Автор работы: Пользователь скрыл имя, 07 Апреля 2015 в 01:31, курс лекций
У азначэннях рэлігіі, якія даюцца з пункту погляду тэалогіі, яна тлумачыцца як узаемадзеянне чалавека са звышнатуральным, пры гэтым зыходзяць з рэальнай наяўнасці апошняга. Азначэнні, якія належаць да гэтай групы, у асноўным падобныя паміж сабой. Мы прывядзем тыя з іх, якія належаць вядомым тэолагам ХХ ст. Згодна з А. Менем, рэлігія – гэта “сіла, якая звязвае светы, мост паміж створаным светам і Духам Боскім”, адпаведна Р. Гвардзіні – гэта “канкрэтныя ўзаемаадносіны канкрэтнага чалавека і жывога Бога”, па К. Ранеру – экзістэнцыяльная сувязь чалавека з жывым Богам, згодна з Э. Жыльсанам – асабовае стаўленне чалавека да трансцэндэнтнага, рэальнага і асабовага Абсалюта (Бога).
1.1. Азначэнне рэлігіі.
1.2. Структура рэлігіі.
1.3. Функцыі рэлігіі.
1.4. Тыпы рэлігіі.
Спачатку ў Ятрыб невялічкімі групамі ўпотай ад меканцаў перасяліліся прыкладна семдзесят сем’яў паслядоўнікаў Мухамеда, а потым, у 622 г., і ён сам са сваімі блізкімі. Меканцы праследавалі прарока, але ён паспеў схавацца ў пячоры. I ў адпаведнасці з легендай, уваход у яе павук адразу ж заткаў павуцінай, чым падмануў пагоню.
Пераезд Мухамеда ў 622 г. з Мекі ў Ятрыб, якая ў хуткім часе стала называцца Медынай (Горад Прарока), з’яўляецца пачаткам мусульманскага летазлічэння.
Жыхары Медыны, у якіх былі варожыя адносіны з Мекай, ахвотна прынялі Мухамеда, а наяўнасць у Медыне вялікай яўрэйскай суполкі зрабіла іх больш падрыхтаванымі да прыняцця новага вучэння. Хутка амаль усе медынцы зрабіліся паслядоўнікамі Мухамеда.
Менавіта ў Медыне адбылося канчатковае афармленне ісламу як рэлігіі. Адкрыцці, якія былі дасланы Мухамеду ў Медыне, змяшчалі заканадаўчыя нормы, вельмі патрэбныя для арабскага грамадства. Таксама тут адбываецца аддзяленне новай рэлігіі ад іўдаізму і хрысціянства. Спачатку Мухамед наогул не настойваў на тым, што ён стварыў новае вучэнне. Ён выступаў за прызнанне адзінага Бога, які ў чымсьці быў падобны на іўдзейскага і хрысціянскага, хаця яўна нагадваў вышэйшае боства Каабы. Усіх іўдзеяў і хрысціян Мухамед ахвотна запрашаў далучыцца да яго і лічыў сваімі духоўнымі братамі. Паказальна, што спачатку Мухамед і яго прыхільнікі маліліся ў бок Іерусаліма. Аднак іўдзеі адмовіліся прызнаваць яго як прарока. Яны сталі адкрыта высмейваць тэалагічныя памылкі малапісьменнага Мухамеда і часта актыўна супрацьстаялі яму. У адказ Мухамед выгнаў два яўрэйскія кланы з Медыны, а мужчын трэцяга казніў. Маліцца было загадана ў бок Мекі.
Прыхільнікі Мухамеда стварылі ў Медыне сваю суполку, якая ў адрозненне ад традыцыйных для Аравіі рода-племянных аб’яднанняў будавалася на падставе не кроўнай роднасці, а рэлігійнага адзінства. Яна ўяўляла сабой тэакратычную арганізацыю, у якой Мухамед быў адначасова духоўным і свецкім кіраўніком.
У хуткім часе пад уплывам ісламскай суполкі Медыны аказалася амаль уся Паўднёвая і Заходняя Аравія. Большасць арабскіх плямёнаў прызналі ўладу Мухамеда добраахвотна, але ў некаторых выпадках ужывалася сіла. Восем гадоў цягнулася вайна Медыны з Мекай, поспех у якой паступова схіляўся на бок Мухамеда, тым больш што ў самой Мецы частка насельніцтва была тайнай прыхільніцай новай рэлігіі. У 630 г. Мухамед, не сустракаючы амаль ніякага супраціўлення, авалодаў Мекай і абвясціў яе свяшчэнным горадам мусульман, а храм Каабу – галоўным мусульманскім свяцілішчам. З Каабы былі выкінуты ўсе ідалы і пакінуты толькі Чорны камень. Калі да гэтага прыняцце ісламу лічылася асабістай справай кожнага, то пасля авалодання Мекай арабы былі пастаўлены перад выбарам – альбо іслам, альбо меч (смерць). Па сутнасці, была абвешчана вайна язычнікам. Памірыўшыся з меканцамі, якія пачалі масава прымаць іслам, Мухамед працягнуў пашырэнне новай веры. У 632 г., калі ўсе аравійскія плямёны, якія раней шанавалі меканскую Каабу, прынялі іслам, Мухамед памёр і быў пахаваны ў Медыне.
Пасля яго смерці ўзнікла пытанне аб тым, хто узначаліць мусульман. Пры гэтым гаворка ішла не столькі аб духоўным лідары, колькі аб кіраўніку вялікай дзяржавы, якая паступова ўтваралася. Мухамед не пакінуў распараджэнняў аб сваім пераемніку. Перадача ўлады ў спадчыну выключалася, паколькі ў Мухамеда не засталося дзяцей мужчынскага полу, таму быў абраны прынцып выбарнасці намеснікаў прарока (халіфаў). Першым халіфам быў абраны Абу Бакр, які працягнуў распаўсюджванне ісламу.
Менавіта пры Абу Бакры быў пакладзены пачатак арабскім заваяванням іншых народаў, мэтай якіх было абвешчана распаўсюджанне ісламу. Набегі на суседзяў з’яўляліся звычайным заняткам арабскіх плямёнаў, і першыя халіфы выкарысталі ваенную энергію арабаў у рэлігійных мэтах. Гэты шлях адпавядаў і ісламскім уяўленням аб джыхадзе – свяшчэннай вайне за веру і імкненням да ваеннай здабычы, якая ўжо пры Мухамедзе зрабілася галоўнай крыніцай даходу мусульманскай суполкі.
Першыя ж набегі былі вельмі паспяховымі. Дзве вялікія імперыі, якія існавалі ў тыя часы – Візантыйская і Персідская, знаходзіліся ўжо 50 гадоў у стане вайны і былі вельмі аслабленымі. Апроч таго, народы, якія іх засялялі, ненавідзелі цэнтральныя ўлады і сустракалі арабаў як вызваліцеляў. За кароткі час мусульмане заваявалі велізарную тэрыторыю – ад Індыі да Іспаніі. На заваяванай тэрыторыі была створана дзяржава – Арабскі халіфат, свецкая і дзяржаўная ўлада ў якой належала халіфам.
Трэба адзначыць, што альтэрнатыва “альбо іслам, альбо меч” ставілася мусульманамі толькі перад язычнікамі. Хрысціяне ж і іўдзеі, якіх яшчэ Мухамед называў “людзьмі Пісання”, бо яны верылі ў адзінага Бога і мелі свяшчэнныя кнігі, атрымалі статус “ахоўваемых меншасцей” і маглі вызнаваць свае рэлігіі. Аднак для немусульман былі ўстаноўлены значна большыя падаткі, чым для мусульман, і таму паступова адбываецца ісламізацыя заваяваных народаў. Зараз іслам распаўсюджаны ў асноўным у краінах, тэрыторыі якіх раней уваходзілі ў склад Арабскага халіфата.
6.2. Веравучэнне і культ ісламу
Іслам, як і хрысціянства, – гэта рэлігія адкрыцця. Лічыцца, што асноўныя палажэнні яго веравучэння не з’яўляюцца вынікам чалавечых разважанняў, але былі адкрыты Мухамеду самім Алахам праз пасрэдніцтва архангела Джабраіла. Сукупнасць гэтых адкрыццяў складае галоўную свяшчэнную кнігу ісламу – Каран (араб. куран – дэкламаванне, чытанне ўголас). Гэта зборнік пропаведзяў, якія былі сказаны Мухамедам галоўным чынам у Мецы і Медыне паміж 610 і 632 гг. Бліжэйшыя паплечнікі Мухамеда, які быў сам непісьменным, запісвалі для сябе асобныя ўрыўкі пропаведзяў, але ў цэлым, згодна з існуючай на Ўсходзе традыцыяй, Каран перадаваўся вусна. Запісаны ён быў пасля смерці Мухамеда паміж 650 і 656 гг. былым сакратаром Мухамеда Зейдам па даручэнні халіфаў Абу Бекра і Амара. Паралельна з ім гэтай працай займаліся і іншыя, таму з’явілася 4 варыянты Карана. Амар даручыў Зейду звесці іх да адзінай рэдакцыі, і калі гэта было зроблена, першапачатковыя версіі спалілі, а зводны тэкст быў афіцыйна кананізаваны. Таму зараз усе кірункі ў ісламе карыстаюцца адным варыянтам Карана.
Змест Карана складаюць матэрыялы старажытнаарабскага фальклору, а таксама запазычанні з Бібліі. Самі мусульмане супадзенні многіх сюжэтаў Карана і Бібліі тлумачаць тым, што Алах адкрываўся людзям некалькі разоў. Спачатку ён часткова адкрыўся яўрэям, так узнік Стары Запавет. Потым, больш поўна, – хрысціянам у Новым Запавеце. I, нарэшце, арабам ён адкрыўся цалкам праз Каран. Такім чынам, апошні – гэта праўдзівае і канчатковае адкрыццё Алаха.
Каран падзяляецца на 114 глаў (сур), якія, за выключэннем першай, размешчаны без усякай лагічнай альбо храналагічнай сувязі, па меры памяншэння аб’ёму тэкста. Першая сура ўяўляе сабой малітву, якую кожны мусульманін павінен казаць, прынамсі, пяць разоў у дзень, далей ідзе самая вялікая, другая, сура і ў канцы ідуць самыя маленькія суры. Суры падзяляюцца на вершы (аяты). Слова “аят” мае таксама значэнне “знаменне”, “цуд”. Паводле падання, калі Мухамеда папрасілі аб цудзе для доказу яго прароцкай ролі, ён проста спаслаўся на вершы Карана: яны і з’яўляліся яго цудам. У самай вялікай, другой, главе 286 аятаў, у самай кароткай 114 – 3. Спецыялісты падзяляюць суры Карана на дзве групы: меканскую, калі яшчэ мала хто прызнаваў Мухамеда прарокам, і медынскую, калі ён быў ужо аўтарытэтным заснавальнікам новай рэлігіі. Каран напісаны рытмічнай прозай, тэкст яго абрывісты і нярэдка супярэчлівы, што тлумачыцца экстатычным альбо блізкім да яго станам, у якім Мухамед казаў свае пропаведзі. Гэтыя супярэчнасці адчуваў і сам прарок, тлумачыў жа ён іх тым, што Алах змяніў свае першапачатковыя меркаванні, каб зрабіць іх лепшымі.
Другой свяшчэннай кнігай ісламу, яго, так бы мовіць, “Свяшчэнным Паданнем”, з’яўляецца Суна (араб. “звычай”, “прыклад”) – зборнік апавяданняў (хадзісаў) аб жыцці і выказваннях Мухамеда. Гэтыя апавяданні пасля смерці прарока ў выглядзе ўспамінаў былі шырока распаўсюджаны сярод яго прыхільнікаў і сталі рупліва збірацца і запісвацца. У IX ст. яны былі зведзены ў шэсць зборнікаў і склалі Суну. Асноўнае яе прызначэнне – паказваць прыклад Мухамеда як узор для вырашэння тых праблем, якія паўстаюць перад мусульманамі.
Суна стала для мусульманскіх багасловаў каштоўнай кнігай, якая дапамагала тлумачыць і дапаўняць Каран.
На падставе Карана і Суны склаўся зборнік прадпісанняў – шарыят (спачатку слова “шарыят” азначала “дарога да вадапою”, а потым было пераасэнсавана як “прамы, правільны шлях запаведзяў Алаха”). У яго ўваходзяць не толькі прававыя, але і маральныя нормы і культавыя прадпісанні, якія ахопліваюць усё жыццё мусульманіна. Трэба адзначыць, што правілам шарыяту мусульмане надаюць значна большую ўвагу, чым чыста дагматычным палажэнням, бо іслам значна больш дэталёва распрацоўвае праблемы штодзённага жыцця, чым пытанні аб сутнасці Алаха. Шарыят можа характарызавацца як увасабленне спецыфікі стылю ісламскага мыслення і жыцця і аснова самога ісламу.
Аднак сістэматызаваным зводам законаў шарыят не з’яўляецца. У ім закранаюцца пытанні дагматыкі і этыкі, якія вызначаюць перакананні і рэлігійнае сумленне мусульманіна. Канкрэтную сацыяльна-нарматыўную рэгламентацыю агульным палажэнням шарыята дае фікх – мусульманскае права ў шырокім сэнсе слова.
Асноўныя палажэнні веравучэння ісламу.
Мусульмане вераць у існаванне мноства анёлаў і дэманаў, але падобна хрысціянам, разглядаюць іх не як самастойных звышнатуральных істот, а як стварэнняў адзінага і ўсемагутнага Алаха. Яны бясполыя і бясплотныя, могуць тварыць дабро і зло. Анёлы, галоўнымі сярод якіх з’яўляюцца Джабраіл, Мікаіл, Ісрафіл, Азрыл – гэта носьбіты добрага пачатку. Сярод іх існуе раздзяленне працы: ёсць анёлы-захавальнікі (па два ў кожнага чалавека, прычым яны як быццам бы нясуць кругласутачную вахту, змяняючы адзін аднаго раніцай і ўвечары), анёлы, якія ахоўваюць могілкі, анёлы – пасланцы Алаха, анёлы, якія ўзначальваюць рай (Рыдван) і пекла (Малік).
Свету анёлаў супрацьстаіць свет дэманаў і джынаў на чале з Іблісам. Апошні выконвае тую ж ролю, што і Люцыфер у хрысціянстве. Ібліс – па паходжанні анёл, які быў створаны Алахам з агню і адмовіўся пакланіцца створанаму з праха чалавеку, за што Алах яго пракляў і паабяцаў, што на Апошнім Судзе ён будзе скінуты разам з усімі дэманамі. Пакуль жа Ібліс – кіраўнік усіх дэманаў і джынаў, якіх ён здольны сам параджаць. Асноўны яго занятак – прымушаць людзей забыць аб прадпісаных Алахам нормах паводзін.
2. Вера ў прарокаў і пасланніцтва Мухамеда. Мусульмане вераць, што да Мухамеда існавала не менш за сто тысяч прарокаў (па некаторых звестках, 124 тыс.), хаця ў Каране ўзгаданы толькі 28, першым з якіх Мухамед лічыў Адама. Дзевяць прарокаў названы ў Каране “стойкімі”: Нух (Ной), Ібрахім (Аўраам), Дауд (Давід), Йакуб (Якаў), Йусуф (Восіп), Айуб (Іоў), Муса (Маісей), Іса (Ісус) і, нарэшце, Мухамед.
У ісламе падкрэсліваецца, што прарокі – гэта не звышнатуральныя істоты, а людзі, праз якіх гаворыць Алах. Яны больш годныя, чым усе анёлы нябесныя. Вышэйшыя з прарокаў – пасланнікі (усяго іх 313), якім Алах даў пісанне, а вышэйшы з пасланнікаў – Мухамед, Пасланнік Алаха, Пячатка прарокаў. Пасля яго прарокаў не было і не будзе.
Мусульмане шануюць Ісуса Хрыста як прарока, адмаўляючы яго боскую сутнасць. Аднак Каран вучыць, што Ісус быў народжаны дзевай, рабіў цуды, жыў праведным жыццём, узнёсся жывым у рай і будзе яго прышэсце ў канцы свету.
3. Вера ў святасць Карана. Згодна з мусульманскім веравучэннем, Каран нікім не створаны, ён вечны (у гэтым, дарэчы, супярэчнасць з палажэннем аб тым, што ўсё створана Алахам). Арыгінал Карана знаходзіцца пад прастолам у Алаха. Той тэкст, якім карыстаюцца мусульмане, быў прадыктаваны з арыгінала Мухамеду архангелам Джабраілам. Шануецца кожны асобнік Карана, і мусульманін дакранаецца да яго толькі пасля абраду ачышчэння. Кнігі, як правіла, абгортваюць тканінай і ставяць у доме на ганаровае месца. Многія мусульмане ведаюць Каран на памяць.
4. Вера ў прадвызначэнне Алахам лёсу кожнага чалавека. Мусульмане вераць, што ўсё падпарадкавана волі Алаха, якая нічым не звязана, і людзі не могуць яе спасцігнуць. Чалавек не здольны змяніць свой лёс і павінен падпарадкавацца волі Алаха. Аднак гэта не вядзе да пасіўнасці прыхільнікаў ісламу. Якраз наадварот: мусульмане вераць, што чалавек павінен перш за ўсё выконваць волю Алаха, а ўзнагарода – гэта Яго справа.
З верай аб прадвызначэнні цесна звязана ў ісламе вера ў пекла і рай. Апісваюцца яны даволі натуралістычна. Пекла – гэта месца, дзе вельмі горача і пастаянна адбываецца пясчаная бура. Няверныя грэшнікі і дэманы гараць там у вечным агні: “Сапраўды, тых, якія не верылі ў Нашыя знаменні, Мы спалім у агні! Усякі раз, як засмажыцца іх скура, Мы заменім іх іншай скурай, каб яны адчулі пакаранне. Сапраўды, Алах – вялікі, мудры!” (4, 59).
Мусульманскі рай – гэта месца, якое нагадвае аазіс. Там шмат вады, цяністыя гаі, вытанчаная ежа. У прыгожых адзеннях на шаўковых падушках ляжаць правераныя мусульмане і вакол кожнага з іх шмат гурый. Гурыі – гэта вечна маладыя і нявінныя прыгажуні мусульманскага раю, іх каханне – адна з галоўных узнагарод прававернаму мусульманіну. Па іншых версіях, мусульманін трапляе ў рай разам са сваімі жонкамі, якія таксама робяцца вечна маладымі і нявіннымі.
Што прыгатавана чалавеку – пекла альбо рай – вырашыць Алах на Апошнім судзе. Ён будзе дапытваць кожнага з жывых і памерлых, а яны, голыя, з адной толькі кнігай у руках, дзе запісаны іх учынкі, будуць з жахам чакаць Яго рашэння. Заступніцтва Мухамеда перад Алахам можа не только змякчыць лёс грэшніка, але і дапамагчы яму атрымаць месца ў раі. Дарога ў рай праходзіць праз мост, тонкі, як волас, і востры, як меч. Сам чалавек прайсці праз яго не ў стане – яго павінен перавезці баран, альбо асёл, вярблюд, бык, конь, якога ў свой час чалавек ахвяраваў бедным у імя Алаха.