх фронтаў пад Сталінградам стала зыходным пунктам для нанясення далейшых удараў па ворагу, якія перараслі ў пачатку 1943 г. у стратэгічнае наступленне Чырвонай Арміі амаль на ўсім савецка-германскім фронце.

Каб аднавіць міжнародны прэстыж сваіх войскаў, кіраўніцтва нацысцкай Германіі летам 1943 г. вырашыла пачаць наступленне на Курск — аперацыю «Цытадэль». Паспяховае ажыццяўленне гэтай аперацыі, на думку германскага камандавання, павінна было змяніць становішча на фронце на карысць Германіі, узняць маральны дух вермахта, утрымаць ад развалу фашысцкі блок. На адносна невялікім участку фронту гітлераўцы сканцэнтравалі свае лепшыя 50 дывізій, якія налічвалі болып за 900 тыс. салдат і афіцэраў, каля 2700 танкаў і штурмавых гармат, 2700 самалётаў і каля 10 тыс. гармат і мінамётаў. Вялікія надзеі А. Гітлер ускладаў на новыя цяжкія танкі «Тыгр» і сярэднія «Пантэра», штурмавыя гарматы «Фердынанд», самалёты «Фоке-Вульф-190А» і «Хейнкель-129». Аперацыя старанна рыхтавалася. Германскае камандаванне было ўпэўнена ў поспеху і таму запрасіла турэцкую ваенную місію і групу вышэйшых румынскіх афіцэраў стаць сведкамі трыумфу нямецкай зброі. У спецыяльным пасланні да войскаў вермахта А. Гітлер заявіў, што перамога пад Курскам уразіць увесь свет і ад яе будзе залежаць будучыня вайны і яе вынік. Фюрэр выказаў упэўненасць у тым, што Курская бітва дакажа дарэмнасць супраціўлення Германіі. План ворага быў своечасова разгаданы. Савецкае камандаванне вырашыла шляхам абарончай аперацыі знясіліць ударныя групоўкі ворага, а потым перайсці ў наступленне на ўсім паўднёвым участку фронту. Абарону Курскага выступу трымалі войскі Цэнтральнага і Варонежскага франтоў (камандуючыя — генералы арміі К. К. Ракасоўскі і М. Ф. Ватуцін). Былі задзейнічаны звыш 1 млн 337 тыс. чалавек, 19 300 гармат і мінамётаў, больш за 3300 танкаў і самаходных гармат, 2500 самалётаў. У тыле Цэнтральнага і Варонежскага франтоў знаходзіўся ў рэзерве Сцяпны фронт (камандуючы — генерал-палкоўнік I. С. Конеў). Для контрнаступлення былі падрыхтаваны Заходні і Бранскі франты (камандуючыя — генерал-палкоўнік, з 27.08.1943 г. генерал арміі В. Д. Сакалоўскі і генерал-палкоўнік, з 26.08.1943 г. генерал арміі М. М. Папоў). Да пачатку бітвы на Курскім выступе была пабудавана глыбока эшаланіраваная абарона глыбінёй да 300 км. Было выкапана 9240 км акопаў і траншэй. Разам з воінамі ў абарончых работах удзельнічалі жыхары прыфрантавых раёнаў. У чэрвені 1943 г. на будаўніцтве абарончых рубяжоў у паласе Цэнтральнага і Варонежскага франтоў працавала 300 тыс. чалавек мясцовага насельніцтва. Для каардынацыі дзеянняў франтоў Стаўка накіравала ў раён Курскай дугі сваіх прадстаўнікоў: маршалаў Г. К. Жукава і А. М. Васілеўскага. Да пачатку ліпеня савецкія войскі былі поўнасцю падрыхтаваны да адпору гітлераўскаму націску. 5 ліпеня 1943 г. войскі праціўніка перайшлі ў наступленне. Разгарнулася надзвычайная па сваіх маштабах і жорсткасці бітва — супрацьстаянне сталі, агню і чалавечай вытрымкі. Былі задзейнічаны асноўныя танкавыя сілы абодвух бакоў: не менш за 4 тыс. савецкіх і 3 тыс. нямецкіх танкаў. Толькі ў першы дзень бітвы ў баявых дзеяннях удзельнічала каля 700 танкаў. Панёсшы вялізныя страты, вораг да 11 ліпеня паглыбіўся на асобных участках фронту на 30-40 км, але галоўнай мэты не дасягнуў. Войскі Варонежскага фронту 12 ліпеня перайшлі ў контрнаступленне. У раёне Прохараўкі адбылася буйная танкавая бітва, у якой удзельнічала звыш 1100 танкаў і самаходных гармат. 18 гадзін працягваліся жорсткія баі. Абодва бакі неслі цяжкія страты. У гэты дзень гітлераўцы страцілі каля 400 танкаў. Больш за палавіну танкаў страціла Савецкая 5-я гвардзейская танкавая армія. У Курскай бітве настаў пералом. Цэнтральны фронт перайшоў у контрнаступленне 15 ліпеня. Войскі Варонежскага і ўведзеныя 18 ліпеня ў бітву арміі Сцяпнога франтоў перайшлі да праследавання праціўніка. Наступленне немцаў на Курскай дузе поўнасцю правалілася. Гітлераўскае камандаванне імкнулася ўтрымліваць свае пазіцыі да апошняга салдата. Аднак стабілізаваць фронт не ўдалося. 5 жніўня 1943 г. савецкія войскі вызвалілі Арол і Белгарад. У азнаменаванне гэтай перамогі ў Маскве адбыўся першы за час вайны салют. Рашэнне адзначыць такім чынам перамогу пад Курскам было прынята невыпадкова. Савецкае кіраўніцтва разумела, што з перамогай у Курскай бітве СССР фактычна выйграў вайну. 23 жніўня 1943 г. войскі Сцяпнога фронту вызвалілі Харкаў. Завяршыўся другі перыяд Курскай бітвы — контрнаступленне Чырвонай Арміі. Па сваіх ваенна-палітычных выніках і маштабах Курская бітва была адной з найбуйнейшых за ўвесь час Другой сусветнай вайны. Абодва бакі ў час яе задзейнічалі вялізныя сілы: больш за 4 млн чалавек,. звыш 69 тыс. гармат і мінамётаў болын за 13 тыс. танкаў і самаходных гармат і каля 12 тыс. баявых самалётаў. Савецкія войскі разграмілі 30 лепшых дывізій праціўніка, ў тым ліку 7 танкавых. Вермахт страціў каля 500 тыс. чалавек, 1,5 тыс. танкаў і штурмавых гармат, больш за 3,7 тыс. самалётаў, 3 тыс. гармат і мінамётаў. Звыш 100 тыс. савецкіх воінаў былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, больш за 180 чалавек удастоены звання Героя Савецкага Саюза. Сярод іх беларусы: старшы лейтэнант А. К.Даравец — адзіны ў свеце лётчык, які ў адной паветранай бітве збіў 9 варожых самалётаў, лётчыкі I. М. Ерашоў, С. А. Карнач, К. А. Шабан, М. I. Альхоўскі, М. К. Шут, танкісты С. I. Чубукоў, В. М. Гінтаўт, пехацінцы Ф. П. Бруй, П. I. Шпетны, М. Л. Співак і інш. У баях на Курскай дузе вызначыліся нашы землякі: генералы С. А. Красоўскі — камандуючы 2-й паветранай арміяй, П. П. Корзун — камандуючы 47-й арміяй, камандзіры авіякарпусоў 3. А. Каравацкі, А. С. Благавешчанскі, С. Г. Кароль, начальнікі штабоў армій В. А. Пянькоўскі, А. Р. Бацюня, М. Р. Брылёў А. В. Петрушэўскі і іншыя, камандзіры дывізій I. А. Даніловіч, Д. В. Казакевіч, М. М. Макаўчук, Ф. I. Перхаровіч, I. Я. Малашыцкі, камандзіры танкавых брыгад 1.1. Гусакоўскі, П. М. Рудкін, 1.1. Якубоўскі, М. Л. Ермачок і інш. Перамога савецкіх войскаў пад Курскам і выхад іх да ракі Дняпро азнаменавалі завяршэнне карэннага пералому ў ходзе Вялікай Айчыннай і Другой сусветнай войнаў.

Вызваленне  Беларусi. Пасля перамогі ў Курскай бiтве, Чырвоная Армiя пачала наступленне ад Невеля да Чорнага мора. Восенню 1943г. яна ўступiла на тэрыторыю Беларусi, 23 верасня быў вызвалены першы раённы цэнтр БССР - г. Камарын. За восень-зiму былi вызвалены 36 раёнаў i 2 абласных цэнтра - Гомель i Мазыр. Важнае значэнне ў гэтым мела фарсiраванне Дняпра ў раёне Львова. 183 воiны за гэту аперацыю былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. У наступальных баях удзельнiчалi войскi 1-й польскай дывiзii iмя Тадэўша Касцюшкi, якiя пачалi свой гераiчны шлях 12-13 кастрычнiка 1943г. пад Ленiна (Магiлёуская вобл., недалёка ад Горак). Камандаваў дывiзiяй палкоўнiк Э. Берлiнг. Вялiкую дапамогу наступаючым часцям Чырвонай Армii аказалi падпольшчыкi i партызаны. У 1944 г. пачаўся завяршальны этап Вялiкай Айчыннай вайны - поўнае выгнанне ворагаў з савецкай зямлi, вызваленне народаў Еўропы. Значную ролю у рашэннi задач на гэтым этапе адыграла Беларуская наступальная аперацыя (кодавая назва"Баграцiён"). Гiтлераўскае камандаванне надавала вялiкае значэнне ўтрыманню Беларусi, бо яна была важным плацдармам, якi прыкрываў усходне-прусскi i варшаўска-берлiнскi стратэгiчныя напрамкi. Былi падрыхтаваны абарончыя рубяжы на рэках Днепр, Бярэзiна, Свiслач, Нёман i iнш. Рад гарадоў аб'яўлены крэпасцямi (Мiнск, Вiцебск, Орша, Магiлёу i iнш.), якiя не належалi здачы. У Беларусi была моцная групiроўка нямецкiх войск, якая ўключала 63 дывiзii i 3 брыгады (1млн. 200 тыс. чалавек), 9500 гармат i мiнамётаў, 900 танкаў, САЎ, каля 1350 самалётаў. У красавiку-маi генштаб Чырвонай Армii распрацаваў план аперацыi "Баграцiён". Яго ажыццяўлялi войскi наступных франтоў: 1-ы Беларускi (камандуючы генерал армii К. К. Ракасоўскi), 2-i Беларускi (генерал-палкоўнiк Г. Ф. Захараў), 3-i Беларускi (генерал-лейтэнант I. Д. Чарняхоўскi), 1-ы Прыбалтыйскi (генерал армii I. Х. Баграмян) пры падтрымцы Дняпроўскай флатылii, авiяцыi далёкага дзеяння i ПВА. Удзельнiчалі ў аперацыi партызанскiя злучэннi. Савецкiя войскi пераўзышлi ворага ў 2 разы па жывой сiле, у 2, 2 разы - па гарматах i мiнамётах, у 4 разы - па танках i САЎ, у 3 разы - па самалётах. Задума Вярхоўнага Глаўнакамандавання была наступнай - франты адначасова пераходзяць у наступленне на Вiцебскiм, Багушэўскiм, Аршанскiм i Бабруйскiм напрамках, разбураюць фронт абароны ворага, акружаюць i знiшчаюць яго групоўкі ў раёне Вiцебска i Бабруйска i выходзяць на Мiнск з мэтай знiшчэння i акружэння асноўных сiл групы армiй "Цэнтр" на ўсходзе Мiнска. Вясной праводзіўся рад мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да наступлення: канцэнтравалiся сiлы, праводзiлася баявая вучоба, у баявую гатоўнасць прыводзiлiся партызаны i падпольшчыкi. Наступленне пачалося 23 чэрвеня 1944 г. Спачатку быў нанесены бомбавы ўдар авiяцыяй, потым праведзена артылерыйская падрыхтоўка. У бой уступiлi войскi 1-га Прыбалтыйскага i 3-га Беларускага франтоў. Ужо на 3-цi дзень была акружана Вiцебская групiроўка праціўнiка i вызвалены Вiцебск. Да канца чэрвеня 1944 г. былi вызвалены Орша, Магiлёу, Бабруйск. Развярнулiся баi за Мiнск. Гiтлераўцы добра ўмацавалi горад (былi перакiнуты дадатковыя войскi, збудавана драўляная сцяна, за якой размяшчалiся танкi i гарматы). Аднак i гэта не астанавiла савецкiх воiнаў. Танкавы корпус генерала А. С. Бурдзейнага завязаў баi на ўсходняй акраiне горада. З паўднёвага боку вялi баi гвардзейцы 1 танкавага корпуса генерала М. Ф. Панова. З поўначы наступалi танкiсты маршала П. А. Ротмiстрава. У баях за Мiнск вызначылiся многiя савецкiя воiны. Першым уварваўся ў горад танк Д. Г. Фролiкава. У баях на вулiцах Мiнска вызначыўся камандзiр танкавага ўзвода М. Колычаў. Iм, а таксама А. С. Бурдзейнаму, было прысвоена званне "Ганаровы грамадзянiн г. Мiнска". Мiнск быў вызвалены 3 лiпеня. У раёне Мiнска была акружана 100 тыс. групоўка ворага. 7 дзен спрабавалi вырвацца фашысты з "Мiнскага катла". 70 тыс. гiтлераўцаў было забiта, 35 тыс. узята ў палон. У ходзе далейшага наступлення савецкiя войскi 16 лiпеня вызвалiлi г. Гродна, а 28 лiпеня – г. Брэст. Фашысты былi выгнаны з беларускай зямлi.

Гаспадарчае і  грамадска-палітычнае жыццё Беларусі ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе. Вялікая Айчынная вайна і фашысцкая акупацыя прынеслі беларускаму народу велізарныя страты. Захопнікі разбурылі і спалілі 209 гарадоў і райцэнтраў, 9200 сёл і вёсак. Загінула больш за 3 млн. чалавек. Былі разбураны амаль усе прамысловыя прадпрыемствы і электрастанцыі, абсталяванне вывезена ў Германію альбо знішчана. Гітлераўцы разрабавалі маёмасць калгасаў і саўгасаў. Моцна пацярпелі транспартныя магістралі, было разбурана амаль тры чвэрці жылога фонду гарадоў, поўнасцю знішчана матэрыяльная база адукацыі, навукі, культуры. Па агульнаму ўзроўню развіцця эканомікі рэспубліка была адкінута да 1928 г., а па некатарых галінах - да 1913 г. З вялікім аптымізмам грамадзяне Беларусі ва ўмовах нястачы пачалі аднаўленне сваёй рэспублікі. У забеспячэнні аднаўлення і развіцця народнай гаспадаркі Беларусі фінансавымі і крэдытнамі рэсурсамі рашаючую ролю адыгралі агульнасаюзныя фонды. З саюзных рэспублік ішлі эшалоны з абсталяваннем, інструментамі, машынамі, будаўнічамі матэрыяламі, сельскагаспадарчым інвентаром, насеннем, жывёлай, прадметамі хатняга ўжытку і г. д. За гады чацвёртай пяцігодкі (1946-1950) былі пабудаваны і выдалі першую прадукцыю мінскія трактарны, аўтамабільны заводы, мотовелазавод, Мінскі тонкасуконны камбінат, Віцебскі дывановы камбінат. Аднак адставала энергетыка, марудна развівалася вытворчасць тавараў народнага спажывання. Складаным было становішча ў сельскай гаспадарцы. Пасяўныя плошчы да пачатку пяцігодкі ў калгасах складалі толькі 59% даваеннага ўзроўню. У аднаўленні сельскай гаспадаркі дамінавалі метады адміністрацыйна-каманднай сістэмы. Калгасам было вернута звыш 200 тыс. га зямлі, а таксама жывёла, якія з часоў вайны знаходзіліся ў карыстанні грамадзян. У пасляваенныя гады карэнныя сацыяльна-эканамічныя перамены адбыліся ў сельскай гаспадарцы заходніх абласцей БССР. Масавая калектывізацыя і тут не абышлася без "ліквідацыі кулацтва як класа". У 1951 г. Савет Міністраў СССР прыняў спецыяльную пастанову "Аб высяленні кулакоў з Беларускай ССР", у выніку чаго за межы рэспублікі былі высланы тысячы "кулацкіх" сям'яў. Толькі пасля смерці Сталіна большасць з іх была рэабілітавана і вярнулася на Бацькаўшчыну. У снежні 1947 г. у краіне была адменена карткавая сістэма на харчовыя і прамысловыя тавары і ажыццёўлены пераход да продажу іх у парадку свабоднага гандлю без картак па адзіных дзяржаўных цэнах. Разам з адменай карткавай сістэмы была праведзена грашовая рэформа. Разам з тым узровень рэальнай заработнай платы так і не дасягнуў даваеннага перыяду, цэны на тавары шырокага спажывання па-ранейшаму былі значна вышэй даваенных. Да таго ж адбыўся рост падаткаў, якія збіраліся непасрэдна з заработнай платы. Яшчэ ў гады вайны былі ўведзены падаткі на адзінокіх і маласямейных грамадзян. Цяжарам на плечы грамадзян клаліся штогадовыя дзяржаўныя пазыкі, якія праводзіліся пад ціскам партыйных і адміністрацыйных органаў. Так званая падпіска на аблігацыі вызначалася на суму не менш месячнага акладу ў год. Пасля смерці Сталіна ўзнікла магчымасць ажыццявіць некаторую пераарыентацыю эканомікі на паляпшэнне жыцця людзей. Адначасова былі спробы ўключыцца ў навукова-тэхнічную рэвалюцыю. У Беларусі аднаўляліся і мадэрнізаваліся асноўныя вытворчыя фонды, старая тэхніка замянялася новай. За 1955-1958 гг. на прадпрыемствах рэспублікі было ўстаноўлена каля 200 паточных ліній, больш за 1000 адзінак новага і мадэрнізаванага абсталявання. Савецкая навука ў 50-я гг. атрымала важныя вынікі, у тым ліку ў галіне паўправаднікоў, ЭВМ. Сведкамі дастатковага навуковага і тэхнічнага ўзроўню сталі запускі першых штучных спадарожнікаў Зямлі, будаўніцтва першых у свеце АЭС, атамнага ледакола і г. д. Аднак навукова-тэхнічны прагрэс служыў перш за ўсё ваенным мэтам. Сістэма адміністрацыйнага кіравання да таго ж не давала развівацца ініцыятыве, прадпрымальнасці, станавілася перашкодай на шляху інтэграцыі навукі і вытворчасці. Палепшыць узровень жыцця людзей немагчыма было без пераадолення крызіснага стану сельскай гаспадаркі. У адпаведнасці з рашэннямі вераснёўскага Пленума ЦК КПСС (1953 г.) у краіне былі ў 2-5 разоў павышаны нарыхтоўчыя цэны на сельскагаспадарчую прадукцыю. Акрамя таго, былі спісаны нядоімкі з калгасаў і калгаснікаў па сельгаспадатку за папярэднія гады, падатак з калгаснікаў быў зніжаны ў 2,5 раза, а з 1958 г. ён быў наогул адменены. Былі таксама зніжаны абавязковыя дзяржпастаўкі сельскагаспадарчай прадукцыі з калгасаў, павялічаны капіталаўкладанні на патрэбы вёскі, толькі за 1954 г. на Беларусі яны ўзраслі на 52%. У выніку - за некалькі год сялянства пераадолела галечу, выйшла з прыгнечанага стану, аднак заможным не стала. Не стала багатай і ўся краіна, у ёй не хапала нават хлеба для гараджан. Камуністычнае кіраўніцтва СССР не бачыла іншага выйсця з сітуацыі, як толькі далей узмацняць камандна-адміністрацыйныя метады кіравання гаспадаркай. На гэты раз было вырашана асвоіць цалінныя і закінутыя землі на Усходзе і за гэты кошт вырашыць збожжавую праблему. На працягу 1954-1956 гг. у Казахстане, Сібіры, Паволжы і на Алтаі было вырашана асвоіць не менш 13 млн. га цалінных зямель. На цаліну была накіравана вялікая колькасць тэхнікі, сотні тысяч навасельцаў. БССР пастаўляла цаліне машыны, абсталяванне, будаўнічыя матэрыялы. За 1954-1960 гг. на цаліну з Беларусі выехала 60 тыс. чалавек. Перасяленцы з Беларусі стварылі там 24 саўгасы. Усяго за 1954-1956 гг. было ўзнята каля 36 млн. га цалінных зямель, што склала 30% усіх пасяўных плошчаў СССР таго часу. Гэта дазволіла краіне хутка атрымаць дадаткова сотні мільёнаў пудоў хлеба. У рэкордным ураджаі 1956 г. - 12 млн. тон - доля хлеба з цаліны склала 50%. Між тым, па некаторых сучасных ацэнках, прырост вытворчасці збожжа, аналагічны атрыманаму на цаліне, можна было б забяспечыць на даўно асвоеных землях і меншым коштам. Асваенне цаліны азначала зварот да экстэнсіўных метадаў.

Удзел Беларусі ў заснаваннi i дзейнасцi ААН. Выхад Беларусi на мiжнародную арэну пасля II сусветнай вайны быў звязаны з утварэннем ААН. Урады заходнiх дзяржаў далi згоду на тое, каб, побач з СССР, раўнапраўнымi членамi ААН сталi Беларусь і Украiна. Гэтым прызнаваўся iх вялiкі ўклад у разгром фашызму i панесеныя iмі ў ходзе вайны каласальныя людскiя ахвяры i матэрыяльныя страты. 27 красавiка 1945г. мiжнародная канферэнцыя ў Сан-Францыска, склiканая для заснавання ААН, прыняла рашэнне аб уключэннi БССР, УССР у лiк краiн-заснавальнiц гэтай арганiзацыi. Так наша рэспублiка ўпершыню ў гiсторыi стала членам самай прэстыжнай арганiзацыi, якая была створана ў мэтах падтрымкi мiжнароднага мiру i бяспекi, развiцця дзяржаўных адносiн памiж народамi. Членства БССР у ААН не прывяло да прынцыповых змен у становiшчы рэспублiкi як унутры краiны, так i на мiжнароднай арэне, да пашырэння яе функцый i паўнамоцтваў. Камандна-адмiнiстрацыйная сiстэма, якая iснавала ў рэспублiцы i краiне, душыла ўсякую самастойнасць рэспублiк, нацый i народнасцей. Таму і ўдзел дэлегацыi БССР у рабоце ААН з самага пачатку насіў фармальны характар. Яна фактычна была часткай дэлегацыi СССР i галасавала сумесна з ёй па ўсiх пытаннях, якiя абмяркоўвалiся ў ААН. Беларусь, будучы членам ААН, развiвала сувязi з iншымi краiнамi, вывучала i абагульняла вопыт замежных краiн на аснове назiранняў за працэсамi, якiя адбывалiся ў свеце. Па шэрагу важных праблем дэлегацыя БССР выступала з прапановамi i праектамi рэзалюцый. Па яе прапанове ў 1946г. Генеральная Асамблея ААН прыняла рэзалюцыю "Аб выдачы i пакараннi ваенных злачынцаў". Беларусь дабiвалася справядлiвага пасляваеннага ўладкавання Еўропы без дыскрымiнацыi i прынiжэння годнасцi дзяржаў i народаў. З такiх пазiцый былi падпiсаны дагаворы з былымi саюзнiкамi Германii - Балгарыяй, Румынiяй, Венгрыяй i Фiнляндыяй 10 лютага 1947г. БССР атрымала дапамогу ад Адмiнiстрацыi дапамогi i адраджэння Аб'яднаных нацый таварамi, машынамi, абсталяваннем. Сваю лепту ўнесла дэлегацыя БССР і ў барацьбу супраць "халоднай вайны". Яна падтрымлiвала масавы рух за мiр, якi разгарнуўся ў свеце, адстойвала лiнiю на ўмацаванне мiжнароднага мiру i бяспекi, поўную лiквiдацыю каланiялiзму i iнш. Яна выступала з асуджэннем вайны, якую вялi ЗША ў В'етнаме, асудзiла агрэсiю Iзраiля ў 1967г. супраць арабскiх дзяржаў, аказвала падтрымку народу Паўднёвай Афрыкі ў iх барацьбе супраць расiзму. Беларуская дэлегацыя ў 1963г. падпiсала Маскоўскi дагавор аб забароне выпрабаванняў ядзернай зброі ў трох сферах (атмасферы, космасе i пад вадой). Яна таксама падпiсала шэраг мiжнародных актаў па палiтычных пытаннях, правах чалавека. Такiм чынам, Беларусь у пасляваенны перыяд выйшла на мiжнародную арэну дзякуючы ўступленню у ААН. Пастаянныя прадстаўнiцтвы БССР пачалi дзейнiчаць пры ААН, ЮНЕСКА (арганiзацыя займаецца пытаннямi адукацыi, навукi, культуры), МАП (Мiжнародная арганiзацыя працы) i iнш. Устанаўлiваюцца цесныя сувязi з дэлегацыямi iншых краiн па пытаннях эканамiчнага, палiтычнага i культурнага развiцця. Аднак усё гэта адбывалася ў фарватары палiтыкi СССР, таму i адносiны iншых краiн з БССР насiлi абмежаваны i несамастойны характар.

Информация о работе Конспект лекций по истории Беларуси