Автор работы: Пользователь скрыл имя, 07 Апреля 2015 в 01:31, курс лекций
У азначэннях рэлігіі, якія даюцца з пункту погляду тэалогіі, яна тлумачыцца як узаемадзеянне чалавека са звышнатуральным, пры гэтым зыходзяць з рэальнай наяўнасці апошняга. Азначэнні, якія належаць да гэтай групы, у асноўным падобныя паміж сабой. Мы прывядзем тыя з іх, якія належаць вядомым тэолагам ХХ ст. Згодна з А. Менем, рэлігія – гэта “сіла, якая звязвае светы, мост паміж створаным светам і Духам Боскім”, адпаведна Р. Гвардзіні – гэта “канкрэтныя ўзаемаадносіны канкрэтнага чалавека і жывога Бога”, па К. Ранеру – экзістэнцыяльная сувязь чалавека з жывым Богам, згодна з Э. Жыльсанам – асабовае стаўленне чалавека да трансцэндэнтнага, рэальнага і асабовага Абсалюта (Бога).
1.1. Азначэнне рэлігіі.
1.2. Структура рэлігіі.
1.3. Функцыі рэлігіі.
1.4. Тыпы рэлігіі.
2. Дзеянні апосталаў. Гэта частка была напісана ў канцы 60-х гг. у Рыме. Аўтарам з’яўляецца Лука, і па свайму зместу яна працягвае трэцяе Евангелле. Тут расказваецца аб першых гадах існавання хрысціянскай царквы (да 63 г.), а таксама аб дзейнасці апосталаў Пятра і, асабліва Паўла.
3. Пасланні апосталаў. Напісаны яны ў самых розных месцах Рымскай імперыі і адрасаваны хрысціянскім суполкам. Усяго ў Новым Запавеце 21 апостальскае пасланне. Вучоныя падзяляюць іх на дзве часткі: сем пасланняў, якія прыпісваюцца апосталам Якаву, Пятру, Іаану і Іудзе называюцца “саборнымі” альбо “акружнымі”, паколькі адрасаваны не камусьці канкрэтна, а ўсім хрысціянам, і 14 пасланняў, прыпісаных апосталу Паўлу. Менавіта апошнія з’яўляюцца (пасля Евангелляў) найважнейшай часткай Новага Запавету. Тут выкладзены шэраг палажэнняў, на якіх шмат у чым грунтуецца хрысціянскае веравучэнне. Пасланні Паўла карысталіся аўтарытэтам у многіх хрысціян яшчэ пры жыцці апостала: іх чыталі на малітоўных сходах, перапісвалі і распаўсюджвалі. Сам Павел быў вельмі адукаваным чалавекам, вучыўся ў самых вядомых рабінаў таго часу. Ён не належаў да ліку дванаццаці апосталаў, быў фарызеем, і спачатку прымаў удзел у праследаваннях хрысціян, бо лічыў іх шкоднай сектай. Потым адбываецца раптоўны пераход Паўла ў хрысціянства, і ён становіцца самым актыўным яго прапаведнікам. Паўла называюць “апосталам народаў”1, бо менавіта ён стаў актыўна распаўсюджваць хрысціянства сярод неіўдзеяў. Пасланні апостала Паўла адрасаваны канкрэтнай хрысціянскай суполцы альбо чалавеку.
4. Апакаліпсіс альбо Адкрыццё Іаана Багаслова. У ім выкладзена хрысціянская эсхаталогія – вучэнне аб канцы свету. Гэта кніга вельмі складаная для разумення і поўная глыбокіх сімвалаў. Па свайму жанру яна ўзыходзіць да прароцкіх кніг Старога Запавету. Асноўны змест кнігі складаюць прароцтвы і адкрыцці, якія былі дадзены Іаану Багаслову Богам: панаванне ў канцы свету на Зямлі Антыхрыста, Другое прышэсце Хрыста, вялікая бітва Армагедон, Апошні Суд і інш. Напісаны Апакаліпсіс у 68–69 гг. на востраве Патмас. Раней яго аўтар атая-самліваўся з Іаанам Евангелістам, зараз гэты пункт погляду адвяргаецца.
5.3. Веравучэнне і культ хрысціянства
Веравучэнне і культ хрысціянства ўяўляюць сабой арганічнае цэлае. Аднак веравучэнню, і гэтым хрысціянства адрозніваецца ад язычніцтва, належыць першынство. У язычніцтве галоўная ўвага надавалася метадам наладжвання ўзаемаадносін са звышнатуральным: яго ўміласціў-ленню альбо падпарадкаванню сваім жаданням, гэта значыць, культу. Уяўленні аб звышнатуральным былі, як правіла, вельмі расплывістымі і, нават, супярэчлівымі. Хрысціянства ж робіць націск менавіта на веравучэнні і разглядае культавыя дзеянні як яго вынік.
Хрысціянскае веравучэнне лічыцца богаадкрытым, гэта значыць, яго палажэнні не з’яўляюцца вынікам інтэлектуальнай дзейнасці людзей, але дадзены Богам. Некаторыя з гэтых палажэнняў немагчыма зразумець рацыянальна, у іх трэба проста верыць.
Веравучэнне хрысціян мае дзве крыніцы: Свяшчэннае Пісанне (Біблія) і Свяшчэннае Паданне (рашэнні сабораў, творы царкоўных пісьменнікаў, традыцыі богаслужэбнай практыкі і г. д.).
У цэнтры хрысціянскага веравучэння знаходзіцца зафіксаваная ў Евангеллях добрая вестка аб тым, што Бог так палюбіў людзей, што паслаў ім свайго Сына, які ўзяў на сябе іх грахі, прыняў пакутніцкую смерць і тым самым выратаваў людзей. Хрысціянамі рабіліся тыя з яўрэяў, а потым прадстаўнікоў іншых народаў Рымскай імперыі, хто прыняў гэтую добрую вестку. У сваю чаргу, асноўнай запаведдзю хрысціянства з’яўляецца любоў да Бога і да людзей: “Ісус сказаў...: “палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душою тваёй, і ўсім разуменнем тваім”; гэта ёсць першая і найбольшая запаведзь. Другая ж падобная ёй: “палюбі блізкага твайго як самога сябе”. На гэтых дзвюх запаведзях грунтуюцца Закон і Прарокі” (Мв. 22, 37–40).
Веравучэнне хрысціянства складаецца з дагматаў – палажэнняў, якія лічацца богаадкрытымі і таму абсалютнымі ісцінамі. Аснову хрысціянскага веравучэння складае Сімвал веры. Узнік ён з практыкі хрышчэння. Спачатку хрысціянства прымалі ў асноўным дарослыя людзі, і перад тым, як іх хрысціць, ім задавалі пытанні, каб высветліць, у што яны вераць і ці ведаюць яны палажэнні хрысціянскага веравучэння. Самі гэтыя палажэнні, наконт якіх пыталіся, былі ўзятыя з пасланняў апосталаў, таму першапачатковы Сімвал веры называўся Апостальскім. Яго тэкст у розных хрысціянскіх суполках меў нязначныя адрозненні. У пачатку ІV ст. з-за распаўсюджвання ераcяў (адcтупленняў ад хрысціянскага веравучэння) узнікла патрэба дакладна акрэсліць, у што верыць хрысціянская царква, і стварыць адзіны Сімвал. Гэта было зроблена на двух першых хрысціянскіх Усяленскіх саборах (сходах): Нікейскім (325 г.) і Канстанцінопальскім (381 г.), таму гэты Сімвал веры называецца Нікеа-Канстан-цінопальскім. Складаецца ён з 12 палажэнняў"1:
1. “Веру ў адзінага Бога, Айца Ўсемагутнага, Стваральніка неба і зямлі, усяго бачнага і нябачнага”.
2. “I ў адзінага Госпада Ісуса Хрыста, Сына Божага Адзінароднага, Які ад Айца народжаны перад усімі вякамі: Святла ад Cвятла, Бога праўдзівага ад Бога праўдзівага, народжанага, а не створанага, адзінасутнага з Айцом, праз Якога ўсё стала быць”.
3. “Нас дзеля людзей, і дзеля нашага збаўлення, сышоўшага з нябес, і ўвасобленага ад Духа Святога і Дзевы Марыі і стаўшага чалавекам”.
4. “Укрыжаванага за нас пры Панційскім Пілаце, і цярпеўшага, і пахаванага”.
5. “I ўваскросшага на трэці дзень, паводле Пісання”.
6. “І ўзышоўшага на нябёсы і сядзячага праваруч Айца”.
7. “І паўторна прыйдзе ў хвале судзіць жывых і памерлых, і Яго Царству не будзе канца”.
8. “І ў Духа Святога, Госпада жыватворчага, які ад Айца паходзіць2, Які з Айцом і Сынам супольна прымае шанаванне і хвалу, Які гаварыў праз прарокаў”.
9. “У адзіную Святую, Саборную і Апостальскую Царкву”.
10. “Вызнаю адзінае хрышчэнне для адпушчэння грахоў”.
11. “Чакаю ўваскрашэння памерлых”.
12. “I жыцця вечнага ў будучым свеце. Амінь”3.
Хрысціянскі культ, як і веравучэнне, ствараўся на працягу некалькіх стагоддзяў. Яго аснову складаюць сем галоўных абрадаў – таінстваў. Такую назву яны атрымалі таму, што маюць для вернікаў таямнічы, сакральны сэнс, у іх “пад бачным выглядам праяўляецца нябачная сіла Божая”. Усяго іх сем4.
Хрышчэнне – з чалавека здымаецца першародны грэх, і ён далучаецца да хрысціянскай царквы. Абрад адбываецца ў выглядзе амавення і робіцца свяшчэннікам. Як правіла, хрысцяць дзяцей, тройчы акунаючы іх у ваду. З хрышчэннем дзіцяці таксама звязана наданне яму імя. Раней гэта было імя святога, якому прысвячаўся дзень, у які дзіця нарадзілася, зараз бацькі самі выбіраюць імя. Калі хрысціцца дарослы, дык з яго здымаецца не толькі першародны грэх, але і ўсе астатнія. Дарослых не акунаюць у ваду, а толькі абліваюць ім галаву.
Мірапамазанне – на чалавека спускаецца Дух Святы, каб дапамагчы “захаваць душэўную чысціню ў хрышчэнні, узрастаць і ўмацоўвацца ў жыцці духоўным”.
Споведзь альбо пакаянне – ад імя Ісуса Хрыста свяшчэннік адпускае чалавеку грахі. Пад апошнімі разумеецца адступленне ад запаведзяў Бога. Трэба ўзгадаць свае грахі, адчуць за іх жаль, мець намер так больш не рабіць і сказаць аб сваіх грахах свяшчэнніку. Хрысціянская царква называе сем смяротных грахоў (лічыцца, што яны адразаюць чалавека ад Бога як крыніцы жыцця): ганарлівасць, сквапнасць, пралюбадзейства, зайздрасць, празмернасць у ежы і піцці, злоба, лянота. У раннім хрысціянстве пакаянне мела публічны характар. Чалавек казаў аб сваіх грахах усёй суполцы. З VІІ ст. пачынае пераважаць індывідуальная споведзь свяшчэнніку. Царква гарантуе тайну споведзі. Парушэнне апошняй з’яўляецца для свяшчэнніка цяжкім грахом.
Прычашчэнне альбо еўхарыстыя (удзячная ахвяра) – пад выглядам хлеба і віна вернікі прымаюць цела і кроў Ісуса Хрыста. Сэнс гэтага таінства ў далучэнні да выкупляльнай ахвяры Ісуса Хрыста. Згодна з Бібліяй яно было ўстаноўлена самім Хрыстом на Тайнай Вячэры. Хрысціянская царква лічыць, што прычашчэнне мае вельмі вялікае значэнне для жыцця вернікаў. Прычашчацца дарослы чалавек можа толькі пасля споведзі.
Вянчанне – царкоўнае асвячэнне шлюбнага саюзу паміж мужчынам і жанчынай. Лічыцца, што іх аб’ядноўвае сам Бог, і таму разводы разглядаюцца царквой як вельмі непажаданыя: “што Бог злучыў, тое чалавек разлучыць не можа”.
Алеяасвячэнне (намашчэнне хворых) – робіцца над хворымі з мэтай падтрымкі іх у веры, ачышчэння ад грахоў і аблягчэння пакут. У праваслаўнай царкве яно называецца таксама сабораваннем, бо яго павінен рабіць сабор з сямі свяшчэннікаў, але ў выпадку неабходнасці дазваляецца выконваць яго і аднаму свяшчэнніку, як, дарэчы, звычайна адбываецца. Таінства заключаецца ў тым, што свяшчэннік мажа лоб, шчокі, рукі і грудзі хвораму асвечаным аліўкавым алеем з дабаўленнем некаторай колькасці чырвонага віна. Пры гэтым чытаюцца малітвы, у якіх свяшчэннік просіць Бога паслаць чалавеку выздараўленне.
Святарства – пасвячэнне ў святары. Сэнс яго ў тым, што чалавек атрымлівае дар духоўна кіраваць вернікамі, выконваць таінствы і богаслужэнні. Крыніцай гэтага дару лічыцца Ісус Хрыстос, які з’яўляецца Галавой хрысціянскай царквы і яе першасвятаром. Менавіта ён, згодна з Бібліяй, надзяліў дарам свяшчэннадзеяння апосталаў і загадаў ім распаўсюджваць хрысціянства. Апосталы, ствараючы царкву, перадавалі свае паўнамоцтвы і дары духавенству, вылучыўшы ў ім тры ступені іерархіі, якія існуюць і зараз: епіскап1, прэсвітар і дыякан. Епіскап (грэч. episkopos – назіральнік, ахоўнік) згодна з веравучэннем хрысціянскай царквы, з’яўляецца непасрэдным пераемнікам апосталаў і валодае ўсёй паўнатой святарства. Ён лічыцца першым і галоўным здзяйсняльнікам богаслужэння, таму яно павінна адбывацца ў яго прысутнасці альбо з ягонага блаславення, інакш не прызнаецца сапраўдным. Толькі епіскап мае права пасвячаць у прэсвітары і дыяканы. Епіскапы могуць займаць розныя месцы ў царкоўнай іерархіі: быць проста епіскапамі, архіепіскапамі, мітрапалітамі, экзархамі, кардыналамі, патрыярхамі, папамі, але ўсе яны роўныя ў сваім святарстве. Прэсвітар (грэч. presbyteros – ста-рэйшына) з’яўляецца свяшчэннаслужыцелем сярэдняй ступені іерархіі. Яго звычайна называюць свяшчэннікам. Прэсвітар залежыць ад епіскапа, падпарадкоўваецца яму і ад яго атрымлівае права выконваць царкоўныя службы і таінствы, апроч тых, якія можа выконваць толькі епіскап. Зараз ад прэсвітараў патрабуецца мець адпаведную адукацыю. Як правіла, перад тым, як зрабіцца прэсвітарам, чалавек павінен скончыць семінарыю. Дыякан (грэч. diakonos – служка) – свяшчэннаслужыцель ніжэйшай ступені царкоўнай іерархіі. Спачатку дыяканы адказвалі за арганізацыйна-гаспадарчую дзейнасць хрысціянскіх суполак. Дыякан не можа самастойна выконваць таінствы і богаслужэнні, а толькі дапамагае ў гэтым епіскапу і прэсвітару.
Таінства святарства адбываецца на падставе абраду рукапалажэння альбо хіратоніі (грэч. cheirotonia – дзеянне моцай рук), у працэcе якога адбываецца ўскладанне рук на галаву чалавека, якога пасвячаюць. Лічыцца, што такім чынам яму перадаецца асаблівы дар Хрыста, неабходны для выканання далейшага служэння. У прэсвітары і дыяканы пасвячае епіскап, у епіскапы, як правіла, – сабор епіскапаў (не менш трох).
Трэба адзначыць, што ў праваслаўнай і каталіцкай царкве епіскапамі, прэсвітарамі і дыяканамі могуць быць толькі мужчыны, у большасці пратэстанцкіх напрамкаў – таксама і жанчыны.
Важнае месца ў хрысціянскім кульце займаюць малітвы – звяртанні вернікаў да Бога з просьбамі, падзякамі альбо хваламі. Яны могуць быць мысленныя (так званая “ціхая малітва”) альбо вусныя. Апошнія бываюць агульнымі (калі моляцца некалькі чалавек) і індывідуальнымі. Агульныя малітвы звычайна кажуцца вернікамі ў час набажэнства ў храме, індывідуальныя – дома. У хрысціянстве ёсць зацверджаныя тэксты малітваў, асноўнай іх крыніцай з’яўляецца Псалтыр і Евангеллі. Галоўная хрысціянская малітва – “Ойча наш”. Згодна з Бібліяй, яна была дадзена Хрыстом, таму яе называюць “Малітвай Гасподняй”. Чалавек можа звяртацца да Бога і сваімі словамі, асабліва ў індывідуальнай малітве.
Хрысціянскае набажэнства ўяўляе сабой сукупнасць урачыстых культавых абрадаў і дзеянняў (малітваў, паклонаў, запальванняў свечак, спеваў і інш.), мэтай якіх з’яўляюцца зносіны з Богам. Выконваецца набажэнства свяшчэннаслужыцелямі пры актыўным удзеле вернікаў, галоўным чынам у храме.
У праваслаўным і каталіцкім кульце ёсць таксама шанаванне крыжа і ікон. Крыж з’яўляецца сімвалам хрысціянскай веры. Ён стаіць на дахах храмаў, яго носяць на целе вернікаў, ён з’яўляецца часткай адзення свяшчэннаслужыцеляў. Крыж быў прыняты хрысціянскай царквой як сімвал выратавання – менавіта на крыжы, паводле Бібліі, прыняў пакутніцкую смерць за грахі людзей Ісус Хрыстос. Ікона (грэч. eikon – выява, вобраз) – гэта жывапісная альбо (радзей) рэльефная выява Троіцы, Ісуса Хрыста, Божай Маці, апосталаў, святых. Трэба падкрэсліць, што іконы маюць у хрысціянстве выключна знакавы характар – моляцца не дошкам, на якіх намаляваны Бог, а самому Богу, іконы служаць для нагадвання вернікам Яго аблічча. Некаторыя іконы называюцца цудатворнымі і асабліва шануюцца, бо лічыцца, што праз іх праявілася сіла божая. Гэта, напрыклад, іконы Маці Божай Вострабрамскай, Казанскай Божай Маці.
Важнае месца ў хрысціянскім кульце займаюць святы, якія прысвечаны найбольш значным з пункта погляду царквы падзеям. Самае вялікае свята – гэта Пасха, у гонар уваскрэсення Ісуса Хрыста. Далей ідзе Нараджэнне (Раство) Хрыстова, Нараджэнне (Раство) Багародзіцы, Тройца альбо Пяцідзесятніца і іншыя. Святы падзяляюцца на нерухомыя, якія святкуюцца ў адны і тыя ж даты месяца, і рухомыя, якія перамяшчаюцца па календары ў залежнасці ад дня святкавання Пасхі.