Автор работы: Пользователь скрыл имя, 10 Марта 2013 в 17:00, лекция
Крыніцы вывучэння. Канцэпцыі гістарычнага працэсу. Гісторыя (ад грэч. historіа) - расказ аб прошлым, зведаным. Гісторыя (гістарычная навука) уяўляе сабой комплекс сацыяльна-гуманітарных навук, якія вывучаюць прошлае чалавецтва ва ўсёй яго канкрэтнасці і разнастайнасці. Як комплекс навук гісторыя ўключае ў сябе такія спецыяльныя дысцыпліны, як археалогія і этнаграфія, навукі, якія вывучаюць гісторыю розных бакоў навукі і тэхнікі (гісторыя матэматыкі, гісторыя фізікі, гісторыя радыётэхнікі і электронікі і г.д.) і розных галін культуры (гісторыя тэатра, гісторыя архітэктуры, гісторыя музыкі і г.д.).
Культура і навука ў першай палове XIX ст. Адукацыйны працэс на беларускіх землях у гэты час знаходзіўся пад моцным уплывам польскай і рускай традыцый, што тлумачыцца як аб'ектыўнымі ўмовамі знаходжання Беларусі ў складзе Рэчы Паспалітай, а пасля Расійскай імперыі. Пасля шляхецкага паўстання 1830-1831 гг. царскі ўрад распачаў выцясненне польскай мовы і культуры, укараненне праваслаўя і ідэі адзінай рускай народнасці. Паланізацыі супрацістаўлялася русіфікацыя, а на практыцы яна ўзмацняла паланізацыю. Бо тая частка шляхты, якая адмоўна ставілася да праваслаўя і палітыкі Расіі ўвогуле, была вымушана злівацца з польскім нацыянальным рухам, абвяшчаць сябе палякамі. Яшчэ пры Кацярыне II былі зроблены першыя спробы арганізацыі народнай асветы на дзяржаўным узроўні ў Расіі. Паводле статута 1786 г. у кожным губернскім горадзе прадугледжвалася адкрыццё аднаго чатырохкласнага Галоўнага народнага вучылішча, а ў павятовым - аднаго двухкласнага Малога народнага вучылішча. Палажэнні статута рэалізоўваліся ў губернях усходняй Беларусі, далучанай да Расійскай імперыі у 1772 г. Аднак на практыцы рускія свецкія школы ўзніклі не ўсюды і прытым яны былі недаступныя для сялян. У канцы XVIII ст. працягвалі дзейнічаць манастырскія уніяцкія і каталіцкія навучальныя ўстановы, у тым ліку і езуіцкія. Сярод апошніх вылучалася Полацкая езуіцкая акадэмія (1812-1820 гг.), якая па ўзроўні адукацыі набліжалася да вышэйшай навучальнай установы. У цэлым сістэма асветы на беларускіх землях пакуль працягвала працаваць па-польску. У адпаведнасці з рэформай асветы 1803-1804 гг. школы беларускіх губерняў былі ўключаны ў склад Віленскай навучальнай акругі. Сістэма адукацыі была саслоўнай, сяляне не маглі пайсці далей пачатковых (царкоўна-прыходскіх) школ, вышэйшая адукацыя існавала толькі для дваран. Цэнтрам адукацыі і навукі з'яўляўся Віленскі універсітэт, у якім выкладанне вялося на польскай мове, але заахвочвалася вывучэнне гісторыі і мясцовых традыцый, што садзейнічала выкрышталізацыі сярод студэнцтва ідэй беларускай нацыянальнай самасвядомасці. Пасля паўстання, у 1832 г., Віленскі універсітэт, як асяродак шляхецкага патрыятызму і вальнадумства, зачыняецца. Каталіцкія манастырскія вучылішчы пераўтвараюцца ў свецкія гімназіі і павятовыя вучылішчы, дзе выкладанне вялося на рускай мове. Асвета пачала будавацца на прынцыпах "праваслаўя, самадзяржаўя і народнасці". Да 60-х гадоў XIX ст. на Беларусі дзейнічала 576 навучальных устаноў усіх тыпаў, у якіх навучалася каля 17 тыс. чалавек, што складала 0,5% усяго насельніцтва. Адукацыйная сістэма вымушана была адгукацца на запатрабаванні часу, рабіліся, хоць і непаслядоўна, захады для развіцця спецыяльнай адукацыі. З пачатку 20-х гг. пачалося распаўсюджванне ланкастэрскіх школ для небагатых вучняў. Гэтыя школы ўзніклі у канцы XVIII - першай палове XIX стст. у розных краінах у выніку грамадскага руху за танны і хуткі спосаб атрымання адукацыі. Паводле ланкастэрскай сістэмы (англійскія педагогі Дж. Ланкастэр і А. Бэл) адбывалася навучанне дзяцей і дарослых больш падрыхтаванымі вучнямі пад кіраўніцтвам настаўніка. Першая ў Ра-сійскай імперыі школа ўзаемнага навучання была адкрыта ў 1819 г. у Гомелі, у тагачасным маёнтку графа М. Румянцава. У 1840-я гг. сталі адкрывацца пачатковыя школы для дзяржаўных сялян, настаўнікамі ў якіх часцей за ўсё былі мясцовыя святары. У 1840 г. пачынае працаваць Горы-Горацкая земляробчая школа, пераўтвораная ў 1848 г. у земляробчы інстытут - першую ў Расіі вышэйшую агранамічную навучальную ўстанову. Праз пансіёны і інстытуты шляхетных дзяўчат з 1840-х гадоў арганізоўвалася жаночая асвета. У галіне навукі еўрапейскую славу атрымаў Віленскі універсітэт. Значнага ўзроўню дасягнулі тут дакладныя навукі. Ян Снядэцкі, які працяглы час быў рэктарам, унёс выдатны ўклад у матэматыку і астраномію, яго падручнік па сферычнай трыганаметрыі лічыўся найлепшым у Еўропе. Брат Яна Андрэй Снядэцкі на аснове віленскіх лекцый стварыў першы універсітэцкі падручнік па хіміі, а ў працы "Тэорыя арганічных істот", перакладзенай на нямецкую і французскую мовы, адным з першых у Еўропе абгрунтаваў ідэю аб кругавароце элементаў у прыродзе. Вучоныя-грамадазнаўцы мелі поспехі ў даследаванні мінулага Вялікага княства Літоўскага, старажытнай беларускай культуры, што спрыяла ўзнікненню беларусазнаўства і абгрунтаванню беларускай нацыянальнай ідэі. Пры універсітэце дзейнічалі добра абсталяваная абсерваторыя, адзін з самых значных у Еўропе батанічных садоў, першы ў Расіі заалагічны музей, багацейшая бібліятэка, шмат кабінетаў. Усё гэта дазваляла атрымліваць вышэйшую адукацыю на ўзроўні, які не саступаў лепшым тагачасным універсітэтам Заходняй Еўропы. У Горы-Горацкім інстытуце развіваліся аграбіялогія і іншыя сельскагаспадарчыя навукі. Тут працаваў адзін з пачынальнікаў хімічнай навукі на Беларусі К. Шміт, выкладаў таксама выдатны хімік і педагог І. Цютчаў. Разам са студэнтамі праводзілася работа па вывядзенні новых сартоў сельскагаспадарчых культур, высокапрадуктыўных парод жывёлы, стварэнні інвентару. Вялікія палі, конны завод, сельскагаспадарчыя машыны, у тым ліку і замежныя, уся "эканамічная наяўнасць" перададзенага інстытуту казённага маёнтка, забяспечвалі якаснае засваенне вучэбнага плана. У асяроддзі інтэлігенцыі ўзмацняецца цікавасць да краязнаўства. Гэта абумоўлівалася як дэмакратызацыяй шляхецкага вызваленчага руху з яго пошукамі апоры ў сялянстве, так і тагачасным рамантызмам з яго культамі старадаўнасці і народнасці. Менавіта ў першай палове XIX ст. у свядомасці шляхты беларускіх зямель, што называла сябе "літвінскай", пачалі адбывацца велізарныя па сваёй значнасці зрухі, якія леглі ў аснову працэсу, які мы сёння называем пачаткам беларускага нацыянальнага адраджэння. Шляхта мясцовага паходжання вывучала гісторыю роднага краю, народную культуру, да якіх пачала ставіцца як да ўласных каранёў і здабыткаў. Выдзеліліся беларуская археалогія, этнаграфія, фалькларыстыка, дзе плённа працавалі І. Грыгаровіч, Т. Нарбут, браты Я. і К. Тышкевічы, Я. Чачот, А. Кіркор. Выяўляюцца і публікуюцца шматлікія матэрыялы і дакументы з беларускай мінуўшчыны, пішуцца абагульняючыя аналітычныя працы, складаюцца фальклорныя зборнікі. З ініцыятывы Яўстафія Тышкевіча ў 1855 г. быў заснаваны першы публічны ў Беларусі і Літве Віленскі музей старажытнасцей. Пры ім дзейнічала археалагічная камісія, якая займалася зборам, даследаваннем і папулярызацыяй гістарычнай і этнакультурнай спадчыны, арганізоўвала абмен інфармацыяй, кнігамі і сустрэчы з навуковымі арганізацыямі Англіі, Даніі, Расіі, Францыі, Швейцарыі, Швецыі і іншых краін. У пачатку 40-х гг. знакаміты чэшскі вучоны Павел Шафарык на этнаграфічнай карце Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ўпершыню паказаў этнічную тэрыторыю беларусаў; ён жа адзначыў 15 спецыфічных асаблівасцей беларускай мовы. Усё гэта сведчыла аб пачатку самапазнавання народа і яго сцвярджэння ў новай еўрапейскай і славянскай сям'і.
Адмена прыгоннага права ў Беларусi. 19 лютага 1861 года Аляксандр II падпiсаў "Манiфест" i "Палажэннi" аб вызваленнi памешчыцкiх сялян ад прыгоннай залежнасцi. Сяляне, хоць i не адразу, атрымалi асабiстую волю, правы чалавека, фармальна незалежнага ад пана. Згодна "Палажэнняў" селянiн сам мог заключаць гандлевыя зделкi, пераязджаць у горад, запiсвацца ў саслоўi мяшчан i купцоў. У гэтых адносiнах рэформа 1861года карэнным чынам змянiла становiшча сялян. "Палажэннi" 19 лютага 1861 г. прадугледжвалi новы парад кiравання сялянамi (заснованы на выбарнасцi нiжэйшых службовых асоб). Сяляне выбiралi старасту, валасное праўленне, валаснога старшыню i суддзю. Да галоўных абавязкаў сельскiх улад адносiлiся: збор падаткаў, кантроль за выкананнем павiннасцей, рэгуляванне пазямельных адносiн сялян (перадзелы зямлi), арганiзацыя ў весцы палiцэйскай службы. Памеры зямельных надзелаў павiнны былi вызначацца на аснове добраахвотных пагадненняў сялян з памешчыкамi. Калi згода не дасягалася, норма сялянскiх надзелаў вызначалася зыходзячы з iнтарэсаў памешчыкаў, якiя мелi права аставiць за сабой ад 1\3 да 1\2 ворыўнай зямлi. Паводле закона селянiн павiнен быў заплацiць памешчыку выкуп i за зямлю i за сваю свабоду. Выкуп асабiстай свабоды быў замаскiраваны шляхам завышэння цаны на зямлю. Пры выкупу зямлi сяляне плацiлi 20% кошту зямлi i 80% дзяржава. Сяляне на працягу 49 гадоў павiнны былi выплачваць доўг дзяржаве пры 5% гадавых. Каб памешчыкi пасля рэформы не засталiся без рабочых рук "Палажэнне" 19 лютага прадугледжвала, што сяляне не маглi выкупiць сваю зямлю раней, чым праз 9 год. Увесь гэты час сяляне лiчылiся часоваабавязаннымi. Сяляне павiнны былi за карыстанне адбываць паншчыну, або плацiць памешчыку грашовы аброк. Размеркаванне зямлi памiж памешчыкамi i сялянамi i абавязкi апошнiх замацоўвалiся дакументамi, якiя называлiся ўстаўнымi граматамi. Для складання ўстаўных грамат i падпiсання iх памешчыкамi i сялянамi вызначаўся двухгадовы тэрмiн, да 13 лютага 1863 года. Але паўстанне 1863 года прымусiла царскі ўрад правесцi пэўныя змены ў зямельнай рэформе. 31 мая 1863 года спынiлiся часоваабавязаныя адносiны, сяляне пераводзiлiся ў разрад уласнiкаў зямлi. Выкупныя плацяжы знiжалiся на 20%. Урад заявіў i аб захаваннi сервiтутнага права на Беларусi (на няпэўны час). У гэтым праявiлiся асаблiвасцi рэформы 1861 года на Беларусі ў параўнаннi з iншымi раенамi Расii. Адзначаныя меры iстотна аблягчалi становiшча сялян на Беларусі ў параўнаннi з iншымi рэгiенамi Расii i садзейнiчалi больш хуткаму развiццю капiталiстычных адносiн на Беларусi
Паўстанне 1863 года ў Беларусi. К Калiноўскi нарадзіўся 21.01.1838 года ў мястэчку Мастаўляны Гродзенскага павета. Бацька быў ўладальнiкам невялiкай мануфактуры. З 1849 года сям'я пражывала ў фальварку Якушоўка Ваўкавыскага павета. У 1852 годзе Калiноўскi скончыў гiмназiю ў Свiслачы, а ў 1860 годзе - юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўнiверсiтэта. Менавiта там сфармiраваўся яго рэвалюцыйны светапогляд. У сакавiку 1861 года Калiноўскi вярнуўся на Радзiму i пачаў ствараць рэвалюцыйную арганiзацыю. У яе ўвайшлi: В. Урублеўскi, Ражанскi, Мiлевiч, Сангiн, Заблоцкi. Летам 1862 года Калiноўскi стаў членам, а ў кастрычнiку 1862 года - старшыней Лiтоўскага правiнцыяльнага камiтэта (ЛПК). У Вiльнi - цэнтры чырвоных на Лiтве i Беларусi, які ўзначальваў падрыхтоўку ўзброенага паўстання супраць царызму. Паўстанне рыхтавалася сумесна з Варшаўскiм Цэнтральным нацыянальным камiтэтам (ЦНК). Адзiнства поглядаў на задачы паўстання памiж ЛПК i ЦНК не было. Варшаўскi ЦНК галоўную задачу бачыў ў аднаўленнi Рэчы Паспалiтай у межах 1772 года. Аграрнае пытанне для iх было другарадным. К. Калiноўскi ж выступаў як арганiзатар сялянскага паўстання i галоўную задачу бачыў ў раздачы сялянам усiх зямель, у тым лiку i памешчыцкiх. К. Калiноўскi iмкнуўся аднавiць самастойнасць Лiтвы-Беларусi. За гэта польскiя нацыяналiсты назвалi К. Калiноўскага "Лiтоўскiм сепаратыстам". Паўстанне ў Польшчы пачалося 10 студзеня 1863 года. У гэты дзень быў, створаны польскi нацыянальны ўрад выдадзены "Манiфест" i два аграрныя дыкрэты, ў якiх асвятлялiся мэты i праграма паўстання. На Лiтве i Беларусi паўстанне пачалося 20 студзеня 1863 года. 27 лютага польскiя нацыяналiсты адхiлiлi ад улады Часовы ўрад Лiтвы i Беларусi на чале з Калiноўскiм. Уладу перадалi Вiленскаму камiтэту белых. Калiноўскi быў прызначаны на пасаду Гродзенскага ваяводскага камiсара. Абмежаваная праграма паўстання белых выключала магчымасць шырокага ўдзелу ў iм сялянства, асаблiва на Беларусi i Лiтве, для якога быў чужым лозунг аб аднаўленнi РП у межах 1772 года. Гэта фактычна перакрэслiла надзеi на ўсеагульнае сялянскае паўстанне. Адзiнага плана баявых дзеянняў у паўстацаў не было. Многiя атрады былi разбiты на самым пачатку паўстання. Наiбольш паспяхова дзейнiчаў атрад Людвiка Звяждоўскага ў Магiлеўскай губернii. У ноч з 23 на 24 красавiка, з дапамогай студентаў Горы-Горыцкага земляробчага iнстытута, паўстанцам удалося захапiць павятовы горад Горкi. У цэлым на Беларусi сяляне складалi толькi 18% ад агульнай колькасцi паўстанцаў, шляхта - 75%. Гэтыя даныя не дазваляюць характарызаваць паўстанне 1863 года як сялянскае. Падаўленнем паўстання на тэрыторыi Беларусi i Лiтвы, з мая 1863 года кiраваў М. М. Мураўёу. Ён прымусіў памешчыкаў i вышэйшае каталiцкае духавенства адмовiцца ад падтрымкi паўстання. Многiя кiраўнiкi паўстання былi павешаны цi растраляны. У такiх умовах К. Калiноўскаму было прапанавана ўзначалiць паўстанне. Уся ўлада к канцу жніўня 1863 года была сканцэнтравана ў руках Калiноўскага, якi прымаў рашучыя загады каб дабiцца пералому ў ходзе паўстання. Але час быў ўпушчаны. На пачатку верасня 1863 г. паўстанне было падаўлена, К. Калiноўскi пратрымаўся на волi да студзеня 1864 года. Ён планаваў к вясне 1864 года падрыхтаваць новае паўстанне, але быў выдадзены здраднiкам i трапіў у рукi ворага. Ваенна-палявы суд прыгаварыў Калiноўскага да смяротнай кары. К. Калiноўскi быў павешаны 10 сакавiка 1864 года ў Вiльн i. За ўдзел у паўстаннi 128 чалавек было пакарана смерцю, а 12483 былi адпраўлены на катаргу ў Сiбiр, цi арыштанскiя роты. За ўдзел у паўстаннi студэнтаў царскі ўрад закрыў на Беларусi адзiную ВНУ. Але паўстанне дало i плён: 1. было адменена часоваабавязанае становiшча беларускiх сялян (1863г.); 2. на 20% былi знiжаны выкупныя плацяжы на зямлю; 3. Беларускiя сяляне былi пераведзены ў разрад землеўласнiкаў. Такiм чынам, гэтыя ўступкі ўрада iстотна аблегчылi становiшча беларускiх сялян.
Буржуазныя рэформы 60-70 гг. ХІХ ст. Асаблівасц іх правядзення на тэррыторыі Беларусі. Рэформа 1861г. ліквідавала галоуную перашкоду, што стрымлівала развіццекапіталізму ў Расіі – прыгоннае права. Але гэтага было мала, у 60-70 гг. урад Аляксандра ІІ правёў шэраг таких рэформ: земскую, судовую, гарадскую, военную, школьную, цензурную. Самай радыкальнай была судовая. Новы суд будаваўся на бессаслоўных прынцыпах. У судовай сістэме ўуводзіўся інстытут прысяжных засядальцаў, інстытут прысяжных павераных (адвакатаў). Значна сарачалася сістэма судаводства. І інстанцыяй стаў міравы суд з адзіным судзей. ІІ інстанцыяй – з’езд міравых судззяў. ІІІ – акруговыя суды. IV – судовая палата. Для ўсіх судоў існавала адзіная апеляцыйная інстанцыя – сенат. Міравыя суддзі выбіраліся на павятовых земскіх сходах, члены судувых палат і акруговых зацвяржаліся імператарам, а міравыя судззі – сенатам. Нагляд за дзейнасцю судовых ўстаноў ажыццяўляў пракурор. Разам з тым, рэформа пакідала валасны суд для сялян, духоўны суд і ваенны суд для вайскоўцаў. На Беларусі судовая рэформа пачалася толькі ў 1872 г. міравыя судззі не выбіраліся, а назначаліся міністрам юстыцыі, спіс прысяжных зацвяржаўся ўладамі. Гэтыя асаблівасці тлумачацца тым, што самадзяржаўе не давярала мясцовым памешчыкам, сярод якіх былі моцнымі прапольскія настроі. Земская рэформа – адна з галоуных. Аб’яўлена ў 1864г. Прадугледжвала стварэнне ў паветах і губернях выбарных ўстаноў для кіраўнітства мясцовай гаспадаркай, народнай асветай, медыцынскім абслугоўваннем і інш. На тэррыторыі Беларусі земствы ўводзіліся толькі ў 1911г. Прычына тая ж. Гарадская рэформа – праводзілася са спазненнем на 5 гадоў (1875г.) Яна абвяшчала прынцып усесаслоўнасці пры выбарах органаў гарадскога сасакіравання. Аднак права выбіраць і быць абранымі атрымалі не ўсе, а толькі тыя, хто плаціў падаткі. Ствараліся 3 курыі (у залежнасці ад памеру падаткаў0. пры гэтым кожная курыя выбірала аднолькавую колькасць членаў гарадской думы. Такім чынам, уведзеная сістэма забяспечвала ўладу буйной бужуазіі. Рабочыя, служачыя, інэлегенцыя не мелі магчымасці ўдельнічать у гарадскім самапіраванні як непадатковае насельніцтва. Гарадскі галава – ў буйных гарадах зацвяржаўся міністрам унутранных спраў, а ў дробных – губернатарам. Ваеная рэформа – пачалася ў 1862 г. Мяняўся прынцып фарміравання арміі – замест рэкрутскіх набораў – агульная воінская павіннась. Скарчаліся тэрміны cлужбы, ад 0,5 года да 7,8 гадоў (у залежнасці ад узроўня адукаціі. Школьная рэформы (1864) – буржуазны характар яе вызначыўся тым, што школа абвяшчалася ўсесаслоўнай. Значна павялічвалася колькасць пачатковых школ, уводзілася пераемнасць розных ступеняў навучання. Гімназіі падзяліліся на класічныя, рэальныя. У класічных вывучаліся класічныя мовы (грэчаская і лацінская0 і гуманітарныя дысцыпліны. У рэальных – матэматыка і прыродазнаўства. Навучане было платным. Цэнзурная рэформа. Новы цэнзурны статут (1865г.) значна пашырыў магчымасці друку. Такім чынам, буржуазная рыформы 60-70 гг. XIX ст. сталі важным крокам на шляху ператварэння феадальнай манархіі ў буржуазную. Разам з тым, яны былі непаслядоўнымі і абмежаванымі.
Асаблівасці развіцця эканомікі Беларусі ў другой палове XIX ст. Другая палова XIX ст. была адзначана асабліва шпаркім эканамічным развіццём краін Еўропы, Паўночнай Амерыкі, Японіі. Яно выявілася перш за ўсё ў прамысловасці. Прагрэс тэхнікі і новыя інжынерныя распрацоўкі прывялі не толькі да колькаснага змянення яе прадукцыі (рост аб'ёму, пашырэнне асартыменту). На працягу XIX ст. у гаспадарцы перадавых краін свету адбыліся якасныя змены, звязаныя з пераходам ад ручной да машыннай вытворчасці прамысловай прадукцыі (прамысловы пераварот). Храналагічныя рамкі прамысловага перавароту ў Расіі: мяжа 30-40-х - мяжа 70-80-х гг. XIX ст. Не такімі рэзкімі былі перамены ў сельскай гаспадарцы. Тым не менш яны назіраліся і тут: палепшылася агратэхніка (адбыўся пераход да шматпольнага севазвароту, уводзіліся новыя культуры, пачалося выкарыстанне хімічных угнаенняў) і як вынік расла вытворчасць прадукцыі. Сельская гаспадарка перадавых краін насіла ўжо таварны характар і была шчыльна звязана з рынкам. Феадальныя адносіны на вёсцы, якія ўсё яшчэ панавалі ў шэрагу краін, сталі тормазам і галоўнай прычынай адставання іх эканомік. Таму ўрады Аўстрыі, Прусіі і Расіі, у ліку апошніх, былі вымушаны пайсці на адмену прыгоннага права. Аднак пераход ад феадальных да капіталістычных адносін на вёсцы быў абцяжараны ў гэтых краінах шэрагам перажыткаў старога ладу і перш за ўсё захаваннем буйнога памешчыцкага землеўладання. Паводле вызначэння У. Леніна, гэта быў прускі шлях развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы. Другім шляхам быў амерыканскі (фермерскі). Панаванне памешчыцкага землеўладання было вельмі ўласцівай Беларусі рысай. Яшчэ ў 1877 г. памешчыцкая зямля складала тут 50,3 % ад агульнай плошчы. Буржуазнае землеўладанне на Беларусі хоць і марудна, але расло: з 1877 па 1905 гг. яно павялічылася з 5,1 да 16,5 % агульнай плошчы. Менавіта памешчыцкія гаспадаркі Беларусі былі галоўнымі пастаўшчыкамі прадукцыі на мясцовы, усерасійскі і заходнееўрапейскі рынкі. У 60-70-я гг. XIX ст. сельская гаспадарка Беларусі спецыялізавалася на вытворчасці збожжа. Паступленне ў 80-я гг. на заходнееўрапейскі рынак больш таннага і якаснага збожжа з Паўночнай Амерыкі, Аргенціны і Аўстраліі выклікала рэзкае (удвая і больш) падзенне цэн на яго. Да таго ж расійскі ўрад праз тарыфную палітыку спрыяў вывазу збожжа на захад кантынента з паўднёвых раёнаў імперыі. У выніку вырошчванне таварнага хлеба на Беларусі стала нявыгадным, і яе сельская гаспадарка пераарыентавалася на малочна-мясную жывёлагадоўлю. За перыяд 1883-1900 гг. пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў памешчыцкіх гаспадарках Беларусі вырасла амаль што ўдвая. Павышалася таксама значэнне тэхнічных культур і бульбы, якая стала асноўнай сыравінай для вінакурнай прамысловасці. У 80-90-я гг. плошча бульбянога поля павялічылася ў 3,3 раза. Прасочвалася пэўная рэгіянальная спецыялізацыя сельскай гаспадаркі. У Мінскай, Гродзенскай і Віленскай губернях утварыўся раён бульбаводства. На льне спецыялізаваліся Віцебская і паўночна-ўсходнія паветы Віленскай губерні. На Магілёўшчыне вырошчвалі каноплі. На працягу 60-80-х гг. у Гродзенскай і Мінскай губернях паспяхова развівалася танкарунная авечкагадоўля. Аднак к пачатку XX ст., у сувязі з канкурэнцыяй аўстралійскай воўны, яна прыйшла ў заняпад. Саракагадовы парэформенны перыяд у развіцці прамысловасці Беларусі падзяляецца на 2 этапы: 60-70-я і 80-90-я гг. На першым этапе прамысловасць расла марудна. На другім рост значна паскорыўся, і асабліва ў 90-я гг., што было звязана з агульным прамысловым уздымам у свеце. Найадметнейшай рысай прамысловасці Беларусі 2-й паловы XIX ст. была яе шматукладнасць. Суіснавалі ўласцівыя яшчэ феадалізму рамесныя майстэрні, пераходныя да капіталізму мануфактуры і капіталістычныя прадпрыемствы - фабрыкі і заводы. Прычым удзельная вага дробных майстэрняў была вельмі высокая. У 1860 г. яны давалі да 84% ад усяго аб'ёму прамысловай прадукцыі, у той час як мануфактуры - 7,4%, а фабрыкі - 9%. Аднак з цягам часу сітуацыя мянялася, значэнне фабрык і мануфактур расло. У 1900 г. фабрыкі і заводы забяспечвалі ўжо 46,8% прадукцыі, мануфактуры - 15,4%, а дробныя прадпрыемствы - 37,8%. Пры гэтым на Беларусі пераважалі дробныя і сярэднія фабрыкі і заводы (з колькасцю працоўных менш за 50 чалавек на кожным). Буйных прадпрыемстваў, дзе працавала 500 чалавек і болей, было вельмі мала. На 1900 г. іх было толькі 9. Самым вялікім прамысловым прадпрыемствам на Беларусі была тытунёвая фабрыка Шарашэўскага ў Гродне, дзе ў 1900 г. працавала 1445 рабочых. Найбольш развітымі галінамі прамысловасці былі вінакурная (у 1890 г. у пяці беларускіх губернях дзейнічала 18% вінакурных заводаў Расійскай імперыі), дрэваапрацоўчая, папярова-кардонная, тытунёвая, будаўнічая, тэкстыльная, ільно- і пенькаапрацоўчая, металаапрацоўчая (на прывазной сыравіне). У 2-й палове XIX ст. у шэрагу гэтых галін адбыўся прамысловы пераварот: у папярова-кардоннай - у сярэдзіне 80-х, у вінакурнай, дрэваапрацоўчай і металаапрацоўчай - у 90-х гг. Для параўнання, у Расіі прамысловы пераварот адбыўся спачатку ў тэкстыльнай і баваўнянай галінах. Адным з важных фактараў фарміравання нацыянальнага рынку і развіцця гаспадаркі ўвогуле было пашырэнне сеткі шляхоў зносін, і ў першую чаргу чыгунак. Пры будаўніцтве чыгунак на Беларусі ўрад зыходзіў з ваенна-стратэгічных (геаграфічнае становішча края на надзвычай важным заходнім накірунку), а таксама з эканамічных меркаванняў. Першая чыгуначная лінія (участак Пецярбургска-Варшаўскай дарогі) прайшла па тэрыторыі Беларусі ў 1862 г. На пачатку XX ст., з пабудовай Рыга-Арлоўскай, Маскоўска-Брэсцкай, Лібава-Роменскай, Палескай і Пецярбургска-Адэскай чыгунак іх даўжыня на тэрыторыі Беларусі склала 2.985 км. Наша краіна набыла адну з самых густых чыгуначных сетак у Расійскай імперыі. Будаўніцтва чыгунак дало моцны штуршок росту гарадоў, якія сталі буйнымі вузламі, некаторым галінам прамысловасці (напрыклад, дрэваапрацоўчай), сельскагаспадарчай вытворчасці. Пад уплывам эканамічных пераўтварэнняў капіталістычнага характару мянялася і сацыяльная структура насельніцтва Беларусі. Адбывалася сацыяльнае і маёмаснае яго расслаенне, фарміраваліся класы буржуазнага грамадства. Пасля адмены прыгоннага права паскорылася маёмасная дыферэнцыяцыя сялянства. На канец XIX ст. найбагацейшы яго слой (т. зв. кулакі) складаў каля 8%, сярэдні - прыблізна 32% і найбяднейшы - прыкладна 60% ад агульнай лічбы сялянскіх гаспадарак. Са збяднелых сялян, саматужнікаў, рамеснікаў фарміраваўся рабочы клас (пралетарыят). Напрыканцы XIX ст. прамысловы пралетарыят Беларусі налічваў 143 тыс. чалавек. Размешчанасць пераважнай большасці фабрык і заводаў у мястэчках і маёнтках, а таксама іх дробныя памеры абумовілі асаблівасці айчыннага рабочага класа. Ён усё яшчэ быў трывала звязаны з сельскай гаспадаркай. Толькі невялікая доля рабочых была сканцэнтравана на буйных прадпрыемствах. У склад буржуазіі ўваходзілі прамыслоўцы (вельмі часта адначасова памешчыкі), заможныя рамеснікі і саматужнікі, купцы, фінансісты, вярхушка сялянства. Буржуазныя рэформы, і ў першую чаргу адмена прыгоннага права, прывялі да паступовай перабудовы эканомікі Беларусі на новых, капіталістычных пачатках, значна паскорылі яе гаспадарчае развіццё. Сацыяльная структура насельніцтва набыла рысы, уласцівыя буржуазнаму грамадству.
Сацыял-дэмакратычны рух. Узнікненне і дзейнасць палітычных партый на тэрыторыі Беларусі (канец ХІХ – пачатак ХХ ст.). Грамадскі лад большасці еўрапейскіх краін у ХІХ ст. засвоіў парламенцкую форму кіравання і партыйна-палітычную сістэму выяўлення грамадскіх інтарэсаў. Партыі кансерватыўнага і ліберальнага накірункаў спаборнічалі паміж сабой за права мець сваіх прадстаўнікоў у парламентах, уплываць на дзейнасць урадаў (у Германіі, Аўстра-Венгрыі) альбо нават фарміраваць іх (у Англіі, Францыі). Напрыканцы ХІХ ст. у партыйна-палітычнае жыццё заходнееўрапейскіх краін упісаліся партыі сацыял-дэмакратычнай арыентацыі, якія перажылі камуністычны радыкалізм К. Маркса, адцураліся лозунгаў Парыжскай камуны і ўзяліся адстойваць інтарэсы рабочых і сярэдніх слаёў грамадства. Для Расіі і Беларусі ўсё гэта было яшчэ наперадзе, дакладней - магло быць. Грамадска-палітычныя працэсы, якія назіраліся на Беларусі ў канцы ХІХ - пачатку ХХ стст., сацыяльная напружаннасць, імкненні кожнага класа, сацыяльнай групы абараніць свае інтарэсы на палітычнай арэне таксама падштурхнулі да ўтварэння розных палітычных партый і арганізацый. Аднак на фарміраванне і дзейнасць палітычных партый на Беларусі паўплывала канкурэнтная барацьба паміж рускім, польскім і яўрэйскім капіталам, палітычнымі элітамі Расіі і Польшчы. Палітычныя партыі і групоўкі Беларусі ў канцы ХІХ - пачатку ХХ стст. можна класіфікаваць наступным чынам: 1) кансерватыўна-манархічныя; 2) ліберальна-апазіцыйныя; 3) сацыял-дэмакратычныя; 4) неанародніцкія. Сярод іх вызначаліся агульнарасійскія і нацыянальныя. Галоўную ролю ў грамадска-палітычным жыцці Беларусі ў пачатку ХХ ст. адыгрывалі агульнарасійскія партыі і групоўкі. Арганізацыі расійскага манархічнага напрамку на Беларусі былі вельмі слабыя. Больш прыкметным быў ліберальна-апазіцыйны рух. Мясцовыя дваране патрабавалі ўвесці земствы, скасаваць абшчыннае землекарыстанне, узмацніць ахову прыватнай зямельнай уласнасці. Ліберальная гарадская інтэлігенцыя гуртавалася вакол культурна-асветніцкіх таварыстваў. На падставе ліберальных плыняў узніклі мясцовыя арганізацыі будучай партыі народнай свабоды (кадэты). Галоўнае іх патрабаванне ў той час - канстытуцыйная манархія. Сярод яўрэйскай супольнасці Беларусі напачатаку ХХ ст. атрымаў пашырэнне сіянісцкі рух. Сама назва "сіянізм" паходзіць з гары Сіён у Іерусаліме, дзе, паводле старажытных біблейскіх паданняў, існаваў храм цара Давіда. Сусветная сіянісцкая арганізацыя была ўтворана ў 1897 г. у Базелі (Швейцарыя). У жніўні 1902 г. з дазволу ўладаў у Мінску адбыўся Усерасійскі з'езд сіяністаў. Пазней сіянізм на Беларусі ўяўляў моцны палітычны рух, куды ўваходзілі партыі сіянісцкага і прасіянісцкага кшталту. Галоўным сэнсам сіянізму з'яўлялася ідэя асобнай выключнасці яўрэйскай нацыі, адасаблення яўрэяў ад неяўрэяў, стварэння яўрэйскай дзяржавы ў Палесціне. З 80-х гг. ХІХ ст. з'явіліся сацыял-дэмакратычныя плыні, якія пачалі сваю дзейнасць з прапаганды марксізму. Яго прыхільнікі верылі ў непазбежнасць гібелі капіталістычнага ладу, лічылі пралетарыят галоўным рэвалюцыйным атрадам, увасабленне дыктатуры якога - вызначыць шлях да перамогі сацыялістычнага грамадства. На Беларусі першы сацыял-дэмакратычны гурток быў утвораны студэнтам Э. Абрамовічам у Мінску летам 1884 г. У канцы 80 - пачатку 90-х гг. сацыял-дэмакратычныя гурткі ўтварыліся ў Вільні, Гродне, Віцебску, Гомелі, Смаргоні. У верасні 1897 г. у Вільні адбыўся з'езд прадстаўнікоў яўрэйскіх сацыял-дэмакратычных арганізацый Вільні, Мінска, Віцебска, Беластока і Варшавы, на якім утварыўся Бунд - Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз у Літве, Польшчы і Расіі. Прыкметны рост рабочага руху ў Расіі ў сувязі з масавай агітацыяй сацыял-дэмакратаў, утварэнне на гэтай аснове буйных рэгіянальных сацыял-дэмакратычных арганізацый паставілі на чаргу пытанне аб аб'яднанні іх у партыю. З гэтай нагоды менавіта ў Мінску ў пачатку сакавіка 1898 г. быў скліканы з'езд прадстаўнікоў пецярбургскага, маскоўскага, кіеўскага і екацярынаслаўскага "Саюзаў барацьбы", кіеўскай "Рабочай газеты" і Бунда. З'езд прыняў рашэнне аб аб'яднанні прадстаўленых на ім арганізацый у Расійскую сацыял-дэмакратычную рабочую партыю. У 1903 г. спачатку ў Бруселі, а потым у Лондане адбыўся ІІ з'езд РСДРП, які прыняў Першую праграму партыі. Канчатковай мэтай расійскіх сацыял-дэмакратаў абвяшчалася пабудова сацыялістычнага грамадства праз пралетарскую рэвалюцыю і дыктатуру пралетарыяту. З'езд раскалоўся на дзве фракцыі - бальшавікоў і меншавікоў, якія мелі спачатку розныя погляды на тактычныя і арганізацыйныя пытанні. А потым яны склалі два напрамкі, фактычна дзве партыі ў расійскай сацыял-дэмакратыі. У 1903-1904 гг. групы РСДРП узніклі ў Мінску, Гомелі, Бабруйску, Магілёве, Мазыры, Брэсце і іншых гарадах і мястэчках Беларусі. Дзеля кіраўніцтва сацыял-дэмакратычнымі арганізацыямі на Беларусі ЦК РСДРП стварыў у 1904 г. Палескі камітэт і Паўночна-Заходні камітэт. Бальшавікі і меншавікі ўваходзілі разам у адзіныя сацыял-дэмакратычныя арганізацыі. Значны ўплыў на развіццё грамадска-палітычнага руху ў Беларусі аказвалі неанародніцкія арганізацыі і партыі, г. зн. тыя, якія таксама ставілі сацыялістычныя мэты, але трымалі арыенцір галоўным чынам на сялянства і разначынную інтэлігенцыю. Яны ўвайшлі ў агульнарасійскую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў, якая ў студзені 1902 г. абвясціла сябе самастойнай партыяй. Праграма эсэраў мела антыкапіталістычную накіраванасць. Эсэры бачылі сацыялізм як згуртаванне самакіруючых вытворчых асацыяцый у прамысловасці і сельскай гаспадарцы. Яны патрабавалі пераходу ўсёй зямлі ў агульнанародны набытак без выкупу на правах параўнальнага землекарыстання для сялянства. Па нацыянальнаму пытанню эсэры выступалі за "безумоўнае права нацыянальнасцей на самавызначэнне", федэратыўныя адносіны паміж імі, увя-дзенне роднай мовы ва ўсе мясцовыя, грамадскія і дзяржаўныя ўстановы. Галоўным тактычным сродкам барацьбы яны абвясцілі тэрор супраць царскіх саноўнікаў. Эсэры былі галоўнай партыяй неанародніцтва. Пачатак ХХ ст. быў адзначаны ўздымам беларускага нацыянальнага руху. На аснове культурна-асветніцкіх гурткоў зімой 1901-1902 гг. у Пецярбургу была створана палітычная арганізацыя, якая таксама ставіла культурна-асветніцкія, прапагандысцкія мэты. У ёй вызначалася плынь на чале з братамі Луцкевічамі, якая імкнулася нейкім чынам дыстанцыявацца ад польскага ўплыву. Імі была ўтворана не раней 1903 г. Беларуская рэвалюцыйная грамада. Пазней яна стала называцца Беларуская сацыялістычная грамада. Арганізатарамі і кіраўнікамі партыі былі А. Луцкевіч, І. Луцкевіч, В. Ластоўскі, В. Іваноўскі, А. Пашкевіч (Цётка), А. Уласаў і іншыя. Адразу БСГ заявіла пра сябе як партыя сацыялістычнай арыентацыі. У праграме БСГ не праводзілася прынцыповай розніцы паміж пралетарыятам, сялянствам і іншымі групамі працоўных. Як і эсэры, БСГ аб'яднала іх у адну сацыяльную катэгорыю - працоўны народ і ў роўнай ступені імкнулася знайсці апору ў рабочым класе, сялянстве, інтэлігенцыі. Партыя пастанавіла дабівацца аўтаноміі Паўночна-Заходняга краю з сеймам у Вільні, культурна-нацыянальнай аўтаноміі для нацыянальных меншасцей і вырашыла распрацаваць зямельную праграму на аснове канфіскацыі без выкупу маёнткаў паноў, казённых і іншых. Такім чынам, асноўныя палітычныя партыі і арганізацыі Беларусі напярэдадні першай расійскай рэвалюцыі знаходзіліся ў стане афармлення, пошукаў у вызначэнні сваіх палітычных пазіцый. Найбольш актыўна заявілі пра сябе расійскія сацыял-дэмакраты, Бунд, эсэры. Што датычыцца беларускага нацыянальнага руху, то ён рабіў першыя крокі на хвалі культурна-асветніцкіх і неанародніцкіх ідэй.