Религиоведение

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 07 Апреля 2015 в 01:31, курс лекций

Описание работы

У азначэннях рэлігіі, якія даюцца з пункту погляду тэалогіі, яна тлумачыцца як узаемадзеянне чалавека са звышнатуральным, пры гэтым зыходзяць з рэальнай наяўнасці апошняга. Азначэнні, якія належаць да гэтай групы, у асноўным падобныя паміж сабой. Мы прывядзем тыя з іх, якія належаць вядомым тэолагам ХХ ст. Згодна з А. Менем, рэлігія – гэта “сіла, якая звязвае светы, мост паміж створаным светам і Духам Боскім”, адпаведна Р. Гвардзіні – гэта “канкрэтныя ўзаемаадносіны канкрэтнага чалавека і жывога Бога”, па К. Ранеру – экзістэнцыяльная сувязь чалавека з жывым Богам, згодна з Э. Жыльсанам – асабовае стаўленне чалавека да трансцэндэнтнага, рэальнага і асабовага Абсалюта (Бога).

Содержание работы

1.1. Азначэнне рэлігіі.
1.2. Структура рэлігіі.
1.3. Функцыі рэлігіі.
1.4. Тыпы рэлігіі.

Файлы: 1 файл

Lektsyi_pa_religiyaznawstvu_1.doc

— 716.50 Кб (Скачать файл)

Асноўныя культавыя прадпісанні ісламу сфармуляваны ў выглядзе пяці “стаўпоў веры”. Следаванне ім з’яўляецца найважнейшым абавязкам мусульманіна.

Першы са “стаўпоў” – шчырае вызнанне веры (па-арабску шахада – сведчанне). Яно зводзіцца да ўпэўненага вымаўлення ўголас асноўнага палажэння веравучэння: “Няма ніякага боства, апроч Алаха, і Мухамед – пасланнік Алаха”.

Вымаўленне шахады абавязкова для кожнага мусульманіна. Актам далучэння да ісламу з’яўляецца вымаўленне шахады ў прысутнасці сведак.

Другі “стоўп” – малітва (па араб. – салат, па перс. – намаз). Мухамед прызначыў пяць абавязковых штодзённых малітваў: (на золку, апоўдні, у другой палове дня, на захадзе сонца, з надыходам ночы). Перад малітвай мусульманін абавязаны зрабіць амавенне: памыць твар і рукі да локцяў. Калі малітва адбываецца ў пустыні, дзе няма вады, можна сімвалічна пацерці рукі і твар пяском. Пасля амавення мусульманін без абутку становіцца на малітоўны дыванок тварам да Мекі і моліцца. Маліцца можна ў любым рытуальна чыстым месцы. Па пятніцах існуе калектыўная малітва ў мячэці, пры гэтым жанчыны моляцца асобна ад мужчын.

Трэці “стоўп” – пост (араб. – саум) у месяц рамадан1. На працягу 30 сутак гэтага месяца дарослыя мусульмане ў светлы час (“калі чорную нітку можна адрозніць ад белай”), абавязаны ўстрымлівацца ад ежы, пітва, курэння, ужывання духоў, сексуальных адносін. З надыходам цемры забароны здымаюцца, але і ў гэты час трэба аддавацца набожным думкам і справам. Калі нехта не змог пасціцца з-за неспрыяльных абставін (хвароба, падарожжа, вайна, палон і г. д.), ён абавязаны потым папасціцца столькі дзён, колькі прапусціў. Тыя, каму пост можа зрабіць фізічную шкоду (дзеці, старыя, цяжарныя жанчыны і г. д.), вызваляюцца ад яго.

Глыбінны сэнс посту ў ісламе – удзячнасць. Чалавек асэнсоўвае сваю паслухмянасць і цярплівае служэнне Алаху, які яго накіроўвае і аб ім клапоціцца. Мухамед казаў, што з усіх абрадаў Алах найбольш любіць пост, бо ў гэты час людзі звяртаюцца да Яго.

Чацвёрты “стоўп” – абавязковая міласціна (араб. закят – ачышчэнне). Лічыцца, што міласціна ачышчае душу ад грахоў, якія адбываюцца па прычыне чалавечага эгаізму альбо пагоні за матэрыяльнымі дабротамі. Таксама міласціна “ачышчае” маёмасць, робіць яе праведнай. Мусульманін абавязаны дзяліцца сваім багаццем з беднымі, даўжнікамі, вязнямі, падарожнікамі і ўсімі, каму не пашанцавала, але хто таксама з’яўляецца членам суполкі вернікаў. У Каране няма асаблівай заклапочанасці колькасцю міласціны. Галоўнае – шчырасць дапамогі. Паказны жэст цалкам абясцэньвае міласціну ў вачах Алаха. У шарыяце ж падрабязна абгаворваюцца сумы, якія мусульмане павінны адлічыць ад розных відаў сваёй уласнасці, аднак сучасная практыка зводзіць іх да 2 % у год ад асабістага грашовага бюджэту.

Пяты “стоўп” – паломніцтва ў Меку (хадж), якое хаця б раз у жыцці павінен зрабіць кожны мусульманін. Адбываецца яно ў дванаццаты месяц мусульманскага календара. Паломнікі робяць амавенне, стрыгуць валасы (мужчыны) і ногці, апранаюцца ў спецыяльнае белае адзенне. Ім забаронена гандляваць, праліваць кроў, стрыгчыся, галіцца, выкарыстоўваць пахучыя рэчывы, уступаць у сексуальныя адносіны. Потым яны сем разоў абыходзяць вакол Каабы, робяць іншыя рытуальныя дзеянні. Паломнік, які зрабіў хадж, атрымлівае тытул хаджы і мае права насіць зялёную чалму.

Да іншых культавых устанаўленняў ісламу адносяцца:

  • абразанне хлопчыкаў, якое звычайна робіцца на сёмы год жыцця. У некаторых мусульманскіх краінах (Егіпет, Судан, Емен і інш.) абразаюць таксама і дзяўчынак, прыкладна ў чатырнаццаць год, але гэта хутчэй звычай, чым рэлігійны абрад;
  • шлюб – мужчына можа мець да чатырох жонак, але абавязаны ўтрымліваць іх і ставіцца аднолькава да кожнай;
  • пахаванне, якое адбываецца ў дзень смерці альбо на наступны дзень. Труп загортваюць у саван і звычайна без гроба кладуць альбо садзяць у магілу тварам да Мекі;
  • ежавыя забароны (нельга ўжываць спіртное, есці мяса свінні, драпежных птушак, удушанае).

Абавязкам мусульманіна з’яўляецца джыхад (араб. намаганне, барацьба за веру). Ён падзяляецца на некалькі відаў: джыхад сэрца – барацьба са сваімі ўласнымі недахопамі; джыхад языка – дазвол добрага і забарона благога; джыхад мяча альбо газават (множны лік ад араб. газва – набег) – узброеная барацьба з “нявернымі”. Пры вядзенні газавату забаронена забіваць старых, жанчын, дзяцей, няўзброеных свяшчэннаслужыцеляў любой рэлігіі. Воінам праціўніка можна аказаць літасць без якіх-небудзь абавязкаў з іх боку, насельніцтва і ўласнасць варожай краіны могуць быць атрыманы пераможцамі як здабыча.

Асноўнымі святамі ў ісламе з’яўляюцца:

  • Ураза-байрам – свята заканчэння посту. Святкуецца ў першыя тры дні наступнага пасля рамадана месяца. У гэтае свята мусульманін абавязаны зрабіць духавенству паднашэнне ў грашовым альбо натуральным выглядзе, асноўная частка якога прызначаецца для бедных;
  • Курбан-байрам – дзень ахвярапрынашэнняў. Адзначаецца на сямідзясяты дзень пасля заканчэння посту. У гэты дзень мусульманін абавязаны зарэзаць для бедных тую хатнюю жывёлу, на спіне якой ён потым уедзе ў рай;
  • Мірадж – свята ў гонар цудоўнага начнога падарожжа Мухамеда з Мекі ў Іерусалім, а таксама ўзнясенне на неба да прастолу Алаха, якое адбылося так хутка, што ложак Мухамеда быў яшчэ цёплым, а з выпадкова перакуленага сасуда для амавення не паспела праліцца вада;
  • Маўлюд – дзень нараджэння Мухамеда. Гэтае свята суправаджаецца чытаннем малітваў у мячэцях і дамах вернікаў, частаваннем і паднашэннем духавенству.

Святочным днём у мусульман з’яўляецца пятніца. Гэта дзень адпачынку, вернікі апранаюць святочнае адзенне, ходзяць у мячэць. Аднак працаваць не забаронена.

 

6.3. Кірункі ў ісламе

 

У ісламе існуюць два асноўныя кірункі: сунізм і шыізм. Узніклі яны ў другой палове VІІ ст. з-за разыходжанняў у вырашэнні пытання аб прынцыпах перадачы ўлады ад Мухамеда халіфам. Шыіты лічылі, што халіфам павінен быць толькі прамы нашчадак Мухамеда, суніты, што ім можа быць любы прававерны, якога выбірае мусульманская суполка (ума).

Узнікнуўшы ў выніку барацьбы за ўладу, сунізм і шыізм у далейшым для абгрунтавання сваіх пазіцый сфармулявалі некалькі палажэнняў рэлігійнага характару. Так, для сунітаў Мухамед – вялікі і ўнікальны прарок, праз якога ажыццявілася непасрэдная  сувязь прававерных з Алахам. Няма нікога, хто хаця б у нейкай ступені мог замяніць Мухамеда, бо Каран з’яўляецца вышэйшай і завершанай праявай адкрыцця. Любы пераемнік Прарока можа быць толькі захавальнікам яго спадчыны. Ён робіцца халіфам па асаблівай дамове, якая заключаецца паміж ім і прадстаўнікамі мусульманскай суполкі. Згодна з ёй халіф з’яўляецца кіраўніком мусульман і нясе адказнасць за тое, як яны выконваюць нормы шарыяту. Кожны з халіфаў павінен задавальняць наступным патрабаванням: мець рэпутацыю і званне знаўцы законаў ісламу вышэйшага рангу, паходзіць з племені курэйшытаў, да якога належаў Мухамед, быць справядлівым, мудрым, фізічна здаровым і клапаціцца аб сваіх падданых. Асабліва ў сунізме шануюцца першыя чатыры халіфы: Абу Бакр (632–634 гг.), Амар (634–644 гг.), Асман (644–656 гг.) і Алі (656–661 гг.).

У 1924 г. халіфат як наднацыянальны інстытут быў скасаваны. У сучасным суніцкім ісламе лічыцца, што калі шарыят выконваецца нацыянальнымі ўрадамі мусульманскіх дзяржаў, патрэбы ў халіфаце няма.

Само слова “сунізм” паходзіць ад назвы другой свяшчэннай кнігі ісламу – Суны. Паколькі лічыцца, што Мухамед непасрэдна зносіўся з Алахам, то і яго ўласныя выказванні прызнаюцца боганатхнёнымі. Таму Суна ў гэтым напрамку ісламу разглядаецца як вынік звышнатуральнага адкрыцця, зборнік правілаў жыцця і паводзін. Зараз суніты складаюць прыкладна 90 % ад колькасці ўсіх мусульман.

Шыіты (ад араб. шыа – групоўка, прыхільнікі) лічаць, што Мухамед з’яўляецца асобай, якая адзначана Алахам і надзелена асаблівым звышнатуральным дарам. Ён быў прызначаны не толькі кіраваць мусульманамі, але і перадаваць гэты дар сваім нашчадкам. Мухамед завяршыў цыкл прароцтваў, і ўжо немагчымы далейшыя боганатхнё-ныя адкрыцці. Шыіты лічаць, што Мухамед прызначыў сваімі пераемнікамі імамаў, якія надзелены асаблівай духоўнасцю і бязгрэшнасцю і маюць права тлумачыць Каран. Першым імамам лічыцца Алі. Як стрыечны брат і зяць Мухамеда, ён быў не проста членам племені курэйшытаў, але “адным з людзей дома Прарока”. Такія блізкія сямейныя адносіны азначаюць для шыітаў вельмі шмат. Напрыклад, яны вераць, што Алі атрымаў у спадчыну ад Мухамеда асаблівыя духоўныя здольнасці, дзякуючы якім ён не памыляўся пры тлумачэнні Карана і кіраўніцтве мусульманскай суполкай. Алі ў вучэнні шыітаў быў з цягам часу надзелены не меншай, чым Мухамед святасцю, а ў некаторых школах нават і большай. Лічыцца, што Алі перадаў гэтыя якасці сваім сынам Хасану і Хусейну, а яны – сваім нашчадкам. У барацьбе за ўладу шыіты арганізавалі загавор, у выніку якога халіф Асман быў забіты, а яго месца заняў Алі. Аднак праз некалькі гадоў Алі сам быў забіты прама ў мячэці, а яго сына Хусейна натуральна разадралі на часткі, бо ніхто не хацеў браць на сябе асабістую адказнасць за смерць унука Прарока. Шыіты абвясцілі Хусейна святым пакутнікам і кожны год адзначаюць дзень яго гібелі – Шахсей-вахсей. У гэты дзень адбываюцца ўрачыстыя працэсіі, удзельнікі якіх падвяргаюць сябе самабічаванню з мэтай узгадаць пакуты Хусейна і тым самым атрымаць у яго асобе свайго абаронцу. Пры гэтым яны выкрыкваюць: “Шах Хусейн! Вах, Хусейн!”, што і дало назву гэтаму дню.

Пасля смерці Хусейна шыіты ператварыліся ў мусульманскую меншасць, якая  праследавалася з боку сунітаў.

Асаблівае месца ў веравучэнні шыітаў займае вобраз дванаццатага імама па імені Мухамед, які жыў у IX ст. Лічыцца, што ён знік у падлеткавым узросце, але калі-небудзь з’явіцца людзям як Махдзі (Месія) і ўстановіць царства праўды і справядлівасці. Згодна з веравучэннем шыітаў імам Мухамед і пасля знікнення аказвае ўплыў на развіццё ісламу праз сваіх прадстаўнікоў, якія называюцца “аяталá” (“божыя знаменні”). Менавіта яны маюць права тлумачыць шарыят і распрацоўваць рэлігійныя нормы.

У шыізме перыядычна ўзнікаюць чуткі аб тым, што “схаваны імам” ужо прыйшоў і ўвасобіўся ў канкрэтнага чалавека. Распаўсюджванню такіх чутак у 60–80-я гг. XX ст. садзейнічалі падзеі ісламскай рэвалюцыі ў Іране, якую ўзначаліў аяталá Хамейні. Ён быў абвешчаны сваімі прыхільнікамі імамам.

Шыіты, як і суніты, лічаць Суну свяшчэннай кнігай, але прызнаюць толькі тыя хадзісы, у якіх альбо гаворыцца пра Алі, альбо іх аўтарства прыпісваецца Алі і яго прыхільнікам. Шыіты прымаюць агульнамусульманскі тэкст Карана (бо іншага проста няма), але не задаволены ім, бо лічаць, што ён недастаткова адлюстроўвае ролю Алі. Існуе шыіцкая версія Карана з дабаўленнем суры “Два свяцілы”, у якой Мухамед і Алі пастаўлены побач. Шыіты вераць, што сапраўдны тэкст Карана, вядомы святым імамам, з’явіцца разам з Махдзі, пасля чаго праўда і справядлівасць перамогуць.

Шыіты зараз складаюць прыкладна 10 % ад агульнай колькасці мусульман. Жывуць яны пераважна ў Іране, Іраку, Емене, некаторых раёнах Дагестана, Туркменістана і Таджыкістана.

У ісламе ёсць рух, які называецца суфізм. Ён не з’яўляецца асобным кірункам, яго прыхільнікамі могуць быць як суніты, так і шыіты, якія імкнуцца наблізіцца да Алаха пры дапамозе метадаў духоўнага ачышчэння.

Суфізм узнік прыкладна ў сярэдзіне VІІІ – пачатку IX стст., як вынік аскетычна-містычных тэндэнцый у ісламе. Сярод прычын яго ўзнікнення даследчыкі называюць агульнае ўскладненне рэлігійнага жыцця ў ісламе, якое суправаджалася паглыбленымі духоўнымі пошукамі, а таксама ўплыў іншых рэлігій, у першую чаргу – хрысціянства. Само слова “суфізм” паходзіць ад арабскага “тасавуф” – “самаачышчэнне”. “Суфі” (жаночы род – “суфія”) абазначае чалавека, чыё сэрца ачышчана ад мірскога бруду.

Прарок Мухамед шануецца як суфі. Лічыцца, што яшчэ ў маленстве яго сэрца было ачышчана анёламі. Сярод першых мусульман вылучаліся так званыя “людзі на лаўцы” (ал аль суфа). Яны вельмі рэдка пакідалі мячэць у Медыне, таму што бесперапынна маліліся. Насілі яны простае адзенне з шэрсці (суф), чым сімвалічна прытрымліваліся прыкладу прарокаў, асабліва Ісуса.

Сутнасць суфізму складае вера ў любоў Алаха, якая грунтуецца на словах Карана аб тым, што “сапраўды, Алах любіць богабаязненых!” (3, 76). Прыхільнікі суфізму разважаюць над тэкстамі Карана і Суны і імкнуцца трымацца іх прадпісанняў. Яны адмаўляюцца ад усяго мірскога, шануюць беднасць, аддаюць сябе волі Алаха і лічаць неабходным праяўляць стойкасць у перанясенні няшчасцяў і пакут.

У суфізме лічыцца, што ёсць вельмі шмат спосабаў ачышчэння. Прыводзяцца словы Мухамеда аб тым, што колькасць шляхоў да Алаха роўная колькасці сапраўдных вернікаў. Чалавек у сваёй духоўнай практыцы павінен прытрымлівацца ўказання настаўніка, каб не пайсці за Сатаной. З мэтай арганізацыі сумеснай духоўнай дзейнасці ў сярэдзіне ХІІ – пачатку ХІІІ стст. у суфізме ўзніклі ордэны. Шлях ачышчэння ў іх уяўляўся ў выглядзе лесвіцы і складаўся звычайна з наступных ступеняў: пакаянне, звяртанне да Алаха, самаадрачэнне, давер, удзячнасць, беднасць, цярпенне, любоў. Дасягненне кожнай ступені патрабуе асаблівага духоўнага стану, які дае Алах. Звычайна гэта задаволенасць, упэўненасць, блізкасць, любоў, аб’яднанне, веды.

У суфісцкіх ордэнах былі распрацаваны спецыяльныя методыкі для дасягнення асаблівага містычнага стану: вымаўленне сам сабе імёнаў Алаха, спяванне гімнаў, музыка, танцы.

Канчатковай кропкай шляху ачышчэння ў суфізме лічылася да-сягненне блізкасці да Бога. Той, хто гэта зрабіў, называўся “валі” (жаночы род “валія”) – “той, які каля Бога”. Суфізм адмаўляе дыстанцыю паміж Алахам і ачышчаным чалавекам, за што ён крытыкаваўся прадстаўнікамі артадаксальнага ісламу.

Зараз суфісцкія ордэны ёсць у большасці мусульманскіх краін, хаця яны і не маюць такога ўплыву, як раней.

На Беларусі мусульмане жывуць ужо больш шасці стагоддзяў. Заўсёды паміж  імі і прадстаўнікамі іншых вераванняў існавала ўзаемапавага.

На 1 студзеня 2013 г. на Беларусі зарэгістравана 25 мусульманскіх суполак. Большасць іх дзейнічае ў заходніх абласцях. Ёсць два рэлігійныя аб’яднанні: Мусульманскае рэлігійнае аб’яднанне Рэспублікі Беларусь і Духоўнае ўпраўленне мусульман Рэспублікі Беларусь. На рускай мове выдаецца часопіс, які выходзіў пад рознымі назвамі: “Аль-Джыхад”, “Аль-Іслам”, “Рамазан”, “Жыццё”.

 

Літаратура

 

  1. Адзiночанка, В. А. Рэлiгiязнаўства : вучэб. дапам. для студэнтаў ВНУ / В. А. Адзiночанка. – Мінск : Унiверсiтэцкае, 2001. – 240 с.
  2. Беларуская міфалогія: энцыкл. слоўн. / С. Санько [і інш.]. – Мінск : Беларусь, 2004. – 592 с.
  3. Библия. Книги Священного Писания Ветхого и Нового Завета. – М. : Московская Патриархия, 1992. – 1346 с.
  4. Буддизм: словарь / Л. Л. Абаева [и др.]; под общ. ред. Л. Н. Жуковской [и др.]. – М. : Республика, 1992. – 287 с.
  5. Васильев, Л. С. История религий Востока : учебное пособие для вузов / Л. С. Васильев. – М. : Книжный дом “Университет”, 2000. – 432 с.
  6. Верашчагiна, А. У. Гiсторыя канфесiй у Беларусi: мiнулае i сучаснасць: дапам. для настаўнiкаў / А. У. Верашчагіна, А. В. Гурко. – Мінск : Тэхналогiя, 2000. – 157 с.
  7. Гараджа, В. И. Религиеведение / В. И. Гараджа. – М. : Аспект Пресс, 1995. – 351 с.
  8. Горбацкий, А. А. Введение в историю религии: учеб. пособие / А. А. Горбацкий. – Минск : Четыре четверти, 2005. – 152 с.
  9. Земляробчы каляндар: Абрады і звычаі / уклад. А. І. Гурскі. – Мінск : Навука і тэхніка, 1990. – 405 с.
  10. Ислам: краткий справочник – М. : Наука, 1983. – 160 с.
  11. Индуизм. Джайнизм. Сикхизм. – М. : Республика, 1996. – 576 с.
  12. История религии: учебник: в 2 т. / под общ. ред. И. Н. Яблокова. – М. : Высш. шк., 2002. – Т. 2.
  13. Канфесii на Беларусi (канец ХVIII–ХХ стст.) / В. Грыгор’ева [i iнш.]; навук. рэд. У. І. Навіцкі. – Мінск : Экаперспектыва, 1998. – 340 с.
  14. Коваль, У. І. Народныя ўяўленні, павер’і і прыкметы: Даведнік па ўсходнеславянская міфалогіі. / У. І. Коваль. – Гомель : Беларускае агенцтва навукова-тэхнічнай і дзелавой інфармацыі, 1995. – 179 c.
  15. Коран / пер. И. Ю. Крачковского. – Минск; Ростов н/Д. : Фобос, 1990. – 446 с.
  16. Корзун, М. С. История Русской православной церкви (Х век – 2000 год): учеб.-метод. комплекс / М. С. Корзун. – Минск : БГУ, 2009. – 259 с. 
  17. Кислюк, К. В. Религиоведение: учебник / К. В. Кислюк, О. Н. Кучер. – Ростов н/Д. : Феникс; Х. : Торгсин, 2004. – 512 с.
  18. Ковальский Я. В. Папы и папство / Я. В. Ковальский. – М. : Политиздат, 1991. – 236 с.
  19. Короткая, Т. П. Религиоведение: религии в Беларуси: учеб. пособие / Т. П. Короткая. – Минск : БГЭУ, 2004. – 98 с.
  20. Костюкович, П. И. Религиоведение: учеб. пособие / П. И. Костюкович. – Минск : Новое знание, 2001 – 192 с.
  21. Круглов, А. А. Религиоведение: пособие для студентов вузов / А. А. Круглов. – Минск : Тесей, 2008. – 648 с.
  22. Міфы Бацькаўшчыны / уклад. У. А. Васілевіч. – Мінск. : БелЭн, 1994. – 109 с.
  23. Митрохин, Н. Русская православная церковь: современное состояние и актуальные проблемы / Н. Митрохин. – М. : Новое лит. обозрение, 2006. – 656 с.
  24. Мифы и сакральные тексты религий мира: хрестоматия по религиоведению / авт.-сост. В. В. Старостенко. – Могилев : МГУ им. А. А. Кулешова, 2007. – 400 с.
  25. Мифы народов мира: энциклопедия: в 2 т. / глав. ред С. А. Токарев. –  М. : Большая Рос. энцикл., 2000. – Т. 2.
  26. Можейко, М. А. Религиоведение: учеб.-метод. комплекс / М. А. Можейко. – Минск : БГУ, 2002. – 115 с.
  27. Наглядно о религиях / сост. Р. Грей, Д. Хелтон. – Минск : Попурри, 2000. – 224 с.
  28. Никольский, Н. М. История русской церкви / Н. М. Никольский. – Минск : Беларусь, 1990. – 541 с.
  29. Основы религиоведения: учебник / под ред. И. Н. Яблокова. – М. : Высш. шк., 2001. – 480 с.
  30. Радугин, А. А. Введение в религоведение: теория, история и современные религии: курс лекций / А. А. Радугин. – М. : Центр, 2004. – 304 с.
  31. Ревуненкова, Н. В. Протестантизм / Н. В. Ревуненкова. – СПб. : Питер, 2007. – 224 с.
  32. Религии мира: справочник / Д. Алан [и др.]; пер с англ. –  Минск : Белфакс, 1994. – 463 с.
  33. Религиоведение: учеб. пособие / М. Я. Ленсу [и др.]; под ред. М. Я. Ленсу [и др.]. – Минск : Новое знание, 2003 – 446 с. – (Серия “Социально-гуманитарное образование”).
  34. Религиоведение: хрестоматия / сост. П. И. Костюкович. – Минск : Новое знание, 2000. – 480 с.
  35. Рэлiгiя i царква на Беларусi: энцыкл. давед. / гал. рэд. Г. П. Пашкоў. – Мінск : БелЭн, 2001. – 368 с.
  36. Старостенко, В. В. Религиоведение: учебник / В. В. Старостенко. – Минск : ИВЦ Минфина, 2008. – 288 с.
  37. Токарев, С. А. Религия в истории народов мира / С. А. Токарев. – М. : Республика, 2005. – 543 с.
  38. Торгашев, Г. А. Основы религиоведения / Г. А. Торгашев. – СПб. : Питер, 2004. – 364 с.
  39. Традиционные вероисповедания и новые религиозные движения в Беларуси : пособие для рук. учреждений образования, педагогов, воспитателей / сост. А. И. Осипов; под ред. А. И. Осипова. – Минск : Беларусь, 2000. – 255 с.
  40. Христианство: энцикл. словарь: в 3 т. – М. : Большая Рос. энцикл., Т. 1 – 1993. – 863 с.; Т. 2 – 1995. – 671 с.; Т. 3. – 1995. – 783 с.
  41. Чекалов, Д. А. История религий. Конспект лекций / Д. А. Чекалов, В. А. Кондрашев. – Ростов н/Д. : Феникс, 2004. – 320 с.
  42. Энциклопедия религий / под ред. А. П. Забияко, А. Н. Красникова, Е. С. Элбакян. – М. : Аккад. Проект; Гаудеамус, 2008. – 1520 с.
  43. Языкович, В. Р. Религиоведение: учебное пособие / В. Р. Языкович. – Минск : ТетраСистемс, 2008. – 272 с.

Информация о работе Религиоведение