Гістарычны жанр як адметная літаратурная адзінка: тэарэтычны аспект даследавання

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 01 Мая 2013 в 10:49, курсовая работа

Описание работы

Цікавасць да трывожна-таямнічага гучання сівых вякоў, зварот да вытокаў, імкненне ўявіць і зразумець першапачынальнікаў нацыі і ўласнага роду — “якія яны, мае прадзеды?” [1, с. 3] і — заўжды прысутнічалі і нават выступалі ў якасці вядучых матываў у творчасці паэта і празаіка Л. Дайнекі. Такое ўдумлівае светаспасціжэнне праз багатыя магчымасці гістарычнай памяці, ацалелыя рэчыўныя і прыродныя рэаліі выявіліся ўжо ў першым вершаваным зборніку пісьменніка “Галасы” (1969). “Для маладога аўтара неспакой сівых вякоў, грымучы крыгаход стагодзяў, подых даўніны, яе прысутнасць у дні сённяшнім угадваюцца ў такіх атрыбутах някідкага беларускага рэльефу, сведках перажытага роднай зямлёй-славянкай, як камяні, курганы, шчодра палітае крывёю жытнёвае поле, журлівыя крыніцы, блакітныя рэкі, лясныя могілкі” [2, с. 64].

Содержание работы

Уводзіны……………………………………………………………………….... 3
1 Гістарычны жанр як адметная літаратурная адзінка: тэарэтычны аспект даследавання………………………………..………..……………..………..… 8
2 Гістарычныя падзеі і вобразы ў раманах Леаніда Дайнекі…...………...… 20
3 Міфалагічныя вобразы і рэлігійныя супярэчнасці ў раманах Леаніда Дайнекі………………………………………………………………………… 34
4 Наватарства Леаніда Дайнекі ў асвятленні падзей далёкай мінуўшчыны…………………………………………………………………… 43
Заключэнне……………………………………………………………………. 52
Спіс выкарыстанай літаратуры…………………

Файлы: 1 файл

дайнека гистар проза дыплом.docx

— 151.81 Кб (Скачать файл)

У творах Л. Дайнекі нарастанне дзеяння, градацыя напружання падкрэсліваецца шматразовым паўторам праз пэўныя прамежкі тэксту фразы: “Пачыналася лебядзіная песня Вячкі” [5, с. 287]. Не адмаўляючы паэтычнасці, музычнага гучання яе, нельга не пагадзіцца з меркаваннем вядомага даследчыка пра тое, што “паўтор слоў і радкоў — гэта заўсёды сэнсавае паўтарэнне, падкрэсліванне міфалагічнай сімволікі і магічнай сілы слова, а не проста момант рытміка-меладычнага малюнка” [50, с. 17].

Акрамя гістарычных асоб і звязаных з іх дзейнасцю сюжэтных ліній, прастору твора насяляюць  героі выдуманыя, якія не менш неабходныя для перадачы жывога дыхання тагачаснай атмасферы. Так, праз з’яўленне ў  Новагародку скалечанага нямчынамі  вешчуна Валасача, дзейнасць гэтага ахоўніка святога Зніча ўключна  да моманту самаспальвання; у фінале пісьменнік узнаўляе прыцягальную сілу язычніцтва, якое адыграла значную  ролю ў станаўленні духоўнасці нашых  продкаў і зусім без ахвоты саступала месца іншым верам  і багам. Надзвычай паглыбляюць  падтэкставае гучанне рамана сімвалічныя  вобразы Нікога, Жэрнаса, якія патрабуюць шматварыянтнага прачытання, а таксама  іншыя з’явы прыроды і яе насельнікі.

Такім чынам, можна сказаць, што разгалінаваная структура твора разам з тым і шматгеройная. “Часта поспех пісьменніку прыносіць зварот да простых, звычайных людзей, якія інтуітыўна тонка, глыбока ўспрымаюць свет, з’явы прыроды, яе хараство, веру, імкнуцца спасцігнуць іх складанасці” [2, с. 66], — удакладняе В. Шынкарэнка. У рамане адметна, а таму запамінальна выпісаны летапісец Клімята, Якаў з Гарэлай Весі, яго малодшы стрый Мірошка. У другім і трэцім — залатар Белавалод, жартаўнік Ядрэйка, дружыннік Раман, паганец Люд, вяшчун Валасач, асілак Курыла Валун, прыгажуня Лукера і іншыя.

Ёсць у творы пісьменніка і вобразы чужынцаў, якія з’явіліся ў гэты дзікунскі, па іх меркаванні, край, каб запаланіць яго мячом і верай. Генрыху, што прадаў Радзіму, важней за ўсё завалодаць людскімі душамі, прымусіць іх адступіцца ад свайго Бога, зрабіць пярэваратнямі. А вось дамініканскі манах Сіверт, сапраўды чужынец, здольны ўбачыць і ацаніць душэўнае хараство мясцовага люду, жадае міру гэтаму шматпакутнаму краю.

Багаты і густанаселены  ў буйным эпічным творы Л. Дайнекі жывы прыродны свет. Тут мноства вобразаў, якія часта перарастаюць у сімвалічныя, з птушынага і жывёльнага царстваў, а таксама створаных народна-легендарнымі ўяўленнямі ваўкалакаў, чарцей, карачуноў, выпісанага ўласнай аўтарскай фантазіяй дзіка-здрадніка і інш. Можна смела гаварыць пра адметны метафарычна-сімвалічны стыль пісьменніка, які тычыцца не толькі моўных асаблівасцей раманаў, а і іх філасофскай скіраванасці.

Зварот да праблемы сутыкнення розных рэлігій на тэрыторыі будучага ВКЛ прыводзіць да шматлікіх згадак, апісанняў у тэкстах твораў паганскага капішча, могільніка продкаў, свяшчэннай дубровы, выявы Перуна, вобразаў вешчуноў, прымхаў, язычніцкіх і хрысціянскіх абрадаў, царкоўных служэнняў, сцверджанняў аб перавазе новага веравызнання, за якое змагаюцца служкі Ордэна. Усё гэта перадае драматызм тагачаснага жыцця, а сутыкненне светапрглядных і моўных сфер стварае адпаведную поліфанію стылю.

Скразным для рамана Л. Дайнекі з’яўляецца матыў вернасці роднаму краю, гістарычнай памяці, напамін пра якія перадаецца іншы раз праз голас продкаў, голас крыві і рэалізуецца ў мастацкай тканіне праз успаміны, мроі, трызненні, сны герояў. У некаторых месцах іх думкі набываюць аголена публіцыстычнае гучанне. Больш кранальныя такія сентэнцыі тады, калі яны тычацца непасрэдна індывідуальнасці персанажа і становяцца яго ўнутранымі перакананнямі. Здаецца, Вячка мае права сказаць, што “душа ў мяне адна і да скону будзе належаць зямлі, якая мяне ўзгадавала” [5, с. 281]. I калі Дабранега настойвае на перавазе шчасця асабістага, сямейнага, выказвае сумненне ў тым, што нашчадкі як след ацэняць самаахвярнасць уладара Кукейноса, ён з уласцівым яму запалам і ўпэўненасцю даводзіць адваротнае. “Некалі ўспомняць. Павінны ўспомніць, бо добрае не забываецца. У тых, хто забывае дабро, хто забывае бацькоў, продкаў, бог высушвае сэрца, і гэта ўжо не людзі, а балотны трыснёг. Нельга забываць свой род, сваю зямлю, сваю мову” [5, с. 175].

Даследчыкі ўказваюць, што адсутнасць трывалых традыцый гістарычнага жанру ў беларускай літаратуры раз-пораз выяўляе сябе ў рамане Л. Дайнекі. “Часта той ці іншы дакладны факт, падзея мінуўшчыны не асэнсоўваюцца, не разгортваюцца разам з псіхалагічным дзеяннем, а толькі канстатуюцца, набываюць інфарматыўны характар. У некаторых месцах не хапае глыбіні погляду на эпоху знутры, без уліку вопыту наступных пакаленняў. Асобныя эпізоды і вобразы не зусім адпавядаюць аднаму з галоўных крытэрыяў гістарычнага жанру — меры мастацкай праўдзівасці, жыццёвай верагоднасці” [2, с. 70]. Аднак нельга не прызнаць, што раман  пісьменніка выявіў багатыя магчымасці беларускай прозы ў галіне зместу і формы, засведчыў плённасць мастацкіх ношукаў аўтара, а адкрытасць абранай ім цыклічнай структуры дапускае нанізанне новых твораў, якія працягнуць паэтапны агляд нашай драматычнай мінуўшчыны на раней не асветленых храналагічных зрэзах, даносячы да чытача не толькі трагедыю гісторыі, але і даючы сур’ёзныя жыццёвыя ўрокі.

Разгляд асаблівасцей паэтыкі  літаратурнага твора, якая вывучае  адметнасці метаду, жанру, стылю, спосабы  і сродкі мастацкага пераўтварэння, дэталёвага засваення свету, не будзе  паўнавартасным без уліку спецыфікі  вобразнага ўвасаблення задуманага пісьменнікам. Для перадачы канкрэтнай і эмацыянальна-псіхалагічнай атмасферы, для раскрыцця шматстайнасці  праяў бытавога і духоўнага жыцця  кожнае нацыянальнае мастацтва звяртаецца да ўстойлівай, традыцыйнай, даўно вызначанай і выразна акрэсленай вобразнай  сімволікі, якая дазваляе адчуць таямніцы светапогляду пэўнага народа, адметнасці рацыянальнага і падсвядомага ўспрымання асобай космасу і сябе ў ім, перадаць і сцвердзіць праз іх уласную непаўторнасць, нацыянальныя своеасаблівасць. Э. Тайлар сцвярджае, што “першая і галоўная прычына пераўтварэння штодзённага вопыту ў міф ёсць вераванне ў адухаўленне ўсёй прыроды — вераванне, якое дасягае вышэйшай сваёй кропкі ва ўвасабленні яе” [51, с. 281].

Матэрыяльная і духоўная практыка беларусаў таксама замацавала вялікую колькасць устойлівых вобразаў-сімвалаў. Абцяжараныя папярэднімі сацыяльна-культурнай і літаратурнай традыцыямі, яны ў  кожным новым мастацкім творы  захоўваюць ранейшую семантыку, памяць пра свае народзіны і ўсё ж  набываюць асаблівае гучанне, нечаканыя  магчымасці для развіцця і разгалінавання сюжэтных ліній, плённа пашыраюць спектр выяўлення “я” героя і яго  ўзаемадачыненні з іншымі людзьмі  і прыродай, усім Сусветам.

Асабліва ўзрастае роля сімвалаў, асобных мастацкіх і рэчыўных дэталей у гістарычных жанрах, бо якраз у іх яны выконваюць значную  сацыяльна-эстэтычную функцыю, выступаюць як пэўныя “сацыякультурныя знакі” (паводле  Ю. Лотмана) [52, с. 195], сродкі вобразнага спасціжэння мінулых часоў, светаўяўленняў папярэднікаў, адлюстравання падзей і персанажаў у адзінстве з дынамічнай разнастайнасцю іншых прынцыпаў і прыёмаў. У зазначаным пераконвае вобразная сімволіка гістарычных раманаў Л. Дайнекі.

Празаічны свет твораў цыкла пры ўсёй яго канкрэтыцы надзвычай узнёслы, лірычны. Пісьменнік даволі часта звяртаецца да традыцыйных вобразаў-сімвалаў, трывала засвоеных яшчэ фальклорнай практыкай, перадае адухоўленае стаўленне беларуса да дрэва (асабліва дуба, бярозы); птушкі (найперш бусла); вады, якая “ніколі і нідзе не дасць... зрабіцца сляпымі і глухімі, забыць сваю зямлю”; агню, сэнсавая напоўненасць якога шматмерная — ад Зніча і іншых варыяцый да глыбокага пераканання аднаго з герояў, што “з агню душа чалавечая”; міфалагічных істот (ваўкалака, вадзяніка, русалак, Мараны, Маўкі і інш.); культ паганскіх ідалаў і святой Сафіі, якая сімвалізуе хрысціянства, мудрасць. Усе яны разам ствараюць адметную легендарна-рамантычную атмасферу твораў, лірызм іх стылю. У пэўным сэнсе гэтая з’ява тлумачыцца адпаведнымі адносінамі самога пісьменніка да мінуўшчыны. У прадмове да першага рамана ён піша: “Меркаванні, легенды... Без легендаў гісторыя губляе сваю прывабнасць, таямнічасць. Гэта — як неба без зорак” [5, с. 6].

Часта дакладныя вобразы  прыроднага свету з развіццём дзеяння набываюць у творах празаіка дадатковыя значэнні. Пашырэнне іх сэнсавай ёмістасці адначасова набліжае іх да сімвалічных, абагуленых. Такое перарастанне, прыкметная трансфармацыя асабліва выразна выяўляецца ў разгортванні вобраза раю, вады ўвогуле, у тым ліку дажджу, навальніцы. Выкарыстанне эмацыянальна і экспрэсіўна насычаных эпітэтаў і метафар пры нагаданых вобразах робіць іх персаніфікаванымі, актыўнымі ініцыятарамі дзеяння ці яркім фонам для яго развіцця.

Іншым разам прыроднае ілюструе сацыяльнае. Дзвіну, Вячка ўяўляе, як “любімая рака задыхаецца, б’ецца ў сутаргах, чарнее і вось-вось знікне пад зямлёю, растворыцца ў пясках і балотах, абы толькі не бачыць глум і здзек, якія пасяліліся на яе берагах” [5, с. 35]. Часам адзін метафарычны вобраз або параўнанне выклікае ці сэнсава звязваецца з другім, трэцім, і ў выніку нараджаецца цэлы асацыятыўны ланцуг, які стварае адчувальны малюнак, перадае мару героя. Абрамленне думак Вячкі напачатку і ў канцы вобразам дажджу надае ім пэўную лагічную завершанасць, выяўляе цвёрдую, цалкам вынашаную перакананасць, што будзе даказвацца далейшым ходам падзей, у неабходнасці змагання з ворагамі, сутнасць якіх вобразна перадае перыфраза-характарыстыка “ржа і моль”.

Больш актыўнае абуджэнне  Полацкай зямлі ў трэцім раздзеле  рамана атаясамніваецца з карцінай крыгалому на Дзвіне, праз яго грукат на разняволенай вясной рацэ [цыт па : 5, с. 120-123]. Неадольную смагу адчуваюць воі Вячкі, змагаючыся за свой акружаны захопнікамі горад. Спадзяецца, узгадваючы маленства і адчуваючы надыход сваёй лебядзінай песні, на навальніцу і сам князь, бо навальнічная вада дае дужасць, адвагу, спрыт Усяслава Чарадзея. Якраз пра такі напой для беларусаў, правобраз жывой казачнай вады, і марыць Вячка. “Я напаіў бы навальнічнай вадою увесь свой народ. Мой народ! Якая моц, якая адвага і цярпялівасць жыве ў імі” [5, с. 290].

Трэба сказаць, што сімвалічныя, як і ў Уладзіміра Караткевіча, ўжо  сама назвы рамана. У Уладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом” — гэта мы, людзі, якія паводле свайго наканавання смяротныя. Баяцца смерці — значыць пастаянна адчуваць над сабой уладу сярпа, а калі думаць, што смерць дае магчымасць свайго адраджэння ў спадкаемцах, то можна прыйсці да высновы, што кожнаму з нас, коласу, неабходна назапанаваць жыццёвую энергію, каб быць перакананым, што заўтра поле жыцця не зарасце пустазеллем.

Мячом змагаюцца не толькі Чарадзей, Вячка, Міндоўг, але і крыжакі; латгал па паходжанню Генрых, хоць іх асноўная зброя — рэлігія. Выбар паміж мячом і дачкой павінен зрабіць князь Кукейноса. Сімволіка мяча ўзгадваецца нават ва ўзаемадачыненні да святой Сафіі. Халадок нагадвае Вячку: “Чуеш — святая Сафія ў Полацку званамі грыміць! Гэта нашы прадзеды ў магілах варочаюцца, меч шукаюць, каб ударыць у грудзі заморскаму цуду-юду” [5, с. 248].

Наогул, мнагазначнасць сімволікі зброі, яе прасякнутасць адважным змагарным духам выявілася яшчэ ў ранейшых паэтычных творах Л. Дайнекі. Да прыкладу, у “Грунвальдскай баладзе”, дзе лірычны герой распавядае наступнікам, як “з мечам, з Дзідай, з бацькоўскаю славай // Я на полі Грунвальдскім стаяў” [53, с. 70]. Але дзеля справядлівасці варта ўдакладніць, што ў наступных сваіх вершаваных зборніках пісьменнік дбае пераважна пра стваральны пачатак жыцця.

Такім чынам, гістарычная  проза Леаніда Дайнекі  заўважна арыентуецца на асэнсаванне адвечных духоўных, маральна-этычных, філасофскіх праблем, разгляд якіх разам з аб’ектыўным адлюстраваннем мінулага немагчымы без даследавання прыватнага жыцця чалавека, засяроджанасці на яго ўнутраным свеце. Сацыяльна-гістарычнае высвятляецца і вывяраецца тут псіхалагічным, узаемадапаўняючы і паглыбляючы адзін аднаго.

Плённа выкарыстоўваюцца Л. Дайнекам і прыёмы гістарычнага экскурсу, сінхранічнай падачы матэрыялу (адначасовае  асвятленне падзей на ўсходзе і захадзе  Еўропы). Асабліва заўважна гэта ў другой частцы рамана. Але бліжэй да развязкі празаік аддае перавагу дакладнасці. I не толькі для таго, каб паведаміць, што “раніцой 5 жніўня 1263 года загрымела навальніца” [5, с. 275], а найперш з намерам паказаць, як сустрэне на зыходзе ночы сваю смерць мужны і загадкавы Міндоўг, як і надалей будуць падтрымліваць адзін аднаго ў змаганні братанічы па духу Далібор і Войшалк.    

Акрамя гістарычных асоб і звязаных з іх дзейнасцю сюжэтных ліній, прастору твора насяляюць  героі выдуманыя, якія не менш неабходныя для перадачы жывога дыхання тагачаснай атмасферы. Так, праз з’яўленне ў  Новагародку скалечанага нямчынамі  вешчуна Валасача, праз дзейнасць  гэтага ахоўніка святога Зніча аж да моманту самаспальвання ў фінале пісьменнік узнаўляе прыцягальную сілу язычніцтва, якое адыграла значную  ролю ў станаўленні духоўнасці нашых  продкаў і зусім без ахвоты саступала месца іншым верам  і багам. Надзвычай паглыбляюць  падтэкставае гучанне рамана сімвалічныя  вобразы Нікога, Жэрнаса, якія патрабуюць шматварыянтнага прачытанні, а таксама  прыродныя з’явы і насельнікі.

Час, канкрэтны ў рамане “Жалезныя жалуды”, іншы раз страчвае дакладныя межы. Адбываецца гэта ў  многім праз выкарыстанне аўтарам сродкаў, вобразаў і жанраў фальклору, праз уводзіны ў асноўную канву дзеяння ўстаўных сюжэтаў, напрыклад, падання пра  возера, дайны дружыннікаў, легендаў пра русалак, старца Кукшу, прытчы пра  святую пакутніцу Ірыну, гісторыі пра  скупых гаспадароў, іх дачку Крысціну, заезджага купца і інш. Адвечнасць закранутых у нагаданых зместава-структурных  адзінках праблем робіць іх гучанне  актуальным і пры гэтым надзвычай  пашырае канкрэтыку часу, рассоўваючы  яго межы ва ўсіх накірунках.

Агульным для структуры  гістарычных раманаў Л. Дайнекі  з’яўляецца наяўнасць у іх лірычных пейзажных замалёвак, якія выдаюць  у аўтары паэта, чалавека, што ўспрымае матылька як душу продка, а расу —  як вочы памёрлых (“Меч князя Вячкі”). Ён адчувае і здольны перадаць цеплыню дрэва, узятую ад сонца, убачыць, як абрастае сівой барадой туману лес, не пашкадуе цэлага абзаца на апісанне налёту сарванай з лісця маладой  таполі кроплі (“След ваўкалака”) і  ўжо праз гэта прыйсці да высновы, што “радасць і боль жыцця былі зліты ў адно цэлае, што — душа, маці і зямля — непадзельныя”. Пісьменнік стварыў  адметны метафарычна-сімвалічны,  багаты і густанаселены ў творах жывы прыродны свет. Тут мноства  вобразаў, якія часта перарастаюць у сімвалічныя, з птушынага і  жывёльнага царстваў, а таксама створаньгх народна-легендарнымі ўяўленнямі ваўкалакаў, чарцей, карачуноў, выпісанага ўласнай  аўтарскай фантазіяй дзіка-здрадніка  і іншых.

Арганічна ўжываюцца ў  архітэктоніцы раманных форм пісьменніка  ўстаўныя вершаваныя і празаічныя казічныя, легендарныя, сказавыя, песенныя канструкцыі, літаратурння цытаты, спасылкі-тлумачэнні. Паколькі ў асноўным іх выкарыстанне не празмернае і садзейнічае сутнаснаму раскрыццю характараў герояў або  нясе ў сабе значную ідэйна-сэнсавую нагрузку, то такі прыём арганізацыі  мастацкага цэлага не абцяжарвае кампаэіцыйную  канву штучнасцю, чыста вонкавым упрыгожваннем і ў цэлым не выклікае пярэчанняў.

Информация о работе Гістарычны жанр як адметная літаратурная адзінка: тэарэтычны аспект даследавання