Религиоведение

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 07 Апреля 2015 в 01:31, курс лекций

Описание работы

У азначэннях рэлігіі, якія даюцца з пункту погляду тэалогіі, яна тлумачыцца як узаемадзеянне чалавека са звышнатуральным, пры гэтым зыходзяць з рэальнай наяўнасці апошняга. Азначэнні, якія належаць да гэтай групы, у асноўным падобныя паміж сабой. Мы прывядзем тыя з іх, якія належаць вядомым тэолагам ХХ ст. Згодна з А. Менем, рэлігія – гэта “сіла, якая звязвае светы, мост паміж створаным светам і Духам Боскім”, адпаведна Р. Гвардзіні – гэта “канкрэтныя ўзаемаадносіны канкрэтнага чалавека і жывога Бога”, па К. Ранеру – экзістэнцыяльная сувязь чалавека з жывым Богам, згодна з Э. Жыльсанам – асабовае стаўленне чалавека да трансцэндэнтнага, рэальнага і асабовага Абсалюта (Бога).

Содержание работы

1.1. Азначэнне рэлігіі.
1.2. Структура рэлігіі.
1.3. Функцыі рэлігіі.
1.4. Тыпы рэлігіі.

Файлы: 1 файл

Lektsyi_pa_religiyaznawstvu_1.doc

— 716.50 Кб (Скачать файл)

Для таго, каб выціснуць са свядомасці вучня шаблонныя схемы мыслення, пазбавіць яго ад звычкі шукаць ісціну па-за сабой і накіраваць да прамога і непасрэднага сузірання сваёй “сапраўднай прыроды”, настаўнік мог закрычаць на свайго вучня, абразіць яго, піхнуць і нават ударыць. Наогул у дзэн-будызме падкрэсліваецца важнасць актыўнага стаўлення чалавека да свету, рэалізацыі сваёй творчай энергіі. Крайні аскетызм адвяргаецца: чалавечыя жаданні павінны не падаўляцца, а накіроўвацца ў духоўныя сферы. Вялікае значэнне ў дзэн-будыйскіх манастырах надавалася сумеснай фізічнай працы. У манастыры Шоліньсы ў Кітаі склалася своеасаблівая школа воінскага мастацтва.

Дзэн-будызм аказаў вельмі вялікі ўплыў на кітайскую і японскую культуры. Такія яго прынцыпы, як прастата, спантаннасць, гармонія, не толькі зрабіліся неад’емнай часткай традыцыйнага мастацтва, але і зараз шмат у чым вызначаюць стаўленне да жыцця многіх японцаў і кітайцаў. Яскравае адлюстраванне гэта знайшло ў манахромным жывапісе, ікебане, чайнай цырымоніі, каліграфіі, мастацтве разбіўкі садоў, ваенных мастацтвах.

Значны ўплыў дзэн-будызм аказаў на творчасць такіх заходне-еўрапейскіх і амерыканскіх дзеячаў культуры XX ст., як Г. Гесэ, Дж. Сэлінджэр, В. Ван-Гог, А. Маціс, А. Швейцэр, К. Юнг, Э. Фром. У 60-я гг. “дзэнскі бум” ахапіў многія амерыканскія ўніверсітэты і паўплываў на рух бітнікаў. Манастыры і цэнтры па вывучэнні дзэн-будызму існуюць зараз і за межамі Японіі і Кітая – у Амерыцы і Заходняй Еўропе.

 

Тэма 5 ХРЫСЦІЯНСТВА, ЯГО ЎЗНІКНЕННЕ І ФАРМІРАВАННЕ

 

5.1. Узнікненне хрысціянства.

5.2. Структура Бібліі.

5.3. Веравучэнне і культ хрысціянства.

5.4. Ператварэнне хрысціянства ў дзяржаўную рэлігію Рымскай імперыі і раздзяленне царквы.

 

5.1. Узнікненне хрысціянства

 

Хрысціянства з’яўляецца самай вялікай сусветнай рэлігіяй. Зараз яно налічвае каля двух мільярдаў прыхільнікаў. Такім чынам, звыш адной  трэці цяперашняга насельніцтва Зямлі – хрысціяне. Прыхільнікі хрысціянства жывуць амаль ва ўсіх краінах свету. У Еўропе, Амерыцы і Аўстраліі яны складаюць асноўную колькасць жыхароў.

Зараз хрысціянства падзелена на тры асноўныя напрамкі: праваслаўе, каталіцтва і пратэстанцтва. А спачатку, больш за тысячу гадоў пасля свайго ўзнікнення, яно было адзіным, і менавіта ў гэты перыяд сфарміравалася ў якасці сусветнай рэлігіі.

Узнікла хрысціянства ў І ст. н. э. у Палесціне, якая ў той час з’яўлялася адной з усходніх правінцый Рымскай імперыі, як кірунак у іўдаізме.

Вышэй гаварылася, што іўдаізм у гэты перыяд знаходзіўся ў стане глыбокага крызісу. Важнае месца ў яго веравучэнні займала палажэнне аб богаабранасці яўрэйскага народа. Але яўрэяў увесь час хто-небудзь заваёўваў, і з 66 г. да н. э. яны знаходзіліся пад прыгнётам Рыма. У гэтых умовах узмацніліся  чаканне Месіі, прыход якога быў прадказаны прарокамі.

Хрысціяне вераць, што гэтым Месіяй, якога іўдзеі чакалі ўжо некалькі стагоддзяў, з’яўляецца Ісус Хрыстос. “Ісус” перакладаецца як “Выратавальнік”, гэта было даволі распаўсюджанае ў тыя часы сярод яўрэяў імя, а “Хрыстос” – гэта пераклад на грэчаскую мову старажытнаяўрэйскага “Машыах” (“Памазаннік”).

З моманту ўзнікнення і да нашых дзён вядуцца гарачыя спрэчкі наконт трактоўкі Ісуса Хрыста. Для хрысціян гэта Бог Сын, які сышоў на зямлю і выратаваў людзей. Іўдзеі лічаць, што ён з’яўляецца ілжэмесіяй, і што Месія для яўрэяў яшчэ не прыйшоў, яго ўсё яшчэ чакаюць. У ХVIIІ ст. у навуцы сфарміраваліся дзве асноўныя трактоўкі Ісуса Хрыста: міфалагічная і гістарычная. Першая сцвярджала, што ніякага Хрыста на самой справе не было і яго вобраз – гэта міф, які ўзнік у выніку перапрацоўкі вядомых у тыя часы міфаў аб паміраючых і ўваскрасаючых багах: егіпецкага міфа аб Азірысе, грэчаскага міфа аб Дыянісе і інш. Некаторыя даследчыкі гэтай школы выводзілі вобраз Хрыста нават з татэмістычных вераванняў першабытных народаў. Міфалагічная трактоўка была цесна звязана з атэізмам. Сцвярджаючы, што Ісуса Хрыста не было, яе прадстаўнікі тым самым імкнуліся пазбавіць гістарычных падстаў само хрысціянства, паказаць, што ўсе яго палажэнні – не больш як вынік чалавечай фантазіі. Гістарычная трактоўка разглядае Ісуса Хрыста як рэальную асобу, прапаведніка новай рэлігіі, які сфарміраваў шэраг асноўных хрысціянскіх палажэнняў.

Прыхільнікі кожнай з гэтых трактовак прыводзяць аргументы на сваю карысць. Мы іх не будзем разглядаць, каб не ўскладняць матэрыял. Адзначым толькі, што большасць сучасных даследчыкаў зыходзіць з таго, што Ісус Хрыстос – гэта не міфалагічны вобраз, на самой справе была такая гістарычная асоба, якая заснавала хрысціянства. Мы ў нашых лекцыях таксама будзем прытрымлівацца гэтага погляду.

Хрыціянства ўзнікла ў канкрэтных сацыяльна-гістарычных умовах. У І ст. н. э. Рымская імперыя ўваходзіць у стан глыбокага крызісу, які паступова ахоплівае ўсе сферы грамадскага жыцця. Распаўсюджваюцца настроі няўпэўненасці ў будучым, надыходзячага краху спрадвечных асноў. Узрастаюць разбэшчанасць і цынізм у вышэйшых слаях грамадства і незадаволенасць у нізах.

Старая рымская рэлігія ўжо не адпавядае новым умовам жыцця, таму папулярнымі сярод рымлян робяцца культы ўсходніх багоў: Азірыса, Астарты, Кібелы, Ізіды, Аціса, Мітры. Узмацняюцца богашукальніцкія тэндэнцыі, прычынай якіх з’яўлялася адчуванне пакінутасці чалавека, яго бяссілля перад непазбежным і разбуральным рокам. Сваё філасофскае адлюстраванне гэтыя настроі знаходзяць у познім стаіцызме. Найбольш вядомы яго прадстаўнік Луцый Аней Сенэка (4 г. да н. э. – 65 г. н. э.) вучыў сваіх паслядоўнікаў быць мудрымі, не імкнуцца да знешніх поспехаў, падпарадкоўвацца лёсу, трывала і мужна пераносіць жыццёвыя выпрабаванні. Сутнасць этыкі стаіцызму перададзена ў наступным выказванні Сенэкі: “Чалавек нешчаслівы роўна настолькі, наколькі ён сабе гэта ўяўляе”. Выхад з духоўнай дэзарыентацыі стаіцызм бачыў у дасягненні мудрым чалавекам стану незалежнасці ад турбот свету.

Крызіс рымскага грамадства з’явіўся адной з істотных умоў паспяховага распаўсюджвання ў ім хрысціянства. Яно давала людзям суцяшэнне, новую мараль, а таксама надзею на выратаванне і справядлівасць.

 

5.2. Структура Бібліі

 

Біблія з’яўляецца асноўнай крыніцай па гісторыі старажытных яўрэяў і першапачатковага хрысціянства. Зараз прызнаецца, што большасць падзей, якія ў ёй апісаны, сапраўды мелі месца. Таму да яе звяртаюцца вучоныя-гісторыкі. Апроч таго, яна – адзін з самых выдатных твораў літаратуры Старажытнага свету, які на працягу многіх стагоддзяў з’яўляецца аб’ектам пільнага філалагічнага аналізу.

Біблія таксама – самая распаўсюджаная на Зямлі кніга. Агульны тыраж яе выданняў складае каля мільярда асобнікаў і мнагакратна пераўзыходзіць тыраж любой іншай кнігі. Біблія перакладзена амаль на семсот моў і дыялектаў, у тым ліку на мову эскімосаў і ўолоф (Сінегал).

Такая папулярнасць Бібліі тлумачыцца зусім не яе якасцямі як гістарычнай крыніцы альбо літаратурнага твора. Інакш яна б цікавіла толькі вузкае кола спецыялістаў па старажытнай гісторыі і літаратуры. Біблія – гэта свяшчэнная кніга іўдзеяў і хрысціян, і менавіта дзякуючы хрысціянству, як самай шматколькаснай сусветнай рэлігіі, яна атрымала такое шырокае распаўсюджанне.

Само слова “Біблія” паходзіць са старажытнагрэчаскага “biblion” – кніга. “Biblion” жа паходзіць, у сваю чаргу, ад назвы фінікійскага горада Біблос, які ў старажытнасці быў цэнтрам гандлю папірусам. Множны лік ад “biblion” – “biblia” (“біблія”) – “кнігі”. Запазычанае ў лацінскую мову, слова “біблія” стала ўжывацца як назоўнік адзіночнага ліку жаночага роду – “кніга”.

Трэба падкрэсліць, што для хрысціян Біблія – не проста кніга, гэта Слова Божае, праз якое Бог па вялікай сваёй міласэрнасці адкрыўся людзям. Яна лічыцца боганатхнёнай – напісанай пад уплывам Духа Святога. Вядома больш сарака аўтараў Бібліі, і большасць з іх прызнаецца гістарычнымі асобамі, але, згодна з хрысціянскім веравучэннем, пісалі яны не па ўласнай ініцыятыве, а па натхненні, якое атрымалі ад Бога. З гэтага вынікае, што сапраўдным аўтарам Бібліі з’яўляецца Бог, людзі толькі перадавалі Ягоную волю. Менавіта гэтым тлумачыцца яе аўтарытэтнасць для хрысціян.

Біблія падзяляецца на дзве няроўныя па аб’ёму часткі: Стары і Новы Запавет. Стары Запавет складае 4/5 усяго тэкста. Ён узнік у ХІІІ–ІІ стст. да н. э. на тэрыторыі Палесціны і Вавілона. Старым Запаветам першую частку Бібліі называюць хрысціяне. Згодна з хрысціянскім веравучэннем, спачатку было заключана пагадненне паміж Богам і людзьмі праз абраны народ – яўрэяў, а потым прыйшоў Ісус Хрыстос, Сын Божы, і заключыў Новы Запавет непасрэдна з кожным чалавекам.

У праваслаўнай Бібліі Стары Запавет складаецца з пяцідзесяці кніг, у каталіцтве – з сарака пяці, у іўдаізме і пратэстанцтве – з трыццаці дзевяці. Тлумачыцца гэта розніца ў колькасці тым,  што толькі трыццаць дзевяць кніг дайшлі да нас на старажытнаяўрэйскай мове, астатнія – на старажытнагрэчаскай. Апошнія (1–3 Ездры, Тавіта, Юдзіф, Прамудрасці Саламона, Прамудрасці Ісуса Сына Сірахава, Баруха, 1–3 Макавейскія) іўдзеі, а следам за імі і пратэстанты, не прызнаюць наогул і не ўключаюць у свае свяшчэнныя пісанні; праваслаўныя прызнаюць, але лічаць іх не кананічнымі1, а душакарыснымі (іх чытанне карысна для душы, але іх палажэнні не з’яўляюцца нормамі); а католікі лічаць другакананічнымі (узнікшымі ў другую чаргу). Апроч таго, у праваслаўным Старым Запавеце ёсць некалькі кніг, якія адсутнічаюць у каталіцкім.

Стары Запавет падзяляецца на чатыры часткі.

1. Пяцікніжжа Маісея. У першай кнізе “Быццё” паведамляецца аб стварэнні свету, Адаме і Еве, сусветным патопе, калі выратаваўся толькі Ной са сваёй сям’ёй, далейшым рассяленні людзей па Зямлі. Далей апавядаецца аб праайцы яўрэяў Аўрааме і яго нашчадках. У другой кнізе “Выхад” гаворка ідзе аб вызваленні яўрэяў з егіпецкага палону, іх саракагадовым вандраванні па пустыні, а таксама аб заключэнні з імі праз Маісея запавету на гары Сінай. Трэцяя кніга “Левіт”1 мае амаль выключна заканадаўчы характар, і таму ў ёй апавяданне аб падзеях гісторыі яўрэйскага народа перарываецца. Тут змешчаны правілы ахвярапрынашэнняў і цырымоній прызначэння свяшчэннікаў, прадпісанні аб рытуальнай чысціні, богаслужэбны каляндар. У чацвёртай кнізе “Лічбы” зноў апавядаецца аб вандроўніцтве ў пустыні. Перад тым, як адысці ад Сіная, яўрэі робяць перапіс народа (адсюль назва кнігі) і прыносяць багатыя ахвяры Богу. Тут гаворыцца пра спробы яўрэяў заваяваць тэрыторыю Палесціны, якую, згодна з Бібліяй, Бог абяцаў нашчадкам Аўраама. Пятая кніга “Другазаконне” з’яўляецца кодэксам грамадзянскіх і рэлігійных прадпісанняў, дадзеных Богам. Асноўную частку яе зместу займаюць прамовы Маісея, у якіх ён нагадвае яўрэям аб выхадзе з егіпецкага рабства, Сінайскім Запавеце, пачатку заваёў Зямлі Абетаванай. Тут паведамляецца аб смерці і пахаванні Маісея, і таму зараз даследчыкі лічаць, што не ўсё Пяцікніжжа было створана самім Маісеем, бо чалавек не можа апісаць сваю смерць і пахаванне. Шэраг палажэнняў “Другазаконня” паўтараюць Сінайскі Запавет, адсюль назва гэтай кнігі.

2. Гістарычныя кнігі : Кніга Ісуса Навіна, Кніга Суддзяў, 4 кнігі Царстваў, 2 кнігі Параліпаменон (у перакладзе са старажытнаяў-рэйскага – “летапіс”), кнігі Ездры і Нееміі (+ 1–3 Макавейскія). Трэба адзначыць, што аўтары гэтых кніг не з’яўляюцца гісторыкамі нават у тагачасным, а, тым больш, у сучасным сэнсе слова. Асноўны змест гістарычных кніг – апісанне ўзаемаадносін яўрэяў з іх Богам, вернасці і (асабліва) нявернасці Запавету. Аўтараў цікавяць не столькі падзеі, колькі ўрокі, якія з іх вынікаюць. Аднак павучальны характар гэтых кніг не пазбаўляе іх  гістарычнай каштоўнасці. Тут паведамляецца аб канчатковай заваёве яўрэямі тэрыторыі Палесціны і ўзнікненні дзяржавы, адступленні яўрэяў ад запавету з Яхвэ, вынікам чаго з’явілася падпарадкаванне іншым народам.

3. Прароцкія кнігі. Яны падзяляюцца на дзве часткі: чатыры кнігі так званых “вялікіх прарокаў”: Ісаіі, Іраміі, Езэкііля, Данііла і дванаццаць кніг “малых прарокаў”. Пад прарокамі ў Бібліі разумеюцца людзі, якія мелі вопыт непасрэднага пазнання Бога і пасланы, каб абвяшчаць людзям Яго волю, нагадваць аб Яго патрабаваннях і вяртаць на шлях Яго любові. У Бібліі ўзгадваецца шмат прарокаў, першым і самым вялікім сярод іх лічыцца Маісей. Больш за ўсё звестак да нас дайшло менавіта аб тых шаснаццаці прароках, кнігі якіх увайшлі ў Біблію. Яны дзейнічалі з VІІІ па ІІ стст. да н. э. і аказалі надзвычай вялікі ўплыў на рэлігійнае развіццё яўрэяў.

4. Пісанні. Яны складаюцца з самых розных па зместу і жанру кніг. Сюды ўваходзяць: Псалтыр – зборнік псалмоў, аўтарам большасці з якіх лічыцца цар Давід, Песня Песняў – зборнік эратычнай лірыкі, дзе ў алегарычнай форме расказваецца аб любові паміж Богам і людзьмі, кнігі Іова, Прытчаў Саламонавых, Эклезіяста, Ісуса сына Сірахава і Прамудрасці Саламона, у якіх разважаецца аб лёсе чалавека і яго ўзаемаадносінах з Богам. (+ Эстэр, Юдзіф, Плач Іераміі.)

Хрысціяне, якія лічаць сябе духоўнымі нашчадкамі іўдзеяў, разглядаюць Стары Запавет як падрыхтоўку да Новага, а Новы – як ключ да разумення Старога. Але, безумоўна, галоўнае значэнне для іх мае Новы Запавет.

Ён быў напісаны ў І ст. н. э. на старажытнагрэчаскай мове ў розных месцах Рымскай імперыі: Анціохіі, Афінах, Рыме, востраве Патмас і інш. Трэба адзначыць, што хаця хрысціянства ўзнікла на тэрыторыі Палесціны, але Новы Запавет быў напісаны па-за яе межамі. Мова Новага Запавету – не літаратурная, а гутарковая (так званы “койнэ”).

Новы Запавет складаецца з 27 кніг, якія прызнаюцца кананічнымі пераважнай большасцю хрысціян і наогул не прызнаюцца іўдзеямі. Складаецца з чатырох частак.

1. Чатыры Евангеллі: паводле Матфея, паводле Марка, паводле Лукі і паводле Іана. Само слова “евангелле” ў перакладзе са старажытнагрэчаскай мовы азначае “радасная вестка”. Па зместу кожнае з іх з’яўляецца апавяданнем аб жыцці і дзеяннях Ісуса Хрыста, але іх сутнасць – у перадачы радаснай весткі аб тым, што прыйшоў Сын Божы, узяў на Сябе грахі, узышоў за іх на крыж і тым самым выратаваў людзей. Такім чынам, евангелісты перадавалі добрую вестку аб тым, што ўсе людзі з’яўляюцца выратаванымі. З чатырох аўтараў Евангелляў Матфей і Іаан з’яўляюцца апосталамі, а Лука і Марк – вучнямі апосталаў. Тры першыя Евангеллі: паводле Матфея, Марка і Лукі, называюцца сінаптычнымі, ад старажытнагрэчаскага “sinopsis” – “слупок”. Калі іх тэксты размясціць у выглядзе чатырох паралельных слупкоў, то відавочна супадзенне іх асноўных фрагментаў апісання жыцця Хрыста, хаця ёсць разыходжанні. Напрыклад, у Евангеллі паводле Матфея радавод Ісуса Хрыста налічвае ад цара Давіда 42 пакаленні, а ў Евангеллі паводле Лукі – 56. Ёсць і іншыя разыходжанні. Тлумачыцца гэта тым, што Евангеллі пісаліся ў розны час і ў розных месцах, далёкіх адно ад другога (Евангелле паводле Матфея – паміж 40-мі і 50-мі гг. у Іерусаліме, паводле Лукі – у Рыме да 70 г., паводле Марка – у Анціохіі ў канцы 60-х гг., паводле Іаана – у Ефесе ў 90-я гг.). I кожнае з іх перадае радасную вестку па-свойму, пры захаванні агульнай асновы.

Информация о работе Религиоведение