Автор работы: Пользователь скрыл имя, 07 Апреля 2015 в 01:31, курс лекций
У азначэннях рэлігіі, якія даюцца з пункту погляду тэалогіі, яна тлумачыцца як узаемадзеянне чалавека са звышнатуральным, пры гэтым зыходзяць з рэальнай наяўнасці апошняга. Азначэнні, якія належаць да гэтай групы, у асноўным падобныя паміж сабой. Мы прывядзем тыя з іх, якія належаць вядомым тэолагам ХХ ст. Згодна з А. Менем, рэлігія – гэта “сіла, якая звязвае светы, мост паміж створаным светам і Духам Боскім”, адпаведна Р. Гвардзіні – гэта “канкрэтныя ўзаемаадносіны канкрэтнага чалавека і жывога Бога”, па К. Ранеру – экзістэнцыяльная сувязь чалавека з жывым Богам, згодна з Э. Жыльсанам – асабовае стаўленне чалавека да трансцэндэнтнага, рэальнага і асабовага Абсалюта (Бога).
1.1. Азначэнне рэлігіі.
1.2. Структура рэлігіі.
1.3. Функцыі рэлігіі.
1.4. Тыпы рэлігіі.
У каталіцкім і праваслаўным кульце ёсць таксама пасты – перыяды, калі абмежавана ўжыванне ежы з мэтай цялеснага і духоўнага ачышчэння вернікаў. Самы вялікі пост – перад Пасхай (Вялікаднем), ён працягваецца ў праваслаўі 7 тыдняў, у каталіцтве – 40 дзён.
5.4. Ператварэнне хрысціянства ў дзяржаўную рэлігію
Рымскай імперыі і раздзяленне царквы
Згодна з хрысціянскім веравучэннем, заснавальнікам царквы і яе галавой з’яўляецца Ісус Хрыстос. Царква – “містычнае цела Хрыста”. Яна адначасова з’яўляецца і вынікам чалавечай дзейнасці, і таму як любы сацыяльны інстытут мае рысы недасканаласці, але таксама – і звышнатуральным утварэннем, маючым рысы святасці, вечнасці, неразбуральнасці, пасрэднікам паміж Богам і людзьмі, па-за межамі якога няма выратавання.
Хрысціянства называе дакладную дату і месца ўзнікнення царквы – 28 мая 30 г., Іерусалім, калі на пяцідзесяты дзень пасля Пасхі на апосталаў сышоў Святы Дух і яны атрымалі здольнасць прапаведаваць Евангелле па ўсім свеце. Выконваючы дадзеную ім раней Хрыстом запаведзь: “Дык ідзіце, навучыце ўсе народы, хрысцячы іх у імя Айца і Сына і Святога Духа”, апосталы пачалі ствараць у розных гарадах Рымскай імперыі хрысціянскія суполкі. Спачатку хрысціянства распаўсюджвалася амаль выключна сярод яўрэяў. Першыя хрысціяне лічылі сябе найбольш паслядоўнымі іўдзеямі, прыняўшымі даўгачаканага Месію. Аднак большасць іўдзеяў успрынялі хрысціянства як шкодную секту і праследавалі яго. З цягам часу і сярод хрысціян з’яўляецца ўсё больш прадстаўнікоў іншых народаў Рымскай імперыі. Як ужо адзначана, першым, хто актыўна стаў прапаведаваць хрысціянства сярод неіўдзеяў, з’яўляецца апостал Павел. Канчаткова хрысціянства аддзялілася ад іўдаізму ў перыяд паўстання 66–73 гг.
Ствараючы хрысціянскія суполкі, апосталы ставілі на іх чале прэсвітараў і епіскапаў. Спачатку функцыі апошніх былі аднолькавымі, але паступова на першы план выходзяць епіскапы, і ўжо з пачатку ІІ ст. менавіта ім належыць кіруючая роля ў хрысціянскай царкве.
У першых хрысціянскіх суполках епіскапы, прэсвітары і дыяканы выбіраліся вернікамі. Дзеля таго, каб гэтая выбарная пасада атрымала аўтарытэт, існаваў абрад рукапалажэння, як перадача асаблівага дару святарства ад Хрыста праз апосталаў першым прэсвітарам і епіскапам, і ад апошніх – далей іх пераемнікам.
Хрысціянства даволі хутка распаўсюджвалася па Рымскай імперыі. Ад першапачатковых суполак аддзяляліся новыя. Такім чынам узнікалі епіскапскія акругі – епархіі, межы якіх супадалі з межамі правінцый Рымскай імперыі. Епіскапы падтрымлівалі сувязь паміж сабой і для вырашэння агульных пытанняў перыядычна збіраліся на лакальныя саборы. Паступова ствараліся царкоўныя акругі, цэнтрам якіх рабіліся вялікія гарады Рымскай імперыі, дзе існавалі найбольш шматколькасныя хрысціянскія суполкі. Яны сталі называцца мітраполіямі (грэч. metropolia – галоўны, мацярынскі горад), а іх епіскапы з ІV ст. ва ўсходніх правінцыях Рымскай Імперыі атрымалі тытул мітрапалітаў. З V ст. епіскапы гарадоў, якія былі галоўнымі цэнтрамі хрысціянства, сталі называцца папамі (у Рыме і Александрыі) і патрыярхамі (у Канстанцінопалі, Іерусаліме і Анціохіі).
Паступова ў Рымскай імперыі складваецца адзіная хрысціянская царква. Наладжваюцца сувязі паміж рознымі яе часткамі, для барацьбы з ерасямі склікаюцца Ўсяленскія саборы. Кіраўніком хрысціянскай царквы ў першыя стагоддзі яе існавання прызнаваўся Папа Рымскі. Тлумачылася гэта перш за ўсё тым, што першым епіскапам Рыму (Папай Рымскім) быў, згодна з хрысціянскай традыцыяй, апостал Пётр, якому Хрыстос даручыў кіраўніцтва над усімі хрысціянамі. Лічылася, што кожны Рымскі Папа з’яўляецца пераемнікам улады апостала Пятра.
Спачатку хрысціяне праследаваліся ў Рымскай імперыі за адмаўленне шанаваць афіцыйных багоў. Як гэта ні парадаксальна, але рымскія ўлады абвінавачвалі хрысціян у атэізме, гэта значыць, бязбожнасці. Справа ў тым, што тут сутыкнуліся два розныя тыпы рэлігійнасці. Рымляне ўспрымалі сваіх шматколькасных багоў перш за ўсё як апекуноў таго ці іншага дзеяння, чалавека альбо імперыі ў цэлым. Яны таксама шанавалі багоў заваяваных імі народаў з мэтай дабіцца апякунства апошніх. Але яны патрабавалі, каб шанавалі іх багоў, перш за ўсё – Генія (ад лац. gens – род), імператара, які лічыўся яго апекуном і ўвасабленнем унутранай сілы мужчыны. Гэта быў не столькі рэлігійны, колькі палітычны акт. Тым самым чалавек дэманстраваў сваю адданасць імператару. Патрэбна для гэтага было няшмат – спаліць крыху ладану перад статуяй Генія. Аднак хрысціяне адмаўляліся зрабіць нават гэта, бо не маглі шанаваць іншых багоў, і таму ўлады іх праследавалі. Таксама ў першых хрысціян не было таго, у чым рымляне бачылі сутнасць рэлігіі: храмаў, статуй багоў, ахвяр. Хрысціянскае богаслужэнне, спачатку было простым, складалася з малітваў, чытання Новага Запавету, казанняў і прычашчэння. Збіраліся вернікі па нядзелях, тайна, дзе-небудзь на ўскраіне горада. У грамадскай свядомасці аб хрысціянах распаўсюджваліся чуткі як аб святататцах, амаральных людзях, якія выконваюць канібальскія абрады і займаюцца оргіямі.
Першае праследаванне хрысціян адбылося ў 64 г. пры імператары Нероне, які абвінаваціў іх у падпальванні Рыма і падвергнуў жорсткім пакаранням. Праследаванні не былі сістэматычнымі, яны то абвастраліся, то знікалі зусім, усё залежала ад палітыкі канкрэтнага імператара. Таму хрысціяне маглі, хаця з цяжкасцямі, існаваць і нават пашыраць сваю колькасць. Рымская імперыя знаходзілася ў крызісе, яе афіцыйная рэлігія страціла сваю духоўную сілу і не магла перашкодзіць распаўсюджванню хрысціянства.
Найбольш жорсткі перыяд ганенняў хрысціянства перажыло пры імператары Дыаклеціяне (284–305 гг.). Але ў 305 г. апошні адрокся ад улады і ў становішчы царквы адбыліся рэзкія перамены. Пераемнік Дыаклеціяна Галерый у 311 г. загадаў адмяніць праследаванні хрысціян. У 313 г. імператары Канстанцін і Ліцыній выдаюць знакаміты Міланскі эдыкт, згодна з якім хрысціянства прызнаецца цярпімай рэлігіяй, хрысціяне атрымліваюць права адкрыта адпраўляць свой культ і валодаць маёмасцю. А ў 381 г. хрысціянства абвяшчаецца дзяржаўнай рэлігіяй Рымскай імперыі .
Аднак сама імперыя набліжалася да свайго канца. Глыбокі ўнутраны крызіс абвастрыўся пад уплывам нашэсцяў варвараў, якія ўвесь час пагражалі Рыму. Па гэтай прычыне імператар Канстанцін у 330 г. перанёс сталіцу на ўсход у заснаваны ім горад Канстанцінопаль, а ў 395 г. імперыя падзялілася на дзве часткі: заходнюю і ўсходнюю.
Гэтыя адміністратыўныя падзелы мелі вялікае значэнне для лёсу хрысціянскай царквы. Імператар, які знаходзіўся ў Канстанцінопалі, усё больш страчваў рэальную палітычную ўладу ў заходняй частцы, якая паступова апынулася пад кіраўніцтвам варвараў. У 476 г. гуны захапілі Рым, і іх правадыр Аларых адаслаў у Канстанцінопаль знакі імператарскай улады: карону і скіпетр. Гэтая падзея лічыцца канцом Рымскай імперыі. Усходняя яе частка, якая атрымала назву Візантыйскай імперыі, праіснавала яшчэ да сярэдзіны ХV ст., а на тэрыторыі заходняй часткі паступова складваюцца новыя дзяржавы. У гэтых умовах на захадзе ўсё больш узмацняецца ўлада Рымскага папы, як духоўная, так і свецкая. Ён робіцца цэнтрам, вакол якога канцэнтруецца грамадства, вядзе перамовы з варварамі, ажыццяўляе раздачу хлеба бедным і г. д. Заходняя царква пачынае актыўную дзейнасць па распаўсюджванні хрысціянства сярод варвараў і атрымлівае іх падтрымку. Аднак сувязь папы з усходняй часткай Рымскай імперыі ўсё больш слабее, хаця ён па-ранейшаму лічыцца кіраўніком усёй царквы. На Усходзе паступова ўзвышаецца Канстанцінопальскі патрыярх, які, як епіскап сталіцы, не жадаў падпарадкоўвацца Рымскаму папе. У V ст. ён стаў называць сябе Ўсяленскім патрыярхам, гэта значыць, кіраўніком як усходняй, так і заходняй царквы, што выклікала энергічны пратэст Рыма. Саперніцтва паміж Канстанцінопальскім патрыярхам і Рымскім Папам за ўладу цягнулася некалькі стагоддзяў з пераменным поспехам. Усё гэта ўрэшце рэшт прывяло да ўзаемнага адлучэння ад царквы ў 1054 г. Хрысціянская царква падзялілася на дзве часткі: усходнюю – праваслаўную, што значыць “правільную”, і заходнюю – каталіцкую, што значыць “сусветную”.
Трэба падкрэсліць, што віну за раскол нясе як заходні, так і ўсходні бок. Сапраўднай прычынай яго з’яўляюцца амбіцыі кіраўнікоў царквы. Вынікі расколу былі вельмі сур’ёзнымі: Еўропа падзялілася на дзве часткі, якія вельмі часта ставіліся варожа адна да адной.
У 1965 г. Канстанцінопальскі патрыярх Афінагор І і Рымскі Папа Павел VI узаемна знялі адлучэнне, але ўзнавіць адзінства царквы не ўдалося. Зараз узаемаадносіны паміж праваслаўнай і каталіцкай царквой можна ахарактарызаваць як насцярожаныя.
Тэма 6 ІСЛАМ
6.1. Узнікненне ісламу.
6.2. Веравывучэнне і культ ісламу.
6.3. Кірункі ў ісламе.
6.1. Узнікненне ісламу
Іслам з’яўляецца самай маладой сусветнай рэлігіяй. Ён узнік у VІІ ст. н. э., амаль на 600 гадоў пазней за хрысціянства і больш чым на 1000 – за будызм.
Зараз іслам – другая па колькасці сусветная рэлігія. Яго вызнае 1 млрд. чалавек, больш чым у 120 краінах свету, прычым колькасць прыхільнікаў ісламу інтэнсіўна павялічваецца, дзякуючы, у асноўным, традыцыйна высокай сярод іх нараджальнасці. Асноўная колькасць мусульман жыве ў Заходняй, Паўднёвай, Паўднёва-Усходняй Азіі і Паўночнай Афрыцы. У 28 краінах іслам з’яўляецца дзяржаўнай альбо афіцыйнай рэлігіяй (Ірак, Іран, Афганістан, Пакістан, Саудаўская Аравія, Егіпет, Марока і інш.).
Іслам узнік сярод арабаў на захадзе Аравійскага паўвострава, калі там ужо былі вядомы іўдзейскія і хрысціянскія погляды. Таму, разглядаючы абставіны яго фарміравання, трэба ўлічваць як сацыяльна-эканамічную сітуацыю, у якой знаходзіліся арабскія плямёны ў пачатку VІІ ст., так і ўплыў іншых рэлігій.
Даісламскія арабы – адзін са шматлікіх семіцкіх народаў, якія жылі ў гэтым раёне Бліжняга Ўсходу з даўніх часоў. Падзяляліся яны на качавыя плямёны, якія пераважна займаліся жывёлагадоўляй, а таксама гарадскіх арабаў, якія жылі за кошт гандлю, часткова рамяства і земляробства. Праз Меку, Ятрыб, Йемен, якія ў першыя стагоддзі н. э. уяўлялі сабой невялікія гарады-протадзяржавы, ішлі гандлёвыя шляхі з Індыі і Кітая ў Еўропу. Гэта давала прыбытак як гараджанам, так і качавым плямёнам, якія бралі плату за бесперашкодны праход караванаў праз свае тэрыторыі.
Аднак у другой палове VІ ст. гандлёвыя шляхі перамясціліся на поўнач Аравійскага паўвострава, што прывяло да крызісу ў былых цэнтрах гандлю, які закранаў таксама і качавыя арабскія плямёны. Таксама ў гэты перыяд узмацняецца небяспека захопу арабскіх гарадоў суседнімі моцнымі дзяржавамі, перш за ўсё Візантыяй і Іранам. 3’явілася патрэба ў моцнай дзяржаве, якая б аб’яднала плямёны і забяспечыла жыццядзейнасць арабскага грамадства. Напружанасць крытычнай сітуацыі знайшла сваё выяўленне ў духоўных браджэннях, што паслужыла штуршком для ўзнікнення новай рэлігіі.
Большасць арабаў з даўніх часоў былі язычнікамі. Яны шанавалі Сонца, Луну, шматлікіх духаў пустыні, памерлых продкаў. На поўдні Аравіі быў распадсюджаны фетышызм, які знайшоў сваё адлюстраванне ў кульце вялікіх, пастаўленых на рабро камянёў. Найбольш знакамітым з іх быў Чорны камень у свяцілішчы Кааба1 ў Мецы. Ён меў кубічную форму; быў акружаны шматлікімі іншымі каменнымі фетышамі, якія сімвалізавалі розных племянных багоў і духаў і ўспрымаліся ўсімі арабамі як вышэйшы боскі сімвал. Мека з’яўлялася рэлігійным цэнтрам. Некалькі разоў у год, на святы, прадстаўнікі арабскіх плямёнаў наведвалі яе, каб ушанаваць сваіх багоў. Пры гэтым яны прадавалі свае тавары і куплялі тавары ў меканцаў, ад чаго апошнія мелі прыбытак. Даследчыкі лічаць, што шанаванне Чорнага каменя ў нейкай ступені адлюстравала ўзнікаючыя ў арабаў уяўленні аб вышэйшым бостве. Адной з крыніц гэтых уяўленняў былі монатэістычныя рэлігіі іўдаізм і хрысціянства. Іўдаізм існаваў у Аравіі ўжо амаль тысячагоддзе, асабліва ў гарадах, дзе жылі буйныя суполкі яўрэйскіх гандляроў. У Сірыі, Палесціне, Месапатаміі было шырока распаўсюджана хрысціянства. Апроч таго, побач былі такія хрысціянскія краіны, як Візантыя і Егіпет. На рэлігійныя пошукі арабаў аказвалі таксама ўплыў ідэі зораастрызма, якія пранікалі з Ірана.
У VІ cт. сярод арабаў атрымаў распаўсюджванне рух ханіфаў – прарокаў-прапаведнікаў, якія заклікалі да адмаўлення ад язычніцкага політэізму і шанавання адзінага Бога. Падрабязных звестак аб дзейнасці ханіфаў і змесце іх пропаведзяў не захавалася, аднак вядома, што Бог, якога яны прапаведавалі, адрозніваўся ад багоў іўдзеяў і хрысціян. Дзейнасць ханіфаў паступова падрыхтоўвала пераход арабаў да монатэізму.
Заснавальнікам новай рэлігіі з’явіўся прарок Мухамед (каля 570–632 гг.). Аб яго жыцці вядома даволі шмат. Мухамед паходзіў з магутнага меканскага племені курэйшн. Ён рана асірацеў і спачатку пасвіў скаціну ў свайго дзядзькі Абу Таліба. Ёсць некалькі легенд аб дзіцячых гадах Мухамеда. Напрыклад, паводле адной з іх, аднойчы з’явіліся анёлы і ачысцілі яго сэрца ад грахоўных помыслаў. У 25 гадоў ён ажаніўся на багатай удаве Хадзіджы, у якой да гэтага служыў. Нягледзячы на даволі вялікую розніцу ва ўзросце (Хадзіджа была на 15 гадоў старэйшай), шлюб быў шчаслівы. У іх нарадзілася 6 дзяцей, але толькі любімая дачка Мухамеда Фаціма перажыла бацьку і пакінула нашчадкаў.
Пасля жаніцьбы на Хадзіджы Мухамед перастаў займацца гандлем і прысвяціў сябе рэлігійным пошукам. На працягу некалькіх гадоў ён праводзіў доўгія гадзіны на адной з гор каля Мекі. Хадзіджа з разуменнем ставілася да паводзін свайго мужа і не перашкаджала яму. Калі Мухамеду было каля 40 гадоў, яму сталі з’яўляцца нейкія духоўныя істоты і ён стаў чуць галасы, якія абвясцілі яго прарокам і загадалі пачаць прапаведаваць арабам адзінага Алаха (араб. “Боства”). Гэтыя прывіды наведвалі Мухамеда да канца яго жыцця, на падставе іх была створана свяшчэнная кніга ісламу “Каран”.
Спачатку, на працягу трох гадоў, Мухамед прапаведаваў толькі абмежаванаму колу блізкіх яму людзей. Першымі, хто падтрымаў Мухамеда ў якасці пасланніка Алаха, былі Хадзіджа, яго стрыечны брат Алі, які ажаніўся на Фаціме, і прыёмны сын Зейд. Потым да іх далучыліся паважаныя меканцы Абу Бакр, Амар, Асман, Хамза і інш. Аднак, калі Мухамед пачаў выступаць з адкрытымі пропаведзямі, большасць меканцаў сустрэла іх вельмі насцярожана. Абумоўлена гэта было тым, што ён адмаўляў усіх старых багоў апроч Алаха і сцвярджаў, што продкі курэйшытаў за сваё нявер’е гараць у пекле. Акрамя таго, меканцы баяліся за свае эканамічныя інтарэсы: калі адмаўляюцца старыя багі, дык арабскія плямёны не будуць прыходзіць у Меку, каб іх шанаваць, а, значыць, не будзе гандлю і прыбытку. Узнікла пагроза жыццю Мухамеда і яго прыхільнікаў. Стала немагчыма далей займацца рэлігійнай дзейнасцю ў Мецы, і Мухамед прымае запрашэнне жыхароў суседняга горада Ятрыб, адкуль была родам яго маці, перасяліцца да іх. Запрашэнне было абумоўлена тым, што ў Ятрыбе існавалі доўгія і заблытаныя канфлікты і жыхары спадзяваліся вырашыць іх па арабскім звычаі пры дапамозе аўтарытэтнага і непрадузятага трацейскага суддзі. У якасці такога суддзі і запрасілі Мухамеда, прызнаўшы тым самым аўтарытэтнасць яго як прарока.